17.10.2021

Паездкі ў Польшчу і Румынію ў 2006 г.

 15 год таму мы з жонкай з'ездзілі ў "далёкае замежжа" двойчы за некалькі тыдняў. Спачатку мы апынуліся ў складзе дэлегатаў міжнароднага кангрэса Сведкаў Іеговы "Вызваленне блізка" ў польскім г. Хожаў ля Катавіцы. Потым мы правялі пару тыдняў на румынскім курорце Эфарыэ Суд. 

Зразумела, у 2006 г. Польшча і Румынія былі крыху іншымі, чым зараз, таму не буду сцвярджаць, што мае ўспаміны дапамогуць камусьці мець лепшае ўяўленне аб цяперашнім стане гэтых дзяржаў. Таксама, як і ў выпадку з Крымам, я нажаль, не магу суправадзіць свой матэрыял вялікай колькасцю ілюстратыўных фота, бо здымалі мы з жонкай пераважна саміх сябе, а не мясцовасць, дзе бывалі. Тым не менш, нешта адметнае ёсць у кожным імгненні мінулага, таму пачынаю.

Польскія ўспаміны

Паколькі ў Хожаве міжнародны кангрэс Сведкаў Іеговы планаваўся для 50000 удзельнікаў на стадыёне "Шлёнскі", то дэлегатаў з усяго свету не маглі размясціць толькі ў гэтым горадзе. Наша дэлегацыя з Мінска была размешчана ў прыватных кватэрах аднаверцаў г. Ястшэмбе-Здруй недалёк ад чэшска-польскай граніцы (гаспадар кватэры, дзе мы спыніліся, паказваў мне з балкона, што на даляглядзе за вышкай ужо пачынаецца Чэхія і што ён туды за півам ездзіў). Гэта значыла, што нам трэба было некалькі гадзін на аўтобусах ехаць у Хожаў і яшчэ некалькі гадзін назад у Ястшэмбе. Паколькі папярэднюю ноч я спрабаваў спаць у аўтобусе, які падсковаў на калдобінах варшаўскіх дарог, то перайсці на рэжым "у 20:00 адбой, у 4:00 пад'ём" для нас з жонкай праблемай не стала.

Значную частку нашага знаходжання ў Сілезіі, 2-8 жніўня, мы былі на кангрэсе (3-6 жніўня), таму у нас было мала магчымасцяў пабачыць Ястшэмбе. Але нешта атрымалася. 

Ястшэмбе быў цікавым спалучэннем бруднаватага прамысловага цэнтра, дзе працавалі шахцёры і знаходзіліся "фамілокі" (нешта кшталту рабочых баракаў), і больш дагледжаных ускраін, дзе былі і 5-павярховыя дамы, і прыватны сектар. Наш гаспадар, былы шахцёр і інвалід-пенсіянер, пакатаў нас па горадзе на сваім сціплым аўто. Мы пабывалі ў мясцовым Зале Царства, пакаталіся па спальных і прамысловых кварталах Ястшэмбе, з'ездзілі некалькі разоў у гандлёвы цэнтр. Наконт апошняга, калі б я быў правінцыялам, то візіт у гіпермаркет быў б для мяне нейкім "вау". Але мясцовы гандлёвы цэнтр не моцна адрозніваўся ад "гіпераў" беларускай сталіцы. Тут ёсць нюанс: мы былі ў маленькім прамысловым цэнтры памерам з Барысаў ці нават Слуцк. Буйныя гандлёвыя цэнтры з ветлівым персаналам прыйшлі ў беларускія гарады памерам з Ястшэмбе значна пазней.

Мае гаспадары жылі бедна, пенсію атрымоўваў толькі муж, але яе хапала аплаціць дарагую камуналку і трымаць сям'ю. Палякі вельмі ашчадна ставяцца да вады. Крыху пазней адна полька ў Мінску перажыла культурны шок, калі ўбачыла, як беларусы ахалоджваюць кавун струёй вады з-пад крана. Мае гаспадары з Ястшэмбе таксама вельмі бераглі ваду: гаспадыня мыла посуд амаль з касмічнай хуткасцю і неахвотна дазволіла маёй жонцы ім дапамагчы.

