19.05.2024

Раней і цяпер: у імгненні кадраў

 У мінулым паведамленні на гэту тэму я імкнуўся распавесці гісторыю кожнага аб'екта ці даць яму апісанне. У гэтым будзе пра перамены у маштабе імгненнасці (было-цяпер) з мінімумам апісанняў.

Калі ў 2022 г. я фоткаў "Грушаўскі пасад", мне здавалася, што ў кадр патрапіў прыгожы від будоўлі дома ў працэсе: злева яшчэ будуецца, пасярэдзіне дэкаруецца, а справа - ўсё гатова. І толькі потым я даведаўся, што гэта адзін са сталічных доўгабудаў, які толькі нядаўна зноў пачалі дабудоўваць.

Стэла ў ваенным гарадку Печы на маіх фота ў 2013 г. і ў 2015 г. Калі барацьба з бел-чырвона-белай сімволікай яшчэ не была "мейнстрымам" у Беларусі, чырвоную паласу на стэле ў ваенным гарадку замянілі цёмна-зялёнай. Ёсць інфармацыя, што пэўныя пенсіянеры ўбачылі ў гэтым крамолу, хоць сама стэла была пастаўлена яшчэ у савецкі час.

На Маскоўскай вуліцы ў Мінску захаваўся след надпісу "Добры друк" па-над аркай аднаго з дамоў на цотным баку бліжэй да маста, які звязвае гэту вуліцу з праспектам Незалежнасці.

А пад самім мастом паміж пр. Незалежнасці і вул. Маскоўскай быў мурал "Імгненнасць", які мне пашанцавала сфоткаць за некалькі месяцаў да поўнай ліквідацыі. Цяпер там бардова-карычневая сцяна.

Яшчэ прыклад з серыі "няма таго, што раньш было" знішчаныя надпісы беларускай ліцінкай на вуліцах Мінска. На фота: прыпынак "Чырвоная" ў маі і лістападзе 2023 г.

Ад санітайзера з антысептыкам, усталяванага ў "Дана Моле" вясной 2020 г. падчас пандэміі, засталіся дзіркі ў сцяне. З аднаго боку, пандэмія відавочна скончылася, з другога, хіба гэта раскоша мець магчымасць апрацаваць рукі антысептыкам у публічным месцы і варта вярнуцца да часоў, калі ў грамадскіх туалетах не было туалетнай паперы? Дарэчы, раней я сабраў падборку падобных слядоў ад таксафонаў :)

Магазін на вул. Каліноўскага 72 ў Мінску дзейнічаў пад рознымі назвамі: у 90-х гэта была "Закрама" з націскам на 2-і склад, потым "Багатая хата" ў першай палове дзясятых (тады і патрапіў пад мой аб'ектыў для паста пра беларускамоўныя цэтлікі), потым "Рублёўскі" і адпаведна "Санта" і ў цяперашнім дзясяцігоддзі "Суседзі". На рагу дома таксама мацаванні пад сцягі, але практыка трымаць дзяржаўны сцяг на магазінах пастаянна з'явілася толькі ў 2021 г.

Магчымы працяг тэмы

Другое жыццё мінскіх будынкаў

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...