Калі я жыў у Мінску ў сваіх бабулі і дзядулі ў 1990-х - пачатку 2000-х гг. я яшчэ не чытаў раман Оруэла "1984". Але ў нас дома быў адзін оруэлаўскі "тэлеэкран", які ніколі не выключаўся (добра, што хоць не сачыў за намі): правадное радыё. Бацькі маёй мамы разважалі так: калі мы плацім толькі за наяўнасць радыё ў доме, навошта яго выключаць? У абодвух пакоях і на кухні стаялі па прыёмніку.
Звычайна я прыязджаў да іх на канікулы да лета 1996 г., калі канчаткова пераехаў у Мінск. Таму я рос пад беларускае радыё, якое ўключалася, здаецца, ў 5.50 "піканнем" і нацыянальным гімнам і выключалася ў 0.00 (таксама з гімнам). Была таксама гадзіна цішыні з 14.00 да 15.00. Вось так я жыў пад фон беларускага нацыянальнага радыё ўсе гады, што вучыўся ва ўніверсітэце і калі пайшоў на першую работу -- настаўнікам у школу.
Калі ты жывеш у нейкіх спецыфічных умовах і не бачыш альтэрнатывы, здаецца, што так і павінна быць. Не, ў маіх бацькоў у Барысаве не было праваднога радыё, ані моды слухаць радыё як фон увесь дзень. Але я рос пад гэты фон у дзеда...
Мяняўся рэпертуар на радыё, але я не асабліва слухаў яго кантэнт, памятаю толькі нейкія прыклады забаўнай рэкламы на беларускай:
Укладайце пад працэнты
Маркі, долары і цэнты --
Будзе шмат карысці...
Памятаю, што ўпершыню адчуў, што мяне дастала гэта радыё, калі аднойчы ў мяне моцна балела галава (не, не "пасля ўчарашняга": я гіпатонік) і ў гэты час па радыё ішла перадача "Спявай душа народная" -- нейкія бабулі цягнулі сваю песню. Я адчуў моцнае жаданне выключыць "мацюгальнік" на кухне, і я быў дома адзін. Але раней бабуля казала мне, што радыё не трэба выключаць і я не стаў яго выключаць нават для сябе! Мне было здаецца 19 ці 20 год...
Пасля таго як у 2003-м памерла мая бабуля дзед праз некаторы час перастаў рана паднімацца, каб гатаваць сняданак мне і сабе. Я стаў гаспадаром на кухне раніцай і з гэтага часу снедаў у цішыні! О, які гэта было добра! Адчуванне прыкладна тое ж што і калі ты дабег да туалета праз некалькі гадзін цярпення.
У наступным годзе я ўжо падаў заяву ў ЗАГС (мы з жонкай разам ужо амаль 11 год) і стаў рыхтаваць рамонт у кватэры. Разеткі "тэлеэкранаў" на кухне і ў нашым пакоі мы замуравалі. Магнітафон жонкі лавіў розныя хвалі -- ад доўгіх да ЎК -- таму зусім без радыё мы не засталіся.
У мінулым годзе прыйшоў канец апошняй радыёкропке, дзед пераехаў да маіх бацькоў у Барысаў і мы правялі ў яго пакоі капітальны рамонт. Адначасова мы засталіся і без тэлевізара. І ізноў я адчуў палёгку, што яшчэ адзін "мацюгальнік", які заклікаў мяне біць і ратаваць у сувязі з грамадзянскай вайной ва Ўкраіне, заціх.
У гэтай гісторыі ёсць сваеасаблівы працяг. Некаторы час таму я адчуў неабходнасць палепшыць сваё валоданне беларускай, бо роднай мовай яна мне ніколі не была, а пасля сканчэння работы ў школе ў 2004 г. я пэўны час рэдка карыстаўся ёй у паўсядзённым жыцці. Сярод іншага, я пачаў ізноў слухаць радыё на беларускай.
