Працягваю тэму сталічнай урбаністыкі, якую падымаў тут і тут. На гэты раз звярну ўвагу на некаторыя маленькія вуліцы ў цэнтры горада і на перыферыі.
Палявая вуліца
Гэта вуліца перясякае вул. Маякоўскага ў раёне скрыжавання з Дзянісаўскай і будынка адміністрацыі Ленінскага раёна.
Абноўлены школьны стадыён СШ № 55. Памятаю часы, калі ў 2000-я яго яшчэ можна было бачыць з тэрыторыі былога Яўрэйскага ўніверсітэта на Маякоўскага 96. Цяпер гэта месца выглядае куды больш прывабна, чым сціплы постсавецкі школьны стадыён.Дом 25А, які схаваўся за будынкам адміністрацыі Ленінскага раёна. Забудова маласямейнага тыпу на 8 кватэр. Цяпер як мінімум частка з іх выкуплена пад офісы.
А дом 25 выглядае ўжо больш сучасна. Адметнасцю яго архітэктуры з'яўляюцца паўкруглыя балконы.
А на другім баку ракі бачна сядзібная забудова за Галоўнай мінскай веладарожкай. Гэта рог вуліц Маласерабранскай і Крайняй.
Фота А. Берастоўскага. Чэрвень 2023 г.
Вуліца Ісая Казінца
На гэтай вуліцы мне часцей за ўсё даводзілася бываць у 2-х лакацыях: Зала Царства Сведкаў Іеговы ў бізнес-цэнтры "Гермес" (д. 11А) і аддзяленне па грамадзянству і міграцыі Кастрычніцкага раёна Мінска (д. 60). Таму па матывах вядомай песні пра Адэсу, я вам не скажу за ўсю вуліцу Казінца ))), але нешта адметнае я сфоткаў.
Дом 1 адметны спалучэннем старых і сучасных форм ваконных рам і мемарыяльнай дошкай у памяць І. Казінца
Дом 29 кінуўся мне ў вочы не толькі крыху нестандартнай архітэктурай знешняй сцяны і балконаў, але і прыкольным двухмоўем "Мясной дзяржавы" ад суседняга мясакамбіната: большасць назваў на беларускай над вокнамі і на рускай на вокнах дублюць адно аднаго, але "сасіскі" і "пельмени" -- гэта незвычайны рэкламны ход ;)
Жылы дом 21 так прыцягнуў маю ўвагу сваімі архітэктурнымі адметнасцямі, што сабраў 6 фотак з розных ракурсаў...
Дом 15 таксама ўяўляе сабой "маласямейку", як і іншыя суседнія дамы, але ён адметны абшыўкай сайдынгам і глухім акном на гарышчы.
У д. 13 барачнага тыпу акрамя сайдынгу цікавая канструкцыя балконаў адкрытага тыпу. Гэтым ён таксама вылучаецца з іншых "маласямеек" ускрайку "Курасоўшчыны 4".
Фота А. Берастоўскага. Кастрычнік 2022 г. і май 2023 г.
Ускраіны Камароўкі
У чатырохкутніку паміж вул. Коласа, Сурганава, Куйбышава і Харужай, частка якога вядома як Камароўка, ёсць некалькі невялікіх вуліц і завулкаў, вартых увагі даследчыкаў.
Беламорская вуліца і завулак Якуба Коласа
А д. 4А ужо ўяўляе сабой сучасны шматкватэрны дом, пабудаваны таварыствам уласнікаў і абнесены агароджай. Таксама кідаецца ў вочы наяўнасць дарожных знакаў пры сціплай шырыні вуліцы.
Беламорская крыху падымаецца ўгару на сваім шляху ў бок скрыжавання з завулкам Я. Коласа
Каля Беламорскай 8 знаходзіцца крэатыўная інсталяцыя з веласіпедам і мурал на сцяне студыі прыгажосці "Pozzitiff"
Чым бліжэй да скрыжавання з коласаўскім завулкам, тым больш на вуліцы машын і людзей. На даляглядзе бачны самы высокі будынак гэтага квартала. А забодова за калючым дротам -- гэта РУУС Савецкага раёна па Беламорскай 10.
Там далей па вуліцы яшчэ адна славутасць: дом 15 альбо СШ 76, да якой я не дабраўся з камерай, але як раз у гэты час школа стала крыніцай каламбура "Мікалай Чэргінец адкрыў музей Мікалая Чэргінца ў школе імя Мікалая Чэргінца". Але гэты каламбур праўдзівы толькі часткова.
Цнянская вуліца і крыху Кульман
Адна з камароўсіх славутасцяў -- помнік савецкім падпольшчыкам на пачатку вул. Кульман: на гэтым месцы (вул. Выдавецкая) ў 1942 г. была падпольная тыпаграфія газеты "Звязда" (фота зроблена ў лістападзе 2023 г).
Цнянская вуліца паступова аддзяляецца ад вуліцы Кульман і ідзе ўбок паварочваючы ў напрамку вуліцы Сурганава, да якой яна даходзіць не перасякаючыся з праезнай часткай.
У пачатку Цнянскай ёсць некалькі 5-павярховых хрушчовак са слядамі архітэктурна-будаўнічага свавольства жыхароў: дабудаваныя балконы з кладоўкамі ці залапленая абшыўка сцен, ці падпоркі пад балконам, які магчыма чымсьці абцяжараны...
Нешырокая праезная частка вуліцы нагадвае словы Мікалая Чаргінца ў яго міліцэйскім дэтэктыве "За секунду до выстрела": " Хто ведаў старую Цнянскую вуліцу, той пэўна памятае, што яна была нешырокай" (Николай Чергинец. За секунду до выстрела. Минск: Мастацкая літаратура", 1983, с.238) Магчыма, гэта амаль адзіны напамін пра сядзібную забудову гэтай вуліцы ў пасляваенным Мінску. На ўзгорку стаіць дзіцячы сад, а па другі бок дарогі -- жылы дом.
Як і на суседняй Беламорскай вуліцы тут невялікая шырыня праезнай часткі кампенсуецца вялікай колькасцю дарожных знакаў.
Комплекс на Цнянскай 12 уяўляе сабой спалучэнне адміністратыўнага будынка і інтэрната. У вочы кінуўся цікавы варыянт спалучэння аварыйнага выхаду і балконаў
Скрыжаванне з 2-й шостай лініяй уяўляе сабой цікавае спалучэнне 2-павярховай тэхнічнай забудовы і на фоне хмарачосаў Беламорскай і будынку студэнцкай паліклінікі.
Від на выезд у бок Сурганава. Раней Цнянская вуліца была часткай Усходняй вуліцы. Цяпер яна не перасякае праезную частку вуліцы Сурганава на скрыжаванні з Усходняй.
Фота А. Берастоўскага. Май-чэрвень 2023 г.
Бібліятэчная і Ламаносава
Самая кароткая вуліца беларускай сталіцы -- Бібліятэчная, злучае вуліцы Някрасава і Ламаносава.
Адзіны дом вуліцы мае №49, што нагадвае пра былую даўжыню Бібліятэчнай, якая даходзіла да вуліцы Бялінскага. Бібліятэкі ў гэтым доме няма, наколькі мне вядома :)