14.12.2014

Чырвоная спякота

Амерыка ніколі не была абсалютна дэмакратычнай дзяржавай. Але адносіны Злучаных Штатаў з камуністычным рухам нясуць у сабе і элементы дэмакратыі і адыходу ад яе.
У другой палове ХІХ ст на хвалі барацьбы рабочых за свае правы зараджаюцца сацыялістычны і прафсаюзны рухі Амерыкі. У гэты час у ЗША фактычна адсутнічалі сацыяльная страхаванне рабочых, пенсіі па ўзросту і інваліднасці, абмежаванні працоўных гадзін, аплачаны водпуск, рэгуляванне жаночай і дзіцячай працы, лісты непрацаздольнасці. І гэта лічылася дэмакратыяй: ніхто не прымушаў рабочага наймацца на фабрыку ці завод.
Паколькі ў другой палове ХІХ ст (пасля пераразмяркавання багаццяў Поўдня ЗША падчас палітыкі Рэканструкцыі Поўдня) і у першыя два дзясяцігоддзі ХХ ст эканоміка краіны ў асноўным ішла ўгару, а насельніцтва папаўнялася эмігрантамі з Еўропы і Азіі -- патэнцыяльнымі рабочымі заводаў, згоднымі на нізкую аплату працы -- рабочы рух і сацыялістычныя ідэі не так адчуваліся ў ЗША.
Трэба адзначыць, у канцы ХІХ -- пачатку ХХ ст у гісторыі ЗША былі некалькі крывавых падзеяў звязаных з рабочымі пратэстамі. Так нацыянальнае свята працы сучаснай Рэспублікі Беларусь -- Першамай -- мае амерыканскія карані. 1 мая 1886 г. анархісты ЗША і Канады правялі свае мітынгі ў шэрагу гарадоў. Мітынгі разагнала паліцыя. У Чыкага гэта перарасло ў хваляванні на некалькі дзён і скончылася крывавым сутыкненнем  рабочых з паліцыяй 4 мая. Былі забітыя як сярод пратэстуючых, так і сярод паліцэйскіх. Яшчэ некалькіх анархістаў з удзельнікаў чыкагскіх хваляванняў пакаралі смерцю. Пасля гэтага ў ліпені 1889 г. парыжскі кангрэс ІІ Інтэрнацыянала (міжнароднага сацыялістычнага руху) аб'явіў 1 мая 1890 г. (дзень, на які планаваліся чарговыя забастоўкі) днём салідарнасці рабочых свету. Былі і іншыя рабочыя пратэсты, што не абыйшліся без крыві.  Усе такія эксцэсы не былі нацыянальнай пагрозай для ЗША, але існавала пагроза ад анархістаў і некаторых іншых леварадыкальных рэвалюцыянераў.  Анархісты былі, зразумела, рознымі, але сярод іх хапала прыхільнікаў тэрору.
Куды цягнуліся карані.
У 1901 г. адзін імігрант забіў прэзідэнта ЗША МакКінлі. За гэтым забойствам стаялі амерыканскія анархісты, некаторыя з якіх былі арыштаваны. Пасля гэтага ЗША імкнуліся недапусціць эміграцыі еўрапейскіх анархістаў і іншых сацыялістычных радыкалаў на сваю тэрыторыю. У 1903 г. быў прыняты закон які дазваляў недапускаць іміграцыю анархістаў у ЗША. У 1917 г. быў прыняты новы варыянт закона аб іміграцыі. (Да рэвалюцыйных хваляванняў у Расіі гэта дачынення не мела аніякага. Закон аб імігрантах быў прыняты 5 лютага 1917 г. -- калі рэвалюцыяй у Расійскай Імперыі яшчэ не пахла). Варта звярнуць увагу на кантэкст -- каму яшчэ забаранілі іміграцыю ў Штаты, акрамя анархістаў:
"Пункт 3. Таксама наступныя катэгорыі імігрантаў пазбаўлены права прыехаць у Злучаныя Штаты: усе ідыёты і іншыя псіхічна недзеяздольныя асобы і эпілептыкі;  асобы, якія аднойчы ці некалькі разоў у мінулым мелі прыступ вар'яцтва; людзі з хранічнай псіхічнай непаўнацэннасцю; хранічныя алкаголікі; паўперы; прафесіянальныя жабракі; брадзягі; асобы хворыя на якую-небудзь форму туберкулёза... палігамісты ці асобы, што жывуць палігамным шлюбам або падтрымліваюць палігамізм; анархісты альбо асобы, якія падтрымліваюць ідэі гвалтоўнага змяшчэння ўрада Злучаных Штатаў ці знішчэння ўсіх законаў, альбо асобы, якія не падпарадкоўваюцца якому-небудзь арганізаванаму ўраду, альбо асобы, якія падтрымліваюць ідэю забойства дзяржаўных