03.03.2024

Зіма 2023-2024 была незвычайнай

 

Зіма, якая нядаўна скончылася, запомнілася мне пяццю момантамі. Пра іх паспрабую напісаць.

Надвор'е, як капрызнае дзіця

Як я пісаў у паведамленні пра мінулае гарачае лета, зімовыя месяцы снежань, студзень і люты перасталі адпавядаць сваім назвам. Ужо больш чым 20 гадоў надвор'е зімой вагаецца паміж вясновым з хлюпай пад нагамі альбо поўнай адсутнасцю снега і часовымі моцнымі  маразамі.

Але гэтай зімой былі сітуацыі, калі ў адзін і той жа дзень на поўначы Беларусі была тэмпература -4С, а на поўдні да +5С. Такая разбежка ўжо бывала ў гісторыі метэаназіранняў па Рэспубліцы, нават у красавіку 2012 г. былі зафіксаваны моцныя тэмпературныя перапады. Але сітуацыі, калі холадна ў адным рэгіёне і цёпла ў іншым, пакуль здараюцца не так часта. Тым больш, што краіна не настолькі вялікая, каб займаць некалькі кліматычных паясоў.

А апошні дзень зімы (у гэтым годзе 29 лютага) адкрыў сезон палявання кляшчоў на людзей...

Платны збор бутэлек

Фандамат "Экаплатформ" у магазіне "Суседзі" на Каліноўскага 66а ў Мінску.

У канцы снежня 2023 года фірма "Экаплатформ" адрадзіла савецкую традыцыю здаваць пустыя бутэлькі ў абмен на грошы. У сетцы магазіна-партнёра "Суседзі" размясцілі фандаматы, якія прыймаюць пластыкавыя бутэлькі і алюмініевыя слоікі праз зялёнае акно, трушчаць іх на перапрацоўку і даюць карыстальніку за гэта бонусы на карту лаяльнасці "Купілка" магазіна "Суседзі" у памеры 200 бонусаў (20 прадметаў) = 1 рубель. Як варыянт, можна атрымаць зніжку і ў інтэрнэт-магазіне "ХХІ век". Каб бонусы залічыліся, трэба адсканаваць код праз спецыяльнае мабільнае прыкладанне або ўвесці нумар сотавага тэлефона, прывязаны да гэтага прыкладання на экране фанадамата.

Па маіх назіраннях здаюць не толькі людзі са слядамі п'янства, але і пенсіянеры, для якіх кожная капейка мае значэнне, а таксама аматары такой дзейнасці, якія могуць прыязджаць на машыне з мяшкамі бутэлек. Таксама заўважаю, што колькасць пластыкавых бутэлек на зямлі рэзка скарацілася ў нашым мікрараёне, але асацыяльныя элементы перасталі збіраць актыўна макулатуру і шкляныя бутэлькі. Напрыклад, шмат дзе на траве і ў брудзе валяюцца "шкалікі" з-пад моцных танных настояў ці гарэлкі.

Яшчэ крыху сімвалічна, што бутэлькі здаюць амаль у тым жа месцы, дзе іх прыймалі ў 80-я гг. Калі быць зусім дакладным, то на месцы, дзе зараз стаіць фандамат, быў кафетэрый, дзе я піў сумесь вады з яблычным сокам, якую прадавалі як "сок яблычны". А пункт прыёму шклатары быў у павальным памяшканні справа ў ад галоўнага ўваходу ў магазін. Цяпер там нейкі клуб знаходзіцца, а падвальны ўваход знішчылі падчас рэканструкцыі ў пачатку 2000-х гг.

Падпольнае святкаванне Дня святога Валянціна

У рамках барацьбы з уплывам заходнееўрапейскай культуры адміністрацыі гарадоў і раёнаў забаранілі афіцыйна адзначаць  Валянцінаў дзень у апошнія гады. Забарона распаўсюджваецца на дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы адукацыі і культуры. Аднак свята засталося даволі папулярным сярод гарадской моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Таму заўважыў нейкія спробы вылучыць ці адзначыць гэты дзень рознымі людзьмі і арганізацыямі.

У некаторых ВНУ студэнты адзначалі свята квэстамі, конкурсамі, абдымашкамі, але неафіцыйна.

У адным вучэбным кабінеце сцяну ўпрыгожылі такой гірляндай з лямпачак і потым дадалі папяровыя сэрдэчкі.

Пэўны банк дадаў сардэчка да галоўнай старонкі свайго сайта без каментарыяў. Адна фірма адкрыта павіншавала сваіх кліентаў з днём усіх закаханых у сваім тэлеграм-канале.

На вуліцы ў той дзень пачуў тэлефонную размову, якую па мабільніку вяла маладая жанчына:

-- Я званю маме, каб сказаць ёй, што яе люблю, а яна мне кажа: "Ну, хоць гэта не наша свята, у гэты дзень трэба казаць: я цябе люблю". Ну, ты разумееш? А я кажу: "Мама, ты што?! Я табе званю, каб сказаць, што я цябе люблю, а ты мне пра што кажаш?".

Відавочна, у гэтым выпадку адбыўся невялікі канфлікт пакалення тэлегледачоў, якія ў большай ступені пазітыўна ўспрымаюць барацьбу з заходнееўрапейскім уплывам, і пакалення ХХІ ст., якія ставяць многія аўтарытэты пад сумнеў.

У тэлеграм-канале газеты "Звязда" гэта падзея атрымала такі стрыманы каментарый. Астатнія дзяржаўныя СМІ проста праігнаравалі Дзень усіх закаханых.

