29.11.2021

Вуліцы Мінска. Здымкі на бегу

 Звычайна я раблю чарговы пост праекта "Вуліцы Мінска" пасля таго як старанна фотаграфую адметнасці пэўнай вуліцы. Але бывае, што атрымоўваецца толькі зрабіць пару кадраў падчас бегу з пункта А ў пункт В па сваіх паўсядзённых справах. Паколькі Мінск мяняецца пастаянна, не хочацца губляць магчымасці зрабіць штосьці для захавання яго візуальнай гісторыі. Большасць здымкаў зроблена ў асенні час, які ў Беларусі лічыцца дэпрэсіўным, але ў беларускай восені ёсць свой шарм. А цяпер, як гаворыцца, будуць слайды :)

Залатая восень на вуліцы Цікоцкага

Большасць дамоў гэтай вуліцы -- 9-павярховыя на дзясятак пад'ездаў. У некаторых гарадах такія называюць кітайскай сцяной. Таксама на фота можна бачыць, што гэты квартал мінскага Зялёнага Луга паміж вуліцамі Цікоцкага і Карбышава стаіць на ўзгорку.

Вуліца Цікоцкага пераходзіць у Карбышава ў раёне спартыўных інтэрнатаў і пратэстанцкай царквы "Ласка Хрыста"

Уздоўж праезнай часткі Цікоцкага з боку жылога квартала ідзе пешаходная алея.

А з другога боку знаходзіцца змешаны бярозава-сасновы лесапарк. Тут часта адпачываюць і гуляюць жыхары квартала. Гэты лесапарк аддзяляе квартал ад МКАД.

У леспарку ёсць невялікі гаражны ўчастак, верагодна яшчэ з савецкіх часоў. Ёсць там і прасека ў раёне дд. 40, 42, 44, якая раней была дарогай, што звязвала вуліцу Цікоцкага з МКАД. Але гэта дарога згубіла сваю істотнасць і цяпер амаль зарасла лесам.

З леспаркам звязана яшчэ адна паўлегендарная гісторыя: на яго тэрыторыі знаходзіцца дзіцячы сад і ёсць неправераныя звесткі, што побач з ім было нейкае масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай, ці то немцы хавалі сваіх, ці то побач знаходзіўся канцлагер. Ніякіх сур'ёзных пацверджанняў гэтай гісторыі я не знаходзіў, але магчыма былі нейкія малазначныя падзеі, якія ляглі ў яе аснову...

Вось так выглядаў звычайны двор на Цікоцкага ціхім суботнім асеннім ранкам 2018 г.

Славутасць мясцовага маштабу: доўгія прыступкі на ўзгорак у бок дамоў 50/1 і 50/2 па Цікоцкага

Школа № 13 -- амаль адзіны няцотны будынак гэтай вуліцы (д. 57). Яшчэ адзін такі будынак -- школа 163 (д. 9) у раёне пераходу на бізнес-цэнтр "Аквабел".
Здымкі 2018 г. 
І наўздагон крыху рэтра-фотак вуліцы:
Лужок паміж вул. Карбышава і Цікоцкага побач са скрыжаваннем гэтых вуліц ў раёне СШ № 13. 1980-я. Крыніца: Минск. Фото. История. Новости.
Домікі вясковага тыпу каля вул. Карбышава і Цікоцкага. Верагодна, таксама пачатак 80-х.
Дарога, якая злучала МКАД з вул. Цікоцкага. Цяпер яна зарасла лесам за непатрабаванасцю.

Вуліцы Калініна і Мяржынскага

Вуліца Калініна (да 1946 г. -- Мопраўская) ідзе ад плошчы Калініна побач з пр. Незалежнасці да вул. Я. Коласа. Яна адносіцца да ўскраіны Мінска 1940-х гг, але яе цяперашняя забудова адносіцца да больш позняга часу. Цікава што 2 фота я зрабіў ў жніўні, а астатнія ў другой палове лістапада 2021 г. і атрымалася, што на нейкіх здымках зялёныя дрэвы, а на нейкіх ляжыць ранні снег...

Від на вуліцу з боку пешаходнага пераходу  на пл. Калініна. Будынак злева -- дом № 1, дзе знаходзіцца знакаміты яшчэ з савецкіх часоў магазін "1000 дробязяў".

На тыльным баку дома № 1 ёсць цікавы мурал з савой.

Дом №6. Гімназія №18 (былая СШ №49)

Ад скрыжавання з вул. Мяржынскага да скрыжавання з вул. К. Чорнага цотныя дамы (10-16) уяўляюць сабой 2-павярховыя маласямейкі барачнага тыпу, як на Валгаградскай.

Але на процілеглым баку дд. 7А і 7Б пабудавалі ўжо ў 2010-х.
У двары дома 7Б стаіць "Запарожац", як элемент дваровага інтэр'ера па-савецку.

Ад скрыжавання з вул. Чорнага да вул. Коласа пераважна ідзе 4 ці 5-павярховая жылая забудова.


Школа №73 і аўтобусны прыпынак побач з ёй.

Від на вул. Калініна з боку вул. Я. Коласа. Каляровы цотны бок і шэры няцотны на даляглядзе. Фота 27.10.2022


І яшчэ пару штрыхоў:
Гэта каляровае цялятка паставілі побач з мясным магазінам у пачатку вуліцы. Верагодна, статуя стаяла з пачатку 2021 г (аб'яўленага годам Быка) і яе ўбралі паміж жніўнем (час, калі я зрабіў фота) і лістападам таго ж года.

Паміж дамамі 13 і 15 стаіць такая дошка для прыватных аб'яў. Такія зялёныя сустракаюцца мала дзе, але ёсць на Цікоцкага і Валгаградскай.


