Нечакана, гэты месяц стаў гарачым не толькі ў тым сэнсе, што традыцыйна ў верасні ў мяне больш працы і пачынаецца чарговы школьны сезон для маіх сыноў. У гэтым месяцы былі падзеі, якія вылучылі яго ў маім каляндары жыцця.
Верасень 2024 года стаў рэкордным па тэмпертуры паветра. Ніколі раней, паводле даступнай мне інфармацыі, восень не пачыналася ў канцы верасня.
Па прычыне сухога анамальна спякотнага надвор'я ў некаторых раёнах Беларусі гарэлі лясы і тарфянікі. У Мінску і Гомелі часам пахла гарэлым па гэтай прычыне. У краіне неаднаразова аб'яўлялі чырвоны ўзровень небяспекі.
З другога боку, было адчуванне, што лета падарыла яшчэ 1 месяц. Аднойчы, мне давялося збіраць вінаград на лецішчы цешчы ля Салігорска, і складалася ўражанне, што я знаходжуся дзесьці ў паўднёвай Украіне ці Малдове. А летнія дары, такія як кавун, былі ў продажы яшчэ ў пачатку кастрычніка, прычым на фоне дэпрэсіўнага, даждлівага і халоднага надвор'я.
Тым не менш, глабальнае пацяпленне і звязаныя з імі прыродныя анамаліі дабром для Беларусі не назавеш. Пабачым, як далей будзе развівацца восень, якая раптоўна прыйшла 29 верасня рэзкім пахаладаннем...
Мой аднакурснік атрымаў 4 гады за інтэрв'ю рэсурсу, прызнанаму экстрэмісцкім. Майго былога аднакурсніка гісторыка Ігара Мельнікава 13 верасня асудзілі на 4 гады калоніі за інтэрв'ю СМІ, якое пазней было аб'яўлена экстрэмісцкім у РБ, што кваліфікавалі як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Каментаваць нічога не буду, бо гэта не мае сэнсу. Калі ён быў на свабодзе, было з чым спрачацца, згаджацца і не згаджацца. Магчыма, у некаторым сэнсе я зайздросціў яго поспеху, хоць ніколі сабе ў гэтым не прызнаваўся. Цяпер проста шкада чалавека.
Дзень без аўтамабіля 22 верасня. Нярэдка, дзень без аўтамабіля прыпадаў на рабочыя дні і на мінскіх дарогах быў запаволены рух, бо шмат тых, хто яго ігнорыць і для каго магчымасць бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце з вадзіцельскім пасведчаннем і дакументамі на машыну, не варыянт. А паехаць на веласіпедзе на работу не кожны здолее. Але ў 2024 г. акцыя выпала на нядзелю і да вечара дарогі сталіцы былі куды свабодней, чым у іншыя дні.
Раней гэта акцыя мяне не асабліва датычылася, бо я не быў аўтамабілістам, але ў гэты раз я свядома скарыстаўся веласіпедам пры сваіх гаспадарчых паездках па вуліцах Мінска, а потым і проста пакатаўся на ім па горадзе. Увогуле, праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя аўтатранспартам я разумею і бачу, таму імкнуся мець нейкі баланс у карыстанні ўласнай машынай, грамадскім транспартам і веласіпедам. Хацелася, каб больш было людзей, якія таксама бачаць, што нешта могуць рабіць для экалогіі Беларусі.
Фота застаўкі ілюстратыўнае, крыніца фота тут.
Таксама:
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.