10.05.2017

Memento mori. Леанід Маракоў

Пра нябожчыкаў або добра, або нічога, акрамя праўды.
Прымаўка
Леанід Маракоў у 2010-х. Гэта фота часта сустракаецца на яго старонках у сацыяльных сетках.

Я ўпэўнены, што пра пісьменніка Леаніда Маракова (1958-2016) будуць пісаць іншыя людзі, асабліва тыя, хто яго лепш ведаў асабіста. А ў маім выпадку толькі тры сустрэчы, перапіска праз Фейсбук, крыху супрацоўніцтва. Не ў маіх правілах распавядаць пра сваіх кліентаў у блозе. І няма ў мяне рысы рабіць сэлфі на фоне чаго-небудзь / каго-небудзь адметнага. Тым не менш, разумею, што павінен напісаць пра гэтага чалавека. Прычым настолькі аб'ектыўна, наколькі магу. Назаву некалькі прычын ці перадгісторый.

***
Здаецца, гэта быў 2011 г. Я працаваў у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці выкладчыкам англійскай. Падчас вялікага перапынку на завочцы (тады на вул. Пляханава 8) сігануў у сталовую на суседняй вуліцы. Праца патрабуе «паліва». Звычайна ў той сталовай хапае студэнтаў, чутны гоман і грае музыка. Але ў гэты раз выключэнне. У сталовай акрамя мяне толькі кампанія з 20-30 чалавек, якія сабраліся ў сярэдзіне, паставіўшы сталы квадратам. Сядзяць ціха, размаўляюць шэптам. Пытаюся ў касіркі, што гэта.
– Памінкі. Яны заказалі сталовую толькі сёння, таму мы і не маглі зачыніцца.

Я адшукаў свабоднае месца ля акна на вуліцу. Ежы набраў шмат. Еў доўга, на пару спазняўся, але як вырас у беднай сям'і, то пакінуць ежу не мог. І слухаў прамовы і тосты.

Высветлілася, што памёр чалавек, які працаваў на адным заводзе. Ён быў нашчадкам пісьменніка Буніна. І размова ішла не толькі пра добрыя рысы нябожчыка, але і пра літаратуру. Я тады падумаў, што несправядліва, калі чалавека памятаюць толькі таму, што яму пашанцавала быць нашчадкам каго-небудзь вядомага. І яшчэ падумаў: але ж забудуць усё роўна пра гэтага чалавека, тыя хто яго памінае. А ён калісьці існаваў, штосьці рабіў... Потым я зноў пабег на работу і даў нырца ў паўсядзённае жыццё. А думкі засталіся.

Другая гісторыя адбылася год ці два таму. Праз сацыяльныя сеткі мне прыйшло запрашэнне ўшанаваць памяць Арнольда Пячэрскага, бізнесмена, мецэната і апазіцыйнага палітычнага дзеяча, які трагічна загінуў у 1999 г. Разумеючы, што акцыя будзе ўключаць элементы таго, у чым маё сумленне мне не дазваляе ўдзельнічаць, я вырашыў напісаць пра яго артыкул у Вікіпедыю. І заўважыў, што інфармацыя пра яго жыццё ў Інтэрнэце практычна адсутнічае. Не знайшоў пра яго нічога і ў Нацыянальнай бібліятэцы. Не атрымаў дадзеных і па запыту да яго сяброў і аднадумцаў. Склалася ўражанне, што галоўнай заслугай чалавека стала яго трагічная смерць. Гэта навяло мяне на думку, што памяццю пра памерлага лёгка маніпуляваць.

Гэта выводзіць на трэцюю гісторыю, пра якую – пару сказаў. У адным беларускім гарадку жанчыну, што памерла ад анкалогіі, сваякі вырашылі пахаваць паводле праваслаўных традыцый, нягледзячы на тое, што яна пры жыцці вызнавала іншую веру і да Праваслаўя ставілася адмоўна. Нябожчыцы ў труне паклалі ў руку крыж і іншыя праваслаўныя атрыбуты, цыкнуўшы на яе мужа, які заўважыў, што яна была супраць гэтага. Яе сяброўка і аднаверніца выкінула іх, але сваякі зрабілі гэта ізноў і правялі пахаванне як ім падабалася.

