20.08.2021

Могілкі ў Шабанах і на паўднёвы ўсход ад Мінска

 18 жніўня 2021 г. я цэлы працоўны дзень прысвяціў некрапалістыцы (вывучэнню старых могілак). У гэты раз я збіраў матэрыял у мікрараёне Шабаны, таксама за межамі Мінска ў Магілёўскім напрамку і за прамзонай ў раёне вескі Новы Двор і зніклай вёскі Шабаны. З 11:40 да 18:15 быў у амаль няспынных пешых пераходах з месца на месца. Транспарт у большасці маіх лакацый ходзіць нармальна, але паколькі я дрэнна ведаў мясцоваць, то давялося спадзявацца на свае ногі, карту горада і ваколіц ды навігатар у смартфоне. Мабыць 2 рэчы, пра якія я не падбаў, аб чым пашкадаваў: гэта запас вады і ежы і зарадка тэлефонаў. Але ўсё абышлося добра :)

Трасцянецкі мемарыял

Лагер смерці "Малы Трасцянец" быў у 1941-44 гг. самым буйным месцам масавага знішчэння людзей у СССР і 4-м па маштабе ў Еўропе. Лагер знаходзіўся ў некалькіх месцах у раёне весак Вялікі і Малы Трасцянец і ва ўрочышчы Благаўшчына. Адпаведна і мемарыяльны комплекс раскіданы тэрытарыяльна так што паміж кожнай яго часткай кіламетры дарогі.

Помнік савецкім салдатам у скверы каля Партызанскага праспекта

Вось такім крыжом з боку МКАД і метро "Магілёўская" пачынаецца паварот на сквер з мемарыялам.
Мемарыял ад праспекта аддзяляе каля сотні метраў. Ён складаецца са стэлы, пахавання савецкіх салдат, якія штурмавалі Мінск у 1944 г., і вечнага агню, які звычайна не гарыць.



Пахаванне савецкіх салдат 1944 г. Добра, што імёны вайскоўцаў, якіх тут загінула каля ўзвода, засталіся вядомымі.

Стэла ўжо прысвечана ахвярам Трасцянецкага канцлагера, сярод якіх узгадваюцца мірныя жыхары і савецкія ваеннапалонныя. Значная частка ахвяраў гэтага лагера смерці была яўрэямі з розных гарадоў Еўропы, але гэтаму прысвечана кампазіцыя ва ўрочышчы Благаўшчына. Дарэчы, з тыла стэлы ёсць дарожка для калясачнікаў. Пахвальная інклюзіўнасць!

Гэты крыж з агароджай недалёк ад мемарыяла хутчэй за ўсё не сімвалічная магіла ахвярам аўтакатастофы, як бывае ля некаторых беларускіх дарог, а пагранічны знак: каля ўваходу ў вёску нярэдка стаіць праваслаўны крыж, а тут пачынаецца Вялікі Трасцянец.

Благаўшчына

Смешна, але ў Благаўшчыну патрапіў выпадкова (але дарэчна!), калі збіўся з дарогі на новыя "Лясныя" могілкі. Гэты мемарыял знаходзіцца на месцы масавага знішчэння яўрэяў і іншых вязняў "Малога Трасцянца". 

Яшчэ адна дэталь: мемарыял знаходзіцца па-за межамі Мінска. На карце тут Партызанскі праспект даўно перайшоў у Смілавіцкі тракт, але нейкая падстанцыя ля магістралі мае адрас Партызанскі пр. 195, таму цяжка судзіць ці ў Мінску гэта частка мемарыяла, ці не.

Схема мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" з надпісамі на некалькіх мовах.




Шлях да мемарыяла. Па абодва бакі канструкцый "вагоны" ёсць падсветка. Пандусы дазваляюць калясачнікам наведаць тэрыторыю. Трава на бетоне -- гэта сляды працы каманды газонакасцоў, якія наводзілі парадак у мемарыяле. Дарэчы, там яшчэ ёсць відэаназіранне.


У цэнтры мемарыяла -- каменны помнік, які на беларускай, рускай і англійскай мовах тлумачыць трагэдыю 150 тыс. чалавек, знішчаных нацыстамі ў Благаўшчыне.



