Працягваю тэму вуліц Мінска, якія мне даводзілася наведаць па справах. (Раней былі часткі 1, 2 і 3). У гэты раз, як і раней, вуліцы будуць у розных раёнах беларускай сталіцы.
Дамброўская: такая дзелавая
Пачатак вуліцы ад скрыжавання з вул. Прытыцкага і станцыі метро "Кунцаўшчына". Магчыма, у вочы кідаецца вялікая колькасць прыпаркаваных машын. Многае на гэтай вуліцы звязана з аўтамабілямі.Запраўка, першы аб'ект вуліцы аддзяляе ад суседняй вул. Ляшчынскага, дзе больш жылых дамоў і прыгожыя муралы. На фоне суседкі, "Дамброўка" выглядае крыху панура.
Аўтацэнтр "Атлант М". Дарэчы, фірма даволі старая, яшчэ ў 90-х была ў тэлерэкламе.Па правы бок вуліцы (калі стаяць спіной да Прытыцкага) комплекс заводскіх будынкаў. І яшчэ адна рэалія постсавецкіх часоў: на тэрыторыі многіх заводаў памяшканні актыўна здаюцца ў арэнду пад справы далёкія ад вытворчасці. Клубы, кафэ, спартыўныя секцыі. Бістро на гэтым фота -- не вылкючэнне. Дарэчы раней у гэтым комплексе праходзілі заняткі 2 недзяржаўных ВНУ і дзенічае клуб "Рэ:паблік".
Бізнес-цэнтр "Скай Таўэрз", дзе пабудавалі 2 вежы-блізняты і пачалі 3-ю, мабыць, самае вядомае месца "Дамброўкі".
Толькі знак "Саступі дарогу" каля выезду з пляцоўкі бізнес-цэнтра паставілі ў бок пешаходаў і веласіпедыстаў. Спадзяюся, праблем гэта нікому не стварае...
Там, дзе шмат аўтамайстэрняў, можна сустрэць і пункты здачы металалому. Дарэчы гэта добра не толькі для асацыяльных элементаў наваколля і пытанняў ашчаднага стаўлення для рэсурсаў, але і для саміх аўтамайстроў ці аўтамабілістаў, бо ім так зручней пазбаўляцца старых дэталяў пасля рамонту.
Уважлівы чытач мог заўважыць, што, акрамя машын, вуліца стала прытулкам для электрасамакатаў. Супрацоўнікі фірм і заводаў прыязжаюць не толькі на аўто і грамадскім транспрарце, але і на такіх самакатах.
Вуліца Берута: цудоўная мова і незвычайная архітэктура
Гэта вуліца звязвае паміж сабой Харкаўскую і Кальварыйскую, а яе дамы цягнуцца ўглыб квартала ў бок праспекта Пушкіна.
У гэты раз я пачынаю агляд вуліцы з канца, а не з пачатку. Гэты дом знаходзіцца на скрыжаванні Харкаўскай і Берута, крыху далей ад самой вуліцы. Ён цікавы сваім афармленнем і функцыяналам. Як многія "брэжнеўкі" Мінска, дом перажыў капітальны рамонт, што бачна па афарбоўцы сцен і балконаў. А вось першы паверх амаль поўнасцю аддадзены пад дзелавую інфраструктуру: некалькі магазінаў і банк.Дом 22/1 стаў месцам, дзе беларуская мова ўпрыгожыла не толькі цэтлікі кнігарні, але і рэкламу тавараў для дому і стаматалогію "Шык-Дэнталь". Рэспект!
Вось такі парадокс: вуліца названа ў гонар Баляслава Берута, а яе галоўны будынак - бізнес-цэнтр "Пушкінскі". Мабыць суседні праспект адыграў для назвы больш значную ролю.
Бліжэй да скрыжавання з вул. Прытыцкага можа ўбачыць такі прыкольны шынамантаж з інсталяцыяй з колаў. За гэтай аўтапляцоўкай знаходзяцца Кальварыйскія могілкі. Яшчэ адна дэталь: Кальварыйскія могілкі знаходзяцца на пэўным узвышшы, і вуліца Берута знаходзіцца ў нізіне адносна іх.
Від з вул. Прытыцкага на вул. Берута.
Скрыганава: маленькая, але цікавая
Гэта вуліца звязвае Кальварыйскую і Бірузова. Яе няцотны бок пераважна аддазены жылой забудове, а цотны займае дзелавая інфраструктура.
