29.10.2018

100 год камсамолу альбо сумбурныя ўспаміны пра БРСМ

2018 год апынуўся багатым на круглыя даты. Акрамя стагоддзяў абвяшчэння БНР, завяршэння Першай сусветнай вайны і пачатку Грамадзянскай вайны ў Расіі ёсць і яшчэ адзін юбілей, які выклікае розныя пачуцці ў розных беларусаў: сто год заснавання камсамолу. На мой погляд, пераемнікамі саюза камуністычнай моладзі СССР у Беларусі могуць быць толькі адпаведныя структуры беларускай кампартыі, але найбольш громка пераемніцай УЛКСМ/ЛКСМБ аб'яўляе сябе галоўная патрыятычная маладзёжная арганізацыя краіны: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Яна ж і адзначае яго найбольш урачыста разам з рознымі ўрадавымі і адукацыйнымі структурамі. (Неакамуністы, ў тым ліку і апазіцыйна настроеныя адносна беларускага ўрада, таксама святкуюць гэты юбілей.)

Вось такія памяткі ўпрыгожваюць інфармацыйныя дошкі беларускіх вну.

Чаму я лічу, што БРСМ – гэта не камсамол
Адрозненні паміж савецкім камсамолам і БРСМ знайсці не цяжка. Напрыклад, камсамол быў у пастаяннай канфрантацыі з рэлігіяй, а БРСМ падтрымлівае Беларускую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхата і, часткова, беларускіх каталікоў. (Да пратэстантаў, іўдэяў, крышнаітаў і мусульман стаўленне БРСМ хутчэй нейтральнае, чым варожае.)


Члены БРСМ прыбіраюць тэрыторыю каля царквы Дзмітрыя Данскога (Печы, Барысаў). Здымак з групы Facebook "Барысаў Маладзёжны".

Скрыншот паста групы Facebook "Барысаў Маладзёжны".

Таксама, як гісторык, я салідарны з каментарыем, пакінутым да мерапрыемства "ВЛКСМ перезагрузка", прысвечанага стагоддзю камсамола: "За такія позы на фота дзяўчат на бліжэйшым камсамольскім сходзе проста размазалі бы за "вульгарнасць", "бессаромнасць" і наогул паводзіны, ганебныя для савецкіх камсамолак".

Скрыншот фотаграфій з паста "ВЛКСМ перезагрузка" УКантакце. Крыніца: https://vk.com/wall-31231101_35460. Ці ёсць тут паводзіны, ганебныя для савецкіх камсамолак", ці не, судзіць не буду. Да гонару БРСМ зазначу, што крытычныя каментарыі не выдаляліся мадэратарам.

І гэта толькі 2 адрозненні савецкіх камсамольцаў ад членаў БРСМ. Пры жаданні можна знайсці яшчэ...

Тым не меней, паколькі БРСМ заяўляе пра сябе як пра нашчадка УЛКСМ/ЛКСМБ, то я скарыстаюся гэтай нагодай каб звесці ў сістэму некаторыя хаатычныя ўспаміны пра сучасны беларускі камсамол у форме БРСМ. Не стаўлю мэтай нікога пакрыўдзіць і нікому дагадзіць. Усё, пра што запішу альбо бачыў сам, альбо чуў ад людзей, якім маю падставы давяраць.

Сумбурныя ўспаміны студэнта і выкладчыка
Калі я вучыўся на першым ці другім курсе БДПУ, наш прафсаюзны лідар, Ігар, прама прапанаваў мне:
– Андруха, далучайся да БПСМ (Беларускага патрыятычнага саюза моладзі – А.Б.)! Атрымаеш матэрыяльную дапамогу і 4 бутэлькі гарэлкі.
Я адмовіўся, і мне нічога не было.

А ў 2003 г. я прысутнічаў на мерапрыемстве, дзе малады чалавек адкрыта заявіў, што ў 2000 мусіў пакінуць пэўную вну па прычыне спробы адміністрацыі той установы прымусіць яго далучыцца да таго ж самага патрыятычнага саюза. Ён не стаў цярпець прэсінг і проста кінуў вучобу. Для мяне гэта было дзіўным, бо я ніколі не адчуваў падобнага ні ў сваім універсітэце, ні ў школе, дзе я тады адпрацоўваў размеркаванне.