На дрэвах па абодва бакі ад мемарыяльнага каменя развешаны аркушы паперы з іменамі і звесткамі пра знішчаных тут яўрэяў. Ёсць нават фатаграфіі, але такі народны мемарыял, як у Курапатах, ахоплівае менш сотні з 150 000 зламаных лёсаў :(



Справа ад гэтых слупоў знаходзяцца траншэі, у якіх былі знойдзены астанкі 150 тыс вязняў Трасцянца.

Брама смерці
Каля скрыжавання вуліц Сяліцкага і Шабаны ёсць 3-я частка Трасцянецкага мемарыяла: Брама смерці. Да яе з боку могілак "Малы Трасцянец" вядзе пешаходная дарога з афіцыйнай назвай "алея смерці".
Комплекс пачынаецца з вагончыкаў, падобных тым, у якіх перавозілі вязняў у лагер смерці.

Від на Браму там, дзе алея смерці пераходзіць у дарогу памяці.

Па абодва бакі дарогі памяці стаяць мемарыяльныя каменні са статыстыкай па нацысцкім лагерам Беларусі і іх ахвярам у кожным рэгіёне: 6 абласцях і сталіцы.


Брама смерці.

І дадаткова:
Схема усяго комплекса "Трасцянец" на білбордзе каля выезду з Мінска.

"Лясныя" могілкі
Гэта самыя маладыя могілкі беларускай сталіцы: працуюць з 1 сакавіка 2021 г. Дарога да іх ад Смілавіцкага тракту ці Партызанскага праспекта ідзе грунтовая і на картах пазначана як мяжа Мінска і Мінскага раёна. (Нагадаю, што далей па трассе, у Благаўшчыне адзін з будынкаў адносіцца да Партызанскага пр.). Туды некалькі разоў на дзень з Аўтазаводскай ходзіць аўтобус 178э, а вось на машыне з Мінска так проста з трасы на грунтоўку не згарнеш: трэба рабіць разварот далей у раёне Прылесся, не даязжаючы да МКАД-2.

Від на новыя могілкі з грунтовай дарогі.

Расклад працы "Лясных"


Від на калумбарыі і пахаванні праз уваходную браму. Тут з сакавіка ўжо каля сотні магіл бачна.

Від на адміністратыўныя будынкі і частку могілак, якія рыхтуюць да эксплуатацыі.
Пакуль я яшчэ здымаў міма мяне з могілак праехаў катафалк. Цікава, што калі я ішоў па грунтоўцы туды, катафалкаў не было, ездзілі толькі легкавыя аўто, а калі ішоў назад па дарозе (прыкладна 20 хвілін) праехалі 2 такіх катафалкі і 1 спецаўтобус назад і 2 катафалкі туды. Прычым толькі адна машына з іх, здаецца, была з мінскім нумарам, астатнія з іншых рэгіёнаў Сінявокай. Нічога не сцявярджаю, бо рост смяротнасці ёсць, а колькасць катафалкаў на адрэзку дарогі ў пэўны час сутак мала аб чым кажа.

Каля "Лясных" могілак пабудавана добрая сучасная паркоўка. Гэта робіць гонар гарадскім уладам :)

Побач з могілкамі пабытоўкі рабочых, якія будуюць 2-ю чаргу гэтага некропаля. На адной з іх ёсць схема праездаў па могілках "Лясныя".

Малы Трасцянец

Пра гэтыя могілкі, якія знаходзяцца паміж алеяй смерці і Ельніцкай вуліцай  ёсць 2 памылковыя ўяўленні. Першае пра сувязь з канцлагерам "Малы Трасцянец. Насамрэч, гэта проста вясковыя могілкі, якія "праглынула" беларуская сталіца. Там ёсць магілы людзей, якія памерлі падчас нямецкай акупацыі і неўзабаве пасля вайны. Але немцы знішчалі вязняў канцлагера з масавым пахаваннем у безыменных адмысловых рвах, а не выдавалі целы сваякам для пахавання ў індывідуальных магілах.

Другая памылка: пра царкву на могілках. Як бачым на здымку, Нікольская царква знаходзіцца побач з могілкамі, аддзелена ад некропаля плотам і не мае прамога выхаду на "Малы Трасцянец".

Галоўны ўваход з боку вул. Сяліцкага і алеі смерці.
Уваход з боку Ельніцкай вуліцы


У ніжняй частцы могілак знаходзяцца пахаванні позняга савецкага часу (70-80-я) і постсавецкія (1990-2010-я). У гэтай частцы ў нейкай ступені распаўсюджаны прозвішчы Захарэвіч і Дамашэвіч.

Участак сям'і Правада на 5 месцаў. Рэдка такія доўгія сустракаў пад адной агароджай.

Магіла супругаў Лемеш з амаль зніклым надпісам. Каб яго прачытаць прыйшлося змяніць налады здымка.

Помнікі з каляровымі фотаздымкамі і пераход на верхнюю (старую) частку могілак. Дарэчы добрых дарожак на гэтых могілках няма. Паміж радамі магіл нярэдка не прайсці, бо агароджа не дае такой магчымасці. Часам я магу пералазіць агароджу, але ў гэты раз на могілках былі наведавальнікі і наглядчыкі, таму я імкнуўся не прыцягваць да сябе непатрэбнай ўвагі. 

Магіла 2021 года. Знайшоў яшчэ 2 за 2020 г. Увогуле на такіх могілках, дзе можна толькі падхаваць урну з прахам да сваякоў, звычайна бываюць 1-2 пахаванні за год, таму кавід нічога не змяніў у гэтым плане.
Хлопчык Дзіма Коўзан пражыў крыху больш за 6 месяцаў 1978 года...

На верхняй частцы знайшоў драўляны помнік на магіле Хмыза. Такія нідзе не бачыў.

Побач помнік магілы першай паловы ХХ ст амаль сышоў у грунт.

Гэты крыж відавочна паставілі на месцы старой магілы адносна нядаўна.


Магіла 1925 года Міхаіла Корзуна. Помнік апрацаваны рэстаўратарамі.

А вось Антаніна Корзун памерла 5 ліпеня 1941 г. Ці звязана яе смерць з вайной, засталося загадкай.

Яшчэ адзін помнік сыходзіць у зямлю.

Ганна Ляшкевіч. Магіла 1920 г. Самыя распаўсюджаныя прозвішчы верхняй часткі могілак: Корзун і Ляшкевіч.

Магіла Станіслава Дамашевіча з эпітафіяй дарэвалюцыйным рускім правапісам. Дакладны час пахавання невядомы.
Гэты помнік на магіле 1917 г. Івана Корзуна замшэў увесь. Я счысціў мох і здолеў прачытаць надпіс. На суседнім помніку, таксама замшэлым, надпіс ужо не чытаўся.

Магіла Пятра Яскевіча. 1920 г.

Магіла 1959 г. Помнік, відавочна ХХІ ст. на месцы старога.

Мікалай Ракуць паітануў ва ўзросце 14 год ў 1935 г.

А Іван Дамашэвіч памёр 17 красавіка 1945 г. маладым. Вайна згубіла?

Вялікае гора на жалезным крыжы: Цвілік Вовачка 1941-44. Зноў вайна згубіла?

На старых могілках рэдка сустракаюцца эпітафіі на беларускай мове. На Малым Трасцянцы ёсць як мінімум адна такая: "Новік Вольга Паўлаўна 1914-2000. Памяць сясцёр і сям'і пляменніка".

Нягледзячы на тое, што могілкі не вельмі дагледжаныя, хоць іх і прыбіралі супрацоўнікі КБА на маіх вачах, бітыя старыя помнікі складаюць асобна па-за межамі некропаля.

Могілкі вёсак Шабаны і Новы двор

Калі могілкі, пра якія я пісаў вышэй адносяцца да Мінска, нават калі тэхнічна знаходзяцца за межамі горада, то гэтыя могілкі пакуль не з'яляюцца тэрыторыяй сталіцы РБ, хоць і знаходзяцца толькі ў некалькіх кіламетрах ад горада. Вёска Шабаны больш не існуе, а Новы двор стаіць побач з некропалем. Калі-небудзь усё гэта можа стаць часткай Мінска, таму я вырашыў схадзіць і сюды на поўдзень ад прамзоны Шабаноў.

Від на могілкі з грунтовай дарогі

Савецкія і пост-савецкія пахаванні ў ніжняй частцы могілак

Помнікі братоў Стрэчань і супругаў Акуліч відавочна пастаўлены ў 2010-х, хоць самі пахаванні адносяцца да пачатку нашага стагоддзя, акрамя крайняга справа.
 