Від у бок скрыжавання з вул. Бірузова.Паступова жылая забудова "ўцяпляецца" і мяняе знешні від. Таксама, як і на іншых маленькіх вуліцах Мінска, тут многія паркуюць машыны ўздоўж дамоў.
Фота атрымалася крыху сімвалічным: у доме 4 апроч іншых арганізацый знаходзіцца Следчы камітэт, а сзаду бачны адзін з хмарачосаў жылога комплекса "Каскад", пабудаванага на месцы знесенай у 2000-х гг. папраўчай калоніі №1, і там падчас пратэстаў 2020 г. была так званая "Плошча сцяга" (па аналогіі з Плошчай дзяржаўнага сцяга), бо паміж хмарачосамі доўга вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Вось такое суседства...
Вуліца невялікая, але з добра аформленымі дарожнымі знакамі і разметкай. Таксама бачны пераход паміж тратуарам і праезнай часткай без бардзюра, які стварае бесперашкоднае асяроддзе для людзей з абмежавнымі магчымасцямі, веласіпедыстаў і мам з дзіцячымі каляскамі :)
Кватэры на першых паверхах патроху выкупаюць пад бізнес, але гэта тэндэнцыя тут пакуль не такая моцная, як, маўляў на вул. Серафімовіча.
Дом на фота знаходзіцца на рагу вуліц Скраганава і Кальварыйскай. Ён ужо трапляў пад маю ўвагу з боку свайго асноўнага адраса, але цікава яго афармленне і з боку Скрыганава.
І ў гэтым доме кінуўся ў вочы "лайфхак" з выкарыстаннем газет замест штор. Магчыма, гэта звязана з рамонтнымі работамі ў кватэры, а можа былі іншыя прычыны так завесіць вокны першага паверха.
Вуліца Авакяна
Гэту вуліцу ніяк не атрымоўвалася якасна сфатаграфаваць, але з усіх спроб набраліся кадры, якія я аб'яднаў у некалькі сэнсавых груп па архітэктурным прыкметам.
Дом 19 на рагу вул. Авакяна і Варанянскага мае нестандартныя архітэктурныя формы.
Гэты дом пад № 10 тэхнічна адносіцца да Варанянскага. З пункту гледжання архітэктуры здаецца нічога асаблівага, але мне ў вочы кінулася бяроза ў двары. Верагодна, гэта дрэва расце тут ўжо не адно дзясяцігоддзе і паступова раўняецца з новымі паверхамі дома...
А гэты дом ЖК "Ізумрудны" месціца па адрасе вул. Быхаўская, 35, але большая яго частка знаходзіцца на Авакяна. Ён таксама вылучаецца нестандартнай архітэктурай, як і Авакяна 19.
За скрыжаваннем з вул. Быхаўскай няцотны бок уяўляе сабой прыватны сектар, за якім бачны квартал "Мінск-Свет".
Побач з кінутымі (ці амаль закінутымі) дамамі нехта весела бавіў час і пакінуў аб сабе пляшкі з-пад гарэлкі ў напамін...
Дом 61 па вул. Авакяна з'яўляецца мясцовай славутасцю, бо тут жыў Герой Савецкага саюза лётчык-выпрабавальнік Казімір Шабан. Мяркую, што дзякуючы гэтаму дом захаваў аўтэнтычнасць, а вуліца -- свой прыватны сектар.
У канцы вуліцы перад кварталам "Мінск-Свет", дзе да 2018 года знаходзіўся стары аэрапорт, яшчэ адна калонка нагадвае шматпавярховаму новаму Мінску пра стары аднапавярховы :) (Фота за жнівень 2023 г.)
На цотным баку насупраць сядзібнай забудовы ёсць пару сваіх цікавостак. Адна з іх стык дамоў 34/3 і 38, які бачны па асаблівасцях колеру сцен дамоў і афармленню балконаў.
Уздоўж дома 34 разбіты прыгожыя клумбы з кветкамі, што робіць кантраст з неахайнай часткай прыватнага сектара на другім баку вуліцы, але тратуар выкананы ў форме сцежкі, дзе пешаходы і веласіпедысты рухаюцца па пратаптанай частцы...
У дварах цотнага боку вуліцы ёсць яшчэ свае цікавосткі, напрыклад будынак пракуратуры (дом 32), але мае здымкі рабіліся падчас паўсядзённай мітусні.
Фота А. Берастоўскага. Лета 2024 г., калі не пазначана інакш
Таксама: Раней і цяпер: у імгненні кадраў