Выбары 20-25 лютага 2024 г.

Гэтыя выбары і былі падобныя на многія папярэднія, і не былі. 25 лютага быў аб'яўлены адзіным днём галасавання, але можна было прагаласаваць датэрмінова з 20 па 24 лютага. 

У першай палове снежня ў вагонах мінскага метро з'явіліся такія рэкламныя ўлёткі. Хутка такія ж напаміны былі наклеены на ўваходах у ЗАГСы, магазіны, паліклінікі... Потым увесь снежань, студзень і люты мільгацелі напаміны аб гэтым мерапремстве: гучалі ў аб'явах у грамадскім транспарце, высковалі ў тэлеграм-каналах дзяржаўных арганізацый, віселі на розных афіцыйных сайтах і нават экранах банкаматаў.

30 студзеня 2024 у публічных месцах размясцілі агітацыйныя стэнды.  Праз некалькі дзён на адным з іх (каля 19-й паліклінікі) з'явілася фота кандыдаткі Наталлі Дзеркач, а на другім (каля дзіцячай бібліятэкі 10) павесілі партрэты А. Гайдукевіча, чарговы раз пераабіраўшагася ў парламент і І. Эйсманта, які балатаваўся ў Мінгарсавет.

Каля апошняга стэнда дзве бабулі абмяркоўвалі палітыку:

-- Я гэтага лысага, як яго, Гайдукевіча, не люблю. Балабоніць нешта па тэлебачанні...

Увогуле было адчуванне, што боязі сказаць ці зрабіць нешта "лішняе" ў дачыненні да кандыдатаў у дэпутаты ў людзей не было. Мабыць, у свядомасці шэрагу абывацеляў гэтыя выбары не ўспрымаліся як "палітыка", за якую могуць пакараць. Гэта заўважыў і ў тым, што многія інфармацыйныя ўлёткі з інфармацыяй аб кандыдатах і з запрашэннем на выбары, якія традыцыйна кідаюць у паштовыя скрыні, я бачыў у сметніцах каля пад'ездаў ці ўнутры іх.


Нярэдка на адных стэндах былі кандыдаты розных акруг, прычым хтосьці ішоў у парламент, а хтосьці ў мясцовы савет.

На дзвярах магазіна "Грошык" каля ст. м. Усход парадку і інфарматыўнасці было больш: тры кандыдаты ў мясцовы савет ад адной акругі разам.

Рэклама марафона "Выбірай.BY" на "Метро-ТБ". Акрамя гэтага марафона ў метро круцілі ролікі ад розных прадпрыемстваў "Галасуем разам" з прыгожымі дзяўчынай і хлопцам з гэтага прадпрыемства, а таксама ролікі з сем'ямі, што разам з дзецьмі ідуць на выбары, з тэгам #МинскГолосует.

Калі пачалося датэрміновае галасаванне, мне даводзілася чуць пару размоў маладых людзей, у адной з якой юнак скардзіўся, што ў яго ўніверсітэцкім інтэрнаце прымушаюць студэнтаў ісці галасаваць датэрмінова. У другой размове дзяўчына-студэнтка шкадавала, што ёй толькі 17 год і яна не можа атрымаць адгул ад вучобы за датэрміновае галасаванне, як яе суседка па пакоі ў інтэрнаце. Яшчэ ў адным інтэрнаце студэнты рыхтавалі актавую залу пад выбарчы ўчастак і з гэтай прычыны не пайшлі на заняткі (ці так патлумачылі сваёй выкладчыцы).

У школе, дзе вучацца мае сыны, традыцыйна арганізавалі некалькі выбарчых участкаў. Я на выбары не хаджу па сваіх прычынах, але давялося забегчы ў школу падчас датэрміновага галасавання, каб занесці макулатуру, якую збіраюць па класах. На уваходзе ля турнікетаў стаяў малады міліцыянер, які ветліва мяне спыніў, агледзіў мой груз і прапусціў. Унутры было некалькі таблічак, якія пазвалі напрамак да выбарчых участкаў дзесьці ў левым ад увахода крыле школы на другім ці трэцім паверху. Даводзілася чытаць, што на выбарчых участках сталі рабіць доступ для інвалідаў-вазочнікаў, але гэта дакладна не пра нашу школу. Аднак і ў той дзень, і ў галоўны дзень да школы і ад яе цягнуліся ў асноўным пажылыя людзі па аднаму ці парамі (сем'і ці сяброўкі). Я не стаяў там і не лічыў людзей, але ўражанне было, што на выбары хадзілі пераважна людзі савецкай закалкі з выпрацанавай гадамі звычкай хадзіць на выбары.

З іншых нюансаў выбары адрозніваліся тым, што было забаронена выстаўляць кандадатуру асобам з замежным грамадзянствам (акрамя расійскага для кандытатаў у дэпутаты мясцовых саветаў) і асобам з напагашанай судзімасцю, што кандыдатуры выстаўлялі толькі члены лаяльных уладзе палітычных партый і беспартыйныя (раней традыцыйна былі кандыдаты з апазіцыйнымі поглядамі і праграмамі і ў некаторых выпадках яны траплялі ў парламент ці пэўны мясцовы савет) і што на пэўных ўчастках дзяжурылі валанцёры ад БРСМ, задача якіх была дапамагаць выбаршчыкам. Таксама на ўчастках было забаронена фатаграфаваць свой бюлетэнь згодна абноўленаму выбарