20.04.2013

Хрушчоўскія "замаразкі"


Тэрмін "хрушчоўская адліга" вядомы многім, і даволі распаўсюджана думка, што жыццё ў СССР стала "лепш і вясялей" менавіта пасля смерці Сталіна і падчас палітыкі дэсталінізацыі. Нельга адмаўляць, што масавыя рэпрэсіі перасталі быць масавымі калі на чале СССР стаў Хрушчоў, нельга сцвярджаць, што не было рэабілітацыі нявінна асуджаных. Тым не меньш у гэтым аглядзе я паспрабую паказаць, што было і шмат адмоўнага ў СССР хрушчоўскай эпохі. Камусьці гэта была адліга, а камусьці замаразкі.

М.С. Хрушчоў. Крыніца: Wikimedia.org
Безумоўна, перыяд "хрушчоўскай адлігі" пачаўся задоўга да таго як М.С. Хрушчоў стаў адзінаасобна правіць Савецкім саюзам, і ў пераменах палітычнага жыцця пасля смерці Сталіна прынялі ўдзел Берыя, Маленкоў, Жукаў і некаторыя іншыя. Таму ня ўсё станоўчае і адмоўнае гэтай эпохі звязана выключна з асобай Хрушчова, і гэта трэба памятаць пры разглядзе злачынстваў эпохі "адлігі".
Яшчэ адна дэталь: у свядомасці многіх савецкіх людзей і іх нашчадкаў замацаваліся некаторыя даты і звязаныя з імі стэрэятыпы: 1937 г. -- пік масавых рэпрэсій супраць бязвінных ахвяр Сталіна ў СССР, 1956 г. -- рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій і лібералізацыя грамадскага жыцця. Але па факту самыя масавыя рэпрэсіі на тэрыторыі будучага СССР былі ў 1919-21 гг., а ў 1937-38 гг. "пад нож" пайшлі многія з актывістаў рэпрэсій ранніх 1920-х гг. Вядома, што маршал Тухачэўскі вараварскімі  знішчаў мірнае насельніцтва Тамбоўшчыны падчас падаўлення сялянскага паўстання. Тым ня меньш расстралянага па іншай справе ў 1937 г. маршала зрабілі потым нявіннай ахвярай. У Мінску ёсць вуліца Тухачэўскага, а цікава, ці ёсць яна і ў Тамбове? У 1956 г. рэабілітацыя закранула толькі некаторую частку насельніцтва ГУЛАГа, далёка не самую бязвінную, як бачна толькі на гэтым прыкладзе. І гэта была не першая хваля вязняў ГУЛАГа, якія патрапілі пад амністыю.
Разгледзім некалькі фактаў, як добра так і малавядомых. Прапаную чытачам зрабіць свае вывады параўнаўшы і станоўчыя і адмоўныя падзеі эпохі "хрушчоўскай адлігі".

ГУЛАГ пасля смерці Сталіна
У 1953 г. Л. П. Берыя аб'явіў амністыю шэрагу зняволенных ГУЛАГа, пераважна крымінальным элементам. У выніку Савецкі саюз сутыкнуўся з новай хваляй росту злачыннасці. Аб гэтым нават знялі кінастужку "Халоднае лета 1953 г." Але гэта не было чымсьці новым, бо ў пасляваенныя гады таксама краіну ахапіў усплёск злачыннасці, калі на вуліцах некаторых гарадоў можна было бачыць патрулі аўтаматчыкаў, а перастрэлкі міліцыі і арміі з крымінальнымі бандамі (гаворка не ідзе пра партызанскія фарміраванні на захадзе СССР) былі падобны на сюжэт фільму пра гангстараў.

