30.09.2025

Злазіць ці не злазіць?

 З 1 верасня 2025 г. праз 10 год з таго часу, як я падымаў тэму веладарожак, пачалі дзейнічаць новыя правілы дарожнага руху (ПДР), якія сярод іншага значна змянілі ўмовы для власіпедыстаў і самакатчыкаў. Доўгі час ім можна было не спешвацца на ўсіх пешаходных пераходах і велапераездах, але новыя ПДР значна скарацілі такую магчымасць.

Цяпер не злазіць з жалезных коней можна толькі там, дзе ёсць спецыяльны светлафор з выявай веласіпеда (не блытаць з пешаходным светлафорам, пад якім вісіць таблічка з чорным веласіпедам на белым фоне, цяпер гэта таблічка не дае права не спешвацца!), або на скрыжаванні па велапераездзе не далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі, або па лініі тратуараў і ўзбочын, саступаючы іншым транспартным сродкам дарогу (п. 150 ПДР 2025 г.).

Першыя адчуванні

Як раз 1 верасня мне давялося ездзіць на работу на веласіпедзе і дарога, якая займала каля 30 хвілін раней, з усімі спешваннямі займала ў паўтары разы больш часу.

На маім шляху быў толькі адзін веласветлафор, што дазваляла мне не злазіць толькі раз за ўсю дарогу. (Пазней гэты светлафор знялі).

Акрамя мяне, у гэты дзень спешваліся толькі пару веласіпедыстаў на маім шляху.

Першыя дні верасня сацыяльныя сеткі бурлілі спрэчкамі наконт справядлівасці і мудрасці новаўвядзенняў на дарозе. Да гонару ДАІ парушальнікам п.150 у першыя дні рабілі толькі папярэджанні і тлумачэнні, разумеючы, што адаптавацца да новых правілаў можа быць цяжка.

Саламонава рашэнне

Каб не ствараць больш праблем для кіроўцаў на пешаходных пераходах ДАІ вырашыла павялічыць колькасць веласветлафораў на вуліцах Мінска.

Часцей за ўсё проста вешалі такі фанерны светлафор пад пешаходны (як гэты на развязцы Філімонава-Незалежнасці), што дазволіла веласіпедыстам і самакатчыкам не злазіць з жалезных коней на велапераездзе.

Веласветлафоры паставілі на шырокіх дарогах, як тут насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Праўда, на момант здымка веласветлафор "завіс" на жоўтым колеры :)

У другой палове верасня веласіпедыстаў і самакатчыкаў, якія спешваюцца па новых правілах стала значна больш, а наяўнасць двух рэгулюемых пераездаў праз самыя шырокія дарогі на маім шляху на работу кампенсуе неабходнасць спешывацца ў многіх іншых месцах.

Цікава будзе пагядзець праз час ці дапамогуць змены ў ПДР зрабіць жыццё пешаходаў, веласіпедыстаў і кіроўцаў бяспечней...

П.С. Новыя правілы таксама робяць некаторыя самакаты з сродкаў персанальнай мабільнасці электрамапеды, якія маюць быць зарэгістраваны ў ДАІ, на іх патрэбна пасведчанне кіроўцы і яны павінны рухацца па праезнай частцы. Я тут не ў такой ступені ў тэме, каб дзяліцца ўражаннямі, але пакуль не бачыў такія самакаты на праезных частках і не сустракаў тых, каму прыходзіцца рэгістраваць свайго каня...

Гл. таксама

Беларусь за стырном

Першы ровар-2023 вачыма бацькі і сына

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...