Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала для мяне не толькі часткай гісторыі Рэспублікі, але часткай гісторыі майго жыцця. Раней я закранаў тэму гэтай гісторыка-культурна-архітэктурнай адметнасці толькі ўскосна, а цяпер хочацца прывесці ў парадак тое, што сказаў сам і тое, што і без мяне было вядома.
Крыху гісторыі
Згодна афіцынаму сайту Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі nlb.by: "Нацыянальная бібліятэка Беларусі адлічвае сваю гісторыю з 15 верасня 1922 г. У гэты дзень Савет Народных Камісараў Беларускай ССР прыняў пастанову "Аб установе Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі і абавязковай рэгістрацыі ўсіх твораў друку, якія выходзяць у межах ССРБ", якім бібліятэка сцвярджалася ў якасці найважнейшага дзяржаўнага і нацыянальнага інстытута, ключавога элемента інфармацыйнай інфраструктуры грамадства." Яна была створана на базе бібліятэкі БДУ.
Першым месцам знаходжання гэтай бібліятэкі быў Юбілейны дом на Захар'еўскай вуліцы (цяпер пр. Незалежнасці). Крыніца ctv.byКрыху ўспамінаў
Праект "Каб не забыць" не абыходзіцца без маіх успамінаў, хоць у дадзеным выпадку яны не такія грунтоўныя.
У Нацыяналку я запісаўся на 1-м курсе, бо пісаў навуковую працу і мой навуковы кіраўнік дамовіўся аб спецыяльным дазволе працаваць у агульнай чытальнай зале Бібліятэкі. Гэта было вельмі крута! Дазвол быў памерам ў год і толькі на 3-м курсе я здолеў працягнуць знаёмства з фондамі Нацыяналкі, бо студэнты 1-2 курсаў не мелі права карыстацца яе фондамі. Усе бібліятечныя ўспаміны звязаны з пяпярэднім адрасам Нацыянальнай бібліятэкі на Чырвонаармейскай. Памятаю пошук кніг у папяровай картатэцы ў адмысловым памяшканні. Праўда, быў там і камп'ютар з электронным каталогам, што мне асабліва падабалася, бо свайго камп'ютара яшчэ не меў. Чытаў кнігі ў агульнай чытальнай зале. І не толькі ў рамках падрыхтоўкі рэфератаў ды курсавых -- нават проста для душы. Аднойчы мяне з яшчэ адным маладым чытачом папрасілі перанесці нейкія сталы з аднаго пакою ў іншы, прычым амаль у форме загаду і мы загад выканалі як так і трэба. Было дзіўна чамусьці, што можна было пакінуць кнігі на стале і ніхто іх не скрадзе. Гэта было ў 1997-2002 гг.
Да пераезду Бібліятэкі на новы адрас недалёк ад яе цяперашняга знаходжання, але, здаецца, бліжэй да вадасховішча, была вясковая хата, абнесеная драўляным плотам. У хаце, здаецца, ніхто ўжо не жыў. Відавочна, гэта быў апошні напамін пра вёску Вялікая Слепня, якую "захапіў" мінскі мікрараён Усход-1 ў канцы 60-х. Па-за хатай з боку праспекта Леніна-Скарыны-Незалежнасці была калонка з вадой. У першай палове 90-х з яе яшчэ можна было напіцца вады. Потым ў гады вучобы ў вну і працы школьным настаўнікам я ў гэтым месцы не бываў, таму нічога дадаць не маю. Крыху пра сказанае вышэй ў маім відэа:
У 2004 г. пачалася будоўля цяперашняга "алмазу" разам з упарадкаваннем тэрыторыі: ў той частцы Сляпянскага вадасховішча пабудавалі новы мост і фантан, а берагі "апранулі" ў новы бетон. Памятаю, што хтосьці з маіх суседзяў, старэйшы за мяне на год-два, "шабашыў" на будоўле Нацыяналкі, але дэталяў працы не паведамляў. Прыкладна ў гэты ж час (2003 ці 2004 г) у школе 197, дзе я адпрацоўваў размеркаванне, з нас настаўнікаў "дабраахвотна-прымусова" бралі эквівалент дзённага заробку (ці яго сярэдняе значэнне па школе?) на будаўніцтва новай Бібліятэкі. Так рабілі з усіх працуючых беларусаў і крыху менш з сем'яў школьнікаў. У маім выпадку гэты пабор быў дабраахвотны, бо я прынцыпова адмаўляўся купляць латэрэйныя білеты і ўдзельнічаць у шэрагу мерапрыемства, але хацеў паказаць начальству, што я не сквапны нонканфарміст і магу ахвяраваць на тое, што не супярэчыла маім прынцыпам.
