Гэты матэрыял перапрацаваны аўтарам у 2024 г. на падставе далейшых назіранняў па тэме. Пост уяўляе сабой назіранні старонняга гледача, крыху суб'ектыўныя і недасканалыя, але з імкненнем да аб'ектыўнасці. Знутры вясковае жыццё і псіхалогію вяскоўцаў найбольш удала, на мой погляд, апісаў пісьменнік, паэт і мастак Уладзімір Сцяпан, назіранні якога дасяжныя ў інтэрнэце.
Паколькі я мінчанін у другім пакаленні, мне не зразумець да канца, што такое вёска. Паколькі я рускі этнічна, мне не зразумець да канца, што такое беларуская вёска. Таму я проста зраблю нататкі па назіранаму за апошнія 20 гадоў, калі мне даводзілася сутыкнуцца з вясковым жыццём сучасных беларусаў.
*Беларуская вёска не робіць уяўленне месца, дзе захаваліся нацыянальная мова і культура. Звычаі, традыцыі, абрады розных частак Беларусі могуць адзрознівацца, яны -- мясцовыя, а не нацыянальныя. Што датычыцца мовы, ў звычайнай вёсцы старое пакаленне размаўляе на сумесі рускай мовы і мясцовага дыялекту беларускай. Маладое -- пераважна на рускай з асобнымі беларускімі словамі і некаторым акцэнтам. Таму носьбітамі нацыянальнай мовы і культуры можна хутчэй назваць некаторыя пласты інтэлігенцыі. Праўда, калі гараджанін размаўляе па-беларуску з жыхарамі вёскі, звычайна ім гэта прыемна. Зразумела, і агульнацыянальнае складаецца з элементаў мясцовага, а вёска мяняецца марудней за горад, таму тое, што яшчэ захавалася ў ёй, у нейкім сэнсе з'яўляецца нацыянальнай і нават сусветнай спадчынай.
Таксама падкрэслю: турыстычныя аграсядзібы і этнаграфічныя музеі часам адлюстроўваюць не столькі рэальную сучасную беларускую вёску сколькі гістарычную. Розніца прыкладна такая ж, як паміж гульнёй у вайну і рэальным удзелам у баявых дзеяннях. Але частей аграсядзібы хутчэй звязаны не з пагружэннем у гісторыю, а з адпачынкам на прыродзе: лазня, рыбалка, шашлык, прагулкі ў лесе ці ля вадаёмаў.
Аграсядзіба Г. Дзянскевіча ў вёсцы Станіслаўцы пад Докшыцамі. Лета 2024 г.
*Беларуская вёска бывае рознай. Вёскі вакол буйных гарадоў робяцца іх копіяй 9-павярховыя дамы, транспартная сувязь з горадам, перанос шкоднай вытворчасці з горада на прыроду (напрыклад, вёска Копішча пад Мінскам -- месца дзе ажыццявілася мара камуністаў аб'яднаць горад і вёску: горад ад вёскі аддзяляе адна вуліца а розніцы ладшафту ці забудовы аніякай). Не ў кожнай вёсцы ёсць электрычнасць, газ, вадаправод, магазін. Нават у 30 км ад Мінска.
Інтэрнет звычайна бывае даступны праз мабільную сувязь, але пры гэтым мабільнік ловіць не паўсюль. Звычайна МТС і Velcom (А1) працуюць лепш за Life, таму выбар аператара для інтэрнэта мае значэнне.
Вёска Бараўляны пад Мінскам фактычна з'яўляецца горадам. Фота 2022 г. адсюль.
*
Беларуская вёска паступова пераўтвараецца ў дачныя гарадкі. Усё больш і больш вясковых дамоў робяцца дачамі гараджан. Пры гэтым, у залежнасці ад цікаўнасцяў і магчымасцяў дачнікаў, вёска ажывае альбо на ўсё лета, альбо на выхадныя летніх месяцаў. Разам з старэннем вясковага насельніцтва гэты фактар знішчае старую вяскую культуру і тое, што яшчэ захавалася ад дарэвалюцыйнай і савецкай Беларусі, а таксама ад польскай Заходняй Беларусі (ў тым ліку прадметы матэрыяльнай культуры, кнігі і дакументы).
