07.01.2022

2000-я гады: час лічбавых тэхналогій, грамадства спажывання і маёй маладосці

 

У мінулым годзе я зрабіў невялікі агляд 2010-х у Беларусі. А цяпер час "збіраць каменні" часоў 2000-х і іх  ролі ў свеце, у Беларусі і ў маім жыцці.

У Беларусі і за яе межамі


2000-я сталі часам уваходжання лічбавых тэхналогій у паўсядзённае жыццё ва ўсім свеце. Была створана аперацыйная сістэма Windows XP, якая абслугоўвалася кампаніяй Microsoft амаль да нядаўняга часу. Зручнасць "вінды" і наяўнасць пошукавых сістэм стварала ўсё больш цікаўнасць да віртуальнага свету, усё больш сем'яў куплялі камп'ютар і самыя розныя аб'яднанні людзей пацягнуліся ў Сеціва. Спачатку людзі абменьваліся думкамі на чатах адмысловых сайтаў, праз e-mail i ICQ, а з 2006 года з'явіліся сацыяльныя сеткі Аднакласнікі і Укантакце, якія сталі моцнымі канкурэнтамі ў рунеце і байнеце Твітэру і Фейсбуку.

Не кожны ведае, што ў Беларусі была (і ёсць) свая сацыяльная сетка vseti.by, якая дзейнічала ў 2008-14 гг. і адрадзілася ў 2022 г.

Але інфармацыю людзі па-ранейшаму "спажывалі" пераважна з тэлебачання і газет, ва ўсялякім выпадку ў Беларусі. Таксама ў гэты перыяд было адчуванне нейкага панавання расійскіх СМІ ў РБ, пэўны пералом адбыўся ўжо ў наступнае дзясяцігоддзе, калі вырасла постсавецкае пакаленне. У прынцыпе, тады Расія выглядала цывілізацыяй ў параўнанні з нашай Сінявокай: і больш развітая эканамічна і тэхналагічна і больш павагі да правоў чалавека. У 2010-я падчас лібералізацыі грамадскага жыцця ў РБ і закручвання гаек у РФ больш цывілізаванай некаторым расіянам здавалася менавіта Беларусь...


У гэты час на былой савецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, сфарміравалася грамадства спажывання: тавараў стала шмат, і ў людзей з'явіліся грошы, каб іх купіць. Праўда, ў Сінявокай гэтыя грошы пакутавалі ад гіперінфляцыі. Цікава, што пасля дэнамінацыі 2000 года, планавалі ўвесці новыя грошы ў 2009 г., але віток інфляцыі прымусіў адкласці іх увядзенне да 2016 г. У гэты ж час пайшло масавае распаўсюдженне зарплатных картак і мабільных тэлефонаў, якія яшчэ зрабілі свой унёсак у будучыню.

Гэта быў час знікненняў і пачынанняў. У 2004 г. зачынілі такія паспяховыя прыватныя вну як ЕГУ і БКІК, а ў 2005 г. заклалі Парк высокіх тэхналогій, які зрабіў РБ "Ай-Ці краінай", і ў 2006 пабудавалі новы комплекс Нацыянальнай бібліятэкі і пачалі даўгабуд Усіхсвяцкай царквы.

У 2006 г. з'явілася тэндэнцыя прысвячаць кожны год у Беларусі пэўнай тэме. 2006 г. стаў годам мацярынства, 2007 - год дзіцяці, 2008 - год здароўя, 2009 - год роднай зямлі, 2010 - год якасці, 2011 - год прадпрымальнасці, 2012 - год кнігі, 2013 - год беражлівасці, 2014 - год гасціннасці, 2015 - год моладзі, 2016 - год культуры, 2017 - год навукі, 2018-20 - год малой радзімы тры гады запар, 2021 - год народнага адзінства, 2022 - год гістарычнай памяці і 2023 - год міру і стварэння, 2024 - год якасці. 

Яшчэ гэта быў час трох прэзідэнцкіх выбарчых кампаній (2001, 2006 і 2010) і першай спробы правесці дзень народнага адзінства ў 2007 г. А ў 2009 РБ перажыла спачатку нашэсце зялёных сумак, а потым свіны грып.


20 лютага 2002 г. на Алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці зборная па хакеі Беларусі перамагла зборную Швецыі. Гэта ўспрымалася многімі беларусамі тады як нацыянальная перамога. Памятаю, што я тады не глядзеў гэту гульню,а  наступным ранкам мяне павіншаваў з перамогай мой аднакурснік па БДПУ і вельмі здзівіўся, што я не глядзеў матч. Скрыншот ТГ-канала Backtobelarus.

