28.09.2024

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 4

 Працягваю раней паднятую тэму маіх кароткіх паездак па Беларусі (гл. таксама часткі 1, 2 і 3). У гэты раз гаворка пойдзе пра 2 маленькія гарады і адну вёску, якую некаторыя лічаць мікрараёнам беларускай сталіцы.

Мядзел

У пачатку жніўня я ездзіў з сям'ёй у Глыбоцкі раён на адпачынак у аграсядзібе. Перад тым як вярнуцца ў Мінск, мы вырашылі заехаць на новы пляж у Мядзел, што стала для мяне нагодай пафоткаць гэты гарадок там, дзе атрымалася.

Гасцініца "Мядзел" знаходзіцца недалёк ад гарадскога пляжа. Ззаду гэтай гасцініцы знаходзіцца раённы ЗАГС, што таксама характэрна для малых гарадоў: размяшчаць некалькі арганізацый у адным будынку.


Яшчэ адна адметнасць Набярэжнай вуліцы горада: Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, што не толькі добра для спорту ў 7-тысячным гарадку, але і яшчэ месца, дзе госці могуць прыпаркаваць машыну недалёк ад абноўленага пляжа.



Абноўлены пляж на беразе возера Мястра даволі добра падыходзіць да сямейнага адпачынку з дзецьмі. Вада чыстая, як і бераг, даволі доўга глыбіня невялікая і ёсць прыстасаванні для купання немаўлят і маленькіх дзяцей.


Тое, чаго не хапае беларускай сталіцы, зрабілі ў Мядзеле: душ для памыўкі пасля купання ў возеры. Ва ўсялякім разе можна адмыць ногі ад пяску...

... і  прыстасаванні з пітной вадой :)

У суседняй зялёнай зоне стаяць інсталяцыі з шахматнымі фігурамі

Яшчэ адна зручнасць: кабінкі для пераапранання зроблены асобна для мужчын і жанчын, што можа дапамачы пазбегнуць чэргаў і няёмкіх сітуацый.


Дзіцячая пляцоўка на пляжы ў форме карабля :)

Уздоўж пляжа стаяць такія крэатыўныя ліхтары, якія я сустракаў у некаторых іншых малых гарадах поўначы Беларусі.

Апошняя пляжная фотка: рамантычная бяседка на ўскраю пляжа, на фоне амаль надвячэрняга сонца.

Цяпер ужо больш урбаністыкі. Мне кінулася ў вочы, што ў Мядзеле хапае шматкватэрных дамоў з двускатнымі дахамі розных колераў: сіні ў раёне Набярэжнага завулка...

... бардовы дах у раёне Школьнай вуліцы...

... цёмна-зялёны ў раёне Заазёрнай вул.

Далей здымкі вуліц горада рабіў мой старэйшы сын Данііл, пакуль я кіраваў аўтамабілем у бок трасы на Мінск :)

Сядзібная забудова вул. Школьнай

Тамсама кампактныя сучасныя 5-павярховікі з добра арганізаванай паркоўкай у двары.


Рознакаляровыя балконы і раслінныя ўпрыгожванні на вул. Юбілейнай.

Пажаданне добрага шляху ад горада, заснаванага ў 1324 годзе :)

І прыкладна ў тым жа месцы, дзе Юбілейная вуліца становіцца трасай Р-28, мы ўбачылі інсталяцыю з дрэва, зробленую Юрасём Камандзірчыкам і пазней перафарбаваную, але кадр атрымаўся не вельмі ўдалы.

Так яна выглядала ў сваёй першай версіі з боку ўезда ў Мядзел.

За кадрам засталіся некаторыя мясцовыя славутасці, якія мы не мелі часу і магчымасці наведаць, напрыклад, мясцовы аўтавакзал, могілкі, раён райвыканкама... Таксама ў горадзе, як і ў многіх іншых гарадаў Заходняй Беларусі, ёсць вуліца 17 верасня, якой далі такую назву задоўга да тэндэнцый 2020-х гг. Яшчэ заўважыў, што падпітыя пешаходы могуць рухацца прама па праезнай частцы пры свабодным тратуары і не звяртаць увагі на машыны (мне прыйшлося такіх аб'ехаць у адным месцы). Але гэта можа быць як асаблівасць гарадоў з невялікай транспартнай загрузкай, так і проста неразумнымі паводзінамі двух п'яных індывідаў, якім ніхто ў горадзе не пераймае.

Ваўкавыск

У сярэдзіне верасня мы ездзілі ў Ваўкавыск у рамках наведвання кангрэса Сведкаў Іеговы, які не дазволілі правесці ў беларускай сталіцы. Тое, што мы ехалі цягніком і мелі сціслы графік, абмежавала нашыя магчымасці паглядзець горад, але некаторыя часткі горада я аглядзеў нядрэнна. Безумоўна, за кадрам засталіся вялікія пласты багатай гісторыі гэтага старажытнага горада.

Вакзал



Вакзал станцыі "Ваўкавыск-горад". У 41-тысячным горадзе гэта не адзіная чыгуначная станцыя.

Надпісы на вакзале прынцыпова аформлены на абедзвюх дзяржаўных мовах РБ, прыкладна як у цяперашнім Мінску.



У зале чакання вакзала ёсць тэлевізар, гульнявыя аўтаматы і буккросінг (пакуль пусты)
Касы і чыгуначны тэрмінал самаабслугоўвання злева ад уваходу ў будынак з боку чыгункі

Велапаркоўка на вакзале мае паветку. Увогуле такія паркоўкі яшчэ не сталі паўсядзённасцю ў маленькіх гарадах РБ, а тут яшчэ і з паветкай ад ападкаў Рэспект!