Магіла жанчыны, якая памерла 15.08.2021. Можа быць яе пахавалі ў той жа дзень, што я прыйшоў.
На заднім фоне гэтага пахавання магіла Анатоля Прэсмыцкі, які відавочна меў польскія карані, бо яго прозвішча было ніпісана па-руску без літары "й".

3 магілы сям'і Герасімовіч, верагодна, бацька, сын і маці. Ці не сваякі яны краяўзнаўцы Шабаноў Казіміра Герасімовіча?

Яшчэ адна старая магіла (1931 г.) з прозвічшам Герасімовіч. Ззаду магіла Сяргея Белякова, які трагічна загінуў летам 1962 г.

Помнік 1-й паловы ХХ ст. зыходзіць у зямлю. Гэта ўжо верхняя частка могілак: звычайна ўзгорак -- месца старых пахаванняў.

Магіла 1956 г., але эпітафія аформлена ў дарэвалюцыйным стылі, хоць і сучасным рускім правапісам.

Від на забудову вёскі Новы двор, якая знаходзіцца вельмі блізка да некропаля. На пярэднім фоне -- магіла з агароджай у савецкім вайсковым стылі.

Хлопчык Віктар Цясленка трагічна загінуў ў 1972 г. Яму было толькі 6 год...

А Міхаілу Марозаву было толькі 28, калі ён трагічна загінуў у 1970 г. На гэтых могілках, здаецца, крыху больш за іншыя вясковыя некропалі тых, хто памёр маладым і трагічна.

Эпітафія Цімафея Сухочава гэта цэлае апавяданне жыцця: "Сухочаў Цімафей Паўлавіч. Нарадзіўся 4 мая 1919 г. на Алтаі. З 1941 па 1945 знаходзіўся на фронце. Памёр 11 мая 1948 года ў вёсцы Шабаны.

Вера Шчэрбач памерла ў 1928 г. ва ўзросце 21 год. Чаму? Засталося загадкай...

Павалены помнік. Надпіс не чытаецца, але від як у помніка дарэвалюцыйнага часу ці 1-й паловы ХХ ст.

Яшчэ адзін так помнік

На фоне магілы 1991 г. -- пахаванне 2020 г. Я тут знайшоў здаецца 2 магілы 2020 г.

Васіль Бортнік. 1925 г.

Максім Сенкевіч памёр 2.10.1918 г. ва ўзросце 23 г. Ці была яго смерць выклікана іспанскім грыпам ці ваенным ліхалеццем або галечай? Пытанне адкрытае для тых, хто ведае больш...

У мяне было мала часу на гэты некропаль, але ён быў больш чым я яго сабе ўяўляў. Магу дадаць, што самае распаўсюджанае прозвішча на гэтых могілках: Шабан, і гэта не здзіўляе. Яшчэ некаторыя дэталі пра знакамітыя магілы і рэшткі Міхайлаўскай царквы апісаў іншы гісторык-некрапаліст.

***
На зваротным шляху выпадкова пайшоў іншай дарогай, якая вяла ў зніклую вёску Шабаны. Там яшчэ быў як мінімум адзін жылы двор, дзе мне напоўнілі біклагу калодзежнай вадой, былі садовыя, але ўжо дзікія яблыні сярод руін: пару штук з'еў :)
Далей дарога прывяла мяне ў гэты тупік:


Але разгарнуўшыся назад, я знайшоў у зніклай вёсцы 3-капечную манету 1972 г. для сваіх сыноў і прадраўшыся скрозь дробны лесок на сваю асноўную дарогу паспеў вярнуцца ў горад на бліжэйшы аўтобусны прыпынак амаль як раз да аўтобуса, што ходзіць толькі раз у поўгадзіны. На гэтым мой паход скончыўся :)

Усе здымкі зброблены А. Берастоўскім 18.08.2021 г.

П.С. Гісторык-краязнаўца Казімір Герасімовіч абверг маю гіпотэзу, што яго сваякі пахаваны на могілках вёскі Шабаны, бо ён родам з-пад Ракава. Таксама ён даслаў артыкул па гісторыі Шабаноў, падрыхтаваны на даследаваннях вучняў СШ 142 пад яго навуковым кіраўніцтвам:


Калі немагчыма прачытаць так як ёсць, можна клікнуць на фота і павялічыць яго.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...