11.09.2022

Нечаканы шкілет у шафе 2-х вуліц Мінска

 

Мінскія вуліцы Іванаўская і Серафімовіча ўжо прыцягвалі маю ўвагу, але я не чакаў, што паміж імі знайду сувязь. Нягледзячы на наяўнасць навігацыі па карце Гугл у смартфоне, якой я часам таксама карыстаюся, я люблю мець з сабой папяровы атлас Мінска, калі еду ў малавядомую частку горада ці калі мне трэба чакаць і няма чаго пагартаць. У сваім новым атласе "Улицы Минска. План города, справочник" (под ред. И. Чумак и др. 18-е издание, Минск "Квадрограф", 2020) на старонцы 84, прысвечанай перайменаванням, знайшоў заўвагу, што частка Іванаўскай была названа вуліцай Серафімовіча ў 1953 годзе. 

Мяне гэта зацікавіла. Справа не толькі ў малавядомым факце 2-х малавядомых вуліц. Гэтыя дзве вуліцы не ствараюць адну лінію. Іванаўская ўпіраецца сваім канцом у Смаленскую, потым ідзе палатно чыгункі аршанскага накірунку і нарэшце пачынаецца вуліца Станіслаўскага. А Серафімовіча пачынаецца пасля чыгункі крыху далей у бок станцыі метро і ідзе практычна адной лініяй з вуліцай Пуліхава.

Скрыншот Яндэкс-карты. Вуліца Іванаўская пазначана жоўтай рысай, а вуліца Серафімовіча - зялёнай. Як бачым, яны не ствараюць адно цэлае.

У Інтэрнэце хапае старых карт беларускай сталіцы. І вось што атрымалася знайсці на карце 1934 года:

Карта знойдзена на рэсурсе Minsk1067.livejournal.com, за што аўтару (-ам) старонкі шчыры дзякуй. Публікую частку дакумента, якая дапамагае бачыць гэту частку горада вачыма мінчан першай паловы 30-х ХХ ст. Я вагаўся ці рабіць адзнакі на копіі гістарычнага дакумента і вырашыў, што аматарам старой урбаністыкі больш спадабаецца тэкставае апісанне, чым мае меткі паверх карты.

 На фота карты бачна, што Іванаўская вуліца пачынае свой шлях ад Трактарнай (магчыма, гэта цяперашняя вуліца Азгура) і перасякае чыгунку без асаблівых паваротаў амаль па прамой і ідзе  праз Батарэйную (цяпер Судмаліса), Стралковую, Стандартную (відавочна, зараз не існуе) да Рабочай вуліцы (цяпер частка Фабрычнай вуліцы). Яе шлях ідзе па тым жа месцы, дзе зараз ляжыць вуліца Станіслаўскага. А на месцы цяперашняй вуліцы Серафімовіча на карце 1934 года знаходзіцца Фрунзенская вуліца, якая таксама бярэ пачатак ад Трактарнай (Азгура?) ідзе практычна па лініі цяперашняй вуліцы Пуліхава і, перасякаючы чыгунку, цягнецца да Магілёўскай шашы (Партызанскі праспект), паглынаючы на сваім шляху вуліцу Серафімовіча і Рабочы завулак.

Зразумела, палажэнне вуліц Мінска мянялася падчас зносу сядзібнай забудовы на карысць шматкватэрных дамоў і прамысловых будынкаў. Але карта 1934 г. паказвае практычна тое ж палажэнне вуліц, што і цяпер, як і назвы большасці суседніх вуліц, якія не мяняліся з 30-х гг. 

Паколькі больш фактаў на гэту тэму не маю, устрымаюся ад вылучэння тэорый калі маглі назваць тую ці іншую частку вуліц. Але на падставе таго, што маю, мяркую, што вуліцы Іванаўская і Серафімовіча ніколі не былі адным цэлым. Тым не менш, дапускаю, што будуць знойдзены і іншыя таямніцы гэтай малапрыкметнай часткі Мінска :)

Гл. таксама: Вуліцы Мінска. Здымкі на бегу, частка 1 і частка 2.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...