Показаны сообщения с ярлыком Вуліцы Мінска. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Вуліцы Мінска. Показать все сообщения

30.03.2026

Вуліцы (не) ў гонар чалавека

 У рамках мінскай урбаністыкі вырашыў зрабіць пост пра некалькі вуліц ды іншых элементаў дарожнай сеткі, якія названы не ў гонар чалавека, хоць і здаецца наадварот.

Казіміраўская і Лідская вуліцы (а таксама крыху парка Уга Чавеса)

Невялікая па працягласці Казіміраўская вуліца ў мінскім жылым раёне Каменная Горка названа не ў гонар нейкага Казіміра, а ў памяць вёскі Казіміраўка, якую паглянула беларуская сталіца. Зразумела, што сама вёска відавочна названа ў імя чалавека :)

Як бачым на першым фота, забудова вуліцы сучасная, шматпавярховая і пачынаецца крыху далей ад яе скрыжавання з вуліцамі Матусевіча і Кунцаўшчына.

Сярод адметнасцяў Казіміраўскай можна назваць гімназію №43 (пазначаную на картах Яндэкс як СШ № 2 г. Мінска)...

... і мясцовы шматфункцыянальны гандлёвы цэнтр.

За кадрамі засталіся спартыўны цэнтр "Мандарын", што знаходзіцца за гэтым цэнтрам па другі бок ад Нёманскай вуліцы і паркінг ля скрыжавання Казіміраўскай і Каменагорскай вуліц.


Парк Уга Часвеса крыху не ў тэму паста, але ён аддзяляе Казіміраўскую ад Лідскай (на даляглядзе) і 
Цікавы элемент парку -- Алея герояў, дзе на стэндах тлумачацца ў гонар якіх герояў Вялікай Айчыннай вайны названы пэўныя вуліцы і праспекты Фрунзенскага раёна горада.

Цяпер крыху накідаў Лідскай вуліцы. Мяркую, што ўсе мае чытачы разумеюць, што вуліца названа ў гонар г. Ліда на захадзе Беларусі. А сам горад Ліда названы ў гонар нейкай дзяўчыны? Найбольш верагодна, што не. Самая папулярная версія: старажытны горад мае балцкую назву ад слоў laidas (склізкі, гладкі) або lydas (поле на месцы высечанага лесу). Ёсць версія пра паходжанне ад гоцкага слова lied (песня). Урэшце, некаторыя даследчыкі выступаюць за версію з жаночым імём, напрыклад, хрысціянскім імём адной з дачок князя Гедыміна.

Вышынкі жылой забудовы Лідскай вуліцы. Цікавае аздабленне дахаў.

У дамах-слупках таксама цікавае размяшчэнне балконаў: справа ад фасада, пачынаючы ад 7 ці 8 паверха ўгару.
Магазін "Марцін" адносіцца да вуліцы Калеснікава, ад скрыжавання з якой пачынаецца Лідская, а белы слупок з цёмнымі палоскамі -- гэта першы дом Лідскай вуліцы: дом № 2.

Паколькі я не праводзіў на Лідскай плённай урбаністычнай фотасэсіі, то за кадрам засталася як мінімум адна мясцовая славутасць: праваслаўны храм Мікалая Японскага. Дарэчы, сам гэты храм у вочы не кідаецца як элемент царкоўнай архітэктуры, і выглядае хутчэй як невялікі рэстаранчык з двускатным дахам.

Здымкі А. Берастоўскага 10-11.02.2026

Каралінскія тапонімы

Каралінская вуліца і Каралінскі праезд у Маскоўскім раёне Мінска названы ў гонар фальварка Каралін (другая назва фальварка і вёскі -- Брылевічы -- замацавалася з жылым раёнам і могілкамі). У сваю чаргу зніклы фальварак быў названы жаночым імём.


Крыху сучаснай жылой тыпавой урбаністыкі на цотным баку Каралінскай вуліцы. На даляглядзе будуецца яшчэ адзін дом-слупок.

На няцотным баку можна заўважыць храмавы комплекс: царква Кірыла і Марыі Раданежскіх і царква Сергія Раданежскага.

А за скрыжаваннем гэтай вуліцы і безыменным праездам можна пабачыць дзелавую і бытавую інфраструктуру няцотнага боку Каралінскай, дзе знаходзяцца СШ № 9, паліклініка № 39 і нават KFC.

