07.02.2024

Мінскія школы: цікавосткі, традыцыі, незвычайнасці

 

Мінскія школы, якіх больш за 220, маюць свае таямніцы, цікавосткі, традыцыі і іншае, што можа прыцягнуць увагу даследчыка горада. Напрыклад, дом на Папаніна 7, які пабудавалі яшчэ ў 1949 г., некалі быў школай (цяпер там БТІ)...

У гэтым паведамленні хачу звярнуць увагу на некалькі выпадкаў незвычайных традыцый ці фактаў звязаных з пэўнымі школамі Мінска.

СШ 35 імя Азізава (вул. Азізава, 6): традыцыя дарыць кнігу

На адным з букросінгаў мне патрапіла ў рукі кніга з незвычайны надпісам





Судзячы па надпісу і ўклееным артыкуле з "Вячэрняга Мінску", у 1960-70-х гг у гэтай школе існавала традыцыя перадачы кнігі ад выпускніка першакласніку, які павінен быў яе захаваць і перадаць наступнаму першакласніку. Вядома імя толькі аднаго з удзельнікаў традыцыі: Паўла Парфенава, які атрымаў кнігу 24 мая 1969 г. і перадаў яе як выпускнік першакласніку 25 мая 1978 г. Больш ніякай інфармацыі пра гэту традыцыю мне пакуль невядома.

СШ 15 (вул. Якубава 12): штогадовыя сустрэчы выпускнікоў

Партал "Анлайнер" нядаўна апублікаваў артыкул пра выпускнікоў 10 "А" 1982 года, якія штогод сустракаюцца ў пачатку лютага. Хоць гэта традыцыя хутчэй не школьная, а датычная пэўнага дружнага класа, яна вылучае і саму школу. Сапраўды, большасць выпускнікоў збіраецца разам толькі па круглых датах: 5, 10, 20, 25 год выпуску. А гэтая школьная кампанія збіраецца штогод ужо 42 гады запар, чым робіць рэкорд. Падрабязнасці можна знайсці ў рэпартажы "Анлайнера" па спасылцы вышэй.

Гімназія 15 (вул. Багдановіча, 84): мазаіка пад штукатуркай

У 1973г. адну са сцен СШ 130 упрыгожылі мазаікай.

Лічыцца, што мазаіка была прысвечана тэме касмічных палётаў.

У 2022 г. мазаіку на сцяне гімназіі 15 (так называлася СШ 130 з 1999 г.) замазалі штукатуркай з-за адсутнасцю гістарычнай значнасці манументальнага твору. Пра гэту сітуацыю таксама пісаў "Анлайнер". Трэба зазначыць, што ў той год было замазана шмат мінскіх муралаў, якія не палічылі значнымі мясцовыя ўлады.

СШ 76 і 153: школы імя жывых людзей

Традыцыя называць аб'екты ў гонар жывых людзей існавала ў сталінскі час, але пазней змянілася традыцыяй даваць імя аб'ектам толькі ў гонар мёртвых у якасці пашаны памяці. Так шматлікія школы Беларусі ўвогуле і Мінска ў прыватнасці атрымалі назву імя кагосьці выбітнога з мінулага. Назваць школу ў гонар жывога героя лічылася нясціплым.

Аднак 2020 г і 2020-я гг. паказалі, што адносіны грамадства да назвы аб'ектаў у гонар жывых людзей змяніліся: у 2020 г. сярод нефармальных назваў і мянушак бульвараў, плошчаў і сквераў былі і дадзеныя ў гонар некалькіх жывых удзельнікаў пратэстаў (бульвар Ціханоўскай, сквер Ніны Багінскай, плошча Калеснікавай).

Не дзіва, што гэта закранула і афіцыйныя назвы. Так 21 кастрычніка 2022 г. СШ 153 (Пляханава, 70) была названа ў гонар паралімпійца Аляксея Талая.


А.К. Талай на фоне піянерскай дружыны і школьнай адміністрацыі на галоўнай старонцы сайта школы.

А ў мінулым годзе ў байнеце гуляў каламбур: "Мікалай Чэргінец адкрыў музеі Мікалая Чэргінца ў школе імя Мікалая Чэргінца".

Насамрэч сітуацыя была крыху іншай. У канцы 2022 г. сталічныя ўлады прынялі рашэнне назваць СШ 76 (Беламорская, 15) ў гонар пісьменніка М. Чэргінца, дзяцінства якога прайшло ў раёне гэтай вуліцы.


Аднак на сайце школы няма інфармацыі аб яе назве ў гонар жывога пісьменніка. Толькі паведамленне пра адкрыццё музейнай экспазіцыі ў яго гонар і з яго ўдзелам 29.04.2023, пра што ёсць артыкул з ілюстрацыямі на sb.by. Верагодней за ўсё школа афіцыйна атрымае назву імя Чэргінца толькі пасля смерці пісьменніка, таму каламбур не зусім адпавядае рэчаіснасці. Тым не менш, наяўнасць школы Талая гаворыць, што ўстановы адукацыі (а можа і вуліцы, паркі і г.д.) могуць далей называць у гонар жывых, а не толькі мёртвых.

Калі я пісаў пра школы імя Талая і Чэргінца, я не ведаў, што Палац барацьбы імя Мядзведзя, заснаваны ў 2012 г., таксама названы ў гонар жывога на той момант чалавека. Таму раблю выснову, што называць аб'екты архітэктуры ў гонар жывых герояў, -- рэдкая, але ўсё ж існуючая з'ява, якая не мае, верагодна, дачынення да палітыкі.

Магчыма, я знайду яшчэ якія небудзь цікавосткі мінскіх школ, таму стаўлю ...

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...