31.10.2025

Курлоўскі растрэл ў Мінску

Роўна 120 год таму на Прывакзальнай плошчы ў Мінску адбылася падзея, вядомая як Курлоўскі растрэл.

1-я руская рэвлюцыя дасягнула сваёй кульмінацыі, калі ў адказ на маштабныя забастоўкі па ўсёй Расіскай імперыі Мікалай ІІ 17 кастрычніка 1905 г. прыняў Кастрычніцкі маніфест, які дазваляў шэраг палітычных і грамадзянскіх свабод, а таксама пераўтварыў абсалютную манархію ў парламецкую.

На наступны дзень 18 кастрычніка па тагачасным юліянскім календары, або 31 кастрычніка па сучасным, у Мінску на цяперашняй пачаўся маштабны мітынг. Удзельнікі акцый пратэсту патрабавалі ад губрнатара П.Р. Курлова вызваліць палітычных зняволеных, што было зроблена. Мітынг працягваўся, і паводле мемуараў самога Крылова стаў суправаджацца асобнымі сутычкамі з вайскоўцамі, што ахоўвалі чыгуначны вакзал. Па прычынах, якія да гэтага часу канчаткова не высветлены, васкоўцы пачалі страляць і загінулі каля 50-80 чалавек і яшчэ некалькі соцень атрымалі раненні, што робіць падзею рэкорднай па колькасці ахвяр і пацярпелых падчас акцый пратэсту і хваляванняў у гісторыі Беларусі (калі не лічыць узброеныя паўстанні). Расправа над удзельнікамі акцыі выклікала абурэнне не толькі ў Мінску. Адбылося дзяржаўнае расследаванне дзеянняў Крылова, адкліканага ў Пецярбург, і іншых асобаў, меўшых дачыненне да растрэла, але ніхто не быў пакараны. Забастоўка ў Мінску, распачатая ў адказ на растрэл мітынгоўцаў, працягвалася каля тыдня. Нягледзячы на тое, што Курлоў не прызнаваў сваю датычнасць да гібелі людзей ля чыгуначнага вакзала, у гісторыю падзея ўвайшла як Курлоўскі растрэл.

Цікава, што памяць пра гэтыя падзеі ў часы БССР схематызавалі і загналі ў мінскае метро.

Вось такі бронзавы знак каля выхаду са станцыі метро "Плошча Леніна" ў бок Прывакзальнай плошчы нагадвае пра падзеі 120-гадовай даўніны. (Фота А. Берастоўскага, 2021 г.).

У 1928-1941 гг. на самой плошчы стаяў чорны мармуровы помнік ахвярам растрэлу. Падчас гітлераўскай акупацыі яго ліквідавалі і  больш ніколі не аднавілі. Замест помніка праз дзяясяткі год паставілі памятны знак у метро. Саму падзею вывучалі і вывучаюць на ўроках гісторыі Беларусі, але ніякіх грунтоўных усебаковых разбораў не робіцца цяпер, як не рабілася ў савецкі час. 

Магчыма, праблема ў тым, што дэталёвы разбор трагедыі 120-гадовай даўніны псуе карціну гармоніі людзям розных палітычных поглядаў. Многія гісторыкі-камуністы хацелі б бачыць у падзеях кіруючую руку мінскіх сацыял-дэмакратаў, але ў пратэстаў удзельнічалі і лібералы, якіх камуністы лічылі недарэвалюцыянерамі, і мясцовая шпана, якая шукала магчымасці красці і хуліганіць, і ніякай кіруючай рукі РСДРП не было б бачна, калі б пісаць пра ўсё падарабязна. Для антысемітаў савецкага і поставецкага часу праблему складала вялікая колькасць яўрэяў сярод забітых, але нічога дзіўнага, бо значную частку насельніцтва гарадоў Беларусі складалі яўрэі, якім не давалі магчымасці перасякаць рысу яўрэйскай аседласці. Прарасійскія манархісты звычайна робяць акцэнт на паводзінах хуліганаў падчас гэтага мітынгу, забываючы пра сур'ёзныя праблемы, якія спарадзілі 1-ю рускую рэвалюцыю ўвогуле і мітынг ля тагачаснага Віленскага вакзала ў прыватнасці. А тым, хто хоча паказаць Курлоўскі растрэл як несправакаванае насілле, не вельмі прыемна, што ёсць заявы аб асобных правакацыях, якія пакуль не абвержаны гісторыкамі як няпраўда.