Каралінскі праезд даў крыху больш фотаздымкаў, але ўсе будынкі, што ідуць уздоўж самога праезду, адносяцца да суседніх вуліц.

Дом правасуддзя (вул. Сямашкі 33). Месца, дзе знаходзяцца суды трох сталічных раёнаў: Кастрычніцкага, Ленінскага і Партызанскага. Парадокс у тым, што сам будынак знаходзіцца ў Маскоўскім раёне горада.

Гэты інтэрнат адносіцца да маладой Студэнцкай вёскі і вуліцы Сямашкі.

Так сціпла ў пачатку вясны выглядае Студэнцкі парк, які аддзяляе Каралінскі праезд ад аднайменнай вуліцы. За голымі дрэвамі можна разглядзець раку Лошыцу.

У бок скрыжавання Каралінскага праезду з вуліцай Чурлёніса.

За гэтым уездам на паркінг хаваюцца дамы 1 і 5, якія адносяцца да Каралінскага праезду адрасам і звязаны з падрыхтоўкай юных фігурыстаў. Вежападобныя архітэктурныя формы адносяцца да інтэрнатаў Студэнцкай вёскі з адрасамі па вул. Чурлёніса і пр. Дзяржынскага.

Від у бок скрыжавання праезду з вул. Сямашкі. На левым баку інтэрнат медуніверсітэта. А прама па курсу -- вясна наступае ператварае снег у вясёлыя ручайкі.

Здымкі А. Берастоўскага 05.03.2026

30.12.2025

Вуліцы Мінска, назвы якіх звязаны не з тым, што многія думаюць. Частка 3

 У гэтай частцы гаворка пойдзе пра яшчэ адзін кластэр вуліц, завулкаў і праездаў з асаблівымі назвамі: Арцёма і Брацкі. Першапачатова думаў дапісаць у гэты пост, але на месцы зрабіў больш за 70 фотак і вырашыў даць іх асобным пастом.

Вуліца, 1-ы завулак і 1-ы праезд Арцёма ў Паўночным пасёлку Заводскага раёна Мінска названы не ў гонар імя ці прозвішча, а ў гонар чалавека, якога насамрэч звалі Фёдар Андрэевіч Сяргееў, бальшавіка, які дзейнічаў пад псеўданімам "таварыш Арцём" і загінуў падчас катстрофы аэравагона ў 1921 г. Брацкі завулак не звязаны з брацтвам народаў, пралетарыяў ці нават рэлігійным брацтвам (хоць у дарэвалюцыйным Мінску існаваў такі завулак у гонар рэлігійнага братэрства ў раёне цяперашняга рэстарана "Журавінка"). У Паўночным пасёлку вуліцы называлі ў гонар гарадоў Сібіры, таму і Брацкі завулак славіць горад Брацк.

Здымкі рабіліся ў лістападзе 2025 г., у сезон дажджоў і бруду, вясной-летам гэты раён выглядае весялей і прыгажэй, але нават не ў самым прывабным выглядзе гэта частка Паўночнага пасёлка мае свой шарм, і, як цяпер модна казаць, свой вайб.

Вуліца Арцёма

Школа 172 на скрыжаванні вуліц Арцёма і Ахоцкай. На гэтым скрыжаванні пачынаецца вул. Арцёма
Няцотны бок Арцёма цягнецца ўдалячынь

Тут жа ля скрыжавання ляжыць кінуты шэрынгавы самакат, яшчэ адна рэалія сучаснага Мінска

Цотны бок вул. Арцёма спалучае сядзібную і шматпавярховую архітэктуру

Такі цікавы вадасток. На фота нябачна, як ён арашае расліннасць асфальта.

Калонка ў прыватным сектары - неад'емная частка жыцця :)

Там, дзе вёска сустрэлася з горадам 


Прыгожы дзіцячы сад № 477

Філіял бібліятэкі № 13, прапісаны па вул. Сечанава, але ўваход з вул. Арцёма

Сквер "Лужок"



Наколькі мне вядома гэты сквер адносна малады і заснаваны на месцы былой сметніцы. Звычайна скверы ствараюць у раёнах шчыльнай высокапавярховай, а не сядзібнай забудовы, таму рашэнне разбіць тут сквер гэта вялікі плюс для жыхароў і гасцей мясцовасці з акцэнтам на сямейным адпачынку.

"Лужок" і дзіцячы сад глядзяць адзін на аднаго як добрыя суседзі.

Брацкі завулак


Брацкі завулак перасякае вуліцу Арцёма, агінае "Лужок"...