*
Жыхары вёскі не дабрэй за гарадскіх, але з чужымі паводзяць сябе звычайна стрымана і ветліва. Думаю, што многія з вясковых проста добра ведаюць адзін аднаго і саромеюцца суседзей. А гэта стрымліваючы фактар. Прычым і для жыхароў буйных гарадоў, якія жывуць у 15-20 кватэрных пад'ездах, калі яны атрымлівалі кватэры пры СССР ад арганізацый, у якіх працавалі: пэўны завод, армія, міліцыя.
*
У беларускай вёсцы часцей ходзяць у царкву, як у камбінат рэлігійных паслуг (г.зн. месца, дзе можна пахрысціць дзіця, асвяціць яйкі і г.д.), чым у горадзе. Думаю, гэта звязана з тым, што ў горадзе людзі не так добра ведаюць адзін аднаго і "сачкануць" назіранне традыцый продкаў лягчэй.
Быў выпадак, калі ў адной праваслаўнай царкве свечы каштавалі менш, чым у той, куды звычайна хадзілі жыхары пэўнай вёскі, яны адпраўлялі за свечкамі дэлегата і потым ставілі іх у сваей царкве. Калі аб гэтым даведаўся мясцовы святар, ён заявіў, што "чужыя" свечы не будуць мець сілы ў яго царкве, але сялянам гэта было ўсё роўна. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці беларускія сяляне -- прагматыкі: яны рэдка цікавяцца глыбокімі рэлігійнымі пытаннямі і жывуць выкананнем практычных задач.
Пераважная колькасць беларускіх сялян -- праваслаўныя ці каталікі. Есць і іншыя веравызнанні. Некаторыя з рэлігійных меньшасцяў жывуць невялікімі абшчынамі альбо некалькімі дружнымі сем'ямі. Моцнай варожасці па нацыянальным і рэлігійным прызнакам сярод жыхароў адных і тых жа вёсак не назіралася, але распаўсюджана прадузятасць да пратэстантаў, іўдэяў і мусульман сярод праваслаўных і каталікоў (напрыклад, перакананне, што ўсе мусульмане тэрарысты). Але гэта, напэўна, ў роўнай ступені ўласціва і гарадам і вёскам.
Зразумела гэта не значыць, што сярод беларускіх сялян няма людзей з глыбокімі рэлігійнымі ці палітычнымі перакананнямі. Але, здаецца, такіх менш, чым у горадзе. Жыццё на сяле больш складанае і людзі менш разважаюць.
*
Вёска робіць менш смецця вакол сябе, чым горад. Часткова гэта звязана з тым, што арганіка ідзе ў кампост ці ў харчаванне жывёлам, пластыкавыя бутэлькі вядзеркі і пакеты выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы, а паперу і дрэва кідаюць у агонь. Пры гэтым "натуральнай" неапрацаванай ежы ў вёсцы з'ядаецца не так шмат. Звычайна ў паўсядзённым рацыёне селяніна ці дачніка сваёй бывае садавіна-гародніна, магчыма, яйкі, малочныя прадукты. Час ад часу -- свініна і куры. Астатняе закупаюць у магазіне ці з аўталаўкі: хлеб, чай, каву, бананы, цыгарэты... Зразумела, прамыслова апрацаванае, з рознымі "Е" і ГМА, да якіх ставяцца як да атруты. Пры гэтым лічыцца, што адправіць дзяцей у вёску -- значыць аздаравіць іх рацыён. Праўда экалагічнае асяроддзе сярэднястаыстычнай вёскі (калі там няма вытворчасці) звычайна лепш за гарадское. Але дачнікі з аўтатранспартам і гарадскім смеццем уносяць свае карэктывы.
*
Дарогі ў вёсках звычайна грунтовыя, а галоўным транспартным сродкам з'яўляецца веласіпед.
