Мінула 5 год
з таго часу, як міліцыя і некалькі чалавек
у цывільным увайшлі ў прыватны дом у
Барысаве і спынілі там рэлігійнае
набажэнства. У мясцовых СМІ, напрыклад,
у газеце «Адзінства» былі апублікаваны
кароткія нататкі на гэту тэму.
Так атрымалася,
што я неаднаразова бываў на такіх
набажэнствах у тым горадзе і аднойчы
быў у тым самым месцы, дзе пазней яго
сарвалі. Мне давялося пагаворыць з адным
з відавочнікаў міліцэйскіх рэйдаў
(такіх рэйдаў, насамрэч, было некалькі)
і таму я маю, што дадаць да гэтай гісторыі.
Асаблівасці
рэлігійнага жыцця Беларусі
Гаворка ідзе
пра сустрэчы барысаўскіх Сведкаў Іеговы,
якія праходзілі ў горадзе з 1990-х гг.
Трэба адразу падкрэсліць некаторыя
істотныя рэаліі беларускага рэлігійнага
жыцця. У пачатку 90-х, з аднаго боку,
грамадства мела больш цікаўнасці да
рэлігіі, чым цяпер у канцы 2010-х гг., з
другога боку, не было палітыкі дзяржаўнай
падтрымкі Беларускай праваслаўнай
царквы Маскоўскага патрыярхату (БПЦ
МП). Таму я добра памятаю, як у печынскай
школе №7, дзе я вучыўся, на класную
гадзіну да нас прыходзілі паслядоўнікі
Парфірыя Іванова распавесці пра філасофію
свайго настаўніка, якога яны называлі
«пераможцам прыроды, настаўнікам народа
і богам зямлі». Пазней вучняў той жа
самай школы збіралі на сустрэчу ў актавай
зале з нейкім амерыканскім прапаведнікам.
Я там не быў, але адзін аднакласнік з
кпінамі казаў пра тую сустрэчу:
– Кароча, ён
там пытае нас «Хочаце паехаць у Амерыку?».
Мы яму «Та-а-ак!». А потым ён пра Бога
пачаў казаць. Мы там спявалі «Алілуйя,
алілуйя!»
І дадаў
непрыстойную рыфмоўку, якую я ведаў
яшчэ з савецкага дзяцінства.
Нават у
пачатку 2000-х у 1-ю гімназію Барысава
прыходзілі «Гедэонавы браты» або
«Гедэоны» і раздавалі свае кішэнныя
выданні «Новага запавету з Псалмамі».
А вось з 2002
г. са з'яўленнем новага закону аб свабодзе
веравызнання сітуацыя змянілася
кардынальна. З таго часу ўваход у
адукацыйныя ўстановы стаў выключна
магчымы толькі для БПЦ МП. Альтэрнатыўныя
праваслаўныя, каталікі (другая па памеры
канфесія Беларусі), пратэстанты і
нехрысціянскія канфесіі мусілі мірыцца
з шэрагам абмежаванняў. Напрыклад, для
рэгістрацыі новай абшчыны патрабавалася
ўжо не 10 а 20 заснавальнікаў. Для правядзення
адукацыйных, дабрачынных ці культавых
мерапрыемстваў патрабаваўся дазвол
мясцовай улады.
З другога
боку, БПЦ МП добра ўсталявалася ў сістэме
адукацыі. Акрамя эксклюзіўнай магчымасці
прыходзіць на размовы пра рэлігію ў
школы, каледжы і вну (і карыстацца такімі
магчымасцямі пераважна для таго, каб
казаць, што астатнія рэлігіі горш за іх
веру) Праваслаўная царква мае моцны
ўплыў на падрыхтоўку рэлігіязнаўчых
кадраў праз Інстытут тэалогіі БДУ (раней
вядомы як тэафак ЕГУ).
І ў выніку
склалася сітуацыя, калі на розных
узроўнях грамадству даводзіцца думка
аб «безальтэрнатыўнасці» праваслаўя
і небяспечнасці іншых веравызнанняў.
