19.02.2013

Дакажыце, што я памыляюся: "Мужыцкая праўда"К. Каліноўскага

Многія людзі прыймаюць на веру небясспрэчныя рэчы і нават не думаюць ці на самой справе так і ёсць. Напрыклад, многія ў маёй краіне вераць, што генетычна мадыфікаваныя прадукты настолькі шкодныя, што ўжываць іх нават час ад часу значыць шкодзіць здароўю, што неабходна падсцілаць тканіну ў ванначку для немаўля, што суцэльная вакцынацыя маленькіх дзяцей заўжды павышае шанец не захварэць. Сярод навукоўцаў ёсць свае забабоны: калі вучоны афіцыйна не падтрымлівае тэорыю эвалюцыі Дарвіна на карысць ідэі стварэння сусвету Богам ці занясення жыцця на Зямлю з іншых планет, яго працы будуць лічыцца калянавуковымі.
У кожным правіле мяне цікавіць выключэнне... 150 гадоў мінула з таго часу як адгрымела паўстанне 1863 г. Імя Кастуся Каліноўскага, аднаго з лідараў таго паўстання, для Беларусі стала брэндам, падбна імю Чэ Гевары для Кубы. У Мінску адна з вуліц з савецкіх часоў носіць імя Каліноўскага, і ніхто не спрабаваў даць ёй іншае імя ні ў 1990-я, ні ў 2000-я гг. (У гэты час назву галоўнага праспекта горада мянялі двойчы). Нават падчас адной з спроб беларускай апазіцыі змяніць уладу ў Беларусі, калі ўдзельнікі масавай акцыі пратэсту доўгі час трымалі свой лагер на Кастрычніцкай плошчы, яны далі гэтай плошчы новае імя - Каліноўскага і нават праваслаўны святар, які быў запрошаны апазіцыянерамі асвяціць іх лагер, гаварыў у сваёй малітве аб гэтай плошчы, як аб плошчы Каліноўскага.
К. Каліноўскі



Вуліца Каліноўскага ў Мінску. 2013 г.
Калі я быў школьным настаўнікам і выкладаў гісторыю Беларусі, мне даводзілася распавядаць вучням пра паўстанне 1863 г. і пра Каліноўскага. Але толькі зараз я зразумеў, што нічога пра яго ня ведаю. І пачаў шукаць адказы на шэраг пытанняў, якія ўзніклі ў мяне. Да гэтых пытанняў мяне падштурхнулі дзве супрацьлеглыя публікацыі прафесійных беларускіх гісторыкаў. Усевалад Шымаў піша аб Каліноўскім, як аб сацыялісту-ўтапісту, а аб паўстанні 1863 г. як аб выключна польскай акцыі. Ігар Мельнікаў у адказ абвінавачвае Шымава ў фальсіфікацыі гісторыі. Яшчэ адна дэталь: у савецкі час Каліноўскага славілі як барацьбіта з царызмам і праваслаўем, а пасля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы яго пачалі славіць як барацьбіта з "маскалямі" за незалежнасць Беларусі. Увесь гэты дыяпазон думак нагадвае мне пра тое, як з Бібліі дзёргаюць цытаты (бо Каліноўскага таксама расцягнулі на цытаты) каб падмацаваць падчас супрацьлеглыя думкі. Таму прапаную пачытаць два творы К.Каліноўскага, якія разам з яго кароткай біяграфіяй даступны тут. Гэта "Мужыцкая праўда" і "Лісты з-пад шыбеніцы". Пасля знаёмства з яго творчасцю (12 старонак А4 шрыфтам TNR12) дакажыце мне, што я памыліўся, калі пісаў свае пытанні і адказы. Мае высновы не канчатковыя. Я не спрабаваў даць усебаковы аналіз драматычных падзей 1863 г. на падстве толькі гэтых 12 старонак. Мне было б цікава выклікаць на грунтоўную суразмову, тых, хто прачытаў пэўны пласт літаратуры і дакументацыі па даследаванню падзей 1863 г. Я гатовы прызнаць памылкі перад фактамі.
