27.11.2024

Беларусь у палоне хай-тэка: працяг тэмы

 Час паказаў, што тэма, пра якую я пісаў амаль 10 год таму, мае свой працяг у бягучым дзясяцігоддзі. Звернем увагу на некалькі тэндэнцый у сферы тэхналогій, якія зрабілі 2020-я гг. непадобнымі на папярэднія.

Касы і тэрміналы самаабслугоўвання

Хтосьці можа казаць, што банкаўскія інфакіёскі з'явіліся ў Беларусі хутка пасля банкаматаў, ды і самі банкаматы давалі магчымасць разгрузіць супрацоўнікаў банкаў і пошты. Можна згадаць і пра паркоўкі самабслугоўвання 2010-х і іншы хай-тэк, які выконвае працу за жывых людзей. Але менавіта ў 2020-х гг. магазіны пачалі актыўна ставіць шалі самаабслугоўвання і касы самаабслугоўвання. Калі спачатку гэта было толькі ў буйных магазінах і толькі для пакупнікоў з плацёжнымі карткамі або прыкладаннем "Аплаці", то неўзабаве нават пакупнікі з наяўнымі грошамі атрымалі магчымасць не стаяць у чарзе да жывога касіра.

Каса самабслугоўвання ў "Кароне" (Мінск, пр. Незалежнасці, 154) прымае манеты і банкноты, а не толькі карткі і мабільныя прыкладанні. Ліпень 2024 г.

Паштамат самабслугоўвання на Ложынскай вуліцы ў Мінску. Люты 2024 г.

Капіравальна-друкавальны апарат самаабслугоўвання ў БДУІР. Фота 2021 г.

Апарат па продажу квіткоў на цягнік ля вакзала "Мінск-Пасажырскі" прымае і карткі, і наяўныя. Фота 2021 г.

Апарат па продажы аптэчных безрэцэптурных тавараў у будынку вакзала "Мінск-Пасажырскі". Фота 2022 г.

Кавярня самаабслугоўвання ў БДУІР. Здымак зроблены ў лістападзе 2024 г.

Апарат па продажу кантактных лінз у будынку магазіна "Санта". Мінск, пр. Газеты Праўда, 20. ЛІстапад 2024 г.

Ужо сустракаў думкі ў публіцыстыцы, што прафесія прадаўца ідзе да знікнення, але пакуль ў Мінску ёсць толькі адзін магазін самаабслугоўвання, і там працуюць аператары, каб сачыць за парадкам і дапамагаць пакупнікам пры збоях на касе. Таму пакуль можна гаворыць пра скарачэнне попыту на жывых прадаўцоў і частковую замену іх машынамі.

Бум мабільных прыкладанняў


Мабільныя прыкладанні для iOS i Android пачалі распаўсюджвацца разам са смартфонамі. Але менавіта ў 2020 г. набылі рэкордную папулярнасць прыкладанні Zoom i Telegram, створаныя яшчэ ў 2013 г. Пандэмія COVID-19 падштурхнула развіццё ў галіне дыстанцынага навучання і аддаленай працы, а гэта азначала рост выкарыстання мабільнымі прыкладаннямі для відэаканферэнцый і ўвогуле іншых прыкладанняў.

Таксама мабільныя прыкладанні далі штуршок для развіцця каршэрынга і кікшэрынга: праз адмысловае прыкладанне на смартфоне чалавек можа ўзяць на карыстанне самакат або арэндаваць аўтамабіль, нават грузавы. Прыкладанні паслуг таксі YandexGo i Uber злучаюць паміж сабой таксістаў і пасажыраў, пры гэтым кампанія выступае ў касці пасрэдніка. Прыкладанні дапамагаюць вучыць замежныя мовы і перакладаць з іх інфармацыю (але я па-ранейшаму лічу, што жывых прафесіяналаў яшчэ  яны не заменяць, як я і пісаў тут). Гэта толькі пара прыкладаў, дзе прыкладанні могуць аблегчыць чалавеку жыццё.

Магчыма, галоўная перавага прыкладанняў над сайтамі ў магчымасці працаваць без доступу да сеціва ў шэрагу выпадкаў. Калі чалавек карыстаецца сайтам анлайн біблітэкі кніг і відэаматэрылаў, яму патрэбны браўзер і доступ у інтэрнэт, але калі гэты чалавек спампаваў сабе ўсё, што трэба праз мабільнае прыкладанне той жа біблітэкі, то перабоі з інтэрнэтам у некі час збой на сайце ці, у некаторых выпадках, блакіроўка сайта не будуць замінаць доступ да матэрылаў у аўтаномным рэжыме.

У сучасных беларускіх рэаліях ёсць нюансы, якія абмяжоўваюць магчымасці мабільных прыкладанняў. Некаторыя плацёжныя прыкладанні для смарт-гадзіннікаў ці прывзаныя да міжнародных картак не працуюць па прычыне эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь. А з 1 лістапада змяненні ў нерэгулярных перавозках (у тым ліку таксі) ускладніла працу праз мабільныя прыкладанні для тых, хто не можа ці не хоча працаваць па новых правілах для такіх перавозак.