Многія мае знаёмыя, калі іх запытаць, якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў яны ведаюць, могуць узгадаць С. Алексіевіч, дадаўшы ёй тытул «гэтая, як яе». Маракова з маіх невіртуальных знаёмых не ведае ніхто. Такім чынам я маю некаторы абавязак перад памяццю калегі і чалавека, які зрабіў пэўную адметную працу.

Нас «пасябраваў» Фейсбук

У Фейсбуку ёсць сістэма, якая «сватае» табе каго-небудзь у сябры з ліку сяброў тваіх сяброў і цябе каму-небудзь пакрысе. Такім чынам Л. Маракоў даслаў мне запыт сябраваць у 2015 г. Я прыняў. Потым часам чытаў яго апавяданні. Пісьменнікаў шмат. Чытачоў пакуль больш. Пакуль. Бо чытаюць штосьці даўжэй за эсэмэску ўсё менш і менш людзей. Я чытаць люблю. Маракоў пісаў цікава, але быў для мяне яшчэ адным пісьменнікам сярод тысяч іншых.

І аднойчы Леанід Уладзіміравіч напісаў пост, у якім выказаў рэзкія думкі пра арабаў. Падабаецца каму з яго сяброў ці не, але гісторык Л. Маракоў быў расістам. Мае погляды як раз супрацьлеглыя. Але спрачацца з ім жадання не было. У гэты час я ўжо добра зразумеў свабоду думкі, як неабходнасць, і перагарэў у жаданні камусьці штосьці даказаць. Таму да яго крыху пакрыўджанага фан-клуба з крытыкай, я не далучыўся. Тым не менш, было цікава даведацца што пабуджае чалавека ненавідзець людзей іншай культуры. Наступным ранкам напісаў асабістае паведамленне. Запытаўся чаму ён так лічыць. Маракоў здзівіўся, што я нічога пра яго не ведаю і запрасіў у госці. Я адказаў, што мой свабодны час непрадказальны (так і ёсць), але паспрабую наведаць яго па магчымасці.

Потым было некалькі спробаў заехаць да яго. У мяне быў заказчык недалёка ад яго кватэры на Нямізе і часам я меў магчымасць забегчы да пісьменніка пасля спраў. Аднак у Фейсбуку яго тады не было.

Нарэшце з'явілася добрая нагода. Маракоў выдаў рэпрадукцыю 2-х старых карт Мінска. Мне былі патрэбны такія. Як раз атрымаў грошы за заказы і знаходзіўся недалёка. Ён быў у Фейсбуку. Напісаў яму, прычым упершыню – на беларускай. Ён мне выслаў свой нумар мабільнага. Праз палову гадзіны я ўжо званіў у дамафон.

Сустрэчы і супрацоўніцтва.

Калі мяне пытаюць, чым я займаюся, я не ведаю з чаго пачаць. На пытанне «якая ваша прафесія?» адказваю лягчэй – у мяне іх шмат. Першы раз мы з Леанідам Уладзіміравічам прасядзелі да вечара. Пілі каву, размаўлялі пра карту, якую я купіў, мой блог, магчымасць выдання маіх кніг на паперы, рэлігію, палітыку, астраномію... Мой суразмоўца ажывіўся, калі даведаўся, што я перакладчык на англійскую. Вырашыў скарыстацца маімі паслугамі. Трэба было перакласці некалькі яго кароткіх апавяданняў, якія ён хацеў апублікаваць у ЗША.

І вось я перакладаю два яго апавяданні. Пра цану дамовіліся туманна, але ёсць надзея вярнуць тыя грошы, што аддаў за карту (каля 10 долараў). Нягледзячы на тое, што Л. Маракоў спрабаваў паставіць сябе як папулярны і паспяховы пісьменнік, якому трэба зрабіць значную зніжку, я не мог не бачыць, што жыве ён бедна, хоць і ў шматпакаёвай кватэры ў прэстыжным доме. Бачыў і што грошай яму не хапае. Нарэшце яны з'явіліся і за работу я вярнуў большую частку сваіх «інвестыцый» у карту. Правяраў ён пераклад уважліва і строга. Нават чапляўся да некаторых сказаў – ніколі б не жадаў такога начальніка – але я стараўся сумленна. Ды й цікава было яго перакладаць. І ў Маракова прабудзіўся апетыт на новы заказ.

– А што калі я вам зраблю рэкламу? – прапанаваў ён.
Ён сфатаграфаваў мяне на фоне карты ГУЛАГа і зрабіў пост пра мае паслугі. Я павінен быў перакласці яшчэ адно апавяданне і даць яму зніжку. Але я вырашыў перакласці яму апавяданне бясплатна і адправіў вынік праз Фейсбук.

Я ў Маракова. Фота з яго старонкі ў Фейсбуку

Тым не менш, было жаданне сустрэцца зноў. Калі бізнес у чарговы раз закінуў мяне на пр. Пераможцаў, я патэлефанаваў яму і напрасіўся зайсці. Была нядзеля. Напэўна толькі ў той дзень я зразумеў яго трагедыю. Ён быў стомлены больш звычайнага, ледзь трымаўся на нагах. Маракоў яшчэ памятаў, што я яго перакладчык, але задаваў пытанні, якія выдавалі, што ён зусім не памятаў нашых папярэдніх размоў і яго мозг «выгараў». У гэты раз Леанід Уладзіміравіч заявіў, што мае пераклады не спадабаліся яго партнёрам у ЗША. Мы разам шукалі памылкі, нарэшце знайшлося да чаго зачапіцца: у адным апавяданні зліпліся два абзацы ў адзін. Я падумаў, што праблема не ў маім перакладзе, а ў яго жаданні «закругліць» нашы сустрэчы. У мяне было жаданне выкупіць дадатковым бясплатным перакладам пэўную інфармацыю па ахвярам сталінскіх рэпрэсій, якую, як ён сцвярджаў, ён меў на камп'ютары. Таму я скінуў яму свой адрас у Skype і пацвердзіў гатоўнасць працаваць над магчымымі недахопамі сваёй працы.

Ніхто з ЗША мне не напісаў. Хутчэй за ўсё, ніякіх амерыканцаў, гатовых надрукаваць пераклады, не існавала. Але мы з Л. Мараковым засталіся сябрамі па Фейсбуку. Часам мы перапісваліся. Мае пераклады ён дадаваў да пастоў з апавяданнямі.

Хвароба і смерць

У верасні 2016 года Маракоў злёг з пухлінай галаўнога мозга. Гэта стала вядома прыкладна праз месяц. Калі ў снежні ён памёр у рэанімацыі ніхто не мог яму дапамагчы. Часткова я пішу гэтыя радкі таму, што не дапамог яму у апошнія месяцы яго жыцця. Праблема жыцця ў вялікім горадзе ў тым, што часу не хапае і адносіны з людзьмі прыносяцца ў ахвяру паўсядзённым справам. Я ўсё збіраўся пералічыць грошы на рахунак, які адкрылі для яго ў банку, але так і не паспеў У дзень смерці Маракова, 17 снежня 2016 г., па іроніі лёсу я рабіў вусны пераклад вясельнай цырымоніі ў Доме шлюбаў на Камуністычнай.

Цырымонія развітання з Л. Мараковым у саборы Пятра і Паўла. Крыніца фота: http://budzma.by/news/razvitannye-z-lyeanidam-marakovym-fota.html

Я думаў ці ісці мне на яго пахаванне, якое мела быць у суседняй з яго домам царкве, але паколькі я не ведаў яго сям'ю і сяброў і не стаў б удзельнічаць у набажэнстве, то палічыў, што быў б там чужым чалавекам. І вырашыў, што лепш напішу пра яго. Што і раблю.

Маракоў як гісторык

Жыццё і смерць Леаніда Маракова маюць свае загадкі. Напрыклад, як можна было «праспаць» неаперабельную пухліну за некалькі месяцаў пасля яго інсульту у пачатку 2016 г. перад паўторнай шпіталізацыяй у верасні таго ж года – проста не ведаю. Але яго прыватнае жыццё пакідаю тым, хто мае больш цікаўнасці да сенсацый, а мой блог – навуковы.

Маракоў быў бізнесменам, які ў канцы 1990-х зацікавіўся тэмай сталінскіх рэпрэсій, пасля таго як даведаўся пра лёс свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова, ахвяры гэтых рэпрэсій. Мне мала вядома пра метады работы Маракова, бо пра яго, як гісторыка, не шмат падрабязнай інфармацыі. Тым не менш, дакладна вядома, што Леанід Уладзіміравіч збіраў біяграфіі асоб, якія пацярпелі ад сталінскіх і іншых рэпрэсій савецкага часу, і публікаваў іх. Таксама публікаваў і звесткі пра тых, хто гэтыя рэпрэсіі ажыццяўляў («Ахвяры і карнікі»). З часам зацікавіўся гісторыяй вуліц Мінска. У апошнія гады жыцця яго інтарэс паступова пераключыўся на нейрабіялогію і генетыку.

Л. Маракоў і пісьменнік А. Сыс. Фота са старонкі Л. Маракова ў Фейсбуку

Інфармацыю ён збіраў, верагодна ў іншых гісторыкаў, супрацоўнікаў бібліятэк, асабліва Нацыянальнай, і, згодна яго ўласным словам, у калекцыянераў антыкварыята і сведкаў падзей. Частку кніг ён выдаў за свой кошт. Адна кніга была выдадзена за грошы Беларускай праваслаўнай царквы («Рэпрэсаваныя святары»), яшчэ адна – за дзяржаўны кошт («Галоўная вуліца Мінска»).

Леанід Маракоў здолеў не толькі апублікаваць малавядомыя факты, але і прааналізаваць іх. Так ён параўнаў даты смерці некаторых дзеячоў культуры і высветліў, што ў гэты дзень праводзіліся масавыя растрэлы. Таксама Маракоў выявіў хвалю самагубстваў сярод супрацоўнікаў карных органаў пасля смерці Сталіна, пра што мала хто іншы пісаў.

Маракоў як пісьменнік

Адначасова з засваеннем гісторыі як навукі, Леанід Маракоў пісаў мастацкія апавяданні. Яны цікавы не толькі ў літаратурным плане. Іх каштоўнасць, як і ў Тургенева і Салжаніцына, у тым, што ён пераважна не выдумляў змест сваіх апавяданняў, а запісываў як было. Звычайна апавяданне ідзе ад трэцяй асобы (пераважна гэта хлопец Санька), за якой стаіць сам Маракоў. Таксама ў некаторых апавяданнях ідзе гаворка пра сад, вобраз якога аўтар узяў з успамінаў пра сад сваёй бабулі ў Козыраўскім пасёлку (цяперашні раён чыгуначнай станцыі «Мінск-Паўднёвы»). Зразумела што розныя пагоні, самагубствы і т. п. ў яго творах – гэта мастацкі элемент. Але многае іншае – тое, што адбылося з аўтарам насамрэч у той ці іншай форме. Такім чынам, яго апавяданні дапамагаюць лепш зразумець жыццё эпохі 1960-80-х гг.

Негледзячы на рэкламу Маракова як аўтара, які піша па-беларуску, ён пісаў свае творы на рускай. Але беларускай валодаў даволі добра для чалавека, для якога, хутчэй за ўсё, руская была роднай.

Пісаў Леанід Уладзіміравіч і вершы. Згодна яго ўспамінам, ён напісаў адзін верш пра каханне яшчэ ў шостым класе. Сустракаўся яшчэ адзін кароткі верш і на яго стужцы ў Фейсбуку.

На яго творах адбілася яго цікаўасць да фізікі, біялогіі і іншых дакладных навук. «Розум» у апавяданнях і пастах Маракова нярэдка перадаецца вобразам «нейронаў». Яшчэ адзін фізічны перл: «спаліць да атамаў / распыліць на атамы» Таксама яго характэрная рыса, як аўтара – перадаваць думку кароткімі сказамі. Маракоў прызнаваўся, што не любіць і не ўмее апісваць прыроду (хоць часам гэта рабіў) і таму, яго апавяданні больш вакол дзеянняў людзей, чым апісання сітуацыі.