служачых ці падтрымліваюць або распаўсюджваюць ідэю знішчення маёмасці; людзі, якія з'яўляюцца членамі арганізацый ці нейкім чынам звязаныя з арганізацыямі, якія падтрымліваюць ці распаўсюджваюць ідэі непадпарадкавання ці супраціўлення ўраду, якія падтрымліваюць ці распаўсюджваюць ідэю магчымасці ці неабходнасці насілля супраць дзяржаўных служачых ці іх забойства, пры гэтым гаворка можа быць і пра пэўных дзяжслужачых і пра дзяржслужачых увогуле, як тых што служаць ураду Злучаных Штатаў, так і якога-небудзь іншага ўрада..." Таксама гэты ж пункт, як і іншыя палажэнні Закона аб іміграцыі, забараняў іміграцыю прастытутак і суценёраў, злачынцаў, непісьменных і непаўналетніх да 16 гадоў без суправаджэння дарослых (1). Пра камуністаў у гэтым дакуменце -- ані слова. Гаворка ідзе пра анархістаў і іншых прыхільнікаў гвалтоўнага змяшчэння дзяржаўнай улады, якіх дадзены дакумент ставіць на адну дошку з псіхічна нездаровымі, заразнымі людзьмі і злачынцамі. Варта заўважыць, што прэзідэнт Вудра Вільсан наклаў на гэты законапраект вета, якое было пераадолена Кангрэсам.
16 кастрычніка 1918 г. быў прыняты закон які быў прысвечаны выключна анархістам і прыраўноўваным да іх асобам. Калі закон аб імігрантах 1917 г. датычыўся пераважна працы мытных і іміграцыйных органаў, то закон 1918 г.  дапаўняў яго: накладаў абавязак на дэпартацыю тых, каго дапусцілі ў ЗША, а потым знайшлі звязанным з анархістамі ці іншымі радыкаламі (2). Былі прыняты і іншыя законы супраць радыкалаў.
"Чырвоны 17-ы год".
Можна спрачацца наконт таго, ці было больш станоўчага ці, наадварот, адмоўнага для народаў былой Расійскай імперыі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Але нельга не прызнаць, што перамога бальшавікоў у Расіі не змяніла адносін урада ЗША да мясцовых "чырвоных". Адна з прычын у ідэалогіі бальшавікоў: нацыяналізацыя ўсёй гаспадаркі з канфіскацыяй багаццяў у заможных грамадзян. А трэба адзначыць, што "містэры-Твістэры", ўладары заводаў, газет параходаў, Форды, Ракфелеры і Карнегі, былі абсалютнай меньшасцю у Злучаных Штатах, хоць мелі некаторы істотны ўплыў на эканоміку краіны. Большасцю быў сярэдні клас -- у тым ліку сярэдні бізнес, юрысты, медыкі, інжынеры, заможныя фермеры, якім не было цікава шарыкаўскае "ўсё сабраць і падзяліць". Гэты шырокі слой грамадства не жадаў у асноўнай масе паўтарэння расійскага варыянта сацыялістычнай рэвалюцыі ў Штатах.
Другая прычына ў тым, што бальшавікі адразу паставілі сябе як і талібы ў пачатку ХХІ ст. Іх марай быў не камунізм у асобна ўзятай краіне, а сусветная рэвалюцыя. І нельга забываць, што акрамя Расіі сацыялістычныя рэспублікі былі абвешчаны на тэрыторыі Баварыі, Венгрыі і Славакіі ў 1919 г., праўда пратрымаліся яны нядоўга. Грамадзянская вайна 1918-22 гг. ахапіла не толькі будучы СССР, але і Фінляндыю (толькі ў апошняй перамогу "чырвоныя" фіны не атрымалі). Пад уплывам Савецкай Расіі апынуліся і фармальна незалежныя Манголія і Тува (першую савецкія войскі пакінулі толькі ў 1966 г., а другая ўвайшла ў склад СССР у 1944 г.) Таксама Савецкая Расія падтрымлівала паўночна-іранскіх сепаратыстаў, якія абвяшчалі свае савецкія рэспублікі, часам з якім-небудзь мясцовым ханам на чале (Поўнасцю паўночны Іран выйшаў з-пад кантролю СССР толькі пасля Другой сусветнай вайны, калі з яго тэрыторыі былі выведзены войскі Чырвонай Арміі). Таксама савецкія пілоты ўдзельнічалі ў спецаперацыі ў Афганістане ў  1926 г. ў патрымку мясцовага караля, які быў сябрам Саветаў і якому пагражалі мяцежныя плямёны.
А якая да гэтага справа ЗША? Савецкая Расія не мела сіл напасці на ЗША ў 1920-х гг., а на тагачасную сферу ўплыву Злучаных Штатаў: Лацінскую Амерыку, частку Акеаніі і Філіпіны -- ніякага істотнага ўздзеяння савецкія камуністы яшчэ не мелі. А справа была не ў тым, што ў Савецкай Расіі бачылі бучучую звышдзяржаву, якая будзе дзяліць з ЗША сусветнае панаванне, а ў тым, што бальшавікі выглядалі як патэнцыяльныя саюзнікі ўсіх левых радыкалаў, асабліва анархістаў, як аплот міжнароднага тэрарызму. ЗША зусім не былі зацікаўлены ў пакарэнні прастораў былой Расійскай Імперыі альбо ў крыжовым паходзе супраць камуністычнай дзяржавы -- аб гэтым сведчыць іх вельмі сціплае ўдзельнічанне ў Грамадзянскай вайне 1918-22 гг. на Далёкім Усходзе. Але ўрад Злучаных Штатаў імкнуўся выкараніць усіх патэнцыяльных прыхільнікаў рэвалюцыі па-савецку на тэрыторыі сваёй краіны.
Чырвоная пагроза 1919 г.
Калі сумленна разабрацца ў крывавых падзеях і хваляваннях 1919 - пач. 1920 гг., то ніякай "чырвонай пагрозы" з Савецкай Расіі ў ЗША практычна не было. Былі разборкі з анархістамі, якія пачаліся яшчэ ў канцы ХІХ ст. і не толькі ў Штатах. І былі іншыя хваляванні, якія проста мелі месца ў той жа час і ў той жа краіне, але не мелі дачынення ні да анархістаў, ні тым больш да камуністаў.
Так у рамках "чырвонай пагрозы" асобнай тэмай з'яўляецца разгром забастоўкі бостанскіх паліцэйскіх, якая выклікала хвалю марадзёрства ў горадзе.  Але тут няма сэнсу казаць пра гэта падрабязней, бо да "чырвоных" тыя паліцэйскія дачынення не мелі.
У канцы красавіка 1919 г. анархісты ЗША разаслалі поштай бомбы дзясяткам амерыканскіх чыноўнікаў (пошта ў ЗША -- гэта магчымасць даслаць што хочаш куды хочаш: ад дохлай рыбы на экспертызу да вадзіцельскага пасведчання новаму аўтамабілісту). З гэтага фактычна і пачынаецца першая хваля "чырвонай пагрозы" (Red Scare - літаральна "Чырвоны жах"). У адказ на бомбы ФБР на чале з Эдгарам Гуверам і генеральная пракуратура на чале з Аляксандрам Мітчэлам Палмерам пачынаюць масавы пошук актыўных і патэнцыяльных тэрарыстаў. Некаторыя штаты забаранілі чырвоны сцяг на сваёй тэрыторыі альбо прынялі свае законы супраць радыкалаў ці прафсаюзаў. Боязь "чырвоных", да якіх адносілі не толькі і не столькі камуністаў, сколькі анархістаў, прафсаюзных актывістаў і сацыялістаў увогуле, прывела да такіх перагібаў, як звальненне некаторых памяркоўных сацыялістаў з дзяржаўнай службы. Таксама падчас "рэйдаў Палмера" арыштоўвалі і тых, на каго былі сур'ёзныя доказы ўдзелу ў радыкальных арганізацыях, і тых, каго проста падазравалі ў іх. Пры гэтым прэзумпцыя невінаватасці і іншыя правы затрыманых, напрыклад, права на недатыкальнасць жылля, якое гарантавалася 4-й Папраўкай да Канстытуцыі ЗША, неаднаразова зняважаліся (3). Часцей за ўсё арыштаваных па "чырвоным" абвінавачванням чакала дэпартацыя з ЗША.
