Эвеліна Тарасаўна зняла трубку і прыняла тэлефанаграму:
«Адміністрацыя Фабрычнай акругі горада Мінска. Усім кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый. У сувязі са святкаваннем чарговай гадавіны Дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Загадваем. 1. Вылучыць на ўдзел у святочным шэсці па 50 супрацоўнікаў ад кожнага прадпрыемства. 2. Забяспечыць групу удзельнікаў 5 нацыянальнымі сцягамі і 1 сцягам з сімволікай арганізацыі, а таксама банерамі, транспарантамі і плакатамі, адпаведна рэкамендацыям мінулага года. Быць гатовымі да збору заўтра ў 11.00 на традыцыйным месцы правядзення ўрачыстага шэсця.»– Мамачкі! – ахнула Эвеліна Тарасаўна, – гэта ж у мяне толькі адна гадзіна да канца працоўнага дня, каб арганізаваць калону!
Яна схапіла тэлефон і пачала званіць у адзін аддзел за другім, але, як на ліха, ніхто не браў трубку.
Эвеліна Тарасаўна дастала мабільны і стала набіраць нумар аднаго з загадчыкаў аддзелаў, але тэлефон быў заблакіраваны: скончыліся грошы. Яна вырашыла выйсці з кабінета і сама спусціцца ў галоўны аддзел паверхам ніжэй.
Выклікала ліфт, які быў недалёка ад яе «апартаментаў» як яна жартаўліва называла свой кабінет. Ліфт прыехаў адразу і быў пустым. Эвеліна Тарасаўна таропка зайшла ў кабіну, націснула кнопку, дзверы зачыніліся і... пагасла святло.
Гэтага яна, ужо немаладая жанчына са слабым сэрцам, баялася больш за гнеў адміністрацыі акругі. Здалося, што цемра зараз раздушыць яе. Не было нават сіл галасіць і клікаць на дапамогу.
Раптам раздаўся громкі званок. Званок звінеў і звінеў, і Эвеліна Тарасаўна прачнулася.
Яна ляжала ў ложку у сваім пакоі ў інтэрнаце. Вакол было цёмна. Будзільнік на тэлефоне звінеў далей. Жанчына паднялася, выключыла будзільнік і паглядзела час. Было 4:30 раніцы. Дзесьці паўхвіліны Эвеліна Тарасаўна спрабавала зразумець навошта ёй было ставіць будзільнік на такі ранні час. І нарэшце яна ўзгадала, што павінна ісці прыбіраць офісы ў суседнім гандлёвым цэнтры. Ад вяртання да рэальнасці Эвеліне Тарасаўне стала лёгка і яна рассмяялася ад душы.
Па дарозе на работу яна спынілася каля кантэйнера для макулатуры і выкінула туды звязаны пачак учарашніх газет.
– Падары кнізе друг шанец, – прачытала Эвеліна Тарасаўна і падумала: – не буду больш купляць газеты, а то яшчэ адзін падобны кашмар я не перажыву.
Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.