Я не магу даць адказ наколькі лепш стала жыццё ў Беларусі, пачынаючы з 90-х да сённяшняга часу дзякуючы высокім тэхналогіям. У кожнай справы ёсць адмоўныя і станоўчыя бакі, і цяжка вызначыць які фактар -- станоўчы ці адмоўны стане галоўным праз некаторы час. Але мае сэнс зрабіць некаторыя нататкі па некалькім момантам развіцця тэхналогій, якія ўжо робяцца часткай найноўшай гісторыі Беларусі.
Плаці карткай
Фота ілюстратыўнае. Крыніца тут.
Плацёжныя карткі з'явіліся ў Беларусі ў 1995 г., але сваю першую картку я атрымаў, калі вучыўся ва ўніверсітэце. Не памятаю ці быў гэта 2000 ці 2001 г. Памятаю, што за карткай, якую цэнтралізавана выдавалі студэнтам-стыпендыянтам, стаяў доўгую чаргу, прыкладна дзве гадзіны. Гэта была картка Беларусбанка.
Тады узровень інфляцыі дазваляў здымаць у банкамаце менш за 5000 руб. Цяпер ніжні ліміт -- 50 тыс. руб. Інфакіёскаў яшчэ доўга не было і банкаматы былі толькі ля банкаўскіх аддзяленняў. Але ўжо з анцівандальнымі экранамі.
Калі я пачаў працаваць у 2002 г., афармленне карткі было справай на аматара, які не жадаў стаяць у чарзе за зарплатай. Так было і ў 2004 г., калі я пачаў працаваць у БДУ. Але ў 2008 г., калі я прыйшоў працаваць у мінскую гімназію №25, гэта было ўжо абавязкова. Можа не столькі абавязкова, але ўсе пытанні з настаўнікамі вырашаліся ў форме загадаў. Праўда я не бачыў у гэтым праблемы. Памятаю некалькі выпадкаў сутыкнення з асобамі, якія адмаўляліся ад плацёжных картак, таму што лічылі іх сродкам кантролю над імі з боку Д'ябла. Я так не лічу, але наяўнасць такой думкі ў грамадстве дае магчымасць беларусам сапраўды навучыцца быць талерантнымі.
Зараз у мяне 5 рабочых картак з 4 розных банкаў. Не, я не міліянер (у Беларусі ўсе міліянеры, бо мінімальная зарплата больш за 1 млн руб), проста па ходу сваёй дзейнасці па навучанню англійскай мове я супрацоўнічаў з рознымі арганізацыямі і сабраў калекцыю плацёжных картак.
Акрамя мабільнага і інтэрнэт банкінга беларусы выкарыстоўваюць карткі розным чынам. Самае простае выкарыстанне ў тэхнфобаў: зняць усе наяўныя грошы, атрыманныя як зарплата, пенсія ці ганарар. Самае незвычайнае ўжыванне карткі пра якое я чуў, калі адзін мужчына друкаваў чэк за чэкам у інфакіёску, каб выкарыстаць іх замест туалетнай паперы.
Мабільнікі
Адна з першых рэкламных аб'яў сотавай сувязі. Крыніца ілюстрацыі тут.
7 мая 1993 года ў Беларусь прыйшла сотавая сувязь тэхналогіі NMT-450. 1-я станцыі былі на Залатой горцы, і ў мікрараёнах Захад, Зялёны Луг і Серабранка. Аператар гэтага стандарта, "БелСел", дзейнічаў у Беларусі да 2014 г. А 16 красавіка 1999 у Беларусі з'явіўся першы аператар мабільнай сувязі стандарта GSM: Velcom (пазней пераназваны ў А1).
Так выглядаў лагатып "Вэлкома" у першыя гады існавання кампаніі.
Першыя "вэлкомаўскія" мабільнікі з'явіліся у 2-х маіх аднагрупнікаў у 2000 г. Да гэтага мабільнікамі карысталіся пераважна чыноўнікі і багацеі. Памятаю, як яны весела званілі на парах і хлопцы з важным відам выходзілі з аўдыторыі і імкнуліся казаць "Алё" яшчэ перад тым як яе пакінуць. Памятаю, як падчас лекцыі пра тэму кахання на занятку па англійскай літаратуры ў аднаго з іх зайграла монафанічная мелодыя з песні Лаліты і Сашы "Ты отказала мне два раза" і ўся наша група палягла з рогату. Але гэта быў яшчэ час сканвордаў і плэераў і мабільнікі і пейджэры насілі больш для форсу, чым для ўжывання.
Калі я купіў свой першы тэлэфон у лістападзе 2004 г., аператар МТС патрабаваў абавязковы дэпазіт ў памеры 70000 руб на абаненцкі рахунак. Праз пару год я купіў сім-карту Вэлком у дадатак і дэпазіт быў ўжо 3000 руб. А яшчэ праз некалькі год мне далі дзве "сімкі" аператара "Лайф" за "дзякуй" падчас акцыі ў супермаркеце.
Мае тэлефоны пераважна простыя і функцыянальныя. Толькі жонка мае смартфон. Але бачу як нават людзі ва ўзросце, з прыкметамі тэхнафобіі набываюць "крутыя" тэлефоны і смартфоны (звычайна з дапамогай дарослых дзяцей) і ў некаторых выпадках паступова мяняюць сваё стаўленне да высокіх тэхналогій.
Цікава і што дзеці цяпер пачынаюць знаеміцца з высокімі тэхналогіямі з пялюшак. Мой малодшы сын, якому было крыху больш за 1 год пасля знаёмства з сэнсарным экранам тэлефона жонкі доўга торкаў палец у экран майго простага тэлефона пакуль не зразумеў ролю кнопак. Пазней ён гуляў з калькулятарам, як з тэлефонам.