Калі ў 2006 г. Нацыяналка пераехала бліжэй да мяне я пераформіў білет чытача дзесьці ў 2006 ці 2007 г. (прычым за эквівалент 2$), але хадзіць туды атрымалася рэдка. Амаль кожны паход пытаюся як правільна знаходзіць пэўныя кнігі праз электронны каталог, бо ён крыху мудрагелісты.
У новым будынку Бібліятэка перастала быць толькі бібліятэкай: яна стала медыйным цэнтрам, "хабам" забаўляльных цэнтраў рознай накіраванасці. Акрамя сціплага буфета з'явіўся рэстаран. У дзень народнага адзінства-2007 беларускія кавээншчыкі неаднаразова жартавалі пра новую Бібліятэку як адметнасць, бо на той момант гэта сапраўды была амаль адзіная архітэктурная адметнасць Беларусі 2000-х.
За што я ўдзячны Нацыяналцы
З дапамогай Нацыянальнай бібліятэкі я здолеў сабраць матэрыял пра У. Смялоўскага, перапісы насельніцтва, газету "Печинские новости", карты Барысава, зніклыя вну і апублікаваць дакумент пра беларусізацыю Барысаўшчыны ў 1925 г. А таксама зрабіць відэа аб адметнасцях тэрыторыі, бачнай з агляднай пляцоўкі Бібліятэкі. А больш за ўсё я ўздячны за магчымасць наведаць выставу "Беларусь і Біблія" ў 2018 г. Апошняе было, на мой погляд самай значнай культурнай падзеяй таго года і ўнікальным шанцам для беларусаў убачыць рэдкія манускрыпты.
І яшчэ...
Асобна хочацца вылучыць некалькі рознапланавых дэталяў...
- Калі "дыямент" пабудавалі, некалькі год хадзілі чуткі, што новы будынак мусіць рухнуць з-за дрэннага фундаменту. Не маю ніякай фактуры на гэты конт, але будынак стаіць ужо 10 год і зіхаціць рознымі агнямі ці рэкламай, калі вечар цёмны.
- Аднойчы да мяне дайшла вусная інфармацыя, што пэўны прадпрымальнік рабіў стэлажы для Нацыяналкі, але заказчык з ім не разлічыўся і прадпрымальнік абанкруціўся, бо мусіў спраўна заплаціць падаткі, не атрымаўшы прыбытку. Інфармацыя была ад чалавека, які вельмі крытычна ставіўся да ўлады і заказчыкам была названа сама Бібліятэка. Усё, што ведаю са СМІ, што кампаніі-заказчыцы будаўніцтва (не ўласна Бібліятэка) абанкруціліся і што праблема з выплатамі падрадчыкам цягнуліся да 2009 года. Тут сітуацыя выглядае як сапсаваны тэлефон, але ці паводзілі сябе прадстаўнікі будаўнічых кампаній як "чырвоная буржуазія", якая прынцыпова не плаціць падрадчыкам (з гэтым сутыкаўся тут) або справа была ў недахопах планавання ці іншых аб'ектыўных фактарах пакуль не ведаю. Спадзяюся, што ўсе сваё атрымалі...
- Падчас хваляванняў 2006 года па тэлебачанні паведамлялі, што напярэдадні выбараў праваахоўнікі перахапілі каробку з-пад ксеракса поўную долараў. Тэлевядучы зазначыў: "Не памятаю куды дакладна пайшлі гэтыя грошы, здаецца, на Нацыянальную бібліятэку" і для мяне гэта быў жарт сезону :)
- Калі я ехаў на работу на аўтобусе на наступны дзень пасля тэракту 2011 года ў метро, каля рэстарана ў комплексе Нацыяналкі стаяла машына "хуткай дапамогі". У той жа дзень хадзілі чуткі, што суседні комплекс а/в Маскоўскі (яго разбілі на шчасце ў 2014 г.) стаў таксама аб'ектам нападу тэрарыстаў. Нічога не сцвярджаю, але кагосьці на такую думку магла падштрурхнуць "хуткая дапамога", бо нешта такое прагучала тады ў аўтобусе.
- На пляцоўках ля Нацыяналкі часта праходзяць масавыя мерапрыемствы, але на святкаванне Новага году 2021 туды ніхто не прыйшоў акрамя міліцыі, наколькі ведаю з даступных відэа, бо сам у навагоднюю ноч сплю :)
Калаж першай карцінкі зроблены ў ілюстратыўных мэтах на падставе інфармацыі, выдадзенай Яндэксам.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.