26.10.2018

Усіхсвяцкая царква вачыма яе суседа

Сёння раблю даволі цяжкі для мяне матэрыял. У пяпярэдні раз так сіліўся, калі пісаў пра 2-ю рэвалюцыю ў ЗША. Звычайна я добра ведаю, што жадаю напісаць, таму што знаходжу час усё прадумаць. Але зараз маю дылему: з аднаго боку, я закранаю тэму, якой глыбока не займаюся, з другога, не магу яе ігнараваць у рамках мемуаранага праекта "Каб не забыць".

Так атрымалася, што Ўсіхсвяцкая царква з'явілася побач з кварталам, дзе я жыву, практычна на маіх вачах. І, так ці інакш, я ўжо нагадваў пра гэты храм, напрыклад, у паведамленні пра ляпавыя пераклады, відэа пра вуліцу Ўсіхсвяцкую і, калі пісаў пра Дом Міласэрнасці. Аднак нічога адмысловага яшчэ не пісаў.

Царква-даўгабуд

Згодна звесткам на афіцыйным сайце гэтай царквы (hramvs.by), рашэнне яе пабудаваць было прынята Праваслаўнай царквой было прынята вясной 1990 г. Першы камень закладзены патрыярхам Алексіем ІІ у 1991 г. Будаўніцтва пачалося ў 2006 г., а аддзелачныя работы скончылася ў 2018 г. і "інагурацыя" новай царквы патрыярхам Кірылам адбылася 14 кастрычніка 2018 г.

Прэзідэнт Беларусі закладае памятную капсулу ў падмурак Храма. 1996 г. Крыніца: http://hramvs.by


Будаўніцтва Царквы ў 2008 г. Фотаграфіі Аляксандра Мялехаўца. Крыніца: https://minsk-old-new.com/places/ulicy/ulica-kalinovskogo

Сучасны від Царквы. Крыніца: http://hramvs.by

Са свайго юнацтва "ліхіх" 90-х памятаю толькі як доўга стаяў на ўзгорку на месцы гэтай царквы памятны камень з надпісам, што тут будзе храм, на які збіраюцца грошы. Месца гэта было дзікае. Не магу згадаць ці была ўвогуле дарога, якую ў 2007 г. назвалі вуліцай Усіхсвяцкай. Мясцовасць ад спарткомплекса "Алімпійскага" да будучай царквы пачалі ўпарадкаваць толькі ў 2002 г.

Асноўнае будаўніцтва прыйшлося на 2006-2008 гг. Пасля гэтага каменны храм стаяў як будынак, а дзейнічала толькі драўляная Троіцкая царква на тэрыторыі прыхода. Унутры ішлі нейкія работы. Час ад часу можна было пачуць гук званоў асноўнай царквы, але яе "ўвод у эксплуатацыю", тэхнічнай мовай гаворачы, адбыўся толькі з прыездам патрыярха Кірыла ў цяперашнім, 2018 г.

Перакрытыя вуліцы і рэпетыцыя салютаў

З Усіхсвяцкай царквой звязана некалькі выпадкаў, калі ў ёй праводзіліся ўрачыстыя мерапрыемствы з VIP-удзельнікамі. Узмоцненая ахова ў гэтых выпадках азначала і перакрытыя вуліцы ды і не толькі.

Урачыстае пахаванне астанкаў удзельнікаў трох войн у царкоўнай крыпце. 2010 г. Фота belapan.com з сайта naviny.by.

Некалькі тысяч чалавек слухаюць патрыярха Кірыла 14.10.2018. Крыніца фота: RIAN

Частка мерапрыемстваў побач з маім раёнам прайшла незаўважана для мяне бо я часам працую і ўдзень і познім вечарам. Але некаторыя адбыліся на маіх вачах і мелі цікавыя падрабязнасці, пра якія не заўсёды пісалі СМІ.

Да ўрачыстага пахавання ў Царкве салдата Айчыннай вайны 1812 г, ваяра Першай сустветнай і байца Вялікай Айчыннай вайны рыхтаваліся за некалькі тыдняў да 2 ліпеня 2010 г. Зводны хор практыкаваўся на прыступках  Храма звычайна ўдзень. Аднак праводзілася і рэпетыцыя салютаў. Як раз у гэты час майму старэйшаму сыну было 11 месяцаў, і мы з жонкай нярэдка клалі яго спаць на балконе, гушкаючы ў калясцы. Хор не заўсёды быў чутны там, дзе я жыву. Але ўявіце маю бацькоўскую "радасць", калі я чуў стрэлы гармат літаральна, як гром сярод яснага чэрвеньскага неба. Гэта было не аднойчы. Кожны раз кананада была нечаканай, але саміх салютаў я не бачыў.

1 ліпеня ўвечар я гуляў з каляскай па пустцы паміж Усіхсвяцкай царквой і Аліпмійскім спарткомплексам. Як раз пачалася генеральная рэпетыцыя зводнага хору, а ваколіцы пачалі ачапляць вайскоўцы. Яны перакрылі Усіхсвяцкую і Каліноўскага і пачалі блакіраваць выхад на пустку. Здаецца, акрамя мяне там нікога ўжо не было, і я паспяшаўся пакінуць пустку і вярнуцца бліжэй да дому. Вайскоўцы ўжо практычна ўсё перакрылі, але я здолеў прайсці да таго як яны перакрылі дарогу ад тралейбуснага прыпынку да спарткомплекса.

