Працягваю тэму вуліц беларускай сталіцы, фотаздымкі якіх я рабіў, калі знаходзіўся там па сваіх перакладчых справах. У частцы 1 я апісаў вул. Калініна, Мяржынскага і Трактаразаводскі пасёлак. Цяпер звярну ўвагу на яшчэ некаторыя мінскія вуліцы. Пры неабходнасці на фотаздымкі можна націснуць, каб павялічыць іх.
Вуліцы Чарнышэўскага і Чорнага
Вуліца Чарнышэўскага звязвае вул. К. Чорнага і Я. Коласа.
Для вуліц Чарнышэўскага, Чорнага і часткова Калініна характэрна 4-павярховая жылая забудова. Гэты раён засялілі даўно і, відавочна, тут жывуць пераважна пажылыя небагатыя людзі, калі судзіць па балконах дома № 12 на гэтым фота.У дд. 4 і 3 частка бакавых акон закладзена цэглай. Дакладна не ведаю з чым гэта звязана, але мяркую, што кватэры там скупілі пад офісы, як на вул. Серафімовіча ў падобных дамах, і зрабілі офісы пад свае патрэбы
Чарнышэўскага 9 мае крыху незвычайны дызайн архітэктуры для гэтай вуліцыНедалёк ад скрыжавання з вул. Калініна, калі ісці ў бок бульвара Талбухіна сканчаецца царства 4-павярховых жылых будынкаў. Спачатку ідзе сучасны офіс МТІС побач з 9-павярховым жылым будынкам...
...А потым дом з муралам Кузьмы Чорнага. Дом існуе даўно, а мурал зрабілі ў 2010-х.
Грушаўка
Гэты раён набыў цяперашні выгляд у канцы 2010-х. А яшчэ ў першай палове мінулага дзязяцігоддзя тут былі пераважна кварталы сядзібнага тыпу.
Вуліцы Папаніна і Парашутная, Грушаўскі сквер і Грушаўская вуліца
Скрыжаванне вуліц Папаніна і Шчорса. Здаецца, 2-павярховая маласямейка -- гэта Папаніна 16, а вышынны дом за ёй -- Папаніна 18. Цікавая кампазіцыя, якая паказвае кантраст старога і новага Мінска.У пад'ездзе 3 па Папаніна 11 ёсць пад'ёмнік для калясачнікаў. Гэта вельмі прагрэсіўны момант, калі ён працуе, а не так, як тут.
Папаніна 7, будынак 1949 г. з мадэрнізаваным у 2021 г. уваходам насупраць Грушаўскага сквера. Некалі тут была школа, а цяпер тут працуе бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Здымкі А. Берастоўскага, студзень 2022 г.
На старым дрэве плакат "даю кісларод". Праўда, плакат прымацаваны жалезным дротам, што не добра для гэтага донара свежага паветра.
Двухпавярховы Мінск на вуліцы Парашутнай. За домам 6 барачнага тыпу можна заўважыць дом 4 сядзібнай забудовы.
А вось на Грушаўскай яшчэ захавалася сядзібная забудова, якая выглядае кантрастна на фоне хмарачосаў.
Яшчэ адзін прыгожы напамін пра стары аднапавярховы Мінск пакуль ёсць па Грушаўскай 11а паміж двума міліцэйскімі будынкамі. Гэта таксама службовы, а не жылы будынак. Здымкі А. Берастоўскага, май 2022 г.
Вуліцы Розы Люксембург і Хмялеўскага і праспект Ф. Дзяржынскага
Від на абодва бакі вуліцы Розы Люксембург са скрыжавання з вул. Хмялеўскага
Сацыяльна-педагагічны цэнтр на Люксембург, 104. На адным здымку 2 асаблівасці вуліцы: 1) шмат 3-павярховых будынкаў (і жылых, і адміністратыўных), 2) нумарацыя ідзе ад дома 80А, дамоў 1-80 проста не існуе. Гэта напамін аб далёкім мінулым вуліцы. Да 1922 г. яна была вуліцай Метвееўскай і цягнулася да вуліцы К. Цэткін. У 1970-х падчас будаўніцтва праспекта Дзяржынскага вуліцу значна скарацілі. Яшчэ важны нюанс: гэта вуліца дала нефармальную назву усяго наваколля -- "Розачка". Праўда, са з'яўленнем станцыі метро "Грушаўка" ў 2012 г., наваколле гэтай станцыі сталі называць "Грушай", пацясніўшы "Розачку" бліжэй да граніц самой вуліцы.
А дом 97 мае 6 паверхаў. Машыны, прыпаркаваныя на праезнай частцы, -- гэта напамін пра тое, што ў савецкі час не планавалася дазваляць кожнай сям'і мець сваё аўто.
Яшчэ адзін здымак кантрастаў: 4-павярховы жылы дом на Хмялеўскага, 33, які стаіць тут з савецкіх часоў і ўльтрановы комплекс вышынных будынкаў па пр. Дзяржынскага 20-22 (дарэчы, з добрай паркоўкай у двары).
Мінск Мір
Гэты комплекс жылых кварталаў будуецца з другой паловы 2010-х на месцы аэрапорта "Мінск-1" і некаторых прамысловых аб'ектаў побач са старым аэрапортам. Вышынныя дамы на тэрыторыі Мінск Міра бачны за сотні метраў.
