У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабудзілі мяне пачаць весці назіранне за капрызамі беларускай прыроды на працягу года, прыкладна так, як я назіраў за кавіднай пандэміяй.
Зіма, якой (не) было?
Студзень пачаўся нестудзёным і бясснежным. Ужо прыкладна чвэрць стагоддзя як на дварэ хлюпа замест снежных сумётаў і прыблізна 15 гадоў як снег ляжыць рванымі шматкамі, як падраная і раскіданая вата (вось прыклад такой заўвагі за канец 2017 г.). Часам выпадаў неглыбокі снег і праз дзень-два таяў, пакрываючы наваколле туманам. Амаль увесь месяц стаяла плюсавая тэмпература.
Аднойчы ў мяне нават атрымалася пабегаць басанож на нашым абноўленым школьным стадыёне. У мяне парваліся красоўкі падчас бегу, а бегавая дарожка была без снега і смецця, я, нядоўга думаючы, скінуў абутак, зняў шкарпэткі і прабег пару кругоў па дарожцы. Надвор'е было, як ранняй вясной, і ногі не апякала холадам, толькі крыху незвычайна адчувалася ў голыя ступні прарызіненае пакрыццё, якім замянілі асфальт.
Люты крыху паспрабаваў апраўдаць сваю назву маразамі з 8-га па 22-е тэмпература ўдзень была стабільна ніжэй нуля (за выключэннем 13.02), а ноччу ў Мінску магла апусціцца да -17 С. Спачатку гэта былі бясснежныя маразы, потым пайшоў снег
У гэты час рэчкі скаваў лёд і некаторым беларусам пашанцавала пакатацца на каньках. Мае сыны пакаталіся адзін раз з горкі на лядзянцы, а я адзін раз папрацаваў шуфелем для снега, які купіў у машыну, памятаючы, што ў лютым снегу можа наваліць, і парковачнае месца можа спатрэбіцца чысціць. Але нічога чысціць не трэба было, проста на прыступках і пандусе ля майго пад'езда было крыху снега, і я вырашыў даць свайму шуфелю шанец папрацаваць хоць раз :)
Прыкладна ў гэты ж час кіроўцы машын азадачыліся: як праграваць сваё аўто за 5 хвілін ці менш, калі маразы гэтага не дазваляюць. Звычайна, праблему вырашалі тым, што глушылі матор праз 5 хвілін, рабілі паўзу і зноў уключалі запальванне.
Лыжы за гэту зіму мы так і не дасталі са сховішча, але я некалькі разоў ездзіў па справах на веласіпедзе.
З 23 лютага вярнулася вясна. Гэта адчувалася паўсюль: і ў цёплым свежым паветы, і ў капелі з дахаў, і ў цвірканні птушак...
У апошні дзень зімы ў школах РБ праводзіліся вучэнні па эвакуацыі, і мой старэйшы сын сказаў, што падчас яе атрымалася згуляць у снежкі. У мяне адразу пытанне:
-- Дзе ўзялі снег?
-- Ну, штосьці яшчэ заставалася. -- адказаў Данік.
Асаблівасцю канца гэтага лютага сталі салёныя дарогі. Звычайна кожную зіму дарогі пасыпаюць пясчана-саляной сумессю, каб снег і лёд не заміналі руху транспарту і пешаходаў. Але ў 2025 г. з прычыны сухога бясснежнага надвор'я соль проста пакрыла пылам дарогі Беларусі, абутак пешаходаў і машыны. На аўтамойках з'явіліся чэргі: аўтамабілісты імкнуліся адмыць свае машыны ад белых плямаў. Хтосцьці жартаваў у сацсетках, што соль на дарогах насыпана для прафілактыкі захворванняў пешаходаў.
Капрызная вясна
Сакавік прышоў з жартамі: раніцай выпаў снег, якога амаль не было зімой. Хтосьці дастаў цюбінг катаць сваё дзіця, скарыстаўшыся момантам, але снег мокры і тае вельмі хутка.
І такое ж надвор'е было ў пачатку вясны, але 6 сакавіка надвор'е было ўжо такім цёплым, як раней у красавіку ці маі (у Маларыце тэмпература паднялася да 19 С).
Пост будзе абнаўляцца ўвесь год. Калі не пазначана інакш, фота зроблены А. Берастоўскім.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.