Наступным вечарам перакрыты былі ўсе дамы, якія выходзілі вокнамі на Храм. Гэта звычайная з'ява бяспекі: каб ніхто не стрэліў у Прэзідэнта ці мітрапаліта, жыхарам забаранілі адчыняць вокны і загадалі іх завесіць. У іншай падобнай сітуацыі адзін мой знаёмы рэзка адказаў салдату на ўваходзе:
-- Мая кватэра! Сам купіў! Што хачу, тое і раблю!

Праз некалькі хвілін у дзверы яго кватэры пазваніў супрацоўнік КДБ і спакойна казаў:
-- Калі вы наблізіцеся да акна, мы вас застрэлім, а потым будзем пісаць стосы тлумачэнняў, чаму так зрабілі. Вам і нам гэта трэба?

Ці было нешта падобнае ў 2006, 2010, 2013 ці 2018 гг, мне невядома, але адна з мясцовых жыхарак скардзілася мне на нязручнасць гэтых патрабаванняў: зачыніць вокны і зашторыць іх падчас спякоты.

Падчас святквання 1025-годдзя хрышчэння Русі (ліпень 2013 г.) памятаю яшчэ адну праблему: перакрытая буднім вечарам вул. Каліноўскага стала прычынай канкурэнцыі машын і пешаходаў на пешаходнай алее ад Дзіцячай бібліятэкі 10 да магазіна "Суседзі". Мы з жонкай і дзецьмі рабілі маленькі шпацыр тым вечарам, як і многія мясцовыя жыхары. Але наяўнасць машын на алее была хутчэй нязручнасцю, чым пагрозай: усе ехалі марудна і акуратна.

Пазней я з дзецьмі хадзіў ўжо адзін: звычайна старэйшы самастойна, малодшы ў прагулачнай калясцы, а апошнія гады -- на веласіпедах, бегавелах ці пенібордзе. І аднойчы мы гулялі ў раёне Царквы падчас праваслаўнага кірмашу. Яшчэ на выхадзе з квартала проста праверылі ветлівыя людзі ў цывільным з ручным металашукальнікам, папрасілі мяне паказаць змест заплечніка, потым мы прайшлі скрозь адмысловы блок-пост і скрозь натоўп. На выхадзе нас не правяралі.

14 кастрычніка 2018 г. калі ішла "інагурацыя" новай царквы мы з дзецьмі зноў апынуліся недалёк. Як звычайна вуліца Каліноўскага была перакрыта турнікетамі перпендыкулярна пачатку і канцу тэрыторыі царквы (сярэдзіна дома 70 - канец дома 56). Стаялі 4 блок-пасты, але тыя, што на баку квартала, прызначаліся для прахожых, а ўласна прыхажан накіроўвалі на пасты з боку Царквы. Цікава было і тое, што вуліца была перакрыта звычайнай ДАІ, а на блок-пастах даглядалі людзі ў жылетах з надпісам "SECURITY. БЯСПЕКА", з якіх толькі частка была ў міліцэйскай форме. Было ўжо за поўдзень, а мерапрыемства пачалося значна раней, і каля Царквы было прыкладна 1000 ці 1500 чалавек "на вока". Некаторыя стаялі на ўзгорку з высоткамі каля скрыжавання Ўсіхсвяцкай і Каліноўскага і слухалі прамову патрыярха. Але ажыятажа, які крыху раней выклікалі "дары валхвоў" у Доме Міласэрнасці, тут не было.

Маю зазначыць што машыны па пешаходных алеях не ездзілі: выходны дзень. Некаторым машынам дазвалялі праехаць з праспекта Незалежнасці па Каліноўскага да праезда ў двары і да магазінаў "Рублейскі" і "Суседзі". Але з аўтобуснага прыпынку "Усход-2" на вул. Кедышкі цягнуліся людзі, якім змена маршрутаў грамадскага транспарту зрабіла нязручнасць.

Вось на гэтым месцы абрываюцца мае ўспаміны. У мяне была задума напісаць і пра водгукі на Ўсіхсвяцкую царкву і яе святароў: добрыя, нейтральныя і крытычныя, але ўсе, што перабраў былі проста выражэннем асабістых меркаванняў: маўляў, "спадабаўся / не спадабаўся чай".

Адно выключэнне:  размова з перыяду валютнага крызісу 2011 г, якую я запісаў раней:

"раз на тралейбусным прыпынку гутарыў з нейкім чалавекам. Нечакана ён паказаў мне на праваслаўную царкву недалёк і запытаў:
-- Царкву бачыш?
--Бачу.
-- Я там праводзіў тэлефанію. Навошта ім яна там?
-- Ну, пажарных выклікаць...
-- Не, ты не разумееш, там такая спадарожнікавая сувязь, што ого-го! Але я не супраць: яны плацяць наяўнымі і ў валюце."

Таму прапаную паважаным чытачам напісаць у каментарыях свае водгукі і ўспаміны.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...