Трэба зазначыць, што ні адна сучасная FM-станцыя Беларусі не працуюе выключна на беларускай мове. Можна вылучыць тры станцыі, што накіраваны на беларускамоўнага слухача і працуюць на розных частотах і ў Інтэрнеце: нацыянальны канал ад Белтэлерадыёкампаніі, і дзве "апазіцыйных" станцыі -- "Свабода" і "Рацыя". Але частка зместу перадач кожнай з гэтых станцый праходзіць на рускай мове, бо розныя спецыялісты, якіх запрашаюць у студыю на размову, рэдка свабодна размаўляюць па-беларуску. Пры гэтым апазіцыйныя медыя імкнуцца праводзіць такую тактыку: няважна ці размаўляе па-беларуску госць, вядучы абавязаны задаваць яму пытанні на беларускай. А дзяржаўнае радыё наадварот трымаецца прынцыпа: калі суразмоўца не валодае беларускай у патрэбнай ступені, вядучы размаўляе з ім па-руску, але да слухачоў звяртаецца па-беларуску. Астатнія беларускія станцыі рэдка карыстаюцца беларускай мовай у эфіры (часцей за ўсё гэта альбо рэкламны ролік, альбо папулярная песня, альбо госць праграмы, які прынцыпова размаўляе па-беларуску ў паўсядзённым жыцці). Ну і яшчэ ў сённяшніх рэаліях нельга казаць пра тэлеканалы, перыядычныя выданні ці радыёстанцыі, бо ўсё яны сталі мульцімедыйнымі парталамі: на сайце газеты ці часопіса можна праглядзець відэаролік, а на сайце радыёстанцыі -- прачытаць артыкул.
Магу сказаць, што калі мне спатрэбілася палепшыць сваё веданне беларускай, дзяржаўны нацыянальны канал мне спадабаўся па кантэнту больш, чым "Свабода". Першую станцыю я слухаў на FM праз гарнітуру мабільніка, другую -- праз Інтэрнет, што прывязвала мяне да дамашняга камп'ютара. Таксама я аддаю больш перавагі афіцыйнаму стандарту беларускай мовы, як больш простаму ва ўжыванні, і гэта быў яшчэ плюс "нацыяналкі". І апошні момант: на дзяржаўнай станцыі пакуль няма доўгага смакавання праблем, якое ўласціва апазіцыйным медыя, таму слухаць яго лягчэй, чым "Свабоду". ("Рацыю" пакуль пакідаю па-за параўнаннем, бо спробы паслухаць яе праз браўзер майго кнопкавага мабільніка паспяхова праваліліся.)
Не ведаю, што слухаюць аматары праваднога радыё на нацыянальным канале, але кантэнт FM-дыяпазона робіцца ўсё больш забаўляльным і інтэрактыўным. Не лічу сябе аматарам радыё, але час ад часу слухаю яго праз мабільнік, калі гуляю з дзецьмі ці еду куды-небудзь, ці прыбіраю кватэру. Прычым пераважна для нейкага фона.
Я не асуджаю сваіх бабулю і дзедулю за спецыфічны падыход да радыё. Яны выраслі ў савецкі час, калі людзей не вучылі быць ашчаднымі. Падобным чынам мая бабуля пэўны час не выключала на кухне газ на працягу дня, каб эканоміць запалкі. Сёння многія не могуць пражыць 5 хвілін без сваіх "гаджэтаў", таму я не маю маральнага права судзіць старое пакаленне за іх стаўленне да радыё.
Правадны прыёмнік савецкіх часоў дапамог мне памятаць мову, якую я хачу ведаць і любіць. Таксама некаторыя рэчы, якімі ён мяне карміў як быццам праз зонд, я пераасэнсаваў у цяперашні час. У той жалобнай песні, якой бабулі з "Душы народнай" пагаршалі мой галаўны боль, была фраза, што стала лейтматывам майго бацькоўскага жыцця:
Дзеткі абнялі --
Спацкі не далі
І гэта рэалія жыцця таты двух сыноў: апошні раз я прачнуўся сам у жніўні мінулага года, а паспаць днём, калі недаспаў ноччу, дзеткі не дадуць...
Ёсць думка, што правадное радыё можа быць зручным у час ваенных дзеянняў, бо яго цяжка знішчыць і з яго дапамогай можна апавясціць паветраную трывогу. Але я не гатовы ізноў слухаць яго з 5.50 да 0.00. Я навучыўся даражыць свабодай выключыць радыё...
Марка "Беларускаму радыё 100 гадоў", выява з сайта "Белпошты", belpost.by
***
2020-26 гг. унеслі свае карэктыроўкі ў тэму, пра якую я пісаў у сярэдзіне 2010-х гг. І трэба прызнаць, што гэтаму паведамленню не хапала гістарычных падрабязнасцяў, таму паспрабую дадаць што магу праз 9 год.