У такіх умовах пра падзеі 31.10.1905 г. стала прынята казаць некалькімі сціслымі фразамі, якія паўтараюць з нагоды гадавіны гэтых падзеяў ці пры вывучэнні 1-й рускай рэвалюцыі.

***

Гэты дзень увайшоў у гісторыю Беларусі і іншымі падзеямі

У 1961 г. на Кастрычніцкай плошчы Мінпска знеслі помнік Сталіну.

У 2002 г. быў прыняты новы закон аб свабодзе веравызнання РБ, які абмежаваў правы неправаслаўных грамадзян і дзейнічаў да 2024 г.

У 2009 г. СМІ Беларусі загаварылі пра свіны грып.

27.10.2025

Мянушкі некаторых мінскіх лакацый

 І цэнтр, і ўскраіны Мінска маюць мноства мянушак. Такія мянушкі могуць адносіцца да асобных будынкаў у сувязі з іх архітэктурнымі асаблівасцямі і падабенствам ("кукурузы" - Харужай 10/1, 14, 18/1, 22, 24/2 ; "долар" - Кульман 15 і "цэнт" - Кульман 13; "кітайская сцяна" - комплекс цотных дамоў на М. Танка, утвараючых маналіт; "дом з чайкай" - Незалежнасці 80; "дом пад шпілем" - Камуністычная 14; "караблік" - Незалежнасці 150; саркафаг - Кастрычніцкая  плошча 1) альбо ў сувязі з пэўнай асобай (дом Чыжа (будаваўшы беларускі алігарх) - Старажэўская 6; дом Мусінскага (архіітэктар) - комплекс вул. Няміга 6, 8, 10, 12, 14). Кварталы і раёны могуць мець скарочаную назву (Ждановічы - Жданы, Камароўка - Камары, Троіцкае прадмесце - Тройка, ваколіцы гасцініцы "Юбілейнай" - Юлька). Ёсць назвы на англасаксонскі манер (будынак Мінабароны на Камуністычнай 1 меў мянушку "Пентагон", хоць у адрозненні ад амерыканскага аналага мала нагадвае пяцікутнік, раён Чыжоўка некаторыя "чоткія" пацаны называлі "Чыкага", вуліцу Бехцерава - Бехцер-стрыт па аналогіі з вядомай лонданскай Бейкер-стрыт). 

У гэтым пасце паспрабую напісаць пра некалькі экзатычных варыянтаў

Загадкавы Квартал чатырох святых

Старажыл нашага мікрараёна А.П. Санько, які мне часам распавядаў гісторыю Мінска, сцвярджаў, што да гітлераўскай акупацыі раён скрыжавання вуліц Маркса, Энгельса, Леніна і праспекта Сталіна (цяпер - Незалежнасці) называлі кварталам чатырох святых. 4 класікі марксізма-ленінізма былі ўзведзены мясцовымі жартаўнікамі ў ранг святых. 

Але ў словах Аскольда Пятровіча ёсць няўзгоднасць: да 1952 г. праспект Сталіна называўся Савецкай вуліцай, а значыць ён не мог быць мяжой квартала 4-х святых да Вялікай Айчыннай вайны і нават адразу пасля яе. На гэту дэталь маю ўвагу ў свой час звярнуў В. Зелянкоў. Па яго версіі мяжа такога квартала ідзе на поўдзень ад пазначаных мной і гэта квадрат паміж вуліцамі Маркса, Энгельса, Леніна і Кірава. 

Аднак я мяркую, што хутчэй за ўсё 4 святыя гэта класікі марксізма-ленінізма, у тым ліку Сталін. Па-першае, у сталінскім СССР не было культу асобы Кірава, яго хутчэй выкарыстоўвалі ў ролі пакутніка, чым святога. Існуе нават версія, што Кірава забілі, каб пашырыць рэпрэсіі ў Савецкім саюзе. А вось Маркс, Энгельс, Ленін і Сталін разглядаліся як геніі (што больш падобна на палажэнне святога). Па-другое, мой знаёмы старажыл мог банальна памыліцца і пераблытаць час існавання тапоніма. 