Першы выпуск "Мужыцкай праўды" (крыніца: Вікіпедыя)
Перад разборам пытанняў трэба адзначыць яшчэ нешта прынцыповае: словы "маскаль" і "жыд" сталі непаліткарэктнымі адносна нядаўна, і запісываць на іх падставе К. Каліноўскага ў скінхэды няварта. Яны азначалі "рускі" і "яўрэй" адпаведна, без якой-нібудзь абразы. На сайце, які апублікаваў поўны тэкст "Мужыцкай праўды" і "Лістоў з-пад шыбеніцы" лацінскія літары заменены сучаснай беларускай кірыліцай, але ўсё астатняе захавана як ёсць.
Пытанні па зместу "Мужыцкай праўды".
1. Дзеля чаго былі напісаны 7 адозваў "Мужыцкай праўды"?
Паўстанне 1863 г. было працягам барацьбы за аддзяленне зямель Беларусі, Украіны і Польшчы ад Расіі пасля таго як апошняя падзяліла Рэч Паспалітую (дзяржаву, больш вядомую як Польшча, але ў склад якой уваходзілі тэрыторыя сучасных Беларусі, Літвы і Ўкраіны) з Аўстрыяй і Прусіяй. Да 1863 г. адбылося яшчэ два паўстанні: 1794 г. (паўстанне Т. Касцюшкі) і 1830 г. Асноўныя сілы ўсіх трох выступленняў супраць Расіі складала шляхецтва - дваране былой Рэчы Паспалітай, даволі значны сацыяльны пласт. Многія з іх былі беднымі людзьмі пераведзенымі ўладамі Расійскай імперыі ў склад т.зв. "аднадворцаў" г.зн. недваран блізкіх па палаженню да сялян, што было для іх вялікай абразай (уявіце сабе рэакцыю ветэранаў ВАВ, калі б дзяржава адняла ў іх усе іх ільготы і скараціла б ім пенсію). Большая частка шляхецтва лічыла сябе палякамі і бачыла рашэнне сваіх праблем у адраджэнні Рэчы Паспалітай. Сяляне, большасць насельніцтва ня толькі беларускіх зямель, але і ўсёй Расійскай імперыі на пачатак паўстання 1863 г. толькі атрымалі ўласную свабоду. Пры гэтым іх матэрыяльная залежнасць ад дваранства, дзяржавы і Праваслаўнай царквы, якім належыла зямля заставалася вельмі значнай. Галоўная мэта "Мужыцкай праўды" пераканаць сялян далучыцца да паўстання шляхты.
2. Ці пісаў К. Каліноўскі на беларускай мове?
Сумленна кажучы, не. На той час не існавала беларускай літаратурнай мовы, якую мы ведаем зараз. Справа не ў тым, што ён пісаў лацінкай на польскі манер (падобную лацінку можна сустрэць у мінскім метро), а ў тым, што фактычна ён пісаў на заходнебеларускім дыялекце з вялікай колькасцю польскіх слоў. Але гэта не яго віна: сёння большасць беларускамоўных беларусаў таксама размаўляюць альбо на мясцовых дыялектах, альбо на "трасянке" (сінтэз беларускай і рускай моў) па прычыне абмежаванага выкарыстання літаратурнай беларускай мовы ў СМІ і справаводстве. Зварот "дзецюкі" (нешта падобнае на рускае "пацаны") і даволі спецыфічнае вызначэнне сялянскім ягадзіцам (адозва 1) сведчаць аб тым, што Каліноўскі пісаў для моладзі, і гэта зразумела: атрады паўстанцаў не маглі трымацца супраць "прафесіяналаў" рускай арміі (рэкруты служылі ў арміі практычна ўсё жыццё), калі б папаўняліся старымі.