* 1 ліпеня 2003 г. палажэннем Міністэрства інфармацыі РБ была ўведзена 50% квота на выкананне беларускай музыкі ў радыёэфіры, а 1 студзеня 2005 г. яе павялічылі да 75%. Гэта палажэнне, хоць і было паслаблена з цягам часу, спрыяла развіццю беларускага шоу-бізнеса, бо гаворка ішла пра раскрутку беларускіх выканаўцаў, незалежна ад таго на якой мове песня і ў якім жанры музыка. Час паказаў, што гэты пратэкцыянізм апраўдаў сябе, хоць і рашэнне не было папулярным.
* У 2016 г. поўнасцю спыніла праца праваднога радыё, якое будзіла мяне ранкам у дзяцінстве і юнацтве і кропкі якога мы замуравалі падчас рамонту, за год да смерці праваднога вяшчання. Смерць праваднога радыё азначала паступовую смерць многіх беларускамоўных перадач мясцовага маштабу, арыентаваных на сельскіх жыхароў ("Бярэзінская хваля", "Веснік Быхаўшчыны"), альбо іх пераход на хвалі у малапапулярны час ("Весткі Случчыны").
* Радыё "Бі-Эй", заснаванае ў 1993 г., адзін з шматлікіх праектаў беларускіх пратэстантаў (у дадзеным выпадку баптыстаў), які пачынаўся як забаўляльны і рэлігійны адначасова, але потым стаў выключна забаўляльным і вельмі папулярным, не дацягнула некалькі тыдняў да 30-годдзя свайго існавання і спыніла вяшчанне па прычыне банкрутцва. Але засталася спадчына гэтага праекта: радыё "Мелодыі стагоддзя", якое круціць песні мінулых гадоў. Дарэчы, нейкая пераемнасць была і ў ланцугу маладзёжных радыё: у 1963-1994 гг. дзейнічала станцыя "Беларуская маладзёжная", якая ў гады Перабудовы пачала ўсё часцей падымаць вострыя пытанні, потым яе замяніла "Радыё 101,2 FM", беларускамоўная станцыя 1994-96, якая выйшла на самаакупнасць, але была зачынена загадам Мінінфармацыі РБ, а ў 2003 г. на частаце 101,2 стала вяшчаць станцыя "Пілот FM" ад БРСМ.
* Радыё "Свабода", "Рацыя", "Еўрарадыё" і іншыя апазіцыйныя ўраду РБ станцыі па стане на кастрычнік 2024 г. аб'яўлены экстрэмісцкімі рэсурсамі і заблакаваны ў Беларусі. За інтэрв'ю "Еўрарадыё" мой былы аднакурснік гісторык Ігар Мельнікаў атрымаў 4 гады калоніі па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (пазней быў памілаваны).
* Радыё "Сталіца" перажыла ў жніўні-верасні 2020 г. поўную ратацыю кадраў, калі месца прафесійных журналістаў і вядучых занялі спецыялісты ў іншых сферах. Спачатку новыя кадры рабілі шмат памылак, пэўны час "Сталіца" круціла архіўныя запісы старых перадач звольніўшыхся супрацоўнікаў. У 2024 г. адчуванняў непрафесіяналізму ад новых супрацоўнікаў і ад узроўню іх беларускай мовы не было. Але ёсць адчуванне, што цяпер там царства рокераў: бо ў эфіры амаль пастаянна ідзе рок-музыка.
* "Альфа-радыё", якое заснавалі ў 1999 г., было папулярным сярод маіх аднакурснікаў у пачатку 2000-х гг. Памятаю як яны рабілі тое, што сёння назвалі б словам "стэнд-ап" з пародыяй на "Альфу":
-- Я правяла ноч з Вялікім танцуючым пінгвінам! (сімвал "Альфы" ў той час -- А. Б.)
-- Спадзяюся, гэта была палярная ноч?
-- Так!
-- Званіце на "Альфа-радыё" і вас зразумеюць!
З 2003 г. кантрольны пакет акцый "Альфа-радыё" належыць Мінінфармацыі, але доўгі час "Альфа", як большасць іншых радыёстанцый FM-дыяпазону, пазбягалі вострых момантаў палітыкі і толькі перыядычна разбаўлялі музыку і забаўляльны кантэнт навінамі з "БелТА", якія чыталі хутка і без смакавання. Выключэннем стаў выпадак, калі прыкладна 18 жніўня вядучы аднаго з FM радыё перадаў прывітанне мірным пратэстуючым і паставіў ім "харошую песню". У 2021 г. "Альфа" значна палітызавалася: праграма "Будні" стала "баявым лістком" барацьбы з умоўным Захадам, а сярод песен сталі круціць і палітычныя песні групы "Галасы з места" з крытыкай "прэзідэнта Светы" і іншых удзельнікаў пратэстаў 2020 г. Пасля таго як на мяжы дзясяцігоддзяў я стаў менш слухаць радыё праз гарнітуру тэлефонаў, я пачаў слухаць яго ў машыне і новыя тэндэнцыі "Альфы" выглядалі для мяне неяк дзіўна і непрыгожа, як кожнае нагнятанне нанавісці да якой-небудзь сацыяльнай групы. Але з другога боку, на "Альфе" часцей сталі круціць песні пра Беларусь на беларускай мове, што раней не было характэрна для гэтай станцыі.