Інтэрнэт кожнаму
Фота ілюстратыўнае, крыніца тут
Байнэт з'явіўся на свет 5 мая 1994 г., калі Беларусь атрымала свой дамен ў Сеціве, але Інтэрнэтам ужо карысталіся і да гэтага.
Прыкладна ў пачатку 2000-х гг. мае аднакурснікі пачалі паступова карыстацца Інтэрнэтам. Часта для гэтага трэба было ісці ў камп'ютарны клуб ці кібер-кафэ. У сярэдзіне 2000-х гг. у мяне жыў мой малодшы брат і я карыстаўся яго камп'ютарам з інтэрнэтам, які працаваў праз тэлефонны кабель. І аднойчы я забыў выключыць інтэрнэт, абрубіў у кватэры тэлэфонную сувязь і накруціў 10000 руб доўга брату. Ніхто не мог нічога зрабіць, бо мы з братам былі на рабоце і, акрамя нас, ніхто не мог яго адключыць.
Доўгі час я жыў катэгорыяй, што інтэрнэт павінен быць абмежаваны і трафік трэба эканоміць як ваду ці святло. Аднойчы, ў 2008 г., я нават так адключыў злучэнне ў адным кінутым без увагі камп'ютары, які атрымоўваў трафік праз арганізацыю. Праўда абыйшлося без наступстваў. Сітуацыя для мяне змянілася ў 2010 ці 2011 г. калі мы падключылі анлім. Цяпер у мяне ёсць 3G-мадэм, ёсць трафік у тэлефоне, ёсць Wi-Fi, і я бачу насколькі сярэднястатыстычны беларус стаў звязаны з Сецівам. Мы карыстаемся Інтэрнэтам, каб працаваць, знаходзіць даведачную інформацыю, глядзець тэлевізар, чытаць газеты, часопісы і кнігі, размаўляць па відэасувязі, слухаць музыку і радыё, пісаць лісты па электроннай пошце і праз сацыяльныя сеткі і паведамленні ў месенджарах. Мы адыходзім ад камп'ютара, каб узяць у рукі планшэт ці тэлефон. Памятаю, як чуў такую параду: камп'ютарам трэба карыстацца як пральнай машынай. Але гэта немагчыма. Пральная машына не будзе варыць табе каву, з дапамогай пральнай машыны ты не закажаш прадукты і не патэлефануеш сябру, жонцы, кліенту ці начальству. Таму безлімітны Інтэрнэт шмат зрабіў, каб многія беларусы сталі ад яго залежнымі, як эканамічна, так і псіхалагічна.
Але няма гора без дабра: Беларусь стала адной з краін, якая выпускае праграмістаў. Беларускія праграмісты сёння канкурыруюць з індыйскімі, але з апошніх лягчэй стварыць новую каманду, наколькі я ведаю ад спецыялістаў у гэтай галіне.
Віртуальныя казкі
Мае дзеці, 2 і 5 год, яшчэ не знаёмы з камп'ютарнымі гульнямі. Мы з жонкай рэдка гуляем самі. Старэйшы сын атрымаў планшэт пасля таго як навучыўся чытаць. Гэта была прынцыповая ўмова. І цяпер ён чытае з планшэта. Але я абяцаў спампаваць яму якую-небудзь гульню, пры ўмове карыстання ёй толькі ў рамках абмежаванага часу.
Ведаю выпадак, калі трохгадовае дзіця глядзела парнаграфічны ролік у тэлефоне свайго бацькі. Мы ужо усталявалі бацькоўскую блакіроўку непрыстойных сайтаў на галоўны камп'ютар, але да астатніх дэвайсаў яшчэ не дайшлі.
Яшчэ хачу зазначыць, што камп'ютар і Інтэрнэт дапамаглі вырашыць праблему беднай матэрыяльнай базы ў сістэме адукацыі. Раней была праблема дастаць касетны магнітафон ці "відак" на занятак і недахоп падручнікаў у вну. Цяпер, многае рашае ноўтбук ці планшэт настаўніка, тэлефоны навучэнцаў і віртуальныя дыскі.
Вялікі брат назірае за табой
Відэаназіранне прыйшло ў Беларусь разам з камп'ютарнымі тэхналогіямі ў 1990-х гг, але масавасць набыло са з'явай воблачных сховішчаў, якія дазвалялі захоўваць запісы з камер у воблачных серверах.
У многіх службах ёсць абавязковы аўдыязапіс размовы з кліентам і відэакамеры па перыметру памяшкання. Час ад часу гэта дапамагае затрымаць злачынчаў і хуліганаў. Але не трэба думаць што такім чынам магчыма рэалізаваць оруэлаўскі фантастычны таталітарны рэжым з поўным кантролем над жыццём асобы. Асноўная праблема ў тым, што тады трэба да кожнага грамадзяніна прыставіць 10 наглядачоў ды на кожнага наглядача паставіць яшчэ па аднаму. А пакуль 1-2 наглядача некалькі гадзін назіраюць за масай розных грамадзян, яны практычна няздольны кантраляваць дзеянні кожнага асобнага з іх.
Таксама рэгістратары ў машынах, камеры відэаназірання ў пад'ездах жылых дамоў і нават унутры жылля перасталі быць нейкімі дзіўнымі наваротамі для багацеяў. Так часам можна сустрэць камеру назірання нават у невялікіх пад'ездах сціплых жылых дамоў, пастаўленую самімі жыхарамі.
Матэрыял перапрацаваны ў 2024 г. Калі не пазначана інакш, здымкі і ілюстрацыі зроблены А. Берастоўскім. Крыніца першага ілюстратыўнага фота тут.
Працяг тэмы
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.