Маракоў як мікраблогер



З акаунта Маракова УКантакце

З 2014 па 2016 г. Леанід Маракоў вёў старонку ў Фейсбуку. Быў у яго і акаунт УКантакце, але ён ім практычна не карыстаўся, і ў Аднакласніках, дзе ён пераважна ставіў падабайкі фотаграфіям прыгожых паненак. І Фейсбук стаў для Маракова эвалюцыяй ад вучонага і літаратара да блогера. У 2014 г. ён пачынаў з паведамленняў пра свае кнігі і рабіў рэпост некаторых сваіх ан-лайн артыкулаў і інтэрв'ю. У 2015 г. у Маракова стала расці кола сяброў дзякуючы яго актыўнасці ў групах, у асноўным прысвечаных крытыцы палітыкі Пуціна. Там ён знайшоў сваю аўдыторыю чытачоў, якія рэгулярна чыталі яго кароткія паведамленні пра палітыку, нейрабіялогію, ўрыўкі з яго навукова-гістарычных твораў і асабліва яго кароткія апавяданні пра каханне, жыццё, сталінскія рэпрэсіі. Пісаў Маракоў і крытыку Пуціна, якога звычайна называў Палатным эзопавай мовай, і сітуацыі Расіі ўвогуле (звычайна апісана як Мардор ці Эрэфія). Крытыкаваў праблемы асцярожна, але чытачам падабалася. Яго пасты з другой паловы 2015 па 2016 г. набіралі сотні падабаек.

Шапка акаунта Л. Маракова ў Фейсбуку

Тут варта зазначыць вось што. Праца вучонага сама сабой не заўсёды цікавая шырокаму колу карыстальнікаў Інтэрнэта. Пісьменнікаў таксама не так актыўна чытаюць. Калі я ў пачатку 2016 г. пазнаёміўся з Мараковым асабіста, яго рэйтынг запытаў у месяц у Яндэксе быў 52 на рускай і 4 на беларускай мове. Вядома, што шукаюць пісьменнікаў і іх творы не толькі па прозвішчу, але ўтрымацца ў фаворы чытача ў эпоху сацыяльных сетак даволі цяжка. І ўзнікае праблема залежнасці ад падабаек. Калі ты проста пішаш і публікуеш, а рэакцыя чытача бывае рэдкай, то звычайна ты пішаш для сябе. А калі рэакцыя чытача прыходзіць амаль імгненна ў форме падабайкі ці каментарыя, то ёсць эфект падобны наркатычнаму: эйфарыя пры наяўнасці руху вакол паста, ці «ломка» пры зніжанай або ніякай актыўнасці. Я не ведаю, як з гэтым спраўляўся Маракоў, але за 2014-15 гады яго стыль паступова набыў блогерскую афарбоўку: гэта ў меншай ступені стала наратыўным апісаннем чаго-небудзь ад трэцяй асобы і ў большай – кароткімі паведамленнямі пра сябе, дзяцей ці што-небудзь далёкае ад строгай навукі. Гэта не добра і не дрэнна – проста гэта розная стылістыка, розныя акцэнты  і г. д. Аднак менавіта як мікраблогер стаў вядомы гісторык і пісьменнік Леанід Маракоў

Абмежаванні Маракова, як вучонага, пісьменніка і чалавека

Цяпер трэба зазначыць і аб'ектыўную абмежаванасць поглядаў майго калегі як гісторыка. Справа ў тым, што гісторыя – такая ж складаная навука як і квантавая фізіка. У гісторыі ёсць свае законы, якія не маюць дачынення ні да якіх палітычных поглядаў ці іншых асабістых перакананняў. Я толькі рад, што Маракоў, былы фізік і бізнесмен, здолеў зрабіць значны ўнёсак у вывучэнне зусім іншай навукі. Але яго ўяўленні былі абмежаваны ведамі ў вобласці рэпрэсій у СССР. Рэпрэсіі ў іншых краінах свету, такіх як ЗША, Рэспубліка Карэя, ці Францыя былі, верагодна, яму невядомы. Магчыма таму Леанід Уладзіміравіч меў крыху ідэалістычны погляд на заходнееўрапейскія каштоўнасці. Верыў, што паступова ўсе цывілізацыі прыйдуць да заходняй дэмакратыі эвалюцыйным шляхам. І тыя, што будуць буксаваць – адамруць. І гэта вера ў чалавечы прагрэс была і ў яго пастах, і ў мастацкіх творах.

Праўда, Маракову была ўласціва пэўная гібкасць. Падчас нашай апошняй «жывой» сустрэчы я ўзгадаў пра рэпрэсіі ў сучаснай Паўднёвай Карэі і пра абыякавасць да іх многіх з тых, хто лічаць сябе барацьбітамі за свабоду. На стомленым твары старога пісьменніка я ўбачыў моцны дакор гэтым людзям. Значыць Маракоў мог яшчэ многаму навучыцца, як гісторык і публіцыст...