Л. П. Берыя. Крыніца: Wikimedia.org
Але гэта амністыя не ахапіла палітычных зняволенных і іншых ахвяр рэпрэсій, якія працягвалі адбываць свае тэрміны ў лагерах і спецпасяленнях. Нярэдка ўмовы зняволення ў казахстанскіх спецлагерах уключалі асобыя абмежаванні, напрыклад, зняволенныя ня мелі права атрымоўваць кнігі ў перадачы ці мець іх ва ўласнасці. Таксама захаваліся і "прывабнасці" сібірскага лагернага жыцця: барак узмоцненага рэжыму, цяжкая праца, здзекі аховы -- і ўсё ў дачыненні да людзей, якія нічога не зрабілі вартага такога стасунку.
У 1954 г. зняволенныя Асобага лагера ў Кенгіры ў Казахстане распачалі галодную забастоўку, якая скочылася паўстаннем, у якім удзельнічалі большасць палітвязняў і крымінальныя злачынцы. Ахова пакінула лагер і больш месяца лагер жыў сваім жыццём. Ішлі перамовы з прадстаўнікамі савецкай улады, і адначасова паўстанцы рыхтаваліся да абароны. Звонку ім спрабавалі дапамагчы харчаваннем толькі чэчэнскія перасяленцы, але прабіцца скрозь вайсковую аблогу было амаль немагчыма. Усё скончылася, калі танкі і пяхота ўварваліся ў лагер. Паўстанцы падпалілі некалькі танкаў самаробнымі бомбамі, і кінуліся ў контратаку з самаробнымі пікамі. Некаторыя кідаліся пад танкі, каб скончыць жыццё самагубствам. Бой цягнуся некалькі гадзін. Відавочцы сцвярждалі, што было вынесена некалькі дзясяткаў цел загінуўшых, удзельнік паўстання А.І. Салжаніцын прысвяціў гэтай падзее раздзел "40 дзён Кенгіра" 6-томніка "Архіпелаг ГУЛАГ",  ў якой пісаў аб сотнях загінуўшых. Паколькі мне не вядома ніякіх афіцыйных дакументаў з дакладнай лічбай, нічога дадаць пра масштаб паўстання не магу. Пры гэтым савецкія СМІ не атрымалі ніякай інфармацыі пра падзеі ў Кенгіры: ўсе звесткі былі засякрэчаны.
У тым жа 1954 г. маршал Жукаў праводзіў вайсковыя вучэнні з выкарыстаннем атамнай бомбы на Тоцкім палігоне. Пісьменнік і гісторык Віктар Сувораў апісаў гэту падзею ў апошнім раздзеле сваёй кнігі пра Г.К. Жукава "Цень перамогі". Акрамя іншых парушэнняў правоў чалавека (выпрабаванне атамнай зброі на вайскоўцах і зняволенных, падпіска аб нявыдаванні іх удзелу ў вучэннях, якая перашкодзіла адэкватнаму лячэнню пацярпелых ад радыяцыі ўдзельнікаў) пісьменнік сцвярджае, што многіх зараджаных радыяцыяй вайскоўцаў зняволілі ў спецыяльным лагеры, дзе яны паўсталі, але паўстанне хутка падавілі. Мне цяжка судзіць наколькі ў гэтым выпадку ўсё адбылося так, як пісаў В. Сувораў, але мне даводзілася правяраць многія іншыя яго сцвярджэнні, і ўсё, што я правяраў было на самой справе так. Таму ёсць значная верагоднасць, што Кенгірскае паўстанне ня было адзіным выступленнем супраць савецкай рэпрэсіўнай сістэмы ў 1954 г.