Сядзібная забудова Нафтавай вуліцы на фоне хмарачосаў вуліцы Аэрадромнай. Прыватны сектар у межах Нафтавай вул. -- Нафтавага завулка -- Сянніцкага праезду -- Сянніцкай вул. яшчэ жывыя па стане на канец сакавіка 2022 г., але, імаверна, будуць знесены пад новабудоўлі. Фота А. Берастоўскага, верасень 2021 г.Вышынныя дамы "Міра" па-за межамі вул. Кіжаватава. Від з вул. Казінца. Фота А. Берастоўскага, кастрычнік 2021 г.
З боку вуліцы Кіжаватава. Фота А. Берастоўскага, жнівень 2022 г.
Кальварыйская 44. Будынак рыхтуюць да новага карыстальніка, таму вокны зацягнуты плёнкай, а з фасада знялі савецкія надпісы "Продукты" і "Промтовары" з літарай "О" пад нуль. Потым будынак перайшоў "Еўраопту".
Жылыя комплексы на скрыжаванні вул. Скрыганава і Кальварыйскай, тэрыторыя якіх у 2020 г. атрымала нефармальную назву "Плошча сцяга" па аналогіі з плошчай Дзяржаўнага сцяга на пр. Пераможцаў. Назва была звязана з тым, што мясцовыя жыхары доўга трымалі на дроце паміж дамоў вялікі бел-чырвона-белы сцяг у знак пратэсту. Пасля таго, як вулічныя шэсці заціхлі на дахах гэтых дамоў, як і ў комплексу "Каскад" і ў некаторых дамах Новай Баравой міліцыя паставіла дзяржаўны сцяг у знак перамогі над удзельнікамі пратэсту. На фота сцяг бачны толькі палоскай над дахам. Пры гэтым звычайна дзяржаўныя сцягі пастаянна трымаюць ля ўваходу дзяржаўныя ўстановы, установы адукацыі і некаторыя магазіны. Палітыка вешаць іх на дах жылых дамоў - выключэнне з правіла.
Вуліца Дарашэвіча
Да смерці вучонага Міхаіла Дарашэвіча ў 1968 г. гэта вуліца называлася на амерыканскі манер: 1-я Шостая лінія. Знаходзіцца гэта кароткая вулачка паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Якуба Коласа недалёк ад станцыі метро "Плошча Якуба Коласа".
Паварот на вуліцу з праспекта Незалежнасці з боку БНТУ. Бачна, што на праезнай частцы такой кароткай і нешырокай вуліцы лёгка можа ўтварыцца затор, але на здымку яшчэ далёка да гадзіны пік.Памятная дошка Міхаілу Дарашэвічу (1900-68), з якой сярод іншага вядома, што ў 50-я-60-я ў БССР існавала міністэрства вышэйшай і сярэдняспецыяльнай адукацыі. Сам дом, на якім вісіць мемарыяльная дошка адносіцца да праспекта Незалежнасці (д 59, вучэбны корпус БНТУ №4).
Дом 4 цікавы і наяўнасцю гандлёвых кропак на 1-м паверсе і анархіяй у афармленні балконаў. І тое, і другое ствараюць сваеасаблівы каларыт гэтай вулачкі.
Яшчэ маю ўвагу прыцягнуў дом 10 па вул. Я.Коласа, які часткова знаходзіцца на вул. Дарашэвіча. Двухпавярховы, з двусхільным дахам. Магчыма, захаваўся з 50-60-х гг. У кадр патрапілі і два элементы 2020-х: хлопец на электрасамакаце, які стаў ужо не раскошай, а сродкам руху, і адвечная праблема паркоўкі на малых вуліцах Мінска.
Від на Даррашэвіча з боку вул. Я. Коласа. Атрымаўся скразны прагляд на праспект. Нават табло, дзе прапанавалі тайскі масаж, можна ўбачыць :). Няцотны бок вуліцы (злева) адносіцца да тэрыторыі студгарадка БНТУ, але толькі зялёны дом (№3) афіцыйна адносіцца да гэтай вуліцы.
У гэтай вуліцы павінна быць свая схаваная гісторыя, якую яшчэ можна знайсці, звязваючы розныя факты між сабой, але пакуль магу згадаць толькі парад аўтазакаў на БНР-100.
Пугачоўская вуліца
Пугачоўская вуліца пачынаецца перпендыкулярна Чырвонай вуліцы недалёк ад скрыжавання апошняй з пр. Машэрава (былой вул. Варвашэні) і губляецца ў дварах суседняй вуліцы Куйбышава. Цотны бок -- дзелавая забудова, а няцотны -- жылая 5-9 павярховая.
Як і ў іншых маленькіх вуліц Мінска, тут ёсць праблема паркоўкі аўтамабіляў. Тратуар няцотнага боку нават абаранілі нашэсця машын спецыяльнымі колышкамі.
Пугачоўская 9. Гэта жылы дом насупраць прыватнай гімназіі
У доме 6а -- ячшэ адна мясцовая славутасць: Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства фінансаў.
Здымкі А. Берастоўскага 6 чэрвеня 2022 г.
Частка 3 плауецца больш разнастайнай але і больш лаканічнай.
Гл. таксама:
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.