Надпіс на аптэчнай вітрыне: "аплата праз тэлефон ці смарт-гадзіннік немагчыма". Май 2024 г.

Штучны інтэлект

Яшчэ адна вобласць развіцця тэхналогій у апошні час - гэта нейрасеткі і штучны інтэлект, пра што я коратка пісаў раней. З дапамогай гэтых тэхналогі можна пісаць апавяданні, складаць тэсты па замежнай мове, маляваць ілюстрацыі, карыстацца галасавымі памочнікамі і нават ствараць праграмнае забспечанне. Паколькі я ў гэтай галіне не спецыяліст, і карыстаўся гэтымі дасягненнямі нешмат, пакуль прамаўчу і буду назіраць за развіццём гэтага віду тэхналогій. Зазначу толькі, што людзей яны пакуль не заменяць па якасці працы, толькі  па аб'ёмах яе...

20.10.2024

Другое жыццё мінскіх будынкаў

 Тэма, безумоўна, можа ахапіць тысячы прыкладаў, бо жыццё ў беларускай сталіцы ідзе сваім тэмпам і будынкі мяняюць сваіх гаспадароў і прызначэнне, як школа, ператвораная ў бюрю тэхнічнай інвентарызацыі на вул. Папаніна, або шэраг дзіцячых садоў, змяніўшых прафесію. Але пакуль у мяне толькі некалькі прыкладаў.

Петруся Броўкі, 1: праз 90 год жыццё толькі пачынаецца...

Гэты дом на рагу вул. П. Броўкі і праспекта Незалежнасці доўгі час адносіўся да 1-й бальніцы горада. Тут былі адмінстратыўныя памяшканні, потым амбулаторыя. Але апошнія гады было уражанне, што будынак закінуты і не выкарыстоўваецца.

У 2023 г. пачалася маштабная рэканструкцыя будынка. На фота бачна як у чэрвені мянялі дах і ўнутраныя канструкцыі.

На аналагічным фота ў сакавіку 2024 г. бачна, што будынак рэканструіравалі, а прылеглую тэрыторыю аддзялілі ад бальніцы, плот якой перанеслі бліжэй да бальнічных будынкаў.


12 верасня 2024 г. у дом 1 на Броўкі ўрачыста пераехаў "Мінгаз". Цяпер абноўленым 90-гадовым будынкам будуць карыстацца газаўшчыкі сталіцы, і пры гэтым будынак не значна змяніўся знешне, калі не лічыць перафарбаваных сцен. Нават вокны зроблены пад "старыну" і агароджа на даху палепшана.

Пр. Незалежнасці 134: ад "Магніта Мінска" да "1-га нацыянальнага гандлёвага дому"


Забудова гандлёвага цэнтра на тэрыторыі будучага "Маяка Мінска" пачалася яшчэ ў 2009 г. А на гэтых фота бачна, што атрымалася ў 2013 г. з праектуемага будынку "Магніт Мінска". Потым будынак паспелі зашкліць у большай часцы, на чым праект і спыніўся на некалькі год. Фота здымаліся ў сувязі з такой тэмай.

У 2023 г. праект змяніў канцэпцыю і назву: цяпер гэта быў ужо не толькі бізнес-цэнтр, але і жылы дом для супрацоўнікаў сілавых структур. Вітрыннае шкло знялі і замянілі на тыпавыя вокны для жылых дамоў.

У канцы 2023 г. у будынку урачыста адкрылі новы гандлёвы цэнтр пад назвай "Першы нацыянальны гандлёвы дом". Адзін мой знаёмы выпадкова патрапіў туды і атаварыўся недарагімі прадуктамі харчавання, бо яго прынялі за прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, якія наведвалі месца з праверкай перад тым, як "1-ы нацыянальны" адчыніў дзверы шырокай публіцы. Калі прадаўшчыцы зразумелі, што мой знаёмы не той, за каго яны яго прынялі, то параілі яму ціха пакінуць будынак з пакункамі, што ён і зрабіў.



"1-ы нацыянальны" у першыя тыдні сваёй працы. Студзень 2024 г.

А гэта ўжо сярэдзіна сакавіка 2024 г.

У канцы сакавіка 2024 г. мне давялося з сынамі пабачыць яго ўнутры.

Уваход у падземны паверх з боку вул. Кірылы Тураўскага

На калідоры падземнага паверха

Схема распалажэння памяшканняў па паверхах


Вось такая столя ў гэтым бізнес-цэнтры

Асаблівасцю "Першага нацыянальнага" з'яўляецца спроба зрабіць гандлёвы цэнтр выключна для беларускіх тавараў. Можа гэта смела, можа наіўна, але з квотай на беларускую музыку на радыё гэта ў свой час спрацавала.