Працяг сталінскай палітыкі ў Еўропе
Лета 1953 г. было "халодным" не толькі для СССР, але і для ГДР. Паўстанне супраць сацыялістычнай улады ў Усходняй Германіі душылі і нямецкія і савецкія вайскоўцы. Безумоўна, гэта не азначае, што паўстанцы былі нявіннымі ахвярамі рэпрэсіўнай машыны. Многа савецкіх і нямецкіх грамадзян былі жорска забіты паўстанцамі. Але жорсткім быў і адказ камуністаў. Мой дзед Дзмітрый Сямёнавіч Піянзін быў відавочцам і ўдзельнікам гэтага канфлікту, і ён мне шмат распавядаў пра падзеі гэтага паўстання.
У 1956 г. ў выніку дзяржаўнага перавароту змяніўся ўрад Венгрыі. Новы ўрад аб'явіў аб выхадзе краіны з Варшаўскага дагавору і аб яе нейтралітэце. У адказ савецкія войскі штурмам узялі Будапешт і паставілі ў Венгрыі новы ўрад. Калі ў Германіі колькасць забітых савецкіх вайскоўцаў у 1953 г. ішла на дзясяткі, то ў Венгрыі ў 1956 г., згодна некаторым падлікам  загінула каля 700 савецкіх салдат. Былі выпадкі калі падчас "Вянгерскай контррэвалюцыі" радыкальная моладзь забівала цэлыя семьі савецкіх спецыялістаў, але пасля перавароту беспарадкі пачалі сціхаць. А савецкі ўрад праявіў поўную знявагу да сувярэнітэту краіны. (Калі б справа ішла толькі аб абароне жыцця савецкіх грамадзян, можна было б арганізаваць эвакуацыю, але не штурмаваць сталіцу незалежнай дзяржавы).
У гэтым постсталінскі савецкі ўрад трымаўся традыцый урада Сталіна. Выпадкаў, калі супрацоўнікі НКУС-МУС і НКДБ-МДБ арыштоўвалі і адпраўлялі ў ГУЛАГ грамадзян Аўстрыі, Чэхаславакіі, Польшчы было дастаткова ў 1940-я гг. Савецкія праваахоўцы паводзілі сябе ў краінах Усходняй Еўропы як прадстаўнікі метраполіі ў калоніях і пры Сталіне, і пры Хрушчове, і пры Брэжневе. Цікава, што Хрушчоў грукаў чаравіком па сталу, калі на адным з пасджанняў ААН яго абвінавачвалі, што ён паводзіў сябе ў краінах Усходняй Еўропы, як у калоніях СССР. Так яно і было. Палякам, усходнім немцам, (як і ваеннапалонным немцам, вызваленным з ГУЛАГа толькі ў 1955 г.), чэхам, венграм і балгарам не стала цяплей ад савецкай лібералізацыі.

Рускае эканамічнае дзіва
Эканамічныя эксперыменты Хрушчова 1956-62 гг. таксама спарадзілі шэраг новых цяжкасцяў для савецкіх грамадзян. І зводзіць усе яго эксперыменты толькі да насаджэння кукурузы неразумна. Сельскім жыхарам не стала жыць "вясялей", калі ў 1958 г. ім было забаронена мець ў індывідуальнай уласнасці скот і пакосы. У выніку пачалася канфіскацыя кароў і іншай жывёлы, якіх у асноўнай масе забілі на мяса. Былі выпадкі, калі сяляне хавалі жывелу ў лясах як партызаны. Эканамічныя эксперыменты, бездумнае дзяржаўнае планаванне і спробы вытворчых арганізацый "гуляць у лічбы"  з дзяржавай прывялі да таго, што  ў 1960-62 гг. краіну апанаваў дэфіцыт прадуктаў харчавання, ў тым ліку хлеба, і рост цэн.
Пісьменнік Віктар Сувораў паведамляе, што калі ў час "адлігі" быў недахоп ржанога і пшанічнага хлеба і абмежаванай колькасцю прадаваўся гарохавы хлеб, хтосьці павесіў на слуп ліхтара буханку такога хлеба з надпісам "рускае дзіва" ў насмешку над аданайменным гэдээраўскім фільмам пра поспехі эканомікі СССР.