Якія б межы не меў гэты квартал, акрамя успамінаў А.П. Санько я не сустракаў ніякай інфармацыі пра яго на прасторах інтэрнэту. Мемуарная літаратура можа праліць дадатковае святло на тэму.

У 90-я раён вуліцы К. Маркса атрымаў мянушку "Карла-Марла", а суседні з вуліцамі Энгельса і Маркса Аляксандраўскі сквер - "Панікоўка". Апошняя назва звязана з тым, што ў скульптуры "Хлопчык з лебедзем" народ убачыў персанаж Ільфа і Пятрова Панікоўскага, які крадзе гуся.

Зніклыя Абісінія і Шанхай


Межы вуліц Пуліхава, Андрэеўскай і Антонаўскай у 1960-80 гг. нефармальна называліся Абісініяй, магчыма ў сувязі з наяўнасцю некаторай колькасці эфіопскіх студэнтаў у ваколіцах гэтых вуліц. Некаторыя нават дзялілі Абісінію на верхнюю (1) і ніжнюю (2) з гранііцай па вуліцы Захарава.

Іншыя старажылы ўзгадваюць, што забудову 60-70-х у раёне вуліц Смаленскай, Захарава і Першамайскай называлі Шанхаем. Верагодна, па прычыне хаатычнасці гэтай забудовы.

Абодва тапонімы не былі ўнікальны для Мінска. Такіх Шанхаяў хапала па усім СССР. Вёска Востраў каля Пячэй таксама мела такую мянушку. А свая Абісінія была ў Магілёве.  З цягам часу гэтыя назвы зышлі ў мінулае і іх ўзгадваюць амаль выключна на форумах, прысвечаных нефармальнай тапаніміцы Мінска.

Ціхая Чыжоўка 8


Чыжоўскія могілкі часам у якасці жарта называюць "Чыжоўка-8". Гэта назва звязана з тым, што спальны раён Чыжоўка мае толькі 7 мікрараёнаў, і могілкі быццам утвараюць восьмы. Дарэчы, у 2021 г. я працаваў з могілкамі, якія знаходзяцца практычна па суседству з Чыжоўкай-8

Гістарычны раён Шарыкі


Калі Абісінію і Квартал 4-х святых мне прыйшлося самому пазначаць на скрыншотах Яндэкс карты, то Шарыкі "дараслі" да палажэння гістарычнага раёна, і Яндэкс сам вылучыў іх межы на карце, хоць тыя Шарыкі і маладыя ў параўнанні з іншымі часткамі сталіцы, прызнанымі гістарычнымі раёнамі. Назва паходзіць ад Шарыкава-падшыпнікавага заводу, а сам раён ахоплівае вуліцы і кварталы вакол яго, у тым ліку, Народную, Тухачэўскага, часткі вуліц Куляшова, Пляханава, а таксама частку Партызанскага праспекта. Таксама гэта адзіны вядомы мне выпадак, калі ў нефармальна існуючага раёна з'явіўся свой сцяг падчас хвалі стварэння сцягаў раёнаў у 2020 г. Гэта зусім іншая гісторыя, але не ведаю, каб у якіх-небудзь яшчэ неафіцыйных тапонімаў была свая сімволіка, нават часовая...

15.10.2025

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 5

 Яшчэ крыху вандровак па Беларусі (папярэдні пост тут). У гэты раз жыццё закінула мяне і маю сям'ю спачатку на паўднёвы ўсход, а потым на паўночны захад краіны.

Гомель

Другі па тэрыторыі і насельніцтву горад РБ я наведваў не ўпершыню, але ў гэты раз я правёў там некалькі дзён, звяртаючы ўвагу, як звычайна, на дэталі, якія здаюцца мне іншымі, чым у сталіце.



Рака Сож працякае праз горад шырокім руслам.  Праз гэту раку ў раёне вуліцы  Фрунзэ перакінуты 2 сапраўды доўгія масты: аўтамабільны (з якога здымаў гэтыя кадры) і чыгуначны.