Магчымасць даказаць зваротнае існуе
толькі тады, калі ў калектыве, дзе
выступае праваслаўны святар, знойдзецца
той, хто будзе здольны прадметна з ім
дыскутаваць і адважыцца гэта рабіць. І
ў грамадстве ўкараняецца стэрэатып пра
гэтак званыя «секты», якія быццам крадуць
кватэры, шпіёняць на карысць індзейцаў
Амазоніі і ўвогуле складаюцца з
маргіналаў, якіх трэба вяртаць у
«нармальнае» жыццё.
Чыноўнікі,
якія прымаюць рашэнні ад імя грамадства
і дзяржавы, не прылятаюць у Беларусь з
Марса. Гэта тыя ж грамадзяне, што і іншыя
падаткаплацельшчыкі. Яны таксама ў
становішчы, калі чутка амаль выключна
адна думка, і здаецца, што яна адзіная
правільная.
Калі вярнуцца
да Сведкаў Іеговы, то ў пэўным беларускім
горадзе мясцовыя вернікі прыйшлі да
мэра зарэгістраваць сваю Залу Царства.
Мэр у іх прысутнасці патэлефанаваў
жанчыне, адказнай за праверку тэхнічных
аспектаў будоўлі, і спытаў яе, што яна
скажа пра ступень адпаведнасці дакументаў
на Залу Царства дзяржаўным стандартам.
– Вы што?!
Гэта ж секта! Ім нельга дазволіць збірацца
ў сваім будынку! – адказала жанчына, не
ведаючы, што размова ідзе па гучнай
сувязі і яе чуюць самі «сектанты».
– Я прашу
вас нікога не абражаць, – строга адказаў
мэр. – У нас рэлігіі роўныя перад законам.
Ці ёсць пэўныя недахопы ў іх дакументацыі
ў плане адпаведнасці тэхнічным стандартам?
– У гэтым
плане зачапіцца няма за што. У іх усё ў
парадку, – прызнала спецыяліст.
У многіх
іншых сітуацыях рашэнні залежылі ад
такіх прадузятых людзей, як гэта жанчына,
і, часам гэта азначала адмову выканкама
зарэгістраваць статут абшчыны і
разгляданне любой дзейнасці вернікаў
такой канфесіі на сваёй тэрыторыі як
дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі.
Вось у такіх
умовах 20 лістапада 2014 года на прыватны
падворак аднаго са Сведкаў Іеговы
Барысава прыехала міліцыя...
Барысаўскія
Сведкі
Мне даводзілася
час ад часу бываць на сустрэчах Сведкаў
Іеговы ў Барысаве ў канцы 1990-х і 2000 г.
Такія мерапрыемствы праводзяць ва ўсім
свеце па адной праграме, таму асаблівасцяў
у Барысаве было не шмат. У той час вернікі
арандавалі актавую залу аднаго гарадскога
дома культуры і мне запомніліся толькі
дзве асаблівасці: аднойчы перацёрты
шнур гукаўзмацняльнай апаратуры пачаў
лавіць хвалі нейкага радыё на французскай
мове і спакойнае абмеркаванне нейкай
біблейскай тэмы прайшло пад музыку і
нейкую перадачу на французскай. Сітуацыя
была для прысутных хутчэй забаўнай, чым
непрыемнай. Таксама пэўны час існавала
такая традыцыя: нехта з дачнікаў прыносіў
у цёплы сезон жывыя кветкі і упрыгожваў
імі сцэну, а пасля завяршэння сустрэчы
і прыбірання гукаапаратуры маладыя
мужчыны дарылі ўсім прысутным асобам
прыгожага полу па кветцы. Вось, бадай,
і ўся ўнікальнасць барысаўскіх сустрэч
Сведкаў Іеговы, акрамя таго, што мясцовы
сход адным з першых у Беларусі арганізаваў
сурдапераклад набажэнстваў.
Усе рэлігійныя
сустрэчы Сведкаў, на якіх я калі-небудзь
бываў, праходзілі як вучэбны занятак у
форме выступлення прамоўцы, абмеркавання
матэрыялу з аўдыторыяй, інтэрв'ю ці
кароткіх інсцэніровак на пэўную тэму.