Нягледзячы на беднасць нашы палякі былі вялікія весялуны і вельмі гасцінныя. Кожны дзень мы шмат елі і шмат смяяліся разам. Не магу судзіць пра ўсю Польшчу, але тыя палякі, якіх мы сустрэлі на кангрэсе, былі вялікімі аптымістамі. Цікава, што самі палякі смяюцца з сябе як з нацыі песімістаў, але мне здаецца, што беларусы куды больш песімістычныя.

Наш гаспадар еў чыпсы, нягледзячы на высокі артэрыяльны ціск (я яму мерыў раз ці два). Рэдка сустрэнеш пажылога беларуса, які будзе есці чыпсы ці гамбургер, але па адным паляку ўсю Польшчу судзіць не буду. Увогуле рацыён гаспадароў быў збалансаваны і характэрны для славянскай кухні.

Наконт моўнага бар'еру: у нас ён быў невялікі, бо польскую я тады разумеў неблага. Проста крыху раней, мой брат навучыў мяне лавіць розныя тэлехвалі на старых лямпавых тэлевізарах, і, дзякуючы польскім тэлеканалам TV Polonia i TV 4, я добра падрыхтаваўся да гэтага будучага візіту. Жонка таксама не пасавала, бо лінгвіст :) Пабочным эфектам стала цяжкасць пераключыцца на беларускую мову ў размове з жончынай бабуляй, калі мы вярнуліся з Польшчы: я ўвесь час мяшаў польскія словы з беларускімі.

На стадыёне "Шлёнскі" падчас кангрэса 2006 г. Калаж з фотаздымкаў асабістага архіва А. Берастоўскага

Сам кангрэс пакінуў уражанне выдатна арганізаванага мерапрыемства. Каля 50 тыс. чалавек сваечасова прывозілі на стадыён, каля якога была паркоўка з добра прадуманай рэгуліроўкай транспарту сіламі мясцовых Сведкаў Іеговы, падвозам бсяплатнай вады ў бутэльках і сістэмай біятуалетаў. Увогуле Сведкі звычайна добра арганізуюць лагістыку сваіх злётаў, бываюць свае хібы, як на кангрэсе 2011 г ў Мінску, але ў Хожаве падрыхтоўка і правядзенне заслугоўвалі адзнакі "выдатна".

На верхнім фота бачна, што стадыён "Шлёнскі" быў перапоўнены: прыйшлося ставіць стулы на дарожку каля футбольнага поля. Падчас "гвазда" мерапрыемства -- касцюмаванай драмы -- госці занялі нават частку футбольнага поля (тады іх стала больш за 50 тыс. чал.). Праграму сінхронна праводзілі на трох асноўных мовах: польскай, рускай і ўкраінскай. Быў таксама невялікі англамоўны сектар. Выступленні на рускай мове дэлегатаў з краін былога СССР сінхронна перакладалі на астатнія мовы кангрэса, як было і з выступленнямі на англійскай прадстаўнікоў Кіруючай рады Сведкаў Іеговы.

На ніжнім фота паказана яшчэ адна "фішка" такіх мерапрыемстваў: час ад часу ў перапынках паміж пунктамі праграмы перадаюцца вітанні ад дэлегатаў з той ці іншай краіны. Тады дэлегаты гэтай краіны паднімаюцца і махаюць праграмкамі кангрэса (як 600 беларусаў на ніжнім фота). 