Адно з буйных прадпрыемстваў Гомеля мае назву на беларускай, нягледзячы на знешнюю перавагу рускай мовы ў тапонімах.

"Світанак" таксама захоўвае свой брэнд беларускамоўным.

Гэта фота спалучае адразу некалькі цікавых элементаў: 1. гэта школа № 19 на Інтэрнацыянальнай 45, заснаванай яшчэ ў 1936 г. (амаль 90 гадоў на момант здымку!), яе архітэктура даволі нетыповая для большасці беларускіх школьных будынкаў, у тым ліку наяўнасць 4 паверхаў, выхад на праезную частку шырокай вуліцы; 2. элементы святкавання 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якімі Гомель быў поўны па стане на чэрвень 2025 г.; старое, ссохлае дрэва, якое ў свой час паднялося на вышыню будынка, і, мабыць, шмат чаго пабачыла ля школы за свой век...

Вось так аформлены аўтобусна-тралейбусныя прыпынкі. Дарэчы, нярэдка надпісы на іх зроблены толькі на рускай мове.

Так брукаванкай вылучаюць праезную частку на некаторых прыпыначных пунктах Савецкай вуліцы.

А на такіх шчытах размяшчаюць рэкламу і аб'явы.

Гарадскія аўтобусы Гомеля пераважна зялёнага колеру, а нумар на іх пазначаны бывае зялёна-блакітным. 

А так выглядаюць некаторыя сметніцы. Такі дызайн не сустракаў у іншых месцах.

Мясцовы лозунг "Квітней, Гомель!"

Воданапорная вежа з выявай дзржаўнага сцяга. У канцы 2020 г. на фоне барацьбы з распаўсюджваннем бел-чырвона-белых сцягоў як пратэстнай сімволікі і замены іх выявамі афіцыйнага дзяржаўнага флага на некаторых вышынных аб'ектах кшталту заводскіх комінаў сталі маляваць чырвоназялёныя сцягі замест БЧБ-камбінацый, якія наносілі для паветранай бяспекі (каб пазбегнуць сутыкненне верталётаў з аб'ектам). Гэта тэндэнцыя ахапіла і воданапорныя вежы, час ад часу бачыў такія ў розных гарадах.

Гадзіннік на тэрыторыі мясакамбіната сваім распалажэннем стрэлак нагадвае гадзіннік суднага дня, але мяркую, што гэта ён проста спыніўся так :)

У раёне Навабеліцкага рынку ёсць месца каля кафэ "Труханаў" з бясплатным вай-фаем. Праўда, не правяраў ці працуе ён насамрэч для тых, хто проста ідзе побач...

На рагу вуліц Катуніна і Інтэрнацыянальнай на будынку фабрыкі "Камінтэрн" зроблены мурал памяці Іллі Катуніна. Можа было б лагічней размясціць яго з боку аднайменнай вуліцы, але тэхнічна зручней апынулася тут. Як бы яно ні было такія тлумачальныя муралы дапамагаюць лепш разумець гісторыю беларускіх гарадоў.

Кінулася ў вочы крэатыўная назва кавярні на Савецкай, 30 :)

Дом 4 на вуліцы Ленінградскай - рэдкі выпадак, калі вуліцу пазначаюць і па-руску, і па-беларуску. А так значная колькасць вуліц Гомеля бываюць пазначаны альбо на рускай, альбо на беларускай, прычым на рускай часцей другарадныя, а не асноўныя магістралі. 


У Гомелі неяк асабліва больш адчуваецца прысутнасць Расіі і прыхільнікаў рускага свету, чым у Мінску. Магчыма, гэта тлумачыцца наяўнасцю расійскіх войск у пасёлку Зябраўка на паўднёвы ўсход ад горада на Сожы. У 2022 г. па сведчанню адной мясцовай жанчыны тут было адчуванне вайны, калі пастаянна ў Зябраўку ляцела ваенная авіацыя а праз Гомель у бок Украіны рухаліся вайсковыя калоны. Быў вядомы выпадак, калі калону расійскай тэхнікі вітала група з 10-20 мясцовых гараджан. Пазней у Гомелі лячылі параненых вайскоўцаў з Расіі. Потым наступіў час, калі пад Гомелем збівалі дроны, што ляцелі з поўдня. У інтэрнэце былі чуткі, што як раз у час, калі наша сям'я была ў Гомелі пад горадам збілі 2 БПЛА, але афіцыйныя СМІ Беларусі ніяк іх не каментавалі...