Магазіны беларускіх брэндаў

За кожнай з 6 абласцей замацаваны пэўны сектар будынка


Яшчэ не ўсе павільёны распачалі працу



Па аналогіі з суседнім ГЦ "Дана Мол" на 3-м паверху ў Брэсцкім сектары арганізавалі фуд-корт з рэстаранамі і кафэ беларускай кухні.

Дары Мазыра не даюць дарма, толькі прадаюць...

Беларускія "лега"
Мабыць, больш за ўсё ўвагі прыцягнула крама "Белтэлекама". Там прадаюць электроніку, пераважна смартфоны, планшэты, ноўтбукі і тэлевізары, таксама і іншую тэхніку, але амаль усе іх тавары па зразумелых прычынах не беларускага паходжання. Магчыма з гэтай прычыны на экранах тэлевізараў там паказвалі патрыятычныя застаўкі.

Каля ўваходу на 1-ы паверх "Першага" можна сустрэць такую спецурну для батарэек, што добра для навакольнага асяроддзя

Від з уваходу на 1-ы паверх на "Маяк Мінска" і "Усход-1"

Від адтуль жа на вуліцу Каліноўскага. У кадр патрапіў і падземны пераход праз праспект усяго толькі ў 100 метрах ад месцах, дзе раней быў надземны пераход.

Мабыць, я надаў ужо непрапарцыянальна шмат увагі новаму бізнес-цэнтру, але яшчэ ўзнікла тэма сектара "Дзяржпаслугі" ў гэтым будынку. Мне спатрэбілася атрымаць даведку для сына, якую раней давалі ў ЖЭСе, і вось што атрымалася

Знайсці на 2-м паверсе паварот на калідор, які вядзе ў "Дзяржпасугі", быў квестам для мяне. На той момант я быў хворы, і мне гэты квест даўся з цяжкасцю. Я шукаў разлікова-даведачны цэнтр (РДЦ), куды мяне не вельмі ветліва адфутболілі па тэлефоне з ЖЭСа, патрапіў у аднайменны цэнтр "Мінскэнерга" і там мне ветліва паказалі шлях у "Дзяржпаслугі".


Ёсць яшчэ такі паказальнік на слупе, можа і не адзін, але гэта для самых назіральных. Ёсць і схема будынка на тым жа паверсе, але яна мне не вельмі дапамагла, бо там не паказана, дзе я знаходжуся.


Многія паказальнікі "Дзяржпаслуг" аформлены на беларускай мове, што цудоўна!



Унутры некалькі залаў, дзе праз электронную чаргу (з выдачай талонаў на рэсэпшэне, а не праз інфакіёскі!) жыхары Першамайскага раёна атрымліваюць паслугі, якія раней рабілі у РДЦ пры ЖЭСах.


Чакаць там можа быць і доўга. Я чакаў сваю чаргу каля гадзіны. Мабыць таму у кожнай зале ёсць такія столікі для дзяцей і маляванкі, каб наведвальнікі з дзецьмі не так сумавалі. Ёсць і кулер з гарачай і халоднай вадой.


Туалет для наведвальнікаў агульны "жаноча-мужчынскі", там ёсць папера і сушылка для рук, але пакуль няма мыла.

Дарэчы, я сваю чаргу прапусціў, але мяне абслугавалі па-за чаргой, выдача даведкі заняла некалькі хвілін. Такім чынам, у мяне змешаныя пачуцці ад гэтага месца ў бізнес-цэнтры.

Велазаводская 3: Следчы камітэт у былым самым жаночым царстве СНД

1 лютага 2018 г. я пабываў на месцы знаходжання былога прыватнага інстытута "Энвіла", які знаходзіўся у 2-павярховым доме па Велазаводскай, 3. Тады атрымалася зрабіць шэраг сталкерскіх фота закінутага з другой паловы 2012 г. будынка.


На першы погляд здаецца, што будынак зарос дрэвамі, але на відэаархівах першай паловы 2012 г. гэтыя дрэвы былі. Такім чынам, за дрэвамі проста не даглядалі каля 5 год.

З тылу будынка сцены распісаны графіці, вокны пабіты...

Па стане на 2023 г. будынак адрэстаўравалі і туды пераехаў Следчы камітэт Партызанскага раёна Мінска.

Так выглядае ўваход у будынак згодна картам Яндэкс у цёплы сезон 2023 года. Дрэў стала менш (зніклі ялінкі), але ўчастак выглядае добра дагледжаным. Калючы дрот па перыметры плота таксама зразумелы, бо новыя супрацоўнікі тут маюць справу не толькі з інтэлігентнымі дзяўчатамі. Галоўнае будынак менавіта адрэстаўравалі, далі яму другое жыццё, а ва ўмовах, калі ў горадзе пастанна нешта зносяць і будуюць, рэстаўрацыя дапамагае захаваць стары Мінск у новым :)

Гл. таксама:

Новы будынак 9-й дзіцячай паліклінікі на Даўгабродскай

Раней і цяпер

Раней і цяпер: у імгненні кадраў

Калі не пазначана інакш, фота зроблены А. Берастоўскім

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...