31.10.2019

Як перапісвалі Беларусь...

За сваё жыццё я «перажыў» тры перапісы насельніцтва Беларусі. У рамках праекта «Каб не забыць» я сабраў уласныя успаміны пра гэты момант беларускай гісторыі і змяшаў іх з фотаздымкамі старых газет.

1999 г. «Колькі засталося нас»

У вагонах метро падчас першага перапісу насельніцтва РБ вісеў плакат перапісу з выявай маладой сям'і, якая добрым і цікаўным позіркам глядзіць кудысьці ўперад, і лозунгам перапісу «Сколько нас?». Нейкі жартаўнік дапісаў на адным з іх слова «осталось», і такім гэты лозунг застаўся ў маёй памяці.

Перапіс 1999 года прыйшоўся на люты, месяц, калі ў студэнтаў пачынаюцца заняткі пасля зімовых канікул. Але частку студэнтаў і выкладчыкаў мабілізавалі на перапіс. Перапісчыкам далі права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце і магчымасць легальна прагуляць работу ці вучобу. Адзін з маіх аднакурснікаў пазней распавядаў на перапынку сябрам пра свае прыгоды перапісчыка:
– Мы ідзем у кватэру, а там яблыкі ў скрыні. Ну, пакуль мяне гаспадар не бачыў, я, блін, некалькі «стырыў»...

Наша настаўніца гісторыі Лацінскай Амерыкі, пачала сваю першую лекцыю:
– Выбачайце, што лекцыя пачынаецца са спазненнем на некалькі тыдняў. Быў перапіс насельніцтва. Што рабіць, мы былі мабілізаваныя...

Але не думаю, што хтосьці з прысутных шкадаваў аб прапушчаных лекцыях.

З маіх уласных успамінаў пра пералік «колькі засталося нас» магу ўзгадаць толькі як я вяртаюся з заняткаў ва ўніверсітэце, а мая бабуля кажа:
– Прыходзіў да нас перапісчык. Я ўсіх запісала як трэба.

Сама гэта падзея, дарэчы, не атрымала шырокага асвятлення ў дзяржаўных газетах.

 СБ надрукавала толькі кароткую заўвагу.


А "Звязда" падняла моўнае пытанне ў адмысловым артыкуле.

Увогуле перапіс як падзея, застаўся ў ценю палітычнай барацьбы 1999 года.

2009 г. Нашэсце «зялёных сумак».

Перапіс-2009 апынуўся ў большай увазе СМІ і за перапісчыкамі замацавалася мянушка «зялёных сумак» часам «зялёных партфеляў». Ізноў мабілізавалі студэнтаў, ізноў анкеты папяровыя.

Дзяўчына, якая прыходзіла да нас (а «мы» на той момант былі: я, мая жонка і тады адзіны трохмесячны сын Данік, быў яшчэ мой дзед, але ў санаторыі), шпарка заносіла нашыя дадзеныя ў перапісныя лісты. Тады ўпершыню я сутыкнуўся з нюансамі нацыянальных пытанняў:
– Нацыянальнасць?
– Рускі.
– Родная мова?
– Руская.
– Якімі яшчэ мовамі валодаеце?
– Англійскай, – пачынаю я.
– Дастаткова! – абрывае дзяўчына. І так дзяржава не даведалася, што яшчэ я размаўляю па-беларуску і па-французску. Ну, больш значным было тады б зазначыць валоданне беларускай,  і калі ў 1999 годзе выбар мовы для мяне не быў прынцыповым, і мая рускамоўная бабуля пазначыла мяне рускамоўным (хоць я ўжо тады быў руска-беларускім білінгвам), то ў 2009-м беларуская мова адыгрывала важную ролю ў маім жыцці. Чаму я не стаў спрачацца з перапісчыцай? Думаю, не хацелася паказваць колькі моў я ведаў, а можа проста не быў гатовы спрачацца. А пачуццё віны засталося.

Так я сутыкнуўся з тым, што падчас перапісу-2019, назвалі «светлагорскім сіндромам»: калі перапісчык запаўняе па умаўчанні рускую мову кожнаму як тую, на якой чалавек гаворыць у паўсядзённым жыцці і нават не пытаецца на якой той насамрэч гаворыць. Тут няма ніякай змовы супраць беларускай мовы, на мой погляд, а толькі жаданне мабілізаванага перапісчыка хутчэй скончыць сваю справу. І зразумела, падчас кожнага перапісу былі тыя перапісчыкі, якія сур'ёзна ставіліся да моўнага пытання і нават накручвалі рэйтынг на карысць «1-й нацыянальнай» мовы.

Былі і такія выпадкі. Адна жанчына сталага ўзросту з гонарам казала мне пра свой ўдзел у перапісу, здаецца 1999 г.:
– Калі прыйшлі перапісчыкі, я запісала ўсю сваю сям'ю як беларускамоўных, каб павялічыць колькасць адсоткаў на карысць роднай мовы.