Дарэчы, тым, хто лічыць беларускую мову "памылкай прыроды": родная мова, як і ўвогуле ідэя радзімы не з'яўляецца для большасці насельнітва свету чымсьці даражэйшым за матэрыяльны дабрабыт. Многія рускія і польскія эмігранты забываюць сваю родную мову без праблем на новым месцы, а іх дзеці размаўляюць на мове краіны пражывання і лічуць яе сваёй радзімай. Беларусі пашанцавала быць суседкай больш уплывовых дзяржаў і эканомік, што прывяло да праблем паланізацыі і русіфікацыі. Але ў сучаснай Беларусі згодна перапісу насельніцтва 2009 г. 2,1 млн чал. размаўляюць па-беларуску дома і 5 млн чал. лічуць беларускую мову роднай (усяго насельніцтва 9 млн). Перапісу пры жаданні можна ня верыць, але беларуская мова пакуль нікуды не знікла.
Што да старабеларускай мовы Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Льва Сапегі, то для мяне тут не ўсё зразумела. Напрыклад, чаму мова Бібліі Ф.Скарыны вельмі падобна на мову рускіх летапісаў таго часу і называецца "Біблія руска"? Мне здаецца, што прычына караніцца ў тым, што руская, украінская і беларуская мовы тады яшчэ толькі фарміраваліся, не існавала нейкіх дакладных правілаў, якія б падзялілі гэтыя мовы. Нават руская і польская мовы таго часу былі вельмі падобныя. Хутчэй за ўсё слова "рускі" азначала "ўсходенславянскі" а жыхароў пэўных тэрыторый умоўна называлі "маскалямі" (Вялікае княства Маскоўскае) і "ліцвінамі" (Вялікае княства Літоўскае: Беларусь, Смаленшчына, Украіна і Літва). У 1569 г. Вялікае княства Літоўскае становіцца часткай Рэчы Паспалітай і старабеларуская мова паступова саступае месца польскай да канца існавання гэтай дзяржавы.
3. Ці быў Каліноўскі шчырым прыхільнікам дэмакратыі ў сучасным разуменні гэтага слова?
Цяжка казаць адназначна. Але не апошняй справай з'яўляецца той факт, што ён быў яшчэ малады. Хутчэй за ўсё ён па-юнацку лічыў, што калі разбіць рускіх і адрадзіць Рэч Паспалітую, то паступова ўсё наладзіцца. Але "Мужыцкая праўда" пераважна складаецца з канстатацыі цяжкасцяў сялянскага жыцця і заклікаў да барацьбы з "маскалямі". Ніякіх дакладных абяцанак Каліноўскі не даваў, што можа служыць доказам яго шчырасці.
Але калі ўявіць што паўстанцы дасягнулі сваёй мэты - адрадзілі Рэч Паспалітую - ў 1863 г. Што змянілася бы для чытачоў "Праўды"? Працавалі бы сяляне на польскіх і апалячаных памешчыкаў і аддавалі бы рэкрутаў у польскае войска замест рускага. Гісторыя беларускіх і ўкраінскіх зямель у складзе Польшчы (ці 2-й Рэчы Паспалітай) у 1920-39 гг. сведчыць, што ня ўсё было так проста. І Каліноўскі быў толькі аднім з лідараў шляхецкага паўстання. У выніку перамогі мусіў бы дамаўляцца з рознымі палітычнымі плынямі і ўлічваць іх сілу і іх інтарэсы. Горш за ўсё было б, калі б скончылася б як у Афганістане: прымусілі рускіх вывесці войскі, скінулі марыянетачны ўрад і распачалі грамадзянскую вайну.
4. Ці была "Мужыцкая праўда" газетай?
Не, газетай звычайна лічыцца выданне з некалькімі артыкуламі розных аўтараў. Многія памылкова называюць "Мужыцкую праўду" газетай з-за падабенства на назвы некаторых савеціх газет. Каліноўскі пісаў адозвы ці лістоўкі. Лістоўка гэта не горш за газету, гэта проста іншы варыянт выдання.
5. Ці была "Мужыцкая праўда" папулярным выданнем?