За кадрам засталася даволі значная частка горада і многія магчымасці, якія не саступаюць сталічным, такія як каршэрынг і кікшэрынг. Але скарыстацца імі не было магчымасці, бо арэндны транспарт знаходзіўся далёк ад месца дзе мы спыніліся,  і мы мусілі ездзіць па сваіх справах з Навабеліцкага раёна ў мікрараён Касцюкоўка на аўтобусах і маршрутках з перасадкамі. А калі ўлічыць, што цэны на праезд амаль такія як у Мінску і плаціць трэба было за ўсіх 4 чалавек з маёй сям'і, то паездкі па горадзе былі выпрабаваннем і для кашалька, і для нас саміх.

Таксама не было магчымасці даследаваць прыгожы парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, але нават праездам было бачна, як там прыгожа.

Едзем дамоў і робім развітальны здымак горада з акна чыгуначнага купэ. Бывай, Гомель і квітней далей!

Ліпень 2025 г.

Нарач

Варта адразу зазначыць, што тапонім "Нарач" адносіцца адразу да некалькіх розных з'яў: гэта возера, курортны пасёлак і аграгарадок. Летам 2025 г. мы здолелі пабачыць усе гэтыя 3 геаграфічныя лакацыі. У адзрозненні ад паездкі ў Гомель, мы былі на машыне. (Абодва варыянты даюць свае перавагі і абмежаванні)

Возера Нарач з боку пляжа ля Нбярэжнай вуліцы ў к.п. Нарач. Пляж сапраўды дзіцячы. На канцы пірса, які знаходзіцца ў кадры, глыбіня крыху больш за 1 метр. Таму пры моцным ветры тут можна падмёрзнуць пры заходзе ў ваду ці выхадзе на бераг. Таксама можна сустрэць вужыкаў, якія плывуць уздоўж берага па сваіх справах і жывуць у чаротах. Некаторыя з пірса ловяць рыбу, якая нават можа плаваць сярод купальшчыкаў. Але многае з гэтага можна прымяніць да самых розных беларускіх азёр.

Крыху пазней я і мае сыны прагуляліся па частцы к.п. Нарач.

Магазін "Ілаўскае" (Ленінская, 12)

Побач "Еўраопт"


Насупраць дом 11, дзе, судзячы па плакаце, акрамя банка знаходзіцца аддзяленне міліцыі.

У "Еўраопце" можна набыць разнастайную свежую выпечку, што мы і зрабілі :)

Архітэктура спальнай частцы Ленінскай вуліцы.



Ідзем праз паркавую зону ў бок Нарачанскай вуліцы

Углыбіні квартала дамы выглядаюць сціпла і не заўжды прыгожа, аднак людзі едуць сюды не дзеля архітэктуры...

Гаражны масіў па другі бок Нарачанскай вуліцы. Ідзем туды адкуль едзе ў наш бок гэты чорны аўтамабіль.

Праходзім такі выезд з леспаркавай зоны.

Выходзім на скрыжаванне. Від направа: мікрараён Кастрычніцкі, які ляжыць паміж аднайменнай вуліцай, што апаясвае яго з двух бакой і вул. Садовай, якая вядзе ў суседні аграгарадок Нарач.

Від налева: аўтавакзал "Нарач".

Фігурны знак ля скрыжавання вуліц пазначае дзе Нарачанская, а дзе Кастрычніцкая вуліцы. Для гасцей пасёлка, што едуць сваім ходам без навігатара гэта добрая падказка. Дарэчы пазначэнні вуліц у к.п. Нарач зроблены як на рускай, так і на беларускай, напрыклад цэтлікі на Ленінскай.


Прыпынак "к.п. Нарач" (галоўны і амаль адзіны ў пасёлку) поўнасцю аформлены пад рэкламу пажарнай службы. Нават сметніца :). Спадзяюся, што пры ўзнікненні новых прыпынкаў у к.п. ніхто не будзе афармляць сметніцы пад рэкламу міліцыі (ці міліцыянеры адрэагуюць на такі крэатыў з гумарам...

