30.01.2026

Беларускія распевы, якія набылі нечаканую папулярнасць

 Ізноў крыху пра тэму музыкі і песен. Аднак у гэты раз гаворка не столькі пра тое, што прынята называць песнямі з куплетамі і прыпевамі. Хутчэй гэта кароткія рсапевы, якія, як модна зараз казаць, сталі "віруснымі". Прычым папулярнасць менавіта гэтых напеваў стала нечаканай.

Касіў Ясь канюшыну

Псеўдафальклорная песня "Касіў Ясь канюшыну", якую гурт "Песняры" ўпершыню выканаў у 1971 г., мела сваю аудыторыю прыхільнікаў. Музыка песні ўяўляла сабой незвычайнае спалучэнне народнай мелодыі і элементы чагосьці, як заўважалі некаторыя музычныя эксперты, "рокэнрольнага". Словы добра ўпісваліся ў савецкі стэрэатып беларускага: нешта сялянскае і крыху забаўнае. І гумару для тых, хто разумеў тэкст песні, хапала. Таму пэўная папулярнасць "Яся з канюшынай" ахоплівала ўсю Краіну Саветаў. А гэты момант стаў крокам да наступнага моманту славы.

У 1973 г. частка кампазіцыі патрапіла ў 6-ы выпуск мультфільма "Ну, пачакай!". Фрагмент з гэтай часткай прыведзены ў відэа:

Паколькі мультсерыял быў мегапапулярным, "Касіў Ясь канюшыну" напявалі яшчэ многія гады. З'явіліся і шматлікія перапеўкі. Так у маім класе печынскай школы ў 1990-х пелі на руска-беларускай трасянцы пра дзяўчыну, якая спаражнялася ў жыта і папрасіла Яся прынесці ёй "бумажку" (менавіта так, не "паперку"), а ён прынёс ёй "кусок кардону". Пры гэтым мае аднакласнікі лічылі творчасць "Песняроў" калгаснай, то бок нізкаякаснай.

У час  інтэрнэт-мемаў эпізод з волкам на камбайне ў пагоні за зайцам пад "Касіў Ясь" стаў выкарыстоўвацца, каб перадаць з гумарам нейкія сучасныя рэаліі, напрыклад, блакіроўку розных сэрвісаў Раскамнаглядам у Расіі. І гэта "мемагоннасць" стала яшчэ адным узлётам папулярнасці "Яся". Аднак песню не спяваюць ва ўсіх падрабязнасцях: толькі тыя радкі, што ўвайшлі ў "Ну, пачакай!"

Дарэчны рэкламны ход фірмы "Модум"

У 2000 г. па заказу фирмы "Модум" быў зроблены кароткі ролік з распевам: "С Рождеством и Новым годом поздравляет фирма "Модум", поздравляет фирма "Модум"".

З таго часу ужо чвэрць стагоддзя ролік з'яўляецца свайго кшталту калядна-навагоднім хітом. Прычым не кожны беларус ведае чым дакладна займаецца кампанія "Модум", але для многіх сам віншавальны распеў стаў часткай перанавагодняй атмасферы.

***

Я перабіраў у розных крыніцах і ўласнай памяці іншыя беларускія песні і распевы, якія сталі бы нечакана папулярнымі, але ўсе хіты перажывалі свае ўзлеты і падзенні. Таму прапаную чытачам пашырыць гэты спіс :)


10.01.2026

Гарэзы цыклону "Улі"

 Надвор'е ў пачатку 2026 г. ужо было студзёным і снежным. Нават канец 2025 г. стараўся даказаць, што прыйшла зіма. Але 8 студзеня Беларусь наведаў цыклон "Улі", які адразу нагадаў многім беларусам свайго калегу "Хаўера", які завітаў у 2013 г.

Але, калі да "Хаўера краіна была негатова і адказала транспартным калапсам, то "Улі" ўжо чакалі. Пра яго гаворылі яшчэ да яго прыходу, а 8-га ў 4 гадзіны вечара навіны па радыё перадавалі, што ў Брэсцкай вобласці снегапад ужо ідзе. "Улі" завітаў у Беларусь. У Мінску яго чакалі прыкладна праз 2 гадзіны. На наступны дзень, 9 студзеня, быў аб'яўлены чырвоны ўзровень небяспекі.

У 17:15 снегапад у раёне вуліцы Чкалава, дзе я быў па справах, яшчэ слаба праяўляў сябе, а ў 6 вечара цыклон ужо шчодра асыпаў сталіцу снегам. Ветра было няшмат, а холад быў і да прыходу "Улі". Галоўнай праблемай быў снегапад.

Так выглядаў наш мікрараён "Усход-1" а палове восьмай вечара. Каляровыя ліхтарыкі, якія развесілі перад навагоднімі святамі, дадавалі прыгажосці.

Снег ішоў усю ноч, хоць на яго прыбіранне мабілізавалі не толькі камунальныя службы з тэхнікай, але і супрацоўнікаў розных арганізацый, перш за ўсё сілавікоў: міліцыю, армію і ратавальнікаў. На адкрытых прасторах снегапад суправаджаў моцны вецер.