* Міжнароднае радыё "Беларусь" вяшчае праз мабільнае прыкладанне і анлайн на польскай мове для Польшчы. Пераважна там выступаюць беларускія вядучыя з добра пастаўленай польскай мовай (я толькі раз заўважыў памылку ў словах прамоўцы), часам польскія дзеячы, якія пражываюць у Беларусі і знаходзяцца ў апазіцыі да польскай улады. Частка эфіру ідзе на карысць папулярызацыі кніг беларускіх аўтараў, гісторыі беларускай культуры, раскруткі песень беларускіх выканаўцаў. Але нямала эфірнага часу выдзелена пад ток-шоў, дзе крытыкуецца Еўрасаюз, дзеянні польскіх палітыкаў, узгадваюцца злачынствы украінскіх нацыяналістаў супраць палякаў падчас Другой сустветнай вайны. Пры гэтым пра Расію і Беларусь гаворыцца толькі пазітыўна, але даволі асцярожна, з пазбяганнем спрэчных момантаў.
* Тэхнічны прагрэс зрабіў магчымым распаўсюджванне нішавых радыёстанцый у Беларусі. Вось прыклады:
-- Так у 2023 г. было запушчана анлайн радыё "Перамога" (radiopobeda.by) (у 2025 г. яму дадалі частату ў FM-дыяпазоне). Гэта далёка не першы праект прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне (ВАВ). Але акрамя песень часоў ВАВ або прысвечаных тэме гэтай вайны, там круцяць: 1) інтэрв'ю з ветэранамі і архіўныя навіны з франтоў мая 1945 г., што безумоўна файна ў плане гістарычнай адукацыі; 2) песні савецкіх часоў; 3) сучасныя беларускія песні. Таму гэта радыё не толькі пра падзеі ваеннага ліхалецця. Часам ёсць адчуванне, што эфір "Перамогі" запаўняе паўтарэнне адных і тых жа запісаных матэрыялаў. Калі гэта так, то штат станцыі не патрабуе значных фінансавых выдаткаў
-- У 2026 г. было створана яшчэ адно нішавае радыё: Жаночае радыё. Амаль поўнасцю эфір складаецца з папулярнай музыкі, часам паміж песнямі гучаць цытаты А.Р. Лукашэнкі пра жанчын у якасці рубрыкі "З першых вуснаў". У маштабе 10-мінутных інтэрвалаў гучаць іншыя размоўныя рубрыкі на жаночыя тэмы ("Без абцасаў", "Паэзія ў лічбе" "Двое на ПП"), многія з якіх запісваюцца загадзя.
-- Запіс праграм загадзя стварыў забаўную сітуацыю: у сумесным з "Альфа-радыё" ток-шоу "Сапраўднае жыццё", якое было ў эфіры "Жаночага радыё" 8 мая 2026 г. 11:00-11:30, то бок на пярэдадне Дня Перамогі, вядучыя абмяркоўвалі надыходзячае свята 1 мая. Пры гэтым 9 мая 2026 г. нічога пра Дзень Перамогі на "Жаночым радыё" не нагадвала, акрамя абавязковай на ўсіх тэле- і радыёстанцыях хвіліны маўчання ў 12:00.
-- І на "Жаночым радыё" і на "Перамозе" ніколі не чуў рэкламу, што таксама можа быць часткай палітыкі станцый. Таксама там няма віншаванняў з бягучымі падзеямі, выпускаў навін і прагнозаў надвор'я.
* 15.11.2025 адзначалася 100 гадоў Беларускага радыё. На 1-м інфармацыйным канале гралі песню "Радзіма мая дарагая", першыя ноты якой доўга былі пазыўным праваднога радыё, у ветэранаў радыёвяшчання бралі інтэрв'ю, а Белпошта выпусціла марку ў гонар падзеі (выява вышэй)


Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.