Увогуле анкетныя дадзеныя – рэч ненадзейная, бо імі лёгка маніпуляваць. Гэта я ведаў яшчэ як студэнт гістарычнага факультэта. А з мовамі ёсць такія аб'ектыўныя моманты:
1. Амаль кожны чалавек у Беларусі ведае ў нейкай ступені і рускую, і беларускую, бо абедзве мовы вучаць і ў школе і ў вну, іх чуеш на вакзале і ў грамадскім транспарце. Таму нават тыя, хто не карыстаецца беларускай у паўсядзённым жыцці, разумеюць вусную і пісьмовую мову Купалы і Коласа, нават калі адказвае па-руску. Не раз заўважаў, што, калі вядзеш размову з рускамоўным беларусам на беларускай, то ён амаль заўсёды спрабуе хоць нешта казаць па-беларуску.
2. Ёсць пэўная колькасць беларусаў, якія прынцыпова карыстаюцца літаратурнай беларускай, і гэта людзі розных класаў і поглядаў на жыццё. Іх колькасць мяняецца: хтосьці памірае, хтосьці пераходзіць на іншую мову (напрыклад, у эміграцыі), нехта папаўняе рады свядома вырашыўшы размаўляць толькі на «1-й нацыянальнай» мове краіны.
3. Ёсць вельмі шмат людзей, пераважна ў вёсках і маленькіх гарадах, якія размаўляюць на дыялектах беларускай мовы альбо руска-беларускай «трасянцы». Іх колькасць змяншаецца: пры пераездзе ў буйныя гарады іх нашчадкі пераходзяць на рускую, а самі яны паміраюць. Цікава, што, вяртаючыся ў родныя вёскі гэтыя нашчадкі нярэдка зноў пераходзяць на беларускую. Так мая цешча звычайна размаўляе па-руску (яна таксама паліглот), а яе мама была беларускамоўнай. Калі цешча ездзіла да сваёй мамы, то часам, тэлефануючы да нас адтуль, размаўляла па-беларуску і нават не заўважала таго.
4. Ёсць школьныя настаўнікі, многія з якіх павінны быць гатовыя весці беларускамоўны прадмет. Яны, як і многія журналісты пакрысе ды й невядомы працэнт дзяржслужачых, могуць гаворыць на літаратурнай беларускай, нават калі і не робяць гэтага дома.

Паколькі асаблівых каляпалітычных страсцей у 2009 г. не назіралася, праца «зялёных сумак» атрымала больш значную ўвагу з боку СМІ.

 За некалькі дзён да перапісу.

 Пачалося

 Алег Карповіч нават "катэ" зрабіў у тэму перапісу. Артыкул з таго ж нумара, што і на папярэднім здымку.
 Адны перапісчыкаў частуюць печывам, другія тумакамі, гаворыць артыкул СБ.

 Ізноў фоткі з перапісчыкамі.

 І нават падстановачная спрэчка журналістаў СБ на тэму "Ці патрэбны быў той перапіс?", пасля таго, як усё скончылася.

 "Звязда" лічыла дні да перапісу і завярала чытачоў, што іх асабістыя звесткі застануцца тайнымі.


 У першы дзень перапісу зноў моўнае пытанне ў цэнтры ўвагі газеты.

 На другі дзень "Звязда" публікуе дзяжурную фотку перапісу.

 "Звязда"16.10.2009, на с.5 ужо з'яўляецца артыкул-скарга: перапісчык нядбае пра права грамадзянкі перапісацца на беларускай мове.

 "Звязда" 17.10.2009, с. 3: скарга: на ўчастку для перапісу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце няма перапісных лістоў на беларускай мове.

 "Звязда" 20.10.2009. с. 2: яшчэ адзін артыкул пра дэфіціт перапісных лістоў на тытульнай мове насельніцтва. Вышэй яго апублікваны артыкул пра прыгоды перапісчыкаў і паў-эратычныя сэлфі з зялёнымі сумкамі. З этычных прычын я  гэту частку не публікую.

 "Звязда" за 23.10.2009. Акрамя моўнага пытання, разглядаюцца праблемы адсутнасці ліхтарыкаў у перапісчыкаў і заданне абысці свае тэрыторыі за 4 дні, каб усіх папярэдзіць пра перапіс (Я зайшоў да вас, каб сказаць, што неўзабаве яшчэ раз да вас завітаю). Здаецца, наша перапісчыца такой, прабачце, дурасцю не займалася.

 Заўвагі беларускамоўнага перапісчыка ў "Звяздзе" ад 23.10.2009.
 І пахвальны артыкул беларускамоўным перапісчыкам, з якога яшчэ можна даведацца, што тыя, хто не паспеў прайсці перапіс сваечасова, мусілі схадзіць на стацыянарны ўчастак. "Звязда" 29.10.2009., с 7.

2019 г. «Крок у будучыню»

Гэта быў першы перапіс, які дазволіў запоўніць перапісныя лісты ан-лайн на адмысловых сайтах. Нездарма яго дэвізам стала фраза «Погляд на сучаснасць –  крок у будучыню!». У першы жа дзень перапісу, я ўзброіўся пашпартамі сваёй сям'і і запоўніў усе анкеты (на беларускай). Новым было і тое, што беларусаў пыталі пра наяўнасць дачных участкаў (у падрабязнасцях) але гэта не пра нашу сям'ю: дачы не маем і дзякуй Богу!

 Такія рэкламныя постары, як гэты ў вагоне метро, можна было сустрэць ў розных месцях горада, нават на дзвярах камерцыйных магазінаў і ў дзіцячых садах.

А такія тлумачальныя памяткі вешалі ў дзяржаўных арганізацыях.


 Пра перапіс насельніцтва пісалі і ў сацыяльных сетках. Напрыклад група "Петрыкаўскія навіны" ў Facebook.

А Беларускі статыстычны камітэт рассылаў SMS

Яшчэ адной асаблівасцю перапісу з'яўляецца яго відэарэклама на электронных табло ў грамадскім транспарце. Цікава: у 1999-м газеты друкавалі пераважна чорна-белыя фота ў невялікай колькасці, у 2009-м шматлікія каляровыя фота, а ў 2019 г. ужо поўным ходам пайшла эпоха рэкламных відэаролікаў. Праўда, цяжка вызначыць у якой ступені яе хапае па-за межамі Мінска.



Увесь час перапісу працавалі стацыянарныя і часовыя ўчасткі для перапісу. Вось у гэтым на вуліцы Ўральскай 3 гэта быў невялікі пакой на 2-м паверсе Дома Культуры Таварыства Глухіх, дзе сядзелі маладая жанчына і жанчына ва ўзросце, апранутыя па-офіснаму і малады чалавек апрануты ў стылі casual. Усе з ідэнтыфікацыйнымі бэджамі. Я не стаў набівацца фоткаць іх, каб не правакаваць у перапісчыкаў "сіндром вахцёра". Здаецца, у гэтых перапісчыкаў не было аншлагу жадаючых перапісацца (я быў там вечарам у раёне 18:30-20:30). Не бачыў і жадаючых перапісацца ў гімназіі №8 на вул .Гамарніка (там толькі дзеці бегалі па калідорах). Увогуле ўражанне, што найбольш свядомыя грамадзяне перапісаліся праз інтэрнэт, а астатнія проста чакалі прыходу перапісчыкаў.


Такія "лісты шчасця" пакідалі перапісчыкі тым, хто іх не дачакаўся. Да нас не заходзілі, бо мы самі перапісаліся.

У сацыяльных сетках таксама абмяркоўвалі казусы перапісу-2019, як гэта заяўленая спроба прымусіць жыхароў сямейных інтэрнатаў перапісацца камандна-адміністратыўным метадам. Абмяркоўвалі таксама чуткі, што па выніках перапісу адшукаюць тых, хто не заплаціў падаткі, ізноў казалі пра ілжэперапісчыкаў, якія абкрадаюць небарак. Таксама лаялі перапіс, як марнаванне дзяржаўных грошай, праўда, у меншай ступені ў параўнанні з летнімі гульнямі. А тэлеграм-канал Nexta яшчэ летам апублікаваў фрагмент перапіскі ў Вайберы пра бонусы, якія чакаюць студэнтаў за удзел у перапісу: акрамя магчымасці свабоднага наведвання заняткаў (або права іх не наведваць) падчас кампаніі ім прапаноўвалі магчымасць засяліцца ў інтэрнат на наступны навучальны год. Калі ўсё так, то для бюджэта гэта бюджэтна. На ілюстрацыі: скрыншот з групы УКантакце "Беларусь сейчас".

Калі не пазначана інакш, фота і скрыншоты зроблены гісторыкам А. Берастоўскім
Тым, каго перапісчыкі не заставалі дома, яны пакідалі такія нататкі з адрасам бліжэйшага стацыянарнага ўчастка і тэлефонам для сувязі.

Гэты білборд вісеў далей і пасля завяршэння перапісу.

Таксама:
Белорусский язык: в поисках правды
Яшчэ раз аб нараджэнні беларускай мовы

***
У лютым Белстат паведаміў пра першыя вынікі перапісу: расце гарадское насельніцтва, Мінск стаў 2-мільённікам, скарачаецца насельніцтва краіны і расце колькасць тых, для каго беларуская мова родная ці паўсядзённая. 2% насельніцтва адмовіліся ад удзелу ў перапісе. Таксама з'явіліся каментарыі да адпаведных артыкулаў у СМІ, што да іх перапісчыкі не дабраліся.

У дзень роднай мовы 21 лютага 2020 г. разважаў над пытаннем: "Ці знікае беларуская мова?"

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...