Рэпрэсіі часоў "адлігі"
Пасля таго, як М.С. Хрушчоў стаў на чале СССР, ён працягнуў сталінскую палітыку знішчэння незадаволенных "лініяй партыі". Дарэчы вопыта ў яго хапала, бо пры жывым  Сталіне ён меў непасрэднае дачыненне да рэпрэсій у СССР. Да таго ж ён меў звычку спачатку прымаць рашэнне, потым думаць што з гэтага атрымаецца.
У 1961 г. ў Краснадары пракаціліся масавыя хваляванні з пагромамі ў будынку мясцовай партыйнай улады. Гэта была "першая ласціўка", веснік шырокай незадаволеннасці эканамічнай палітыкай Хрушчова. У 1962 г.  эканамічны крызіс вывеў рабочых на вуліцы Грознага, Крывога Рога, Навачэркасска і некаторых іншых гарадоў. У Навачэркасску забастоўка перарасла  ў сутыкненні з вайскоўцамі і скончылася тым, што ў дэманстрантаў страляла армія. Было забіта прыкладна 24 чалавекі. Цікава, што 7 удзельнікаў гэтай дэманстрацыі былі асуджаны на расстрэл за бандытызм. Безумоўна, падчас хваляванняў былі паранены некалькі салдат, і некаторыя ўдзельнікі маглі мець агрэсіўныя намеры, але гэта было не ўзброеннае паўстанне, а эканамічная акцыя пратэсту. Такім чынам сталінская традыцыя знішчаць нязгодных працягвалася.
Дэсталінізацыя таксама была звязана з рэпрэсіямі. Шэраг сталінскіх чыноўнікаў адпраўлялі ў высылку і турму за ўдзел у рэпрэсіях 1930-40-х гг. Безумоўна,  такія чыноўнікі атрымалі па заслугам, ва ўсялякім разе некаторыя з іх. Але калі ў сакавіку 1956 г. ў Тбілісі праходзіла дэманстрацыя пратэста супраць апаганьвання асобы Сталіна, яе разагналі куляметамі, а ўдзельнікаў судзілі. Пры гэтым усе, хто быў на чале СССР пасля смерці Сталіна самі актыўна прымалі ўдзел у масавых рэпрэсіях пры яго жыцці. (Як казаў персанаж Грыбаедава, "А суддзі хто?!")
Не стала цяплей і многім зняволенным ГУЛАГа, бо амністыі 1953 і 1956 гг. закранулі ў асноўным камуністаў і крымінальных "сацыяльна блізкіх". Але ў канцлагерах працягвалі адбываць пакаранне яўныя  праціўнікі савецкай улады. Далёка ня ўсе з іх рабілі  крымінальныя злачынствы для дасягнення палітычных мэтаў альбо прадстаўлялі пагрозу грамадству. (Салжаніцын у "Архіпелазе" сцвярджаў, што у адным з лагероў знаходзіўся 80-гадовы былы белагвардзейскі афіцэр. Цікава,што мог ён зрабіць савецкай уладзе, калі б быў адпушчаны на свабоду?)
Лібералізацыя таксама не датычылася адпраўленных у высылку з канфіскацыяй маёмасці ў пачатку 1950-х сямей рэлігійных меньшасцяў з заходніх раёнаў СССР. Частковая амністыя для гэтых вернікаў наступіла толькі ў 1965 г. Паводле сакрэтнага распараджэння Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 30 верасня 1965 г. №4020-VI адпраўленным у высылку "Сведкам Іеговы, інакенц'еўцам, адвентыстам-рэфармістам і сапраўдна-праваслаўным хрысціянам" (згодна дакумента) дазвалялася вярнуцца на радзіму пад нагляд мясцовай адміністрацыі і без вяртання канфіскаванай маёмасці. Падчас "хрушчоўскай адлігі" дзейнасць усіх гэтых рэлігійных груп разглядалася як анцісавецкая і амністыі для іх не прадугледжвалася. Можна па-рознаму ставіцца да перакананняў вернікаў нятрадыцыйных канфесій, але ў турму і высылку ў прававых дзяржавах адпраўляюць толькі за ўчынкі, а не за перакананні. Паколькі ў праваахоўчых структур СССР не было ніякіх сур'ёзных доказаў, што вышэй азначанныя рэлігіі пабуджалі людзей да дэструктыўнай дзейнасці, рэпрэсіі супраць тых, хто трымаўся гэтых рэлігійных перакананняў, як і супраць тых, хто быў па ўзросту ня здольны да актаў насілля, ня могуць быць апраўданы дзяржаўнымі інтарэсамі.
На сумленні Хрушчова ячшэ тры жыцця: ў 1960 г. тры чалавека, Ян Ракотаў, Уладзіслаў Файбішэнка і Дзмітрый Якаўлеў былі асуджаны на турэмнае зняволенне за незаконныя валюта-абменныя аперацыі (згодна некаторым звесткам у іх канфіскавалі золота і валюту ў эквіваленце 1,5 млн дол па цэнам таго часу; і трэба памятаць законных валюта-абменных аперацый тады для прыватных асоб не было). М.С. Хрушчоў дабіўся перамены закона і перагляду справы гэтых асуджаных. У выніку іх двойчы судзілі паўторна па адной і той жа крымінальнай справе і ў рэшце рэшт растралялі.
Асобная гаворка можа ісці пра "подзвігі" Г.К. Жукава, які на пасадзе міністра абароны СССР ірваў пагоны і звальняў з Узброенных Сіл афіцэраў, генералаў і маршалаў проста так без тлумачэння прычын. Можна па-рознаму ставіцца да яго таленту палкаводца, але лібералізацыя для гэтых вайскоўцаў азначала толькі, што Жукаў ня мог іх расстраляць у парыве злосці, як на фронце. Але гэта быў мірны час, а што калі б пачалася новая вайна?