Чырванею... Гляджу ў столю... Дакладна ня ведаю. Ня маю звестак пра тыраж выдання.
Пэўная аўдыторыя чытачоў (і непісьменных слухачоў) "Праўды" безумоўна была. Каліноўскі пісаў пра актуальныя праблемы сялян на іх мове і не саромеўся ў выразах. Таксама людзям уласціва цікавіцца забароненай літаратурай. Але прачытаць адозву ня значыць з ёй згадзіцца, а згадзіцца ня значыць дзейнічаць. Таму, шчыра кажучы, папулярнасць гэтага выдання была адноснай.
6. Чаму паўстанне 1863 г. не стала шляхецка-сялянскім (на Беларусі)?
Пачну здалёк. Што такое Радзіма? Некалькі гадоў таму дачка маёй знаёмай мінчанкі сказала ёй (размова на рускай мове)
- Мама, сёння ў школе нам загадалі намаляваць плошчу Перамогі па тэме "Мая Радзіма".
- Скажы, дачушка, а калі ты паедзешь адпачываць на мора, ты будзешь сумаваць па плошчы Перамогі?
- Думаю, не.
- А чаго табе там будзе не хапаць?
- Напэўна нашага лесу (лесапарк ля іх мікрараёна).
- Ну тады намалюй наш лес.
І малюнак дзяўчыны прызналі лепшым...
Уявіце сабе селянінам-беларусам у 1863 г. Вам трэба карміць сям'ю, плаціць вялікія падаткі дзяржаве, працаваць на дваран. І вось дваране, якія секлі вашага бацьку, гвалцілі вашу маці і прымушалі іх цяжка працаваць на сябе бяруцца за зброю і заклікаюць вас за сабою. Хто вам будзе бліжэй? Яны ці "маскаль", які іх вынішчае? Вам абяцаюць роўнасць, волю, адукацыю на беларускай і польскай мовах, вас заклікаюць перайсці з праваслаўя ва ўніяцтва. Але ці варта за ўсё гэта рызыкаваць жыццём?. Што з той адукацыі, калі працаваць трэба. Што з той волі: далі свабоду, а як сям'ю карміць калі ўсё роўна працуешь на пана? А Рэч Паспалітая? Хай паны самі ваююць за яе. Уніяцтва? Справа папоўская, хай самі папы разбіраюцца як трэба Богу маліцца. Ня дзіва што сяляне падтрымалі рускіх, лавілі паўстанцаў па лясах і аддавалі іх рускім як, выбачайце, пустыя бутэлькі. За гэта многія сяляне заходняй Беларусі атрымалі добрыя зямельныя надзелы і зажылі весялей (Вось вам і спрэчка што людзям трэба: свабода ці каўбаса?)
Цяпер уявіце сябе паўстанцам. Вы штодзень бачыце смерць, блукаеце па лясах, Вы мусіце ваяваць супраць добра ўзброенай і падрыхтаванай рускай арміі, хоць і самі шляхціч, умееце і страляць і махаць шабляй. Ваш атрад прабіваецца да вёскі, усе стомленыя, галодныя, а сяляне, пся крэў, толькі і чакаюць каб вас па аднаму пералавіць і аддаць маскалям. Харчаванне і коней самі не дадуць забярэм. А то можа ў кагосьці выпіць знойдзецца. Ня блага пасля ўсяго, што перажыў. А як падсілкуешся, вып'ешь, памыешся так ужо і маладзенькую дзяўчынку прыласкаць хочацца. А што? Можа заўтра ўжо будзешь ляжаць з прастрэленай галавой?
Стоп! Я не закідываю брудам салдацкія магілы. Рускіх салдат, паўстаўшую шляхту і беларускіх сялян прымірыла смерць. Бог ім суддзя. Можна нават сказаць, што ўсе яны ваявалі за Радзіму: для "маскалей" Беларусь была часткай іх Радзімы (расійскі імператар быў царом "Вялікія (Расія), Малыя (Украіна) і Белыя (Беларусь) Русі"), для шляхты Радзімай была Рэч Паспалітая (Польшча, Украіна і Беларусь), а для беларускіх сялян Радзімай была зямля, на якой яны працавалі, рака, ў якой яны лавілі рыбу, лес, куды яны хадзілі "ў грыбы". За гэта яны і біліся з тымі, каго лічылі ворагамі.
