23 верасня 2023 г. каля нашага мікрараёна на пляцоўцы побач з Нацыяналкай прайшлі (ўжо чарговыя!) спаборніцтвы "Першы ровар", у якіх прыняў удзел мой малодшы сын Любчык. Я спачатку падумаў, што значнасць падзеі амаль эквівалентна значнасці выхаду статка кароў на выган, але інтуіцыя гісторыка прымусіла прыглядзецца да івэнту. Безумоўна, такое спаборніцтва школьнікаў двух з 9 раёнаў гасне ў параўнанні з куды больш эпічнымі падзеямі ў беларускай сталіцы, краіне і свеце. Нават на фоне мінулых гульняў СНД, роварныя страсці выглядаюць чымсьці нявартным увагі. Аднак пэўныя дэталі добра адлюстроўваюць дух часу, менавіта 2020-я гг. Таму пішу, што бачыў.
Мы прыйшлі на пляцоўку ў пачатку дзясятай гадзіны, пакуль яшчэ ішоў мантаж абсталявання, бо не ведалі калі дакладна нам там трэба быць, каб прадставіць нашу школу на спаборніцтвах.
Пляцоўка для масавых заездаў ужо была падрыхтавана.
Як звычайная мера на масавым мерапрыемстве дзяжураць хуткая дапамога, міліцыя і пажарнікі (якія на той момант яшчэ не даехалі). На пярэднім плане ўсталёўваюць сінюю палатку для рэгістрацыі ўдзельнікаў спаборніцтва. Хтосьці можа нават заўважыць электрагенератар за палаткай.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства давялося чакаць з 9 да 12. Увесь гэты час панавала асенняе надвор'е. Калі Любчык ганяў на веласіпедзе і грэўся, то я нават змерз. Але нам з дому прынёс чай з бутэрбродамі мой старэйшы сын, а вось гэтых дзяўчат-барабаншчыц мне па-бацькоўску было шкада, бо яны мусілі доўга стаяць у піянерскай форме, каб дачакацца свайго ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця "Першага ровара".
Урачыстая частка заняла каля 20 хвілін, прычым патрыятычныя элементы ўключалі не толькі нацыянальны гімн, але і новую песню Мікіты Белькі і Настассі Краўчанкі "Что ты сделал для Родины?" з адпаведным відэарадам кліпа.
Потым нам давялося доўга чакаць сваёй чаргі для ўдзелу ў фігурным кіраванні. Некаторыя чакалі каля гадзіны пад лёгкім дажджом.
Аднак удзел ў спаборніцтве прынёс Любчыку і яго сябрам толькі пазітыўныя эмоцыі :)Адначасова, нават і раней за афіцыйную частку праходзіў масавы велазабег школьнікаў на суседняй пляцоўцы. На фота бачна як ўдзельнікі забегу размаўляюць з валанцёркай у сіняй уніформе.
Адначасова са спаборніцтвамі ішоў канцэрт папулярнай музыкі ў выкананні розных школьных калектываў і праходзілі забаўляльныя мерапрыемствы.
У духу часу 2020-х міліцыя не толькі ахоўвала парадак на мерапрыемстве, але і папулярызавала сваю службу для цікаўных. Хто жадаў, мог прымерыць экіпіроўку АМАПаўца са шчытом і дубінкай і сфоткацца з ёй або "пабібікаць" сірэнай у машыне ДАІ. Былі і квесты па правілах дарожнага руху для больш шырокай аўдыторыі.А велаквест складаўся з 6 элементаў, якія трэба было выканаць: пакінуць пажаданне на адмысловай дошцы, згуляць у некалькі гульняў і сфоткацца ў спецыяльнай рэкламнай рамцы. Крута і цікава, але зноў чэргі ўдзельнікаў маглі цягнуцца доўга, асабліва на элеменце веласлалам. Акрамя таго былі арганізаваны настольныя гульні...
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.