Від з пераходу над чыгункай

Надземны пераход над чыгункай паміж вуліцамі Жолудзева і 129-й арлоўскай дывізіі дае цікавы агляд часткі горада ў розныя бакі, чым  скарыстаўся, чакаючы цягнік на Мінск :)

Від на вакзал

Від на прыватны сектар вул. Жолудзева...

... і шматпаврховыя дамы вуліцы Мядзведзева на даляглядзе.


Від у бок скрыжавання вул. Жолудзева і Мядзведзева

Від на скрыжаванне вуліц 129-й арлоўскай дывізііі і Паўднёвай з маштабнай сядзібнай забудовай.

Раён скрыжавання вул. 129-й дывізіі і Новашасейнай вул. Тут бачна ўжо большая разнастанасць архітэктуры, асабліва вылучаецца ваданапорная вежа.

Вуліца Жолудзева (часткова)

У 1-ю чаргу мне кінуўся ў вочы гэты будынак справа на фота. Гэта дом 64 Ён сваім фасадам робіць уражанне дома, ад якога засталася адна сцяна. 

Але з боку тэрыторыі суседняй Залы Царства Сведкаў Іеговы, куды я і ехаў, бачна, што гэта сучасны дом з 2-скатным дахам, дзе толькі фасад застаўся старым. Тут працуе рамонт абутку.

Такі ж крыху нестандартны фасад мае "Белкніга" (д. 56)


Пераходы паміж дамамі цотнага боку вул. Жолудзева загароджаны брамамі. Практычна ўвесь гэты бок амаль да скрыжавання з вул. Мядзведзева выглядае як аднапавярховы прыватны жылы сектар, але фактычна з'яўляецца дзелавой тэрыторыяй горада. Цікава, што нейкае агародна-гаспадарчае жыццё тут таксама ёсць, бо падчас кангрэса, на якім я быў амаль увесь дзень, недзе побач спяваў певень.


Нягледзячы на від, гэты дом, здаецца таксама не жылы, а месцазнаходжанне нейкай арганізацыі. Або нейкі бізнес на базе ўласнага дому.


Аптэка № 5 (д.40) кінулася мне ў вочы сваёй увагай да людзей з парушэннем  зроку (надпісы Брайлем) і да людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарату (званок для людзей на інвалідных калясках)

Бліжэй да пераходу ад Жолудзева ў бок вакзала "Ваўкавыск-горад" стаіць стэнд картай славутасцяў горада з надпісамі беларускай і Брайлем і кью-ар кадамі для дадатковай інфармацыі. Падобныя рэчы бачыў толькі ў сталіцы, і  то без надпісаў Брайлем. На карце пазначаны 13 славутасцяў горада з розных перыядаў яго гісторыі. Паколькі я фізічна не паспяваў там пабываць, то даю такую магчымасць маім чытачам зрабіць самастойна. Ад сябе дадам: папраўчая калонія № 11 па вул. Ракасоўскага, 118 была ў 1944-46 лагерам № 281 НКУС/МУС для нямецкіх ваеннапалонных, а потым да 1953 г. канцлагерам для савецкіх крымінальных злачынцаў і калабарацыяністаў. Так што спіс славутасцяў Ваўкавыска не абмежаваны гэтай картай :)

Таксама на Жолудзева 53 ёсць мемарыяльная таблічка пра якую могуць больш распавесці знаўцы горада...

І яшчэ...

Надпіс на табло аўтобуса маршрут атрымаўся як аптымістычная назва "Сонечны мясакамбінат" :)

А сам горад стаў месцам курсіравання рознакаляровых МАЗаў. Я сустрэў жоўты, белы і ружовы аўтобусы. У іншых гарадах аўтобусы ходзяць пераважна аднаго колеру, а ў Мінску па колеры аўтобуса можна нярэдка зразумець ці ён гарадскі, міжгародны або ведамасны.

Копішча/Новая Баравая

Вёска Копішча знаходзіцца паміж трасай Н-9031, МКАДам, вул. Гінтаўта і лесапаркам у бок Уручскай вуліцы Мінска. Яшчэ ў 2000-х гг. гэта была хутчэй вёска, чым гарадскі квартал "Новая Баравая", што стала ў цяперашні час альтэрнатыўнай назвай месца.

Ускрай вуліцы Лапаціна патрапіў пад мой фатаапарат яшчэ 10 год таму, калі я пісаў пра Ложынскую вул. Цяпер крыху больш назіранняў з восені 2024 г.

На адным кадры пракат сталічных электрасамакатаў, на якіх можна смела ехаць у гэту вёску, як быццам гэта яшчэ адзін квартал Мінска, добрая дарожная інфраструктура, сучасныя шматпавярховыя дамы і мурал з партрэтам лётчыка Лапаціна, ў гонар якога назвалі вуліцу.

Хмарачосы на фоне сядзібнай забудовы вуліцы Падгорнай

Паркінг на рагу вул. Лапаціна і Падгорнай. У новых раёнах заўжды лепш дбаюць пра праблемы паркоўкі машын, чым ў старых, якія не разлічвалі на наяўнасць машын ў мноства сямей. Далей на ўзвышэнні ідзе лесапарк, дзе можна сустрэць зайчыкаў, а злыя языкі кажуць і пра больш небяспечную фауну...

Від з мінскай вуліцы Гінтаўта на кантраст старой вясковай забудовы Копішча і сучасных дамоў Новай Баравой.

Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...