Былі і памылкі тэхнічныя. У карце Мінска, якую я купіў у аўтара «Галоўнай вуліцы», былі некаторыя недакладнасці. Маглі быць і іншыя памылкі, але гэта толькі плюс. Не памыляецца той, хто нічога не робіць.

Маракоў быў вельмі ветлівы і гасцінны чалавек. Але з размоў і кароткага супрацоўніцтва з ім я зразумеў і яго вялікую патрабавальнасць. Думаю, не толькі да іншых, але і да сябе.  Калі б такі чалавек кіраваў калектывам, мабыць аб ім засталася не толькі добрая памяць. Але ён стаў вядомым у пэўных колах як гісторык і пісьменнік, ад якога мала хто залежыў і які дабіўся сваіх вынікаў уласнай працай. Можна сказаць, што чалавек жыў, працаваў, і, на жаль, памёр на сваім месцы...

Таксама ён не з тых, каго можна назваць сціплым чалавекам. Мне віртуальна вядомы некалькі беларускіх вікіпедыстаў, якія зрабілі практычна такую ж работу, што і мой калега па пяру (ці лепш казаць – клавіятуры) і не атрымалі за гэта нічога, хоць  ім, на мой погляд, за гэта трэба даваць дзяржаўныя ўзнагароды. Калі б хто-небудзь з іх паміраў у рэанімацыі, гэта прайшло б міма СМІ і шырокай грамадскасці. Маракоў здолеў «раскруціць» свой талент і свае дасягненні. У англічан ёсць такі выраз – put your best foot forward («паказаць сябе з найлепшага боку», літаральна – «выставіць наперад лепшую нагу»). Гэта пра Леаніда Ўладзіміравіча. Як былы бізнесмен, ён умеў звярнуць увагу на свой прадукт і сваю працу. Грошай не зарабіў, але стаў вядомым па-за межамі навукова-даследчых колаў. Але, як я ўжо казаў, увага іншых (і яе варыянт – падабайкі ў сацсетках) можа быць як наркотык. Яна можа прымушаць думаць пра сябе больш, чым варта. Аднак я б не назваў несціплага пісьменніка Маракова хвалько. Ён умеў звярнуць на сябе ўвагу, але ведаў пэўную меру. Ён не ставіў сам сабе падабайкі. І не хваліўся кожным дасягненнем як пяцігадовы хлопчык (бачыў такое ў некаторых іншых творчых людзей і гісторыкаў). Мабыць часткова гэта было звязана з тым, што пэўная вядомасць да Маракова прыйшла ў сталасці, якая пераходзіла ў старасць.

Урокі Маракова

Лёс Маракова прымусіў мяне яшчэ раз задумацца над тым, як я жыву і працую. Жыццё і смерць гэтага пісьменніка дапамаглі мне зразумець лепш наступнае.

1. Яго ўменне пісаць кароткія і трапныя сказы пабуджае мяне таксама вучыцца пісаць лаканічней.

2. Я зразумеў, што трэба кантраляваць аб'ёмы працы, якую робіш. Цяпер я рэдка перакладаю па начах, нават калі гаворка ідзе пра тое, каб не паспаць толькі 2-3 лішнія гадзіны.

3. Я зразумеў, што нельга марнаваць шмат часу на малаважныя размовы ў сацыяльных сетках і спрабаваць займацца вялікай колькасцю розных навуковых тэм. Заўсёды можна не паспець даць неабходную ўвагу дзецям ці скончыць варты навуковы праект. І не факт, што той, хто ставіў табе падабайкі, дапаможа гадаваць тваіх дзяцей ці завяршыць кінуты праект.

4. Я даўно разумею, што спрабаваць дасягнуць славы – справа пустая. Але трагедыя майго калегі, які за свой кошт выдаваў большасць сваіх кніг і памёр амаль жабраком, нагадала мне яшчэ адзін жорсткі момант рэальнасці: гісторыя і літаратура – гэта не тое, на чым лёгка зарабляць грошы. Часткова таму я не спрабую зрабіць іх цэнтрам свайго жыцця.

5. У маім жыцці былі пісьменнікі, якім не пашанцавала стаць вядомымі. Аднаго з іх ужо няма на свеце, ведаю дакладна. Таму ў мяне ёсць абавязак не забыць не толькі Маракова. Я падумаю, як лепш гэта зрабіць.


Гл. таксама: Хачу яго памятаць

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...