У 2007 г. мяне другі і апошні раз паспрабавалі зрабіць членам БРСМ, арганізацыі, створанай у 2002 г пасля аб'яднання БПСМ з яшчэ адным маладзёжным патрыятычным саюзам. Я працаваў ў 25-й мінскай гімназіі выкладчыкам англійскай. Калі я запаўняў журналы ў настаўніцкай, туды зайшла дзяўчына, якая працавала па прафсаюзнай лініі і сказала:
– Значыць так, Андрэй Валер'евіч, у панядзелак прыносіце сваю фотку такіх і такіх памераў і 3000 рублёў (тады прыкладна 1 долар ЗША – А.Б.) у мой кабінет.
– Навошта?
– Вы павінны далучыцца да БРСМ.
– Я не займаюся палітыкай, – адказаў я з нахабнай усмешкай.
Дзяўчына зразумела, што размова камандна-адміністратыўным метадам са мной вынікаў не прынясе, і толькі адказала:
– Ну, добра. – І выйшла з настаўніцкай.

Што мне за гэта было? Ну, я і без гэтага разумеў, што працаваць у гэтай гімназіі ў наступным навучальным годзе не збіраюся. Магчыма, дырэктар таксама не збіралася працягваць мне кантракт. Акрамя таго так атрымалася, што я патрапіў туды працаваць па рэкамендацыі чалавека, якому дырэктар адмовіць не магла, і першыя месяцы мяне памылкова лічылі засланым агентам КДБ і баяліся кранаць. Як бы яно не было, але мяне за адмову стаць маладым патрыётам нікуды не выклікалі і нічога не казалі.

У гэты ж час я выкладаў у БНТУ англійскую на Аўтатрактарным факультэце. Мае студэнты былі яшчэ тыя весялуны і шмат жартавалі, пераважна на "туалетныя" тэмы. Я звычайна не імкнуся трымаць татальны кантроль за тым, што мае навучэнцы кажуць у маёй прысутнасці, каб яны не баяліся ні мяне, ні размаўляць на англійскай на занятках, але аднойчы прыйшлося звярнуць увагу на іх лексікон.

Падчас перапынку адзін з весялуноў уключыў на тэлефоне нацыянальны гімн і кінуў сваім аднагрупнікам:
– Пад'ём, (мат у эфіры – А.Б.)! Гэта нацыянальны гімн!
Некаторыя пачалі паднімацца "па прыколу", але я спыніў цырымонію і спытаў:
– Ледзі і джэнтльмены! Хачу спытацца ці шмат сярод вас членаў БРСМ?
– Ну, я. І я. І я таксама, – пачуліся галасы.
– Тады патлумачце, чаму вы, з аднаго боку, з'яўляецеся членамі патрыятычнага руху, а, з другога, так непрыгожа гаворыце пра ўрад і дзяржаву?
Адзін юнак усміхнуўся:
– Я толькі фармальна там, каб месца ў інтэрнаце далі.
– Я таксама дзеля бонусаў, – дадаў яшчэ адзін хлопец.
Я не асуджаў і не ўхваляў іх пазіцыю. Проста выслухаў, і мы пачалі занятак.

У наступным навучальным годзе (2008/2009) я працаваў у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці (ІПД). Акрамя непасрэдна заняткаў я быў яшчэ і куратарам адной з груп. Двойчы ў жыцці быў куратарам і абодва разы неяк атрымоўвалася не рабіць таго, што было супраць майго сумлення. Звычайна як куратар я засяроджваў сваю дзейнасць на пытаннях маральнага выхавання і вырашэння праблем студэнтаў, а не патрыятызму, таму мяне здзівіла, што мне яшчэ і далі 3-е месца на мясцовым конкурсе куратараў. Але гаворка не пра мае прыгоды, а пра адзін выпадак, які і падштурхнуў мяне напісаць гэтыя радкі. Куратараў сабрала на нараду прарэктар па ідэалогіі і выхаванню Ала Леанідаўна Барчук. Акрамя стаўлення пэўных задач, прарэктар пачала натхнёна, з эмоцыямі распавядаць пра сваё ўчарашняе наведванне пэўнага ўрачыстага мерапрыемства ў гонар 90-годдзя камсамолу. Я слухаў і ківаў, як са мной бывае пры размове. Барчук заўважыла:
– Малады чалавек, вы вось ківаеце. Пэўна, вы таксама там былі?
Я ўсміхнуўся і адмоўна пакруціў галавой. Калі нарада скончылася і ўсе разышліся, мае калегі пачалі смяяцца з той сітуацыі:
– Што, Андрэй, дачапілася да цябе? Маразм крепчает?
Я яшчэ не раз сутыкаўся з падобнымі сітуацыямі, калі мае супрацоўнікі казалі пра свае патрыятычныя пачуцці пры начальстве, а самі, як кажуць, "трымалі фігу ў кішэні".

У БРСМ многія мае студэнты з ІПД проста знаходзіліся, але гэты Інстытут быў адзіным вядомым мне месцам, дзе студэнтаў прыцягвалі да шматлікіх акцый, як патрыятычных, так і валанцёрскіх. І гэта нагадала мне яшчэ адзін выпадак ўжо з 2010 г. Група маркетолагаў сядзела на маім занятку. Адной дзяўчыне моцна балела галава, і я вырашыў адправіць яе дамоў.
– Не магу, – кажа дзяўчына, – я павінна ісці на дэманстрацыю пасля вашай пары.
– Так, спадарыня, – адказваю, – з такім галаўным болем вам нельга туды ісці. Вы можаце лёгка атрымаць інсульт. Ідзіце дадому.
– Ну, нельга, – ледзь не плача студэнтка, – Барчук мяне лаяць будзе.
– Я ваш выкладчык. – строга адказваю ёй. – І я пад сваю адказнасць адпраўляю вас дадому. Дэманстрацыя можа пачакаць. А калі вы атрымаеце інсульт, што будзе?! Вы пра бацькоў сваіх падумалі?!
– Ну, не магу я...
– Так. Гэта загад. Ідзіце дамоў і лячыцеся. Калі самі не пойдзеце, то дам загад вось гэтым двум хлопцам аднесці вас дадому на руках.
Дзяўчына ўсміхнулася праз боль, паднялася, падзякавала і пайшла. А я яшчэ быў раззлаваны на начальства, якое не думала пра наступствы такіх збораў. Выказаў студэнтам, што думаю пра прымус да ўдзелу ў патрыятычных акцыях і БРСМ.
Нечакана адна студэнтка заўважыла:
– А я вось неактыўны член БРСМ.
– Як гэта? – цікаўлюся.
– Я далучылася да гэтай арганізацыі ў школе. Нам казалі, што тым, хто не далучыцца, не будзе магчымасці паступіць у вну. Вось я і далучылася. А цяпер нікуды не хаджу. Проста маю членскі білет...

Наконт прымусу дадам яшчэ два забаўныя выпадкі. У мінскай школе № 121 у пачатку 2000-х вучылася дачка маіх знаёмых. Аднойчы мы размаўлялі з ёй, і яна ў якасці "прыкола" казала, што акрамя яе ў класе толькі два "сінхэды" – не члены БРСМ. Класная ставіла мэтай стопрацэнтны ўдзел вучняў у Саюзе моладзі, а гэта дзяўчына і чатыры скінхэды адмаўляліся. Нарэшце, двух "скіноў" з чатырох классны кіраўнік уламала. Праўда, тыя хлопцы працягвалі ўдзел у сваіх каляфутбольных акцыях.

Я б можа і не асабліва паверыў у гэта, калі б не аналагічны выпадак у БНТУ ў 2010-х. Адзін былы студэнт гэтай вну падзяліўся тым, што дэканат у жаданні дабіцца 100% членства студэнтаў у БРСМ спрабаваў напалохаць усіх, хто не жадаў далучацца да гэтай арганізацыі. Напрыклад, гэтага хлопца гразіліся выклікаць да дэкана за такую адмову. Але насамрэч яму нічога за гэта не было, і ён скончыў сваю вну з выдатнымі адзнакамі. Сакратаром ячэйкі БРСМ на патоку гэтых студэнтаў быў прызначаны даволі адыёзны юнак, які адкрыта трымаўся неанацысцкіх поглядаў і пэўны час нават вітаў выкладчыкаў гітлераўскім салютам.

Адна жанчына сярэдняга ўзросту так казала мне пра свой удзел у БРСМ:
– Мы з мужам там былі пакуль вучыліся. Мне падабалася, што нам давалі навагоднія падарункі. Калі мы скончылі вучыцца, я пайшла працаваць. Але цяпер я толькі плаціла ўзнёскі і нічога не атрымоўвала наўзаем. Тады я напісала заяву і пакінула БРСМ.