І гэта ня значыць, што не было сялян, якія шчыра падтрымалі Каліноўскага і шляхецкае паўстанне. Сярод сялян таксама ёсць тыя, хто маюць палітычныя перакананні і гатовы аддаць за іх жыццё. Але з гэтага ня значыць, што К. Каліноўскі падняў шырокія сялянскія масы на паўстанне. Тыя, хто дзёргаюць з яго пракламацый фразы пра ўрад для народа, волю, паноў і папоў, перабольшваюць яго сацыялістычнасць. Ня быў Каліноўскі і барацьбітом за незалежную Беларусь, бо заклікаў да адраджэння польска-беларускай дзяржавы. Выпады супраць праваслаўя не былі барацьбой з рэлігіяй, бо ўніяцтва і каталіцызм ён ухваляе і моліцца Богу аб перамозе паўстання (Знакамітая ідэя "з намі Бог")...
І яшчэ раз пра патрыятызм. У блакадным Ленінградзе досыць распаўсюджанай была такая з'ява: людзі ішлі на работу, падалі на дарозе ад голаду і паміралі. Савецкая і постсавецкая прапаганда ў сувязі з гэтым фактам гаворыць аб гераічнай эпапеі блакаднікаў, якія былі гатовы працаваць на карысць Радзімы і перамогі над ворагам цаной уласнага жыцця. Але як ня пойдзе працаваць чалавек, у якога сям'я галодная і самому есці хочацца? Так праўда бывае даволі празаічнай і таму гісторыкі (і ня толькі) імкнуцца прывязаць пэўныя падзеі да свайго разумення любові да Радзімы.
Недасказанае.
Для мяне засталіся адкрытымі такія пытанні:
1) Ці вядомы факты прымусовай мабілізацыі ў паўстанчыя атрады, марадзёрства і рабаўніцтва (прымусовая "рэквізіцыя" харчавання, коней, іншай маёмасці ў сялян і гараджан, здзекі над нязгоднымі і гвалт над жаншчынамі з боку і рускіх, і паўстанцаў?
2) Ці ёсць нейкія фактычныя доказы, што рускія і паўстанцы катавалі палонных?
3) Ці ня мела месца знішчэнне этнічных "маскалёў" паўстанцамі, нават, калі тыя не былі вайскоўцамі? А можа вынішчалі і праваслаўных святароў?
4) Якім было стаўленне татарскай і яўрэйскай дыяспар, а таксама старавераў да паўстання?
5) Па якім абвінавачванням паўстанцам, у тым ліку і Каліноўскаму, выносілі смяротнае пакаранне?
6) Ці была высылка ў Сібір для мяцежных дваран цяжкім пакараннем прымусовай працай у неспрыяльным клімаце за сімвалічную аплату?
Хочацца разабрацца ў гэтым. Лепш горкая праўда, чым салодкі падман.
Скажу яшчэ раз. Я гатовы да дыкусіі. Але я чакаю фактаў, а не лозунгаў. Тое, што я пішу на беларускай, паказвае, што я не нацянальны нігіліст, але і патрыётам сябе не лічу. Я проста люблю гісторыю, ў тым ліку гісторыю сваёй краіны і хачу яе ведаць такую, якая яна ёсць.

2 комментария:

  1. Працяг тэмы: http://berastouski.blogspot.com/2013/03/blog-post_23.html

    ОтветитьУдалить
  2. У гэтым артыкуле: http://berastouski.blogspot.com.by/2013/06/1863.html я - папрацаваўшы за дакументамі - ўжо даю адказы на большую частку тых пытанняў, што ставіў тут.

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...