Частка дэлегатаў была ў нацыянальных касцюмах, прычым не толькі сваіх краін, але і свайго народа. Так адна дэлегатка з Грузіі была ў курдскім нацыяльнаным касцюме. Нажаль, здаецца, ніхто з Беларусі не прыехаў тады ў нацыянальным касцюме, але на аналагічным мерапрымствах у Мінску ў 2010-х гэту памылку ўжо выправілі :)

Яшчэ быў танцавальны флеш-моб на абедзеным перапынку: грузіны і асеціны паказвалі нацыянальныя танцы. На кангрэсах Сведкаў Іеговы не толькі грузіны з асецінамі паводзяць сябе па-сяброўску, але і армяне з азербайджанцамі і туркамі, рускія з палякамі, арабы з яўрэямі шчыра абдымаюцца як члены адной сям'і, бо Сведкам Іеговы можа стаць толькі той, хто адмовіўся ад нацыяналістычных ці шавіністычных пачуццяў. Пры гэтым ніхто не адмаўляецца ад роднай мовы і культуры :)

У апошні дзень кангрэса яго арганізатары папрасілі ўдзельнікаў устрымацца ад выражэння бурных пачуццяў на мерапрыемстве. Верагодна, на ўвазе былі танцы і падобныя нумары самадзейнасці. Прасілі таксама не вывешваць ніякіх плакатаў з прывітаннямі. Але пачуцці дэлегатаў пасля завяршэння праграммы праявіліся як раз ва ўсім гэтым. Пасля заключнай малітвы стадыён выбухнуў радаснымі вітаннямі на розных мовах. Дэлегаты розных краін разгарнулі плакаты накшталт Serve Jehovah Fevereshly  (Служыце Іегове ўсім сэрцам) у англійскім сектары ці Nous vous aimons (Мы вас любім) ад дэлегатаў з Францыі.

Пасля завяршэння мерапрыемства мы здолелі наведаць пару сем'яў мясцовых Сведкаў Іеговы з нашымі гаспадарамі. Адна з іх -- гэта была сям'я іх сына і сватоў, што жылі ў вёсцы ў прыватным доме. Сын гаспадароў жыў у Расіі некалькі год і свабодна валодаў рускай, але пераклад ужо нам не патрабаваўся. Зноў была польская гасціннасць з добрым сталом і падарункамі. Зноў была польская шляхетная ветлівасць, калі пажылы сват нашага гаспадара сціпла стаяў за маёй спіной, а, калі я заўважыў гэта і хацеў саступіць месца ("нех брат сядон"), то моўчкі пасадзіў мяне на маё месца.

У той час польская вёска набывала цікавую еўрапейскую тэндэнцыю: зямельны ўчастак выкарыстоўвалі для кветак і адпачынку, а не месца для вырошчвання садавіны/гародніны для выжывання. Усе палякі, якіх я тады сустрэў, не рабілі ўражанне заможных людзей, але савецкіх звычак усё засадзіць бульбай ды морквай у іх не бачыў. Кожны дом выглядаў ўтульным і дагледжаным.

Нейкая эмацыянальная сувязь сфарміравалася паміж намі і польскімі гаспадарамі, так што мы ледзь не плакалі, калі развітваліся назаўжды. Пазней мы некалькі разоў званілі ім і пісалі. Аднойчы іх сын таксама званіў нам, калі быў па справах у Мінску...

Я на фоне будынка філіяла Сведкаў Іеговы ў Надажыне

На зваротным шляху наша мінская дэлегацыя заехала наведаць польскі філіял Сведкаў Іеговы ў Надажыне. Увогуле мала асаблівага ў месцы, дзе каардынуецца дзейнасць сходаў той ці іншай краіны, але, мабыць, галоўнай асаблівасцю з'яўляецца польская ўтульнасць.

Жнівень 2006 г. быў халодным у Польшчы і амаль не сонечным. Але з цікавымі людзьмі з розных краін свету было цёпла :) Я захаваў больш здымкаў з той паездкі, але вырашыў апублікаваць толькі тыя, на якіх няма твараў наведвальнікаў мерапрыемства. Зараз быць Сведкам Іеговы каральна ў Расіі. Палітычны крызіс у Беларусі можа стаць прычынай пераследвання мясцовых Сведкаў (пакуль толькі затрымалі аднаго расіяніна). І ў Польшчы складаецца сітуацыя, калі дзяржава пачынае ўсё больш і больш кантраляваць грамадства, што можа ў будучым стварыць праблемы маім аднавернікам.