Від на вул. Мяржынскага з боку бульвара Талбухіна. Студзень 2022 г. Захавалася і 2-павярховая малсямейная забудова, і 4-павярховыя дамы. У 2-павярховых кватэры скупаюць пад офісы, а ў 4-павярховых у асноўным жывуць людзі. Яшчэ ў вочы кідаецца непрыстасаванасць дарог горада да паркоўкі вялікай колькасці машын.

Мемарыяльная дошка Мяржынскаму на рагу Мяржынскага і Калініна. Фота 27.10.2022.

Трактаразаводскі пасёлак

Яшчэ адно цікавае месца беларускай сталіцы -- вуліцы Трактаразаводскага пасёлка каля МТЗ і станцыі метро "Трактарны завод". Гэты раён забудоўвалі з 1946 г і тут захавалася архітэктура 1950-х, эпохі Брэжнева і постсавецкага часу.

Акрамя архітэктурных асаблівасцяў у вочы кідаецца вялікая колькасць "Табакерак" і зялёных кантэйнераў для збора макулатуры.

Бульвар Трактарабудаўнікоў

Від на бульвар з боку станцыі метро.
 
Безбар'ерны ўваход праз пандус на станцыю метро. Рэдкая з'ява для станцыі, пабудаванай у канцы 1990 г.  Унутры бачны стыхійны гандаль.

Яшчэ адна адметнасць гэтага кароткага бульвара -- стадыён для міні-футбола.

Вуліца Алега Кашавога

Скрыжаванне вул. Грыцаўца, Алега Кашавога і бул. Трактарабудаўнікоў стварае свайго кшталту круглую плошчу. На гэтым павароце вул. Кашавога можна заўважыць цікавыя формы архітэктуры ў і сценах і вокнах.

На сцяне Кашавога 1 раней віселі таксафоны (на гэту тэму ёсць адмысловы пост).


Кашавога 3 будуць альбо зносіць, альбо рэканструяваць.

На доме 5 вісіць мемарыяльная дошка падпольшчыку, у гонар якога назвалі вуліцу.

А ля дома 7 нехта надпісам фарбай на брукаванцы павіншаваў Віку з днём нараджэння як у песні. Толькі дождж тут не лонданскі :)

Побач з дд. 10 і 14 агароджа, якой абносілі двары ў 1950-х.

Скрыжаванне вул. Кашавога і Стаханаўскай. Від на Стаханаўскую з боку Кашавога 7/Стаханаўскай 26. Звярніце ўвагу на архітэктурныя формы вуглоў дамоў па той і другі бок вуліцы.

Цікава аформлены дах і двор па Кашавога, 18.

Гастраном з савецкай назвай "Постторг" на рагу вул. Шчабакова і Кашавога. Характэрнае архітэктурнае афармленне кутка дома. Тэхнічна, гэта Шчарбакова 20.

На даляглядзе -- паварот вуліцы ў бок Партызанскага праспекта і самы высокі будынак вуліцы: дом 30
Уваход у Антонаўскі парк насупраць ЗАГСа Партызанскага раёна з надпісам "Шчасця маладзёнам".

І сам ЗАГС, дом 27А
Далей вуліца ідзе ў бок Партызанскага праспекта, перасякае яго і ўпіраецца ў аўтавакзал "Усходні".

Стаханаўская вуліца

Архітэктура Стаханаўскай вуліцы -- гэта пераважна 2 ці 3-павярховыя маласямейкі барачнага тыпу.

Адной з мясцовых асаблівасцяў з'яўляецца Захарые-Елісавецінская царква, пабудаваная ў 1998 г. між дд. 28 і 34. Праезд па абодва бакі гэтай царквы называецца Вучнёўскі завулак.

Дамы 25 і 37 (на фота) вылучаюцца архітэктурнымі аздабленнямі на сценах апошняга паверха.

Від на вул. Будзёнага, у якую ўпіраецца Стаханаўская. На заднім плане бачна "хрушчоўка", якую маглі пабудаваць ужо ў брэжнеўскія часы, і вежавыя краны ў раёне вуліцы Ванеева ці нават парка 50 год Перамогі.

За малсямейкамі барачнага тыпу на Стаханаўскай  таксама ёсць "хрушчоўкі-брэжнеўкі".

Па другі бок ад вул. Кашавога на Стаханаўскай ёсць некалькі адметнасцяў Ліцэй МУС (дом 13 на фота), хоспіс (д.19)...

... спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву (д.16 на фота).

Нягледзячы на вонкавую нявялікую значнасць вулачак Трактаразаводскага пасёлка тут большай часткай вельмі добрыя дарогі.

Медцэнтр МТЗ займае цэлы комплекс. Бліжэй да вуліцы старыя 2-павярховыя дамы адміністратыўнага прызначэння (дд. 10 і 12), а за ім сучасны шэры будынак (д. 10а), дзе медцэнтр аказвае свае паслугі
Дом 7 выглядае пакінутым. На некалькіх вокнах аркушы паперы з надпісам "Здаю ў арэнду". Справа ў тым, што ў Мінску ў такіх былых маласямейках нярэдка кватэры выкупаюць розныя фірмы або пасля перасялення жыхароў у новы дом стары будынак аддаюць пад карыстанне розным камерцыйным і некамерцыйным структурам.

Пачатак вуліца Стаханаўская бярэ ад скрыжавання з вул. Клумава.

І яшчэ адна дэталь: сучасны беларускамоўны цэтлік з адрасам дома прыкрывае стары надпіс фарбай на рускай мове. Дарэчы, гэта не мяккая беларусізацыя "дзясятых", а проста элемент добраўпарадкавання: цэтлік выглядае салідней за просты надпіс на сцяне па-савецку...

Фотаграфіі 2021 г.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...