*Сістэма збору ўраджая прыўсадзебных участкаў сялян існуе, але не заўсёды добра працуе. Ураджай дачных участкаў увогуле рэдка выходзіць за межы адной вялікай сям'і. Таму існуюць выпадкі, калі буйны ўраджай яблыкаў проста зарываюць у зямлю. Дарэчы ў Мінску таксама ў гарадскіх дварах растуць яблыкі, слівы і вішні, якія потым гніюць на асфальце. (Гл.
Яблыкі на траве)
*Хадзіць па начах у весцы можна ў вядро. Гэты жарт выкрывае
амаль поўную адсутнасць забаўляльнай індустрыі ў вёсках. Спартыўныя залы, аквапаркі, заапаркі, камп'ютарныя клубы, бары, буцікі -- ўсё гэта немагчыма перанесці ў сяло. Часткова гэта з'яўляецца прычынай адыходу моладзі ў горад.
Зачыненая бібліятэка вёскі Станіслаўцы Докшыцкага раёна. Лета 2024 г. Жыхары не сталі яе адбіваць у раённых уладаў.
Магазін у той жа вёсцы, які хацелі замяніць аўталаўкай, але жыхары абаранілі яе праз скаргі ў міністэрствы. Магазін працуе 3 дні ў тыдні. Лета 2024 г.
І ўсё ж некаторыя вёскі і аграгарадкі здолелі стварыць добрую забаўляльную індустрыю, якая прываблівае ўнутраны і знешні турызм: Дудуткі,
Дукора,
Азярцо, Сула...
Яшчэ многае залежыць ад ініцыятывы знізу. Як у выпадку з вышэйзгаданым магазінам у в. Станіслаўцы, у вёсцы Ляўкоўшчына Стаўбцоўскага раёна мясцовым жыхарам атрымалася дабіцца асвятлення вуліцы Цэнтральнай, нягледзячы на тое, што там пастаянна жывуць толькі некалькі чалавек, а большасць дамоў выкуплены пад дачы. Цяпер засталося аднавіць на вуліцы асфальтавае пакрыццё, каб дарога не ператваралася ў бруд падчас дажджоў.
Цэнтральная вуліца вёскі Ляўкоўшчына. Лета 2024 г.
*
Сярод жыхароў вёскі, здаецца, больш беспрацоўных, чым сярод гараджан. Часткова гэта звязана з адсутнасцю шырокага выбару магчымасцяў працаваць, а дасяжныя варыянты бываюць такімі, што цяжка падабраць словы для адэкватнага апісання... Памятаю знаёмства з
даяркай у Ўздзенскім раёне. Жанчына з артрытнымі рукамі мусіла 4 разы ў дзень хадзіць даіць кароў без выхадных і водпуску за 200000 старых руб. у месяц (тады мой заробак настаўніка школы быў 400 тыс. руб. /мес, а нармальнай лічылася зарплата 800 тыс - 1 млн р.). Праца сельскім настаўнікам адрозніваецца ад працы гарадскога тым, што летам яшчэ працуеш у полі пэўныя дні за "дзякуй" (а "гемарой" з папяровай работай, адказнасць і памер зарплаты такі ж як у горадзе).
З другога боку ніхто з голаду не памірае па прычыне магчымасці самім расціць некаторыя прадукты харчавання, збіраць дары лесу сабе і на продаж. Некаторыя працуюць у горадзе ці вахтавым метадам за мяжой. У такіх умовах платная медыцына і платная адукацыя для вяскоўцаў з'яўляецца раскошай, як і многія іншыя дары гарадской цывілізацыі.
*
Магчымасць мець доступ у Інтэрнэт стварае магчымасць пераезду ў сяло / маленькія гарадкі спецыялістаў, якія зарабляюць грошы з яго дапамогай (праграмісты, перакладчыкі і г.д.). Мне вядомы толькі асобныя выпадкі такіх пераездаў, прычым прырода і прасторы тут значэння не мелі. Калі мабільная сувязь "ловіць" нармальна, стварыць кропку доступу праз тэлефон ці выйсці ў Сеціва праз 3G-мадэм (дзе можна ўсталяваць "анлім") -- не праблема. Але застаюцца праблемы: адсутнасць некаторых прывабнасцяў цывілізацыі (гарачай вады, каналізацыі), якая спараджае неабходнасць іх праводзіць за дадатковыя грошы; магчымасць хадзіць у вядро замест начнога клуба; магчымасць замовіць тавар праз Інтэрнет і аплаціць яго перавозку па цане самога тавара.
