29.06.2024

Вуліцы Мінска. Здымкі на бегу. Частка 4

 Працягваю тэму вуліц Мінска, якія мне даводзілася наведаць па справах. (Раней былі часткі 1, 2 і 3). У гэты раз, як і раней, вуліцы будуць у розных раёнах беларускай сталіцы.

Дамброўская: такая дзелавая

Пачатак вуліцы ад скрыжавання з вул. Прытыцкага і станцыі метро "Кунцаўшчына". Магчыма, у вочы кідаецца вялікая колькасць прыпаркаваных машын. Многае на гэтай вуліцы звязана з аўтамабілямі.

Запраўка, першы аб'ект вуліцы аддзяляе ад суседняй вул. Ляшчынскага, дзе больш жылых дамоў і прыгожыя муралы. На фоне суседкі, "Дамброўка" выглядае крыху панура.

Аўтацэнтр "Атлант М". Дарэчы, фірма даволі старая, яшчэ ў 90-х была ў тэлерэкламе.

Па правы бок вуліцы (калі стаяць спіной да Прытыцкага) комплекс заводскіх будынкаў. І яшчэ адна рэалія постсавецкіх часоў: на тэрыторыі многіх заводаў памяшканні актыўна здаюцца ў арэнду пад справы далёкія ад вытворчасці. Клубы, кафэ, спартыўныя секцыі. Бістро на гэтым фота -- не вылкючэнне. Дарэчы раней у гэтым комплексе праходзілі заняткі 2 недзяржаўных ВНУ і дзенічае клуб "Рэ:паблік".

Уздоўж заводскага комплекса растуць дрэвы, рэдкія для такіх вуліц.


Бізнес-цэнтр "Скай Таўэрз", дзе пабудавалі 2 вежы-блізняты і пачалі 3-ю, мабыць, самае вядомае месца "Дамброўкі".

Толькі знак "Саступі дарогу" каля выезду з пляцоўкі бізнес-цэнтра паставілі ў бок пешаходаў і веласіпедыстаў. Спадзяюся, праблем гэта нікому не стварае...

Часам на дарозе яблыку няма дзе ўпасці...

Там, дзе шмат аўтамайстэрняў, можна сустрэць і пункты здачы металалому. Дарэчы гэта добра не толькі для асацыяльных элементаў наваколля і пытанняў ашчаднага стаўлення для рэсурсаў, але і для саміх аўтамайстроў ці аўтамабілістаў, бо ім так зручней пазбаўляцца старых дэталяў пасля рамонту.

Здаецца, гэта лужына так доўга не перасыхае, што народ пратаптаў вакол яе сцежку :)

Сцяна яшчэ аднаго завода і від на дамы вул. Матусевіча

"Дзякуючы" вандалам ужо не даведацца што можа адбыцца "пакідаючы аўтамабіль"

Уважлівы чытач мог заўважыць, што, акрамя машын, вуліца стала прытулкам для электрасамакатаў. Супрацоўнікі фірм і заводаў прыязжаюць не толькі на аўто і грамадскім транспрарце, але і на такіх самакатах.

Вуліца Берута: цудоўная мова і незвычайная архітэктура

Гэта вуліца звязвае паміж сабой Харкаўскую і Кальварыйскую, а яе дамы цягнуцца ўглыб квартала ў бок праспекта Пушкіна. 

У гэты раз я пачынаю агляд вуліцы з канца, а не з пачатку. Гэты дом знаходзіцца на скрыжаванні Харкаўскай і Берута, крыху далей ад самой вуліцы. Ён цікавы сваім афармленнем і функцыяналам. Як многія "брэжнеўкі" Мінска, дом перажыў капітальны рамонт, што бачна па афарбоўцы сцен і балконаў. А вось першы паверх амаль поўнасцю аддадзены пад дзелавую інфраструктуру: некалькі магазінаў і банк.

На фоне "Табакеркі" дом 15/2 з нестандартным афармленнем фасада.



Дом 22/1 стаў месцам, дзе беларуская мова ўпрыгожыла не толькі цэтлікі кнігарні, але і рэкламу тавараў для дому і стаматалогію "Шык-Дэнталь". Рэспект!

Спарткомплекс...
... а за ім яшчэ адзін дом нестандартнай архітэктуры


Дом 14 захаваў сляды барацьбы палітычных графіці

А адразу за ім каля школы паркоўку абсталявалі зарадкамі для электрамабіляў.


Вось такі парадокс: вуліца названа ў гонар Баляслава Берута, а яе галоўны будынак - бізнес-цэнтр "Пушкінскі". Мабыць суседні праспект адыграў для назвы больш значную ролю.

СШ 127 даволі аптымістычна афарбавана

Бліжэй да скрыжавання з вул. Прытыцкага можа ўбачыць такі прыкольны шынамантаж з інсталяцыяй з колаў. За гэтай аўтапляцоўкай знаходзяцца Кальварыйскія могілкі. Яшчэ адна дэталь: Кальварыйскія могілкі знаходзяцца на пэўным узвышшы, і вуліца Берута знаходзіцца ў нізіне адносна іх.

Від у бок Прытыцкага. Самы каляровы дом у канцы -- гэта ўжо сама вуліца Прытыцкага.

Від з вул. Прытыцкага на вул. Берута.

Скрыганава: маленькая, але цікавая

Гэта вуліца звязвае Кальварыйскую і Бірузова. Яе няцотны бок пераважна аддазены жылой забудове, а цотны займае дзелавая інфраструктура.

Від у бок скрыжавання з вул. Бірузова.


Цэтлікі дамоў аформлены крэатыўна.

Паступова жылая забудова "ўцяпляецца" і мяняе знешні від. Таксама, як і на іншых маленькіх вуліцах Мінска, тут многія паркуюць машыны ўздоўж дамоў.

Фота атрымалася крыху сімвалічным: у доме 4 апроч іншых арганізацый знаходзіцца Следчы камітэт, а сзаду бачны адзін з хмарачосаў жылога комплекса "Каскад", пабудаванага на месцы знесенай у 2000-х гг. папраўчай калоніі №1, і там падчас пратэстаў 2020 г. была так званая "Плошча сцяга" (па аналогіі з Плошчай дзяржаўнага сцяга), бо паміж хмарачосамі доўга вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Вось такое суседства...

Вуліца невялікая, але з добра аформленымі дарожнымі знакамі і разметкай. Таксама бачны пераход паміж тратуарам і праезнай часткай без бардзюра, які стварае бесперашкоднае асяроддзе для людзей з абмежавнымі магчымасцямі, веласіпедыстаў і мам з дзіцячымі каляскамі :)

Кватэры на першых паверхах патроху выкупаюць пад бізнес, але гэта тэндэнцыя тут пакуль не такая моцная, як, маўляў на вул. Серафімовіча.

Дом на фота знаходзіцца на рагу вуліц Скраганава і Кальварыйскай. Ён ужо трапляў пад маю ўвагу з боку свайго асноўнага адраса, але цікава яго афармленне і з боку Скрыганава.

І ў гэтым доме кінуўся ў вочы "лайфхак" з выкарыстаннем газет замест штор. Магчыма, гэта звязана з рамонтнымі работамі ў кватэры, а можа былі іншыя прычыны так завесіць вокны першага паверха.


Працяг будзе

Таксама: Раней і цяпер: у імгненні кадраў

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...