Ніякіх непрыстойных паводзін ці танцаў
у экстазе ніколі не было. Таксама са
сцэны ніколі не гучалі заклікі да
праяўлення нянавісці да каго б ні было
альбо іншых момантаў экстрэмісцкага
кшталту. З гэтай прычыны ў Мінску і
шэрагу іншых гарадоў Беларусі абшчыны
Сведкаў Іеговы былі зарэгістраваны.
Паколькі ў
Барысаве Сведкам Іеговы не дазваляюць
зарэгістраваць сваю абшчыну (якая ні
статутам, ні дзейнасцю не адрозніваецца
прынцыпова ад мінскай), то мясцовыя
ўлады палічылі сустрэчы на прыватным
падворку незаконнай дзейнасцю.
Вось так праходзіла сустрэча, аналагічная той, што сарвалі барысаўскія праваахоўцы. На фота мінскія Сведкі Іеговы праводзяць Школу тэакратычнага служэння вясной 2005 г. На сцене муж і жонка, у якіх бяруць інтэрв'ю. Ніякіх «танцаў з бубнамі» праграмай не прадугледжана. Аўтар фота не вядомы. Пераздымка фота з прыватнага архіва аднаго з вернікаў.
АМАП
супраць вернікаў
Да ўвагі СМІ
патрапіў рэйд 20 лістапада 2014 г. Вось так
яго апісаў карэспандэнт barysau.by
са спасылкай на
выданне «Адзінства»:
«20 лістапада
ў праваахоўныя органы паступіў сігнал
аб правядзенні ў Барысаве масавага
мерапрыемства рэлігійнай арганізацыяй
«Сведкі Іеговы», паведамляе газета
«Адзінства». ... Гэтая рэлігійная
арганізацыя не зарэгістраваная ў
мясцовых органах улады, у сувязі з чым
яе дзейнасць на тэрыторыі Барысава і
Барысаўскага раёна з'яўляецца незаконнай.»
(спасылка
http://archive.barysau.by/bel/навіны/грамадства/2966/,
актыўная некалькі месяцаў таму, але на
цяперашні час неактыўная)
Скрыншот спасылкі ЎКантакце на вышэй цытаванае паведамленне. У якасці ілюстрацыі прыводзіцца малітва ў стане трансу ў нейкай неапратэстанцкай царкве. Цікава, што ў Інтэрнэце ўжо былі фотаграфіі кангрэсаў Сведкаў Іеговы ў Мінску за 2011-2014 гг., даступны быў і сайт саміх Сведкаў, але аўтар не бачыў прынцыповай розніцы паміж канфесіямі Беларусі. А чаго яшчэ чакаць, калі людзей мэтанакіравана арыентуюць успрымаць усіх неправаслаўных беларусаў як маргіналаў?! Праўда, тут яшчэ можа быць справа ў рэдакцыйнай палітыцы выдання.
Паводле
слоў некаторых відавочнікаў асенняга міліцэйскага «марафону», думку
якіх журналісту, верагодна, не атрымалася
дазнацца, гэта быў не першы такі рэйд.
Да візіту на набажэнства ў лістападзе
14-га быў яшчэ і зрыў святкавання Вячэры Гасподняй вясной таго ж года. Вось як
гэта бачылі па іншы бок праблемы.
Адзін з
вернікаў дзяжурыў на уваходзе. Акрамя
звычайнага прывітання гасцей, што
характэрна для большасці месц пакланення
Сведкаў Іеговы, ён сачыў і за тым, каб
не дапусціць зрыву мерапрыемства
хуліганамі (бо падобныя спробы на гэтым
месцы здараліся). Некалькі чалавек у
цывільным зайшлі ў двор і падышлі да
ўваходу. З імі была міліцыя.
– Вы куды? –
спытаўся дзяжурны.
– На
мерапрыемства, – адказаў адзін з гэтых
людзей.
– Хто вас
запрасіў?
У адказ гэты
чалавек адштурхнуў дзяжурнага і ўвайшоў
разам з іншымі ў памяшканне. Там яны
сфатаграфавалі інфармацыю на стэндзе
ўнутры, а потым аб'явілі прысутным, што
на правядзенне мерапрыемства не быў
атрыманы дазвол і ўсе абавязаны пакінуць
памяшканне.
Вернікі
выйшлі на вуліцу. У той жа вечар яны
раздзяліліся на маленькія групы і
адзначылі Вячэру ў некалькіх іншых
месцах.
20 лістапада
2014 г. сітуацыя паўтарылася. На гэты раз
у тым жа самым памяшканні праходзіла
Школа тэакратычнага служэння. Ізноў
вернікі спакойна выйшлі на вуліцу па
загаду прадстаўнікоў улады. На гаспадара
дома быў складзены пратакол і яго
аштрафавалі.
Ад аднаго з
барысаўскіх Сведкаў была яшчэ інфармацыя,
што зрыў Вячэры здымала тэлебачанне,
але я мяркую, што, хутчэй за ўсё, гэта
была банальная аператыўная міліцэйская
здымка на камеру.
Праз некаторы
час дзяўчаты з барысаўскіх Сведкаў
Іеговы распачалі рэлігійную размову з
нейкім мужчынам, які, як высветлілася,
служыў у АМАПе і ўдзельнічаў у зрыве іх
рэлігійнай сустрэчы. Міліцыянер
прызнаўся, што ён і яго калегі лічылі,
што ехалі спыняць нейкую сектанцкую
вакханалію, а ўбачылі на месцы спакойных
і адэкватных людзей, і многім з яго
атрада было сорамна за зрыў набажэнства.
На развітанне АМАПавец папрасіў у
дзяўчат прабачэння за дзеянні міліцыі...
Хто
які закон парушыў?
Сітуацыя з
рэлігійнымі сустрэчамі ў памяшканні
на прыватным падворку не так адназначна,
як яе бачылі барысаўскія чыноўнікі. З
аднаго боку, там, дзе ёсць зарэгістраваныя
абшчыны, беларускія Сведкі Іеговы
згаджаюцца на атрыманне дазволу на
правядзенне сустрэч у мясцовых органах
улады, бо так патрабуе закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях.
З другога боку, ёсць Канстытуцыя Беларусі,
якая аб'яўляе роўнасць рэлігій (артыкул
16), роўнасць грамадзян (артыкул 22),
недатыкальнасць жылля грамадзян (артыкул
29), якая дазваляе свабоду веравызнання
(артыкул 31), мірных сходаў (артыкул 35) і
аб'яднанняў (артыкул 36), а гэта значыць,
што вернікі маюць права праводзіць
сустрэчы як грамадзяне, а не члены
абшчыны, царквы ці іншай арганізацыі.
Калі паслядоўна прымяняць дыскрымінацыйныя
палажэнні закона аб свабодзе сумлення да ўсіх
грамадзян, то атрымаецца, што нават
адсвяткаваць Вялікдзень у сваім доме
праваслаўная сям'я не мае права, калі
не атрымае адпаведнага дазволу мясцовых
органаў улады.
Магчыма, у
якасці доказу таго, што збіраліся не
асобныя грамадзяне, а члены арганізацыі,
барысаўскія ўлады выкарыстоўвалі
фотаграфіі спісаў груп удзельнікаў
Школы тэакратычнага служэння, наяўнасць
гукаўзмацняльнай апаратуры ў памяшканні,
якое было зарэгістравана як хлеў... Але
такія прыкметы могуць адносіцца і да
зусім бытавых сітуацый, маўляў, сям'я
складае графік мыцця посуду ці суседзі
па пляцоўцы дзеляць дакументальна, калі
гэтую пляцоўку прыбіраць. Усе такія
дакументы не маюць юрыдычнай сілы і
звычайна не разглядаюцца як выдадзеныя
юрыдычнай асобай.
Уявім сабе
такі прыклад: філатэлісты гіпатэтычнага
горада збіраюцца разам і жадаюць
арганізаваць клуб, каб лягчэй было
арандаваць памяшканне, весці свае
справы, дамаўляцца з гарадской
адміністрацыяй і г. д. Але ў адміністрацыі
лічаць, што філатэлія – гэта марнаванне
часу ды й удзельнікі могуць нешта дрэннае
абмяркоўваць на сваіх сустрэчах, а ў
ідэале лепш, каб ціха было і ніякіх
грамадзянскіх ініцыятыў не існавала.
І філатэлістам адмаўляюць у рэгістрацыі
клуба. Ці азначае гэта, што гэтыя ж
грамадзяне не могуць сустракацца ў
прыватным падворку, каб абменьвацца
маркамі, вопытам калекцыяніравання ці
проста кавы папіць з аднадумцамі? А што
калі на месцы правядзення такіх сустрэч
вісіць графік уборкі памяшкання і мультымедыйная дошка, то гэта ўжо
арганізацыя ці яшчэ проста мірны сход
грамадзян?
Яшчэ трэба
адзначыць такі нюанс. Пазіцыя, выказаная
адным расійскім чыноўнікам, «няма секты
– няма праблемы» перадае даволі
прымітыўны погляд: быццам адмова ў рэгістрацыі
рэлігійнай арганізацыі ці зняцце яе з
рэгістрацыі азначае яе знікненне ці
зніжэнне колькасці яе прыхільнікаў.
Сітуацыя ў Расіі паказала, што можна
забараніць структуры, але нельга
забараніць людзей. Частка людзей сапраўды
пакідае праблемны рэгіён, некаторыя
адмаўляюцца ад сваіх поглядаў. Але
большасць Сведкаў Іеговы Расіі засталіся
вернымі сваім перакананням, а таксама
Сведкамі Іеговы сталі некаторыя людзі,
што гадамі хадзілі на іх сустрэчы, не
жадаючы далучацца да іх радоў і яшчэ пачалі
вяртацца тыя вернікі, якія былі неактыўнымі. У
беларускіх рэаліях забароны і абмежаванні
маюць такі ж эфект.
Акрамя таго,
спробы выканаць за кошт вернікаў планы
па штрафах (і бюджэт папоўніць і рэпрэсій
няма) – гэта таксама ілюзія. Практыка
паказвае, што падобныя меры могуць
скончыцца міжнародным скандалам,
штрафамі ад ЕСПЧ і нават санкцыямі, з
боку дзяржаў Захада і тады страты
эканомікі перавысяць усе магчымыя
даходы ад пакарання «сектантаў» рублём.
Барысаўскія
Сведкі толькі павялічыліся колькасцю
з 2014 г., і па-ранейшаму праводзяць свае
сустрэчы (праўда, у іншых месцах). Пакуль
новых праблем з адміністрацыяй горада
ў вернікаў не ўзнікала.
Пры ўзнікненні
супярэчання пэўнага закону Канстытуцыі большую
сілу мае Асноўны закон. Таму пытанне
чаму барысаўскія, лідскія ці мар'інагорскія
чыноўнікі адмаўляюць грамадзянам
Беларусі ў праве на свабоду мірных
сходаў як часткі выражэння іх рэлігійных
поглядаў застаецца адкрытым...
P.S. Праз год мушу адзначыць некалькі дэталяў. Ужо калі я апублікаваў гэты тэкст і мінуў некаторы час, я ўзгадаў, што ў пачатку 2000-х у барысаўскіх Сведкаў Іеговы некаторы час праводзіліся сустрэчы для моладзі з інсцэніроўкамі біблейскай драматургіі. Гэта практыка была ў Сведкаў ў Еўропе першай паловы ХХ ст., але не было ў іншых беларускіх сходах гэтай канфесіі ў 90-2000-х. Вось гэта дэталь адрознівала барысаўскіх Сведкаў Іеговы, ад маладзечанскіх, гродзенскіх ці мінскіх і толькі некалькі месяцаў, бо потым маладзёжныя сустрэчы спыніліся, каб моладзь сябравала ў сходзе не толькі паміж сабой. Зразумела, як гэта, так і вышэй азначаныя адрозненні не апраўдваюць адмовы барысаўчанам у праве на свабоду веравызнання.
Яшчэ па тэме:
Пойдет ли Беларусь путем России?
Новы Запавет на палескай мове (Новый Завіт Клімчука)
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.