Не ўсё было дрэнна, не ўсё было добра.
Безумоўна, некаторая лібералізацыя грамадскага жыцця была, але ў асноўным яна датычылася практычна поўнай адсутнасцю культу асобы Хрушчова і яго "самадзяржаўнай" улады, спынення масавых рэпрэсій і амністыі камуністам, пакараным па сфабрыкаваным крымінальным справам і паспартызацыя сяла ў пачатку 1960-х гг. (гэта дазволіла сялянам легальна пакідаць свае калгасы і пераязжаць ў горад у пошуках лепшага жыцця). Але нават з гэтымі дасягненнямі можна паспрачацца. На культ асобы Хрушчоў не "цягнуў": уявіце сабе Сталіна, які грукае чаравіком на паседжанні Генеральнай Асамблеі ААН, пошла жартуе пра значэнне слова "хунвейбін" (літаральна -"чырвонагвардзеец") пра штаны канцлера ФРГ, ў якіх ніколі не паднімецца Германія. Я асабіста не ўяўляю. Самадзяржаўная ўлада была нямагчымай таксама: савецкая і партыйная эліта назаўжды запомніла сталінскія рэпрэсіі (нават Сталін ня мог сабе ўсяго дазволіць) і не дазволіла больш нікому быць абсалютным савецкім манархам. А калгаснікі да пачатку 1960-х гг. працавалі як прыгонныя сяляне за працадні, і мелі толькі два спосабы пакінуць сяло: армія (для мужчын) і шлюб з гарадскім (для жаншчын).
Таму нельга шчыра верыць палітыкам, вучоным і дзеячам мастацтва, якія гаворылі ці гавораць аб лібералізацыі грамадскага жыцця ў СССР ў перыяд паміж Сталіным і Брэжнявым. У часы "царавання" Хрушчова некаторые  з іх так казалі па прычыне матэрыяльнай зацікаўленнасці. Цяпер многія проста паўтараюць стэрэятыпы мінулага. Аднак адліга для многіх шчырых і ня вельмі камуністаў стала замаразкамі для рабочых, сялян, вернікаў і многіх іншых жыхароў 150-мільённага СССР.
Андрэй Берастоўскі
P.S. Гэты артыкул апублікаваны з некаторымі скарачэннямі і абмеркаваннямі чытачоў тут.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...