*
П'янства не з'яўляецца такім масавым у беларускіх вёсках, як можа здавацца. Ёсць вёскі, дзе п'юць амаль усе, і вёскі, дзе п'юць толькі асобныя "несвядомыя грамадзяне". Як і ў горадзе. П'яныя вёскі звычайна хутчэй выміраюць, чым тыя, дзе няма такой "эпідэміі". Для параўнання: Светлагорск быў у 1990-х беларускай сталіцай наркаманаў. Цяпер большасць з тых наркаманаў працуе нябожчыкамі на могілках. Так і з алкаголікамі: не заўсёды эстафета пераходзіць на новае пакаленне .
*
Беларуская вёска паступова знікае. Слова "зніклая вёска" не заўсёды значыць кінутыя хаты з паламанымі плотамі і выбітымі вокнамі (такога больш хапае ў жылых вёсках). Нярэдка зніклая вёска -- гэта месца, якое праглынуў горад. Але ў Беларусі хапае вёсак, якія адсялілі па прычыне таго, што там жылі толькі некалькі старых. У такіх выпадках звычайна адсяляюць у нейкую суседнюю вёску. Пры гэтым набыць зямлю ці кінуты дом па беларускім законам даволі не проста. Фермерства на заходні манер сустракаецца рэдка. Ёсць спробы стварыць аграгарадкі. Тая даярка, аб якой я пісаў вышэй, там і працавала.
Закінуты будынак школы вёскі Станіслаўцы Докшыцкага раёна. Лета 2024 г. Многія школы, магазіны фельчарскія пункты зачыняюцца, калі там застаюцца пераважна пажылыя жыхары.
Гэта аўтар блога падчас сваёй некрапалісцкай экспедыцый адпачывае ў руінах некай забудовы зніклай вёскі Шабаны пад Мінскам. Там захавалася толькі пара жылых дамоў, якія адносяцца да суседняй вёскі Новы двор, а ўсе астатнія проста кінутыя і разбураюцца патроху. Сэлфі лета 2021 г.
Тым не менш, нельга казаць, што неўзабаве Беларусь стане абсалютна гарадской краінай: заўсёды будзе патрэба ў сельскагаспадарчай прадукцыі, і нейкія формы фермерскай гаспадаркі будуць неабходны для выжывання краіны. А ўрбанізацыя можа спыніцца і пайсці зваротна пры ўмове заняпаду цывілізацыі. (Так было ў Старажытным Рыме 5 ст. н.э., калі з гарадоў беглі свабодныя грамадзяне на сяло, каб пракараміцца і дабраахвотна рабіліся калонамі -- прыгоннымі сялянамі багацеяў.) Так можа быць і ў выпадку вайны ці голаду.
Таксама працэс пераўтварэння вёскі ў дачныя кааператывы ці гарадскія кварталы не значыць абавязковага знішчэння нацыянальнай мовы і культуры. За апошнія сто з лішкам год этнографамі зроблена шмат, каб захаваць многія традыцыі, звычаі і фальклор беларусаў. Таксама ёсць намаганні захаваць літаратурную беларускую мову і пашырыць дыяпазон яе выкарыстання. Нам да Ірладыі, дзе на мясцовай мове размаўляе прыкладна 1-2% насельніцтва, яшчэ далёка...
***
Летам 2014 г. мне даводзілася пабываць з сынамі на прыродзе па-за межамі Мінска. Мы гулялі вакол адной вёскі і глядзелі на шырокія палі і ўзгоркі, на лес на даляглядзе. Я падумаў тады, што гэта і ёсць нешта непаўторнае ў Беларусі, чаго няма ў Казахстане ці на Каўказе. Менавіта сваімі рэкамі, азерамі, лясамі, прасторамі Беларусь робіць сябе ўнікальнай. Такой яна была ў складзе розных дзяржаў, такой яна засталася пасля аб'яўлення незалежнасці. І ўсё гэта хмарачосамі і заводамі не забудуеш.