Румынскія ўспаміны

У той жа месяц, неўзабаве пасля вяртання з Польшчы мы з жонкай паехалі ў Румынію адпачыць. На гэты раз паездка ў аўтобусе ў адзін бок была 30 гадзін праз 3 граніцы. Кантраст паміж паездкай на рэлігійнае мерапрыемства са Сведкамі Іеговы і паездкай на Чорнае мора з іншымі людзьмі добра адчуваўся: адзін мужык, які сядзеў перад намі, напіўся, як толькі пераехалі ўкраінскую граніцу, лез цалавацца да сваёй жонкі і матамі крыў нейкага хлопца-нефармала з дрэдлокамі і пірсінгам на твары. А ззаду нас сядзеў 40-гадовы мужык з маладой жонкай і тлумачыў па тэлефоне свайму сыну (відавочна ад першага шлюбу) што не мог узяць яго з сабой. Потым смяяўся з жонкі, што яна сапсавала ўкраінскую анкету, напісаўшы сваё імя па бацьку куды не трэба. Абодва зняважліва называлі Ўкраіну "Хахляндзіяй".

На румынскай мяжы быў платны туалет, які ахоўваў брудны бомж. Ён браў не менш за долар і здачу не выдаваў, але валодаў англійскай няблага. А румынскі мытнік шукаў 10 адрозненняў на фота нефармала з дрэдамі і пірсінгам у пашпарце і яго тварам. Паназіраўшы на хлопца і яго пашпарт ён хмыкнуў і нічога не сказаў.

Калі мы прыехалі ў Эфарые Суд, у гасцініцы на 2 зоркі супрацоўнікі гаварылі па-англійску даволі добра. Тое ж самае было ў іншых турыстычных аб'ектах і абменніках, пра што я пісаў раней. На вуліцы маладыя людзі таксама добра валодалі англійскай, а вось пажылыя, асабліва гандляры садавінай ці рыбай, не вельмі. У такім выпадку, калі ты перапытаеш іх па-англійску колькі каштуе штосьці, яны моўчкі паказваюць цэну на калькулятары.

Тады я яшчэ не карыстаўся міжнароднымі плацежнымі карткамі, і проста мяняў патроху долары на леі. Таксама не было інтэрнэта ў гасцініцы, але было кабельнае ТБ, па якім мы маглі глядзець каналы на англійскай і французскай. Каб званіць у Беларусь мы купілі картку для таксафона. Можна было купіць мясцовую сімку, але не знайшлі дзе. Суд быў маленькім курортным гарадком. 

Апраналкай на пляжы я паспрабаваў карыстацца толькі раз. За каменнымі сценамі ўсё было ў экскрэментах. Здаецца палова Румыніі там справіла вялікую патрэбу. З таго часу я проста ішоў назад у гасцініцу ў плаўках, надзеўшы паверх шорты, калі абсохну. Добра, спякота рабіла сваю справу.

Пару раз мы ездзілі ў суседні горад Эфарыэ Норд, каб наведаць мясцовы сход Сведкаў Іеговы. Акрамя духоўных аспектаў гэта дало магчымасць згуляць у футбол з мясцовымі аднаверцамі, частка якіх лічыла, што я павінен разумець па-румынску. Таксама прыгодай для мяне была магчымасць вярнуцца з Норда ў Суд уздоўж узбярэжжа Чорнага мора, дзесьці гэта быў пясчаны пляж, дзесьці камяністы круты ўзгорак. Жонка сказала, што ніколі больш у такі паход не пойдзе, а я б наадварот паўтарыў такі пераход :)

Яшчэ з паездкі адзначу, што міжгароднія аўтобусы ў гэтым раёне Румыніі былі такія ж камфартабельныя, як турыстычныя ў Беларусі: з утульнымі крэсламі, кандыцыянерамі. У гэты час аўтобусы міжгародніх маршрутаў у многіх рэгіёнах Беларусі былі куды горш. Калі ў плане чысціні на вуліцах і пляжах Беларусь апераджала Румынію, то па камфорту міжгародніх маршрутаў праігрывала. Што тычыцца выбару прадуктаў у магазінах, здаецца было бліжэй да 1:1. 

Дарэчы, тое, што прадаўцы ў магазінах не размаўлялі па-англійску не асабліва стварала праблем для нас, бо пісьмовая румынская крыху падобна на французскую, і мы з жонкай многае разумелі. Але для рускамоўных турыстаў там будзе шмат праблем, бо па-руску з намі пагаварыла толькі адна пажылая румынка, якая вучыла рускую за савецкім часам і яшчэ не забыла яе.

Ля салёнага возера ў Эфарыэ Суд стаю абмазаны лячэбнай граззю...

У Эфарыэ Суд ёсць свая турыстычная адметнасць -- салёнае возера з лячэбнай граззю. Ісці туды трэба ў супрацьлеглы бок ад пляжа. Уваход платны. Можна было купіць абанемент. Хлопчык-школьнік, які працаваў там на касе, ведаў англійскую, і мы здолелі нават дамовіцца з ім перанесці пару дзён абанемента на іншыя даты. На самім берагу возера на пясчаным пляжы стаяла некалькі ёмістасцяў са смярдзючай лячэбнай граззю. Людзі мазаліся ёй, сохлі, а потым лезлі купацца ў возера. Вада там настолькі салёная, што чалавек не тоне. Я спрабаваў нырнуць, і вада выпіхвала мяне. Аднойчы я паспрабаваў там нырнуць з расплюшчанымі вачыма, як у моры, і праліў скупыя, не, нават шчодрыя мужчынскія слёзы... 

Яшчэ для мяне стала некаторым культурным шокам убачыць там чорнаскурую франкамоўную жанчыну, якая без комплексаў была там з голым торсам. Калі не памыляюся, на тым возеры, ці дзесьці недалёк быў арганізаваны нудысцкі пляж, гэта я чуў, але не правяраў. І ўбачыць жанчыну, якая дэманструе публічна свае верхнія "90", было для мяне нечаканым. Не чакайце працягу гэтай гісторыі, я проста перастаў глядзець у яе бок :)

Апошнім сюрпрызам нашай паездкі ў Румынію стала тое, што аўтобус, які меў прывезці новую групу турыстаў і забраць нас, затрымаўся на румынскай граніцы. Яшчэ адзін беларускі турыст, які напіўся падчас паездкі па Ўкраіне, патрабаваў санітарны прыпынак і разбіў з гэтай нагоды лабавое шкло аўтобуса. На граніцы аўтобус з разбітым шклом вырашылі не пусціць, але, нарэшце, аўтобус прапусцілі, ён даехаў, мы цёпла развіталіся з некалькімі супрацоўнікамі гасцініцы, з якімі амаль пасябравалі праз англійскую мову і паехалі дамоў.

Падчас дарогі дамоў нам яшчэ зрабілі санітарны прыпынак ля кукурузнага поля, бо лясоў у Румыніі для гэтых патрэбаў на нашым шляху не хапала. Не памятаю як падзялілі хлопцаў і дзяўчат у той сітуацыі, але спраўляць патрэбы турыстам давялося светлай раніцай паміж полем і дарогай на вачах тых, хто ехаў той жа дарогай. Хтосьці з турыстаў паспеў пашкадаваць, што не скраў сабе кукурузы з поля.

***

У Польшчы я ўпершыню пагрузіўся ў атмасферу малавядомай мне мовы. Таму мне было крыху незвычайна пачуць як з праезджай машыны данесся запіс рускай песні "18 мне уже", але выканаўцы яе былі з польскім акцэнтам. А вось у Румыніі пачуць рускую мову для мяне падзеяй не было: вакол хапала рускамоўных турыстаў, а магчымасць камунікацыі на англійскай і французскай амаль у любым месцы стварала адчуванне адсутнасці моўных бар'ераў. Таму калі на пляжы па радыё перадавалі песню "Восточные сказки", было прыемна, але не "вау". А як б запусцілі якую беларускую песню, то я б хутчэй за ўсё пайшоў у скокі :)

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...