Надвор'е ў пачатку 2026 г. ужо было студзёным і снежным. Нават канец 2025 г. стараўся даказаць, што прыйшла зіма. Але 8 студзеня Беларусь наведаў цыклон "Улі", які адразу нагадаў многім беларусам свайго калегу "Хаўера", які завітаў у 2013 г.
Але, калі да "Хаўера краіна была негатова і адказала транспартным калапсам, то "Улі" ўжо чакалі. Пра яго гаворылі яшчэ да яго прыходу, а 8-га ў 4 гадзіны вечара навіны па радыё перадавалі, што ў Брэсцкай вобласці снегапад ужо ідзе. "Улі" завітаў у Беларусь. У Мінску яго чакалі прыкладна праз 2 гадзіны. На наступны дзень, 9 студзеня, быў аб'яўлены чырвоны ўзровень небяспекі.
У 17:15 снегапад у раёне вуліцы Чкалава, дзе я быў па справах, яшчэ слаба праяўляў сябе, а ў 6 вечара цыклон ужо шчодра асыпаў сталіцу снегам. Ветра было няшмат, а холад быў і да прыходу "Улі". Галоўнай праблемай быў снегапад.
Так выглядаў наш мікрараён "Усход-1" а палове восьмай вечара. Каляровыя ліхтарыкі, якія развесілі перад навагоднімі святамі, дадавалі прыгажосці.
Снег ішоў усю ноч, хоць на яго прыбіранне мабілізавалі не толькі камунальныя службы з тэхнікай, але і супрацоўнікаў розных арганізацый, перш за ўсё сілавікоў: міліцыю, армію і ратавальнікаў. На адкрытых прасторах снегапад суправаджаў моцны вецер.
Наступным ранкам транспартны калапс адбыўся, хоць і ў меншай ступені, чым у 2013 г. Пераважна гэта было ў затрымцы грамадскага транспарту і перапаўненні некаторых станцый мінскага метро ў ранішні пік. Практычна ўсе дарогі былі пад снежнымі сумётамі. Вядома, што сталічныя магістралі пачысцілі аператыўна, але на другарадных дарогах і выездах да магазінаў ці двароў снег ляжаў паўсюль.
У раёне "Маяк Мінска" я сустрэў невялікую завіруху і адчуў як цяжка дыхаць. Але гэта было толькі імгненні. З "Хаўерам" не параўнаць. Нават сфоткаць гульню ветра са снегам атрымалася не с першай спробы.
А на "Усходзе-1" ўсё танула ў такіх сумётах. Аднак яшчэ зранку людзі пратапталі трапінкі да метро, школ і магазінаў. Таксама можна было ісці па каляінах на праезных частках дваравых дарог.
Частка аўтамабілістаў чысцілі снег вакол машын. Адзін пажартаваў другому:
-- Можа нам ЖЭС за гэта заплаціць?
Праходзячы міма, я заўважыў яму:
-- Вашай узнагародай стане магчымасць не плаціць штраф за непрыбраны снег каля аўтамабіля.
Аўтааматар згодна кіўнуў і далей стаў грэбці снег шуфелем.
У нашым двары некалькі аўтамабілістаў прыбіралі снег каля сваіх машын і пад'ездаў. Да прыходу дапамогі камунальнікаў адзін з іх расчысціў пешаходную дарожку ў бок выхаду з квартала да метро. Тым часам трактар ЖКГ, адчысціўшы пешаходную зону ля метро, пачаў расчышчаць дарогі ў дварах.
У гэты дзень ЦікТок запоўнілі відэа снежных сумётаў і працы па іх прыбіранню, а галоўнай тэмай размоў стала стыхія. Быў выпадковым сведкам, як адна жанчына скардзілася камусці па відэасувязі, што ўвесь дзень капала снег у сваім катэджным пасёлку, бо разлічваць на аператыўную дапамогу камунальных служб не магла.
Машыны часта загразалі ў калеях. У той дзень тройчы даводзіася дапамагаць выштурхоўваць чыісці аўто. Таксама звычайнай з'явай быў рух аўтамабіля заднім ходам па калее, каб прапусціць іншае аўто на выезд.
10 студзеня была субота, і беларусаў масава заклікалі чысціць снег. Калі жыхароў дамоў можна было толькі прасіць па сумленні, то элемент мабілізацыі быў у сістэме адукацыі бацькоў, чыі дзеці вучацца ў школе ці дзіцячым садзе, прасілі прыбраць снег ля школы ці садзіка.
У нашым выпадку я і мой малодшы сын прыбіралі снег каля школы. Бацькоў прасілі прыходзіць а пэўнай гадзіне і яны мусілі змяняць адно аднаго. Але наша змена за палову гадзіны прыбрала ўсе вылучаныя участкі, так што потым іншая брыгада прыбірала за тэрыторыяй школы, а майму старэйшаму сыну далі адбой і ён у якасці альтэрнатывы расчысціў некалькі парковачных месцаў недалёк ад дому.
Любамір нават патрапіў на фотку для
школьнага Тэлеграм-канала...
Снег ішоў увесь дзень 10 студзеня, але стыхія ўжо адступала. Замест завеі ішоў анамальны холад...
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.