Цікава, што ў англамоўным свеце 1890-я замацаваліся пад назвай gay 90s (вясёлыя 90я), а на былой савецкай прасторы 1990я ўвайшлі ў гісторыю як "ліхія". Гэта толькі прыклад таго як эпоха атрымоўвае пэўную мянушку ў залежнасці ад ўспрымання пасля яе завяршэння. Пакуль не сустракаў якую небудзь трапную характарыстыку перыяда, які пачаўся ў 2011 г. і скончыўся разам з 2020 г. Таму, не даючы назвы эпохі "дзясятых", паспрабую адзначыць падзеі, што закранулі маё жыццё ў гэты час, апрача маіх асабістых дасягненняў.
2011 г. пачаўся заканчэннем хвалі калявыбарчых страсцяў, але хутка сітуацыю падагрэлі тэракт у метро і валютны крызіс. З гэтага часу эканамічная нестабільнасць стала часткай рэалій жыцця ў Беларусі: часам было некаторае паляпшэнне, часам пачынаўся новы скачок цэн і інфляцыі. У сувязі з ростам цэн і "хапунамі" (у 2011, 2014-15 гг. гэта слова звычайна азначала масавую скупку тавараў, на якія чакаецца рост цэн, а ў 2020 г. масавыя затрыманні падчас акцый пратэсту) нечаканае закрыццё некаторых магазінаў ці часовае знікненне пэўных прадуктаў выклікала чаканне новага крызісу.
22 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур запусцілі 1-ы беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Таксама ў гэты час для Беларусі пачалася эпоха сацыяльных сетак (яны з'явіліся значна раней, але менавіта ў 2010-х набылі масавую папулярнасць і практычна знішчылі панаванне дзяржавы ў сферы інфармацыі. І гэты перыяд даў такі росквіт інфармацыйным тэхналогіям, што Беларусь нават сталі часам называць ІТ-краінай.
У 2014 г. Беларусь стала месцам правядзення Чэмпіяната свету па хакеі, і краіна звярнула на сябе станоўчую ўвагу свету пасля праблем 2010 г. З таго часу Беларусь рабілася пляцоўкай міжнародных спаборніцтваў мінімум яшчэ раз у 2019 г. У гэты ж час стала відавочнай новая хваля папулярызацыі беларускай мовы, напрыклад у рэкламнай сферы, асабліва пасля пачатку грамадзянскай вайны ва Ўкраіне і "КрымНаша". Менавіта ў гэты час многія беларусы перасталі ўспрымаць беларускую мову і культуру як палітычную крамолу і сябе як частку Расіі. Дарэчы ў гэтым годзе кампаніі "Газпрам" дазволілі разбіць на шчасце аўтавакзал "Маскоўскі" ў Мінску і пачаць будаваць там свой філіял.
2015 г. стаў пачаткам паступовай лібералізацыі жыцця ў Рэспубліцы, якая скончылася палітычным крызісам 2020 года. Таксама ў гэтым годзе скончалася эпоха аналагавага тэлебачання і быў прыняты закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, які часткова вырашыў праблему адносін дзяржавы з грамадзянамі, якія не жадаюць служыць у арміі па прычыне пераканакнняў.
У 2016 г. спыненне тэмпаў інфляцыі дазволіла змяніць беларускія грошы. Ад гэтага з'явілася адчуванне, што жыццё наладжваецца. У гэтым годзе Беларусь заняла 3-я месца ў свеце па колькасці разводаў (68%) пасля Мальдзіваў і Бельгіі. 9 мая 2016 у Мінску прайшло 1-е шэсце "Беларусь памятае", падобнае на расійскі "Бессмяротны полк". А 2 ліпеня 2016 года ў Беларусі сталі маштабна адзначаць дзень вышыванкі, прычым людзі розных палітычных поглядаў.
У 2017 г. ўвялі падатак на "дармаедаў", які ледзь не прывёў да паўстання беларусаў у розных гарадах, прычым закон так і не быў адменены, хоць прымяняецца больш выбарачна.
Чорнае марожанае з Магілёва. Крыніца фота тут.
У 2018 г. падзеяй году, на мой погляд стала выстава "Беларусь і Біблія", бо ніколі раней беларусы не маглі пабачыць унікальныя біблейскія скруткі не пакідаючы Беларусь. У канцы года таксама ускладніліся правілы каментавання на форумах беларускіх СМІ. Таксама ў гэтым годзе па ўсей Беларусі скончыўся перыяд забароны на рэкламу цыгарэт і вэйпаў (ён пачаўся летам 2015 г.) і пачалася эпоха Табакерак, маленькіх адмысловых кіёскаў, якімі ў 2020 годзе запоўнілі Мінск і абласныя цэнтры Беларусі. У гэтым жа годзе правялі маштабнае святкаванне 100-годдзя абвяшчэння БНР, якое раней праходзіла не як свята, а палітычная акцыя. Таксама ў Беларусі з'явілася ў продажы чорнае марожанае з Магілёва.
У 2019 г. дзецям у школе забаранілі карыстацца мабільнікамі без адмысловага дазволу настаўнікаў і правялі 3-і перапіс насельніцтва.
У 2010-х гг. надвор'е таксама было нестандартным: цёплыя зімы, часам з навальніцамі (зіма 2021 г. выглядае больш звычайнай, са снегам і марозам), снег позняй вясной і спякотны верасень. Дарэчы, ў сакавіку 2015 г было нават частковае сонечнае зацмненне :).
Снегапад 10-11 мая 2017 г. Мінск
Нестабільныя "дзясятыя" скончыліся ў 2020 г. для Беларусі пандэміяй COVID-19 і палітычным крызісам гістарычнага маштабу, што выклікае адчуванне набліжэння эканамічных цяжкасцяў і магчымасці грамадзянскай вайны ў бліжэйшыя месяцы. Пакуль ёсць павышэнне цэн, падаткаў і збораў, немагчымасць пакінуць краіну інакш як самалётам (легальна) ці сцежкамі кантрабандыстаў праз мяжу з Расіяй (нелегальна) і жыццё ва ўмовах разгула пандэміі і магчымасці новых усплёскаў насілля...
Дарэчы, за апошнія 5 год заўважыў і некаторыя маленькія змяненні ў Мінску, якія не кожнаму кідаюцца ў вока :)
Ілюстрацыя: скрыншот малюнкаў Гугл на запыт "2010е".
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.