Многія ведаюць першыя некалькі хвілін гэтага твору класічнай музыкі і называюць яго проста "пахавальны марш". Насамрэч, пахавальны марш -- гэта цэлы напрамак музычных твораў, а сам твор Фрэдэрыка Шапэна быў напісаныў 1837 г. як частка 3 Санаты для фартэпіяна № 2 сі-бемоль мінор. Яшчэ адна назва гэтага маршу "Жалобны марш".
З нейкай прычыны аркестровае выкананне гэтай мелодыі на пахаваннях было амаль абавязковым у маім дзяцінстве ў 1980-х гг. Раптоўны гром аркестра чамусці пужаў мяне і пры гэтым чымсьці вабіў. І гучаў ён у маім двары ці суседніх даволі часта. У 1990-х яго перасталі актыўна выкарыстоўваць, а ў апошнія гады пахавальныя цырымоніі ў дварах жылых дамоў сталі выключэннем, а не правілам, бо для гэтага існуюць адмысловыя рытуальныя залы. Жыццё паступова выбіла з мяне боязь перад пахавальнымі рытуаламі.
Калі ў 2016 я апошні раз чуў "Жалобны марш" пад вокнамі свайго дома (хавалі суседа-вайскоўца) я задумаўся над магчымасцю канчаткова выбіць з галавы непрыемыя адчуванні ад мелодыі Шапэна (на той момант я яшчэ не быў "у тэме" хто напісаў гэты твор). І з часам стаў "гугліць" "пахавальны марш", каб выбіць клін клінам. Вось тады я знайшоў аўтара і некаторыя цікавыя падрабязнасці. Напрыклад, поўная фартэпіянная версія Жалобнага маршу гучыць мягчэй і прыемней, чым аркестровы "рэмейк" яго першых чатырох хвілін:
Аркестровую версію можна самім "загугліць" :)За апошнія месяцаў пятнаццаць я час ад часу слухаў фартэпіянную версію часткі 3 Санаты 2, калі гатаваў абед дзецям (зразумела, што ціха, каб не палохаць суседзяў). А ў пачатку гэтага года, не памятяю дакладна калі, але ў "дакавідны" час мой старэйшы сын Данік праходзіў на музыцы ў школе Шапэна. Я катаў дзяцей вечарам на санках і пакрысе правяраў веды Даніка пра жыццё і творчасць Шапэна, падзяліўшыся з сынам дэталямі наконт сувязі Marche Funèbre з памяццю яго аўтара аб паўстанні 1831 года ў Польшчы і Беларусі, аб розніцы паміж зыходнай версіяй для фартэпіяна і "папулярнай" у нейкім сэнсе аркестровай версіяй. На наступны дзень прамова Данііла пра месье Шапэна так уразіла настаўніцу, што яна была пабуджана прайграць урывак класічнага варыянту "Жалобнага маршу" для ўсяго класа. Вось так твор польскага кампазітара спачатку палохаў мяне, потым стаў фонам для прыгатавання супоў ці смажонкі, і, нарэшце, прынёс майму сыну "дзясятку" (найвышэйшы бал у РБ).
У цяперашні час, сюжэт Жалобнага маршу дзе спачатку ідзе мінорная тэма пахавальнага шэсця пад царкоўныя званы потым, быццам соцна, прабіваецца праз хмары промень надзеі, і, нарэшце, зноў вяртаецца мінор, нагадвае мне некаторыя рэаліі 2020 года. Але, як гаворыцца, гэта ўжо зусім іншая гісторыя...
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.