вторник, 17 января 2017 г.

За кадрам

Мой блог прысвечаны пытанням навукі, а не маім асабістым прыгодам. Часам згадваю пра тое, што адбывалася асабіста са мной, у кантэксце развіцця тэмы, але часам абыходжу лішнія падрабязнасці. Нядаўна падумаў, што можа камусьці з маіх чытачоў будзе цікава ў якіх умовах нараджаліся некаторыя паведамленні.

Пост пра грамадства і рэлігію старажытных людзей нараджаўся суботнім ранкам пасля ўрагану Хав'ер, які закідаў Мінск снегам у сакавіку 2013 г. Мае студэнты-міжнароднікі не прыйшлі на пары ў БДУ. Гэта была адна група, з якой мы павінны былі займацца прыкладна з 8.00 да 12.00. Я добрасумленна сядзеў у кабінеце і пісаў. Часу не хапіла, працаваў да моманту калі прыйшла "наступная" выкладчыца. Пацікавілася, што я там пішу, і пагадзілася, што можа так яно і ёсць. Пасля я сядзеў у калідоры ўніверсітэта і дабіваў пост, але там ужо заставалася нешмат дапрацаваць, таму сядзеў нядоўга.

Калі я быў са старэйшым сынам у 2-й дзіцячай бальніцы Мінска (яму рабілі планавую аперацыю), то ў перапынках паміж завіханнямі дарабіў пост пра Мураўёва і пераклаў артыкул Р. Рафаэла пра Бостанскае чаяпіцце.

2-я бальніца. Здымак з сайта арганізацыі

Відэа пра падмуркі на вул. Сядова здымаў падчас абедзенага перапынку на адным рэлігійным мерапрыемстве, якое праходзіла побач у ДК МАЗ. Спяшаўся я не таму, што не хапала часу, а таму, што доўга не хапала грошай на нармальную карту памяці і мусіў паспець за 5 хвілін.

Калі я збіраў матэрыял пра білборды і цэклікі на беларускай мове, у вагоне метро да мяне зачапіўся п'яны мужчына, год пад 60. Патрабаваў дакументы. Калі я запытаўся, на якой падставе ён мае права іх у мяне патрабаваць, паспрабаваў узяць мяне за каўнер. Я перахапіў яго руку і адвёў так, што паказаў, што магу і скруціць яе за спіну. Адпусціў руку, адышоў. Мужык толькі лаяўся на мяне, але больш не кранаў. Мая сям'я была побач. Старэйшы сын нават з сур'ёзным відам пайшоў на хулігана, але я яго стрымаў. Жонка ўпрасіла мяне выйсці раней і я не стрымаўшыся сказаў п'янаму, што яму пашанцавала, што я хрысціянін. Пазней мы даведаліся, што яго затрымалі.



На могілках Цна сітуацыя была супрацьлеглай. Мясцовы жыхар Віктар, прыкладна таго ж узросту, паказаў дарогу на могілкі. Калі я вяртаўся, зноў сустрэў яго. Віктар запытаў, хто там у мяне пахаваны. Я патлумачыў, што я там рабіў, і мы яшчэ хвілін 20 стаялі пад дажджом і размаўлялі "за жыццё". Пры гэтым Віктар быў рад дапамагчы, раіў даследаваць могілкі за МКАД і быў задаволены, што пра іх могілкі напішуць.

Панарамнае відэа з Нацыянальнай бібліятэкі таксама не абыйшлося без прыгодаў. Першая спроба не атрымалася: я забыўся распавесці некаторыя істотныя дэталі, а падчас пераходаў па пляцоўцы выпадкова здымаў дзявочыя ногі ў мініспадніцах. Вынікі праверыў толькі дома. Таму дубль 2 рыхтаваў больш старанна. Увогуле людзі, якія былі са мной і маімі сынамі на агляднай пляцоўцы, не асабліва здзівіліся ўбачыць гісторыка з камерай у такім месцы і мяне здавалася ніхто асабліва не слухаў. Але высветлілася, што адна не зусім маладая жанчына цярпліва чакала моманту падыйсці да мяне. Не, не цікавіў я яе ні як мужчына (і дзякуй Богу!), ні як гісторык. Ёй трэба было дапамагчы разабрацца з фотаапаратам у тэлефоне...



Падчас 2-й паездкі ў Печы мы з маім старэйшым сынам Данікам пайшлі на "інжынерку". Я планаваў дэталёва разгледзіць месца дзе раней стаялі некаторыя вучэбныя ўмацаванні для салдат, а цяпер быў толькі падлесак. Мы амаль мінулі стадыён і раптам у падлеску пачалася страляніна. Салдаты тэрмінвай службы практыкаваліся дзесьці ўглыбі, там, дзе дрэвы былі высокія і іх было небачна. Здаецца, стралялі яны і раней, калі мы былі дома ў маіх бацькоў. Я разумеў, што яны ніяк не павінны нас зачапіць бо паміж намі і імі была пэўная адлегласць і яны павінны былі назіраць сваю тэхніку бяспекі. У свой час сам страляў з "калашнікава" ў аналагічных умовах на ваеннай падрыхтоўцы ў школе, але гэта была ў іншым канцы пасёлка... Тым не менш, загадаў сыну стаяць на стадыёне, я сам наблізіўся на ўскрай падлеску і думаю: "Калі раптам хто стрэліць у мой бок і мяне зачэпіць, сын хоць ведае куды вяртацца, а калі не згублю прытомнасць, то магу і сам выклікаць "хуткую дапамогу" па мабільніку". Зараз не ведаю, ці стаў бы рызыкаваць зноў, але тады жаданне гістарычных даследаванняў змагалася з разважлівасцю ў маёй галаве. Убачыўшы, што ніякіх слядоў ад былых умацаванняў не захавалася, я не стаў лезці ў падлесак і адышоўшы назад у бок стадыёна, крыкнуў сыну куды яму рухацца. Калі мы адышлі на зусім, на мой погляд, бяспечную адлегласць, то пайшлі далей разам.



Працяг тэмы тут.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.