Так атрымалася, што толькі аднойчы я сустрэў шчырага ўдзельніка гэтага руху. Калі я праводзіў на пэўным экзамене бліц-апытанне і, сярод іншага, запытаўся ў студэнта ці з'яўляецца ён членам БРСМ, ён адказаў, што ён і яго школьны таварыш былі адзінымі з іх класа, хто вырашыў далучыцца да БРСМ, негледзячы на кпіны аднакласнікаў...

Рэпост прапановы групы Facebook "Барысаў Маладзёжны"

Узор афіцыйнай заявы аб далучэнні да БРСМ. Цікавае вылучыў: 1) неабходнасць азнаёміцца са Статутам арганізацыі і 2) небаходнасць мець рэкамендацыі. Не думаю, што гэта і іншыя працэдурныя кампаненты заўсёды назіраюцца пры далучэнні новых членаў Саюза.

Заключэнне
Усё гэта я напісаў не для таго, каб сапсаваць свята тым, хто любіць камсамол. У адрозненні ад маіх многіх знаёмых па сацыяльных сетках, я лічу, што нельга абмяжоўваць свабоду чалавека святкаваць хоць-якія юбілеі. І, паколькі, я трымаюся палітычнага нейтралітэту, я не лічу камсамольцаў і камуністаў сваімі ворагамі.

Таксама я не лічу парушэннем правоў навучэнцаў іх завабліванне на патрыятычныя і посткамуністычныя мерапрыемствы за дазвол прагуляць заняткі. Каюся, я сам аднойчы сабраў групу студэнтаў-культуролагаў БДУ са сваёй пары, каб разам схадзіць на адкрытую лекцыю па сучаснаму французскаму мастацтву на французскай мове ў тым жа будынку, дзе мы вучыліся, хоць мы не мелі дачынення да лекцыі, ні пара наша не была звязана з вывучэннем французскай мовы. Адукацыя не заўжды бывае на лекцыях і практычных занятках. Таму для кагосьці сустрэчы з ветэранамі камсамолу могуць быць працягам адукацыі замест нецікавай лекцыі.

З другога боку, любыя формы ціску на чалавека ў пытаннях палітычнай прыналежнасці толькі ствараюць сітуацыі, падобныя тым, што я апісаў вышэй.

Р.S. Ужо пасля напісання гэтага паста апынуўся ў камічнай сітуацыі. Мне паставілі пару ў вну ў маленькім памяшканні, дзе знаходзіўся штаб БРСМ. Потым высветлілася, што гэта была памылка і мы са студэнтамі пасмяяліся, што нас спрабавалі загнаць у БРСМ :)

P.P.S. У 2021 г. заўважыў некалькі сітуацый якія могуць быць працягам тэмы.

1) У сувязі з пратэстамі ў жніўні-лістападзе 2020 г.  некаторыя прыхільнікі дзеючай улады пачалі крытыкаваць БРСМ за бяздзейнасць у пікавы час пратэстаў.

Вось прыклад таму. Жанчына, якая у Тэлеграм-канале "Зачислено", створаным як антыпод пратэстнага канала "Отчислено", выражала сімпатыю і падтрымку Лукашэнке, адначасова жорстка крытыкуе БРСМ. Падобную крытыку выражалі і пэўныя праўладныя блогеры.

Дарэчы, гэта жанчына "не памятала пазіцыю БРСМ у жніўні 2020 г.", а тая пазіцыя была наступнай:

... адным словам "мы за мірны дыялог".

2) Аднойчы на вуліцы давялося ісці адным напрамкам з групай маладых студэнтаў і чуць іх размову, перасыпаную рогатам:
-- Эй, я, между прочим, секретарь БРСМ! -- кажа дзяўчына. У адказ -- рогат кампаніі.
-- Надо БРСМ поднять с колен. Актив испарился. -- кажуць у адказ некалькі хлопцаў.
-- Это тебе надо проставлять за работу? -- пытаецца адзін хлопец у другога.
-- Да, ведь я предстаю перед "глас Бога" -- адказвае той...

P.P.P.S. У 2023 г. нейрасетка распавяла мне добры анекдот пра гэту арганізацыю:

2018, 2021, 2023 гг.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...