Напружданасць і пошук патэнцыяльных тэрарыстаў ахапіў не толькі дзяржаву, але і грамадства. Да эмігрантаў падчас ставіліся як да патэнцыяльных тэрарыстаў. Былі выпадкі нападаў натоўпу на тых каго падазравалі ў спачуванні да "чырвоных". Нярэдка такі натоўп маглі арганізаваць рэлігійныя актывісты і правыя патрыёты, напрыклад арганізацыя "Амерыканскі легіён", заснаваная ветэранамі Першай сусветнай вайны. Апошнія нярэдка ўдзельнічалі ў расправах з прапаведнікамі рэлігійных меньшасцяў і іншымі "падазронымі" асобамі пад маскай барацьбы з камуністамі і анархістамі.
Але асабліва гэта выразілася ў пагромах негрыцянскіх кварталаў розных гарадоў ЗША. Білі не толькі цёмнаскурых з трушчоб, але і ганаровых ветэранаў Першай сусветнай вайны. Для справядлівасці дадам, што чорныя ўзброенным чынам абараняліся ад белых расістаў і часам ажыццяўлялі свае пагромы. Дадзеныя аб расавых хваляваннях розныя, але ў іх выніку загінулі сотні жыхароў Амерыкі.
Чырвоная пагроза скончылася пасля таго як Гувер аб'явіў, што "чырвоныя" плануюць масавыя гвалтоўныя акцыі на 1 мая 1920 г., а нічога такога не адбылося. Пасля гэтага фэбээраўскія рэпрэсіі былі раскрытыкаваны прэсай і палітыка пошуку "чырвоных" "ворагаў народа" была згорнута.
Самае цікавае, што менавіта ў гэтым годзе ўзнікла камуністычная партыя ЗША: 31 жніўня 1919 г. Да гэтага былі 2 невялікія камуністычныя групы якія ў гэты дзень аб'ядналіся ў адну партыю. Да 1930-х гг. гэта партыя не была пад савецкім спонсарствам, таму варта яшчэ раз падкрэсліць: чырвоная пагроза 1919 г. не мела істотнага дачынення ні да камуністаў, ні да Савецкай Расіі.
"Савецкі каўчэг" -- "філасофскі параход" анархістаў.
Вядомым гістарычным фактам з'яўляецца высылка першых дысідэнтаў з СССР у пачатку 1920-х гг. у Еўропу. Паколькі некаторых іншадумцаў адпраўлялі на караблях, гэта дэпартацыя ўвайшла ў гісторыю як "філасофскі параход".
Але ў гісторыі ЗША быў таксама свой "філасофскі параход". У 1920 г. ўлады Злучаных Штатаў вырашылі выслаць больш за сто анархістаў у СССР.
Трэба шчыра прызнаць, што ўлады ЗША крыху "лапухнуліся" з такой высылкай. Анархісты былі такімі ж тэрарыстамі для савецкай улады, што і для ЗША, іх ніхто ў Расіі не чакаў як сяброў і саюзнікаў. З цягам часу вывучэнне савецкага ладу жыцця і ідэй ленінізму ў ЗША значна палепшылася, але высылка анархістаў у камуністычную дзяржаву сведчыла аб тым, што улады Штатаў не бачылі паміж імі прынцыповай розніцы (прыкладна як сённяшні сярэднестатыстычны чыноўнік у Расіі ці Беларусі не бачыць розніцы паміж вахабітамі і талібамі).
На гэты момант мне вядомы імёны толькі двух дэпартаваных анархістаў: Эмма Голдман, якая праславілася ў ЗША публічнымі лекцыямі пра фемінізм і свабоду сэксу і надаказаным удзелам у пакушэнні на МакКінлі ў 1901 г. і Аляксандр Беркман, які вёў пераважна выдавецкую і публіцыстычную дзейнасць на карысць анархізму. Абодва спачатку падтрымалі савецкую ўладу, а потым расчараваліся ў ёй і пакінулі Саветы пры першай магчымасці. Што было з астатнімі анархістамі, якіх пераправілі "Савецкім каўчэгам" -- пакуль не ведаю.
Паляванне на ведзьм 1940 - х гг. або новая хваля "чырвонай спякоты"
У 1920-х да Вялікай дэпрэсіі 1929 г. праблема "чырвонай пагрозы" не ставілася так востра. У эпоху Ф. Д. Рузвельта (1933-45 гг) кампартыя ЗША дасягнула максімальнай колькасці членаў (па розных звестках ад 25 да 100 тыс.), але была ў памяркоўнай апазіцыі: яе ўжо добра кантралявалі з Масквы і гэта праявілася ў тым, што партыя не падтрымлівала рабочыя забастоўкі ў ЗША падчас Другой сусветнай вайны (пры гэтым іншыя сацыялісты, напрыклад трацкісты, падтрымлівалі такія акцыі) і сам Рузвельт быў аднім з першых прэзідэнтаў, якія прымусілі капіталістаў дзяліцца з рабочым класам -- а значыць нагод для процістаяння з такім урадам было меньш. За гэты час анархісты пераўтварыліся ў маргінальную апазіцыю, на якую меньш сталі звяртаць увагі. (Тэрорам працягвала займацца да пачатку 1930-х гг. адна невялікая група прыхільнікаў вучэнняў анархіі.) Трэба зазначыць, што анархісты як рух захаваліся і ў ХХІ ст. У Беларусі прыхільнікі такіх ідэй час ад часу распаўсюджваюць лістоўкі. Быў па меньшай меры адзін выпадак, калі юнак, які ставіў сябе як анархіст кінуў "кактэйль Молатава" ў будынак КДБ у аднім з правінцыяльных гарадоў Беларусі. Але ў 1920-30-х гг. калі каго-небудзь на Захадзе хацелі ачарніць, яго абвінавачвалі ў сувязі з камуністамі, бо міжнародны камуністычны рух быў звязаны з СССР -- краінай, якая паступова пераўтваралася ў магутную дзяржаву з міжнародным уплывам.
Кампартыя ЗША сапраўды была на піке сваей папулярнасці менавіта ў эпоху Рузвельта, але ніколі на прэзідэнцкіх выбарах кандыдат ад КПЗША не набіраў больш за 0,2% галасоў. У краіне камуністы сталі новай "чырвонай пагрозай" заняўшы месца анархістаў. Да "чырвоных" традыцыйна адносілі і больш памяркоўных сацыялістаў, а таксама прафсаюзных актывістаў. У грамадстве па-ранейшаму былі праблемы расавай няроўнасці і сацыяльнай несправядлівасці, якія выявіў 1919 г, было лінчаванне натоўпам тых, каго падазравалі ў падрыўной дзейнасці і паліцыя нярэдка глядзела на такі самасуд скрозь пальцы, як у Грузіі эпохі Шэварнадзе ці ва Ўкраіне часоў позняга Януковіча. Часам праварадыкальныя актывісты з "Амераканскага легіёна" ці адроджанага руху Ку-клукс-клан, якія маглі спаліць дом рабочага прафсаюзнага актывіста ці застрэліць альбо кастрыраваць прапаведніка пэўнай рэлігійнай меньшасці заставаліся непакаранымі, а то і падтрыманымі мясцовай паліцыяй. Аднойчы жонка прэзідэнта Рузвельта Элеанора нават выступіла з прамовамі асуджэння такіх актаў варварства і заклікам да нацыі спыніць хвалю насілля (4). Але памяркоўная сацыяльная палітыка эпохі Рузвельта стрымлівала напруджанне ў ЗША і яны пазбеглі рэвалюцыі па варыянту постсавецкіх рэспублік.
Калі памёр Рузвельт сітуацыя змянілася. ЗША выйшлі на ўзровень сусветнага лідара з атамнай бомбай. З другога боку падняўся іх канкурэнт -- Савецкі саюз, які таксама неўзабаве авалодаў атамнай зброяй. Калі барацьба за сусветную гегемонію паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй эпохі Новага часу не мела ідэйнага афарбавання, то барацьба паміж СССР і ЗША была яшчэ і барацьбой капіталістычных і камуністычных каштоўнасцяў. Як я ўжо неаданаразова пісаў, сацыялістычным лад у СССР і яго саюзніках быў толькі фармальна: па факту там будавалі жорсткі дзяржаўны капіталізм. Але сітуацыю на Захадзе гэта не мяняла: камуністычныя партыі многіх краін свету сталі падкантрольнымі СССР. А наяўнасць ядзернай зброі паставіла сітуацыю ў даволі жорсткія рамкі. СССР і ЗША пачалі барацьбу за выжыванне, і камуністы ЗША, а таксама ўсе, каго традыцыйна адносілі да "чырвоных", апынуліся паміж савецкім молатам і амерыканскай накавальняй.
У 1947 г. пачалася новая хваля "чырвонай пагрозы" ў якой месца анархістаў занялі камуністы і якая цягнулася прыкладна 10 год. 20 кастрычніка 1947 г. Камісія Палаты прадстаўнікоў па расследаванню анціамерыканскай дзейнасці (House Un-American Activities Committee) (далей для зручнасці -КППРАД), створаная яшчэ ў 1934 г., правяла допыт 43 кінематаграфістаў Галівуда. "Кіношнікам" задавалі даволі простыя пытанні накшалт, ці былі вы калі-небудзь членам КПЗША. 11 акцёраў і рэжысёраў заявілі аб недапушчальнасці прымусу даваць адказы на такія пытанні, бо такім чынам парушалася 1-я Папраўка да Канстытуцыі краіны. Потым адзін з іх згадзіўся адказаць на такое пытанне (адмоўны адказ: не меў сувязі з камуністамі), а 10 так і не адказалі. Іх абвінавацілі ў знявазе да Кангрэса ЗША, яны надоўга згубілі магчымасць працаваць па спецыяльнасці, была інфармацыя аб тым што ім потым далі год турмы, але праверыць яе ў мяне не артымалася. Галоўнае ў тым, што іх імёны склалі Чорны спіс Галівуда, які пазней павялічыўся ў разы, і ў тым, што паляванне на ведзьм у ЗША з гэтага толькі пачалося. Многія іх калегі па Галівуду, у тым ліку вядомы мульціплікатар Уолт Дысней, падтрымалі праследванне патэнцыяльных камуністаў. Зразумела, тут былі і спробы звесці асабістыя рахункі і банальна змесці канкурэнтаў, як было і ў 1930-х гг. у СССР... Тым не меньш, Труман, які змяніў Рузвельта на пасадзе прэзідэнта, калі апошні памёр, не даваў паляванню на ведзьм набраць абароты.
Макарцізм: ўзлёт і падзенне апошняй "чырвонай пагрозы".
9 лютага 1950 г. сенатар Джозеф Макарці выступіў у горадзе Ўілінг (Заходняя Вірджынія) з публічнай заявай аб тым, што Дзяржаўны дэпартамент ЗША запоўнен камуністамі.  Фігура Макарці з'яўляецца адной з самых неадназначных у гісторыі Амерыкі. На першы погляд яго можна параўнаць з Валерыяй Навадворскай, калі праводзіць паралелі з постсавецкім жыццём. Але з апошняй яго аб'ядноўваюць толькі глыбокія анцікамуністычныя погляды. Больш падабенства ў Макарці з вядомым расійскім прафесарам-сектаборцам Аляксандрам Дворкіным. Звычайна такія людзі свята вераць у даволі спрэчныя ідэі (ў выпадку сенатара Маккарці -- перакананне, што камуністы праніклі ва ўсе сферы амерыканскага жыцця, асабліва ў структуру ўлады, і рыхтуюцца знішчыць ЗША). Калі такія людзі атрымоўваюць пэўную ўладу і доступ да СМІ, яны з усім энтузіязмам ірвуцца крышыць і выкрываць. Як правіла, у пэўны час такіх людзей адхіляюць ад улады і папулярнасці, калі іх дзейнасць задавальнае патрэбы пэўных больш прагматычных ігракоў ці калі яны пачынаюць прыносіць больш шкоды чым карысці. Цяжка сказаць хто атрымаў дывідэнды ад макарцізму і якія яны былі, але ўзлёт і падзенне Макарці быў адначасова ўзлётам і падзеннем апошняй хвалі "чырвонай пагрозы".
І яшчэ адна дэталь: Маккарці быў алкаголік. Паколькі ў мяне няма ніякіх фактаў таго як гэта хвароба ўплывала на яго палітычную дзейнасць і спецыфічныя ідэі, я ўстрымліваюсь ад адназначных трактовак па гэтаму пытанню.
У тым жа 1950 г. быў апублікаваны яшчэ адзін спіс амерыканскіх дзеячоў культуры і мастацтва "Чырвоныя каналы". У яго ўвайшлі 151 чалавек, якіх падазравалі ў сімпатыях да камуністаў. Пасля такіх "голых" абвінавачванняў многія з іх згубілі работу і сталі аб'ектам праследаванняў у СМІ.
У 1952 г. прэзідэнтам ЗША быў абраны Дуайт Эйзенхаўэр. Яго нельга назваць такім ідэалістам, як, напрыклад, Джордж Буш малодшы, які мог распачаць вайну каб вызваліць Ірак ад дыктатуры Хусейна, але да больш прагматычных Рузвельта і Трумана яму было далёка. Ён быў глыбока веруючым чалавекам і аднім з самых веруючых прэзідэнтаў ЗША. Вядомы факт, што ён прысягаў на вернасць краіне на Бібліі, якую яму падарыла яго маці, калі ён скончыў Акадэмію Ўэст Пойнта ў 1915 г. (5). І яму як верніку былі вельмі не да спадобы камуністы, рэлігіяй якіх быў атэізм. Зразумела, гэты фактар на фоне пагрозы атамнай вайны не быў прынцыповым, але ён часткова тлумачыць як ён мог дазволіць сенатару Макарці мець такі значны ўплыў на ўнутраную палітыку Штатаў 1952-54 гг. Яшчэ раз паўтару, што пісаў вышэй: прэзідэнт мог быць сярод тых хто карыстаўся Макарці як марыянеткай і мог сам выкарыстоваць сенатара ў нейкай сваёй палітычнай камбінацыі, але больш фактаў сведчыць аб тым, што Эйзенхаўэр верыў Маккарці пэўны час, а потым расчараваўся вынікамі яго дзейнасці і дазволіў знішчыць сенатара палітычна.
У гэты кароткі час 1952-55 гг. Амерыку ахапіла істэрыя пошуку камуністаў і іншых "чырвоных". Трэба зазначыць, што ў гэты час кожны трэці жыхар планеты жыў у камуністычнай дзяржаве (6). Вораг па-за межамі ЗША быў моцным і боязь ворага ўнутранага не была зусім безгрунтоўнай. ФБР усталявала моцны кантроль над КПЗША. У 1954 г. быў прыняты федэральны закон аб кантроле над камуністамі, пасля чаго апошнія мелі праблемы з атрыманнем загранпашпартоў і іх маглі беспадстаўна звальняць з работы. З універсітэцкіх бібліятэк прыхільнікі Маккарці збіралі і публічна палілі кнігі, якія маглі змяшчаць крамольныя ідэі. Моцна праследавалі прафсаюзны рух, так што нават эканамічныя стачкі маглі разглядацца як падрыўная дзейнасць. Больш за тысячу чалавек па ўсіх ЗША згубілі рабочае месца па прычыне абвінавачванняў у сімпатыях да камуністаў ці адмове адказаць на пытанне "Ці былі вы калі-небудзь членам камуністычнай партыі?" альбо самі пакінулі работу па з-за прэсінгу, выкліканым такімі абвінавачваннямі. Сярод вядомых асоб, якія пацярпелі ад маккарцізму былі культавы акцёр Чарлі Чаплін (які быў вымушаны пакінуць ЗША), фізік Альберт Эйнштэйн, бацька амерыканскай атамнай бомбы Роберт Апенгеймер. Акцёр Філіп Лоеб пасля доўгага цкавання з боку СМІ і немагчымасці далей здымацца ў кіно скончыў жыццё самагубствам 1 верасня 1955 г. Адсутнасць перадсмяротнай запіскі засцерагае ад адназначных трактовак такога трагічнага рашэння, але нельга сказаць, што амерыканскае грамадства не мае дачынення да смерці Лоеба.
У 1954 г. ў СМІ пачалася кампанія крытыкі перагібаў Маккарці. Сапраўдных камуністаў ніхто шкадаваць не збіраўся, але сенатар кідаў спрэчныя абвінавачванні ў адрас многіх вядомых амерыканцаў і яго метады выклікалі абурэннне знявагай да правоў чалавека. Па тэлебачанню таксама паказалі як КППРАД праводзіць допыты (зразумела ніякіх фізічных катаванняў, толькі эмацыянальны прэсінг), і папулярнасць сенатара і яго прыхільнікаў пачала падаць. На Маккарці падалі ў суд адны з ахвяр яго абвінавачванняў і ён канчаткова згубіў палітычны аўтарытэт, а таксама доступ да вядучых СМІ. На фоне палітычнай апалы Маккарці пачаў моцна злоўжываць алкаголем і памёр ад хваробы печані ў 1957 г.