А мы ідзем ўздоўж Кастрычніцкай да скрыжавання з Ленінскай, каб вярнуцца туды, дзе пакінулі нашу машыну.

Часоўня Валянціны Мінскай, пабудаваная ў 2010 г. К.п., закладзены ў 1964 г. мае толькі такі варыянт рэлігіайнай забудовы. Суседні аднайменны аграгарадок з больш глыбокай гіторыяй мае царкву, касцёл і некалі меў сінагогу.

Каля сучасных дамоў мікрараёна Кастрычніцкі ёсць нядрэнная паркоўка, а для пасёлка, які жыве за кошт турызма, гэта добры разлік у развіцці інфраструктуры.

Зразаем дарогу праз двор Ленінскай, 27.


За плотам будынак, падобны на школу, але на Картах Яндэкс пазначаны як сувенірная лаўка "Гіпсавы Віталь". Здаецца, у той дзень, 6.08.2025, там была мастацкая выстава.

Від на прыватны сектар Ленінскай. Дарэчы, гэта не зусім тое, а сядзіба "Стары дом".

Велапаркоўка ля магзіна "Аксаміт" (Ленінская 25)

І асаблівасці архітэктуры таго ж дома.

Ідзем далей па Ленінскай, сустракаем лаўку з крэатыўнай сметніцай

На цотным баку вуліцы -- канкурэнт сеткі магазінаў "Капеечка" з расфарбоўкай пад колер дзяржаўнага сцяга ("Капеечка" ў к.п. таксама ёсць).


На Ленінскай 16 адзін з пунктаў "Вайлдберыз" (іх тут мінімум 2 на пасёлак ў 3000 чалавек і аднайменны аграгародок  з 2-тысячным насельніцтвам).  І наяўнасць турыстаў тут не адзіны фактар. Анлайн маркетплейсы пусцілі карані па ўсёй краіне і робяць канкурэнцыю традыцыйным гандлёвым пляцоўкам.

Запасны выхад на Ленінскай 17 выглядае як сімвалічны шлях у тупік :)

Побач з адносна маладым к.п. знаходзіцца аграгарадок з доўгай гісторыяй, які да 1964 г. называўся Кабыльнікам, а з таго часу - цёзка пасёлка і возера. Лічыцца, што ад к.п. аднайменны аграгарадок аддзяляюць 3 км дарогі, але па факце яны суседзі, і Садовая вуліца пасёлка плаўна пераходзіць у Партызанскую вуліцу аграгарадка. Нават дарожныя знакі "Канец" і "Пачатак населенага пункта" выглядаюць камічна: выехалі з Нарачы і заехалі ў Нарач. Цікава таксама, што школа аграгарадка носіць №1, а ў к.п. №2 быццам гэта адзін населены пункт.

Вуліца Паўднёвая з аднаго боку ідзе ўздоўж ляснога масіву, з другога забудавана катэджамі і аграсядзібамі. За даляглядам траса Р-28, за якой дарога вядзе да мясцовых могілак (іх даследваць часу бракавала). А ў другі бок асфальтаваная дарога пераходзіць у грунтовую не вельмі добрай якасці, якая вядзе ў бок аднайменнага пасёлка.

Від на аграгарадок з 2-га паверха аграсядзібы, дзе мы адпачывалі.

За кадрам засталося некалькі цікавых аб'ектаў: могілкі, ўзгаданыя вышэй, вінакурня "Нарач" у аграгарадку веласіпедны пераезд, пракладзены цераз Кастрычніцкую вуліцу пры адсутнасці пешаходнага пераходу. (Цяпер без светлафора ён не актуальны, бо ПДР змянілі).

У той паездцы мы таксама наведалі суседняе з Нарачу Белае возера. Пляж там таксама дзіцячы, але глыбокі спуск бліжэй да берага, чым на возеры Нарач. Інфраструктура пляжа (спуск, кабінкі для пераапранання) зроблены літаральна з бярвенняў і знаходзіцца ён побач з аўтатрасай. Аднак гэта таксама цікавы вопыт для купальшчыка. 

Жнівень 2025 г.

Усе здымкі зроблены А. Берастоўскім.

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...