пятница, 8 августа 2014 г.

Ці ёсць у Беларусі экатэрарызм?

Гэта слова мае два значэнні: 1. знішчэнне экалагічных сістэм тэрарыстычнымі метадамі; 2. тэрарыстычная дзейнасць з мэтай спыніць ці абмежаваць шкоду навакольнаму асяроддзю і жорсткі стасунак да жывёлаў. Я пра  другое значэнне.

У суседняй Расіі існуе праблема экатэрарызму: звычайна гэта напады на лабараторыі, дзе праводзяцца вопыты над жывёламі, пры гэтым абсталяванне могуць ламаць, а жывёлаў, як правіла, выпускаюць у дзікую прыроду. Таксама маюць месца пагрозы даследчыкам, якія робяць вопыты над "малодшымі братамі" чалавека і напады на ідэйных жывадзёраў --догхантараў (догкілераў), якія забіваюць бяздомных сабак, каб ачышчаць вялікія гарады ад патенцыяльнай небяспекі, якую могуць несці бяздомныя жывёлы. Ніхто, здаецца, забіты пакуль не быў, але пабіць могуць.

У СМІ  і прыватных аб'явах, што клеюць на сценах, слупах і плотах Мінска, можна сустрэць інфармацыю аб пошуку пэўных жывадзёраў, што забіваюць бяздомных жывёлаў, за ўзнагароджанне. Таксама ідзе барацьба мясцовых экалагічных актывістаў з прадпрыемствам "Фаўна горада", якое адказна за адлоў і ўсыпленне бяздомных жывёл. Былі пратэсты супраць ліквідацыі Севастопальскага парку. Але ніякіх фактаў аб выкарыстанні тэрарыстычных ці хуліганскіх метадаў барацьбітамі за экалогію ў шырокім доступе няма.

Але хочацца згадаць адзін выпадак, які па сутнасці блізкі да экатэрарыстычнай дзейнасці. У пачатку 2000-х я некалькі разоў размаўляў з жанчынай гадоў пад 70, якая сядзела ля мосціка праз Сляпянскі канал там, дзе вул. Сядых яшчэ не даходзіць да вул. Лагойскі тракт, з невялічкім дубцом. Побач з ёй стаяла невялічкая талерка з кормам для катоў. Час ад часу былі і бяздомныя каты. Жаншчына патлумачыла, што вядзе барацьбу з гарадскімі службамі па адлову бяздомных жывёлаў. Калі прыязджала іх спецмашына, яна звычайна выходзіла супраць служачых з сваім дубцом і гнала іх мацюкамі і пагрозамі бойкі. Думаю, што мужчыны, якія звычайна ловяць бяздомных катоў і сабак, маглі б без праблем адолець старую жанчыну, але кожны раз ёй саступалі і пакідалі месца канфлікту ні з чым.

У многіх барацьбітоў за экалогію няма столькі часу, каб дзяжурыць ля бяздомных жывёл. Але такія выпадкі калі жывадзёр-аматар ці служачы "Фаўны горада" трапляе ў рукі экалагічна свядомых грамадзян напэўна існуюць. І калі другі мае права паскардзіцца на пабоі, то першы можа і ўстрымацца...

На шкле аўтобуснага прыпынку у канцы вул. Славінскага ў Мінску вісела аб'ява аб пошуку жывадзёра, які забіваў і калечыў дамашніх і бяздомных жывёлаў. Вугалок аб'явы быў падраны так, што тэкст у ім знік, а папера засталася. На гэтым месцы нехта напісаў: "шукаю кватэру, імя і мабільны нумар". Цынізму ў жыцці хапае, гэта бясспрэчна. Але пытанне: што магло б чакаць такога чалавека, калі б прыйшла тая жанчына з дубцом?

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.