Пасля яго смерці палітыка ваеннага анцікамунізму была паступова згорнута. Амерыку ўжо ліхаманілі чорныя пратэсты супраць расавай сегрэгацыі. Былі свае цяжкасці на знешнепалітычным фронце. На даляглядзе былі патрасенні 1960-х гг... І паляванне на ведзьм паступова "спусцілі на тармазах". Ніякай актыўнай рэабілітацыі а-ля Хрушчоў, проста фільмы апальных рэжысёраў пачалі выходзіць у пракат, КППРАД  перастала ліхаманіць грамадства, потым яе пераназвалі ў Камісію па ўнутранай бяспецы ў 1969 г. і распусцілі ў 1975 г.
"Чырвоная спякота" адыходзіць у мінулае

Папулярны лозунг часоў Халоднай вайны "Лепш памерці, чым стаць чырвоным". Крыніца: http://unrealfacts.com/better-dead-than-red-was-first-used-by-the-nazis/
Боязь камуністаў  у ЗША заставалася да падзення міжнароднай камуністычнай сістэмы ў 1989 г. Цікавы факт распавёў на адной з сваіх лекцый прафесар Рычард Канья (Універсітэт Пэмброўк, Паўднёвая Караліна), які чытаў курс пра амерыканскі лад  жыцця на факультэце міжнародных адносін БДУ ў асеннім семестры 2004-2005 гг. З яго слоў, аднойчы ён запрасіў аднаго свайго рускага госця ў кавярню. Калі яны рабілі заказ, афіцыянтка заўважыла:
-- Yu're not from 'ere? (Вы не тутэйшы?)
-- I'm Russian (Я рускі), -- адказаў госць прафесара.
-- And a Communist? (І камуніст?) -- стрывожана запытала яна.
-- I was (Былы). -- адказаў рускі, чым зусім перапалохаў афіцыянтку.
Сам факт што камуніст ён быў былы, сведчыць аб тым, што, хутчэй за ўсё, гэта адбывалася пасля падзення СССР ці незадоўга да таго. Амерыканская прапаганда дзясяцігоддямі пужала камуністамі і рускімі краіну, таму не дзіва і зараз сустрэць тых, хто іх баіцца.
Кампартыя ЗША парвала сувязі з КПСС падчас Перабудовы і да цяперашняга часу трымаецца ідэй ленінізму. Камуністы ЗША былі сярод партый падтрымаўшых рух "Акупіруй Уол Стрыт". Таксама сучасныя амерыканскія камуністы змагаюцца супраць дыскрымінацыі геяў, а таксама расавай дыскрымінацыі. На сайце КПЗША можна знайсці больш інфармацыі аб акцыях і праектах, у якіх удзельнічалі амерыканскія камуністы (7).
Цікавы факт. У 2013 г. штат Невада падчас перагляду законаў, згубіўшых сваю актуальнасць, адмяніў закон які дазваляў працадаўцам звальняць камуністаў на падставе іх палітычнай пазіцыі (8). "Чырвоная пагроза" адыходзіць у гісторыю...
Спасылкі:
(1) Bill (H. R. 10384) "To Regulate the Immigration of Aliens to, and the Residence of Aliens in the United States". Sixty-fourth Congress. Session II. Charpter 29, pp. 874-898. Доступ: http://library.uwb.edu/guides/USimmigration/39%20stat%20874.pdf Section 3 (pp. 875-876), section 12 (p. 882), section 28 (p. 894). Пераклад цытаты на бел. А. Берастоўскага
(2) Act "To Exclude and Expel from the United States Aliens Who are Members of the Anarchistic and Similar Classes". Sixty-fifth Congress. Session II. Charpter 186, pp. 1012-1013. Доступ: http://legisworks.org/sal/40/stats/STATUTE-40-Pg1012.pdf
(3) Папраўкі да Канстытуцыі Злучаных Штатаў Амерыкі // Гісторыя ЗША ў дакументах: Пераклады на беларускую. Мінск, 2014, с. 40. Доступ: https://yadi.sk/i/FPmPfjyCYxVCR
(4) Jehovah's Witnesses -- Proclaimers of God's Kingdom. Russian Edition: 2005, p. 671
(5) Conspiracy Against Jehovah's Name // The Watchtower June 1, 1957, Vol. LXXVIII, No 11, p. 323
(6) Exposing the Red Paradise. // The Watchtower April 15, 1957, Vol. LXXVIII, No 8, p. 245
(7) Сайт КПЗША: http://cpusa.org
(8) Татьяна Васильева. В Америке успокоились: «красная угроза» устарела? // Сайт "Коммунисты столицы". Доступ: http://comstol.info/2013/06/obshhestvo/6777

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...