Крыху вышэй я пісаў пра панаванне расійскай забаўляльнай культуры, але ў пачатку 2000-х на беларускую мову быў агучаны мульцік "Марсупілані" і ён меў сваю фан-зону сярод беларускіх гледачоў.

Таксама ў скончылася эпоха амерыканскіх серыялаў на ТБ, бо ў Расіі наладзілі вытворчасць сваіх. Самымі папулярнымі серыялам 2000-х, верагодна, сталі фільмы "Салдаты" і "Не нарадзіся прыгожай".


А 25 чэрвеня 2002 года на месцы 1-га канала расійскага ТБ з'явіўся беларускі тэлеканал АНТ (Агульнанацыянальнае тэлебачанне) які пад лозунгам "Не вместо, а вместе" стаў паступова выцясняць расійскі інфармацыйны кантэнт беларускім. У той жа час з'явіліся і іншыя тэлеканалы "імпартазамяшчэння", напрыклад НТБ-Беларусь. Скрыншот ТГ-канала Backtobelarus.

Крыніца: avtocar.su

У 2004 г. былі ўведзены ў карыстанне сучасныя аўтамабільныя нумары Беларусі з дзяленнем на 7 рэгіёнаў (1- Брэсцкая вобласць, 2 -- Віцебская вобл., 3 -- Гомельская вобл., 4 -- Гродненская вобл., 5 -- Мінская вобл., 6 -- Магілёўская вобл., 7 -- Мінск) У 2007 г. да гэтай класіфікацыі дадалі 0 рэгіён для машын Мінабароны, Пагранічнага камітэту і Ўнутраных войскаў МУС.

12 жніўня 2004 г. пачаў працаваць беларускі дамен Вікіпедыі, а 27 сакавіка 2007 года яго раздзялілі на два: Вікіпедыя ("наркамаўкай") і Вікіпэдыя ("тарашкевіцай"). Цяпер у першай больш за 244 тыс артыкулаў, а ў другой 87 тыс.

1 ліпеня 2003 г. палажэннем Міністэрства інфармацыі РБ была ўведзена 50% квота на выкананне беларускай музыкі ў радыёэфіры, а 1 студзеня 2005 г. яе павялічылі да 75%. Гэта палажэнне, хоць і было паслаблена з цягам часу, спрыяла развіццю беларускага шоу-бізнеса, бо гаворка ішла пра раскрутку беларускіх выканаўцаў, незалежна ад таго на якой мове песня і ў якім жанры музыка. Час паказаў, што гэты пратэкцыянізм апраўдаў сябе, хоць і рашэнне не было папулярным.

Такі папулярны цяпер аксэсуар як вільготныя сурвэткі "раскруціўся не па-дзіцячы" у былым СССР менавіта з 2008 г., хоць распрацавалі гэты прадукт яшчэ ў 1970-х і першыя такія сурвэткі з'явіліся ў 90-я. Спачатку не ўсе ведалі пра стыкер-накрыўку зверху і некаторыя адразалі бакавы край і потым па меры падсыхання сурвэтак змочвалі іх вадой. Фота А. Берастоўскага

І нарэшцэ як раз у 2002 г. Беларусь адмовілася ад 5-бальнай сістэмы адзнак на карысць больш дакладнай 10-бальнай.

Таксама пачатак 2000-х стаў часам адыходу ад класічнай снежнай зімы. У лютым 2002 г. я нават быў сведкам навальніцы ў Мінску.

У маім жыцці

Для мяне 2000-я пачаліся стратамі. У 2001 г. памерла мая цёця, а ў 2003 г. бабуля (пра іх я пісаў пад тэгам Піянзіны). У 2002 г. скончылася маё навучанне ў БДПУ і пачалося жыццё настаўніка

(фота з майго сямейнага архіва)

А ў 2004 г. я ажаніўся на прыгожай дзяўчыне, з якой мы разам ідзем па жыцці ўжо амаль 18 год і гадуем двух цудоўных хлопцаў. Таксама з жонкай мы паспелі пабываць у розных раёнах Крыма і ў далёкім замежжы да таго як ў 2009 г. сталі бацькамі. Стаць мужам і бацькам лёгка, захаваць сям'ю цяжка. Кім бы я ні быў у жыцці для іншых людзей, пэўна, галоўным здабыткам таго часу для мяне стала тое, што атрымалася застацца мужам для каханай жанчыны і татам для сваіх сыноў...

Усе ілюстрацыі і фотаздымкі, калі не пазначана інакш, узятыя з выкладзенных ў інтэрнэце ў свабодны доступ матэрыялаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...