Наступным ранкам транспартны калапс адбыўся, хоць і ў меншай ступені, чым у 2013 г. Пераважна гэта было ў затрымцы грамадскага транспарту і перапаўненні некаторых станцый мінскага метро ў ранішні пік. Практычна ўсе дарогі былі пад снежнымі сумётамі. Вядома, што сталічныя магістралі пачысцілі аператыўна, але на другарадных дарогах і выездах да магазінаў ці двароў снег ляжаў паўсюль.


У раёне "Маяк Мінска" я сустрэў невялікую завіруху і адчуў як цяжка дыхаць. Але гэта было толькі імгненні. З "Хаўерам" не параўнаць. Нават сфоткаць гульню ветра са снегам атрымалася не с першай спробы.

А на "Усходзе-1" ўсё танула ў такіх сумётах. Аднак яшчэ зранку людзі пратапталі трапінкі да метро, школ і магазінаў. Таксама можна было ісці па каляінах на праезных частках дваравых дарог.

Частка аўтамабілістаў чысцілі снег вакол машын. Адзін пажартаваў другому:
-- Можа нам ЖЭС за гэта заплаціць?
Праходзячы міма, я заўважыў яму:
-- Вашай узнагародай стане магчымасць не плаціць штраф за непрыбраны снег каля аўтамабіля.
Аўтааматар згодна кіўнуў і далей стаў грэбці снег шуфелем.

У нашым двары некалькі аўтамабілістаў прыбіралі снег каля сваіх машын і пад'ездаў. Да прыходу дапамогі камунальнікаў адзін з іх расчысціў пешаходную дарожку ў бок выхаду з квартала да метро. Тым часам трактар ЖКГ, адчысціўшы пешаходную зону ля метро, пачаў  расчышчаць дарогі ў дварах.

У гэты дзень ЦікТок запоўнілі відэа снежных сумётаў і працы па іх прыбіранню, а галоўнай тэмай размоў стала стыхія. Быў выпадковым сведкам, як адна жанчына скардзілася камусці па відэасувязі, што ўвесь дзень капала снег у сваім катэджным пасёлку, бо разлічваць на аператыўную дапамогу камунальных служб не магла. 

Машыны часта загразалі ў калеях. У той дзень тройчы даводзіася дапамагаць выштурхоўваць чыісці аўто. Таксама звычайнай з'явай быў рух аўтамабіля заднім ходам па калее, каб прапусціць іншае аўто на выезд. Але частка таксістаў скарысталася магчымасцю зарабіць дадатковыя грошы і павысіла цэны ў 2-3 разы. Таксама з'явіліся паслугі па платнай расчыстцы ад снегу парковак і двароў.

10 студзеня была субота, і беларусаў масава заклікалі чысціць снег. Калі жыхароў дамоў можна было толькі прасіць па сумленні, то элемент мабілізацыі быў у сістэме адукацыі бацькоў, чыі дзеці вучацца ў школе ці дзіцячым садзе, прасілі прыбраць снег ля школы ці садзіка.

У нашым выпадку я і мой малодшы сын прыбіралі снег каля школы. Бацькоў прасілі прыходзіць а пэўнай гадзіне і яны мусілі змяняць адно аднаго. Але наша змена за палову гадзіны прыбрала ўсе вылучаныя участкі, так што потым іншая брыгада прыбірала за тэрыторыяй школы, а майму старэйшаму сыну далі адбой і ён у якасці альтэрнатывы расчысціў некалькі парковачных месцаў недалёк ад дому.

Любамір нават патрапіў на фотку для школьнага Тэлеграм-канала...


Снег ішоў увесь дзень 10 студзеня, але стыхія ўжо адступала. Замест завеі ішоў анамальны холад...

***
Абнаўленне за 14-20.01.2026. Пасля таго, як 10 студзеня па ўсёй краіне дабраахвотна і прымусова беларусы прыбіралі снег, выявілася вось што. Камунальнікі па-ранейшаму чысцілі дарогі і праезды, часткова пешаходныя дарожкі і тратуары. Кіроўцы машын прыбіралі снег вакол сваіх машын, але не імкнуліся адкопваць засыпаныя снегам іншыя машынамесцы. Веладарожкі наўпрост завалены снегам, хоць рух веласіпедаў зімой не забаронены. На адной з вуліц Мінска снег з праезда ў двор прыбралі толькі праз прыкладна 5 дзён пасля "Улі". На вулічных паркоўках, як і на шэрагу дваравых, снег проста раскатваюць машыны з высокім клірэнсам і такім чынам там атрымоўваецца паркавацца. У асобных выпадках міліцыя арганізуе г.зв. "дармаедаў" прыбіраць снег каля дзяржаўных устаноў.

Калі мне хтосьці на гэта скажа: "вось лепш сам бы прыбіраў снег, чым скардзіўся", на гэта адкажу, як вослік Іа з казкі пра Віні Пуха: "я не скарджуся, а канстатую факт". І як раз і прыбіраю снег, калі маю час і сілы. Учора адкапалі адно з трох заваленых снегам машынамесцаў на пару са старэйшым сынам. Сёння там ужо паркуюцца. Але не кожны дзень даходзяць да гэтага рукі. Так што "Улі" скончыўся, а справа яго жыве...

20.01 адкапаў апошняе заваленае снегам машынамесца недалёк ад дома. Некалькі прахожых задавалі ў розных версіях пытанне: "Табе больш за ўсіх трэба?".

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...