... і ідзе далей да вуліцы Чакаліна на другім канцы "Лужка".

Від з Брацкага завулка на закругленне вуліцы Арцёма побач з "Лужком". У кадр патрапіла вышка сотавай сувязі і нават край вельмі нядрэннай паркоўкі каля "Лужка".

Далей па вуліцы Арцёма



Рухаюся ў бок скрыжавання вуліцы Арцёма з Ангарскай - адной з галоўных вуліц Паўночнага пасёлка.



2025 г. быў аб'яўлены годам добраўпарадкавання, таму ў Мінску (і іншых гарадах Беларусі) можна сустрэць мноства участкаў, дзе вядуцца земляныя работы.



Самакаты на скрыжаванні з Ангарскай


І паўсферы супраць паркоўкі машын заклікаюць берагчы прыроду.



Вул. Арцёма ідзе далей да наступнага цікавага скрыжавання

1-ы завулак Арцёма і 1-ы праезд Арцёма

На гэтым скрыжаванні сустрэліся 3 "Арцёмы": вуліца (прама), 1-ы завулак (злева) і 1-ы праезд (справа). Нумар 1 на завулку і праездзе нагадваюць, што былі і іншыя "Арцёмы". Даведнік па вуліцах Мінска выдання 1981 г. пазначае наяўнасць 4-га праезда Арцёма, але на Гугл і Яндэкс картах ніякіх іншых завулкаў і праездаў імя расійскага рэвалюцынера знайсці ўжо нельга

1-ы завулак Арцёма ідзе ад скрыжавання з аднайменнай вуліцай прама да агароджанай паркоўкі і направа паралельна вул. Арцёма.

Дом на рагу двух "Арцёмаў": вуліцы і завулка.

А гэта ўжо 1-ы праезд Арцёма з боку аднайменнай вуліцы

І яшчэ адзін дом на рагу двух "Арцёмаў"

Турнік не вытрымаў асілка :)


Густ у кожнага чалавека свой, але 1-ы праезд мне здаецца самым утульным з усіх трох "Арцёмаў", мабыць таму, што ён схаваўся ў закутку прывтнага сектара, і тут больш адчування агульнай суседскай прасторы, чым на вуліцы і завулку, дзе больш бывае чужых людзей.

Праход у бок Ангарскай паміж дамамі

У доме відавочна 2 сям'і, раз тут кватэры 1 і 2.

Від на праезд з боку вул. Пажарскага.

Зноў па вуліцы Арцёма

Далей па цотным баку ў бок вуліцы Герасімені ідзе гаражны кааператыў "Гудок".

А няцотны бок вуліцы застаецца за сядзібнай забудовай.




Катэджы сусдствуюць з закінутымі участкамі.


А ў жыхароў гэтага дома добрае пачуццё гумару :)

Па вуліцы Арцёма курсіруюць аўтобусы 22-га маршруту. На даляглядзе бачны дамы вул. Герасіменкі.
Так выглядае вул. Арцёма з боку Герасіменкі


Паркоўка дома 47 - свайго кшталту музей аўтамабіляў.

А сам дом цікавы не толькі нестандартным архітэктурным афармленнем сцен і балконаў, але і тым, што пакуль гэта адзіны шматкватэрны дом па няцотным баку вуліцы Арцёма.

За гэтай дзіцячай пляцоўкай дома 47 хаваецца праход на другі канец 1-га завулка Арцёма.

Зноў на 1-ы завулак Арцёма

Вось паварот на 1-ы завулак Арцёма



Дом сціплай архітэктуры, але з відэаназіраннем. Дух часу 2020-х гг., можна сказаць.

А спадарожнікавая антэна, прыкмета прэстыжу часоў 90-х гг., наколькі ведаю, дапамагае лавіць інтэрнэт, а не толькі тэлеканалы.
Яркія фарбы...

... і крэатыўная інсталяцыя.

Там завулак дзеліцца на некалькі дарог.


Гэтыя штукі з каменнямі паставілі, мабыць, каб ніхто тут машыны не паркаваў. Творчыя людзі!

Від назад у бок дома 47

Від у бок парковак на суседняй вуліцы

А гэты бок глядзіць на вуліцу і праезд "таварыша Арцёма", дзе я ўжо быў. Тут і завяршаю сваю вандроўку.

Калі не пазначана інакш, фотаграфіі зроблены А. Берастоўскім у лістападзе 2025 г.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць