01.06.2025

(Не)звычайныя вуліцы Мінска

 Папярэдні пост на тэму цікавостак мінскай урбністыкі быў звязаны з нестандартнымі назвамі вуліц. Цяпер звярну ўвагу на некалькі звычайных вуліц з малавядомымі асаблівасцямі.

Усіхсвяцкая

Вуліца Каліноўскага ахоплівае даволі шырокі дыяпазон адрасоў вакол сябе. Нават дамы, якія стаяць бліжэй да суседніх вуліц Кедышкі і Цікоцкага, нярэдка адносяцца да вуліцы імя "Яські, гаспадара з-пад Вільні". Тым не менш, будынкі Ўсіхсвяцкай царквы, якія проста стаяць побач з праезнай часткай Каліноўскага адносяцца да вуліцы Ўсіхсвяцкай. Прычым, гэта адзіны адрас вуліцы імя усіх святых (д. 2).

Дакладнай інфармацыі на гэты конт не маю, але ёсць чуткі, што спонсары будаўніцтва царквы не жадалі, каб храм стаяў на вуліцы імя беларускага Гевары, які змагаўся з Расіяй і праваслаўем. У выніку вырашылі назваць Усіхсвяцкай праезд ад вул. Каліноўскага да вул. Гінтаўта ў раёне 56-га км МКАДа.

Усіхсвяцкая днём...

... і амаль ноччу. Агні на даляглядзе - гэта месца, дзе вуліца усіх святых саступае месца кварталам Уручча і Новай Баравой.

На вуліцы знаходзіцца аўтасалон, шынамантаж і яшчэ некалькі структур, звязаных з аўтамабілямі, але царква на вышэй апублікаваных фота -- гэта адзіны будынак з "прапіскай" на вуліцы ўсіх святых.

У чым незвычайнасць: У Мінску ёсць вуліцы і завулкі, дзе засталося 1-2 дамы, але гэта вынік ушчылення гарадской забудовы, калі адны вуліцы "з'ядаюць" іншыя. Незвычайнасць Усіхсвяцкай у яе прызначэнні пад канкрэтны будынак.

Таксама: Усіхсвяцкая на маіх старых відэа. Частка 1 і 2.

Пятра Мсціслаўца

Гэта вуліца была пабудавана ў адносна новым мікрараёне "Маяк Мінска" на былой пустцы насупраць квартала Усход-1.

Гэта вуліца двойчы злучае вуліцы Язмінавую і Кірылы Тураўскага: ...


уздоўж задняй сцяны Дана Мола...

...і ў раёне, дзе на Тураўскага пачынаецца аўтастаянка ля Дома Міласэрнасці, а на Язмінавай такая ж стаянка ля Нацыянальнай біблятэкі.

У чым незвычайнасць: У беларускай сталіцы ёсць вуліцы, раздзеленыя на некалькі частак, але звычайна гэта звязана з ушчыленнем забудовы і выглядзіць у форме перасячэння адной вуліцы іншай. Напрыклад, Наваўфімская вуліца ля станцыі метро Інстытут Культуры раздзелена забудовай Магілёўскай вуліцы так што частка знаходзіцца ў Чкалаўскім мікрараёне, а частка значна далей ля чыгуначнага палатна ў невялічкім аазісе сядзібнай забудовы паміж вуліцамі Льва Талстога, Слонімскай і Магілёўскай. Скрыжавання Магілёўскай і Новаўфімскай вуліц фактычна няма, але відавочна яно некалі было.  А вуліца Пятра Мсціслаўца спраектавана як дзве амаль паралельныя вуліцы ў новым гарадскім квартале. Навошта так было рабіць мне невядома.

2025 г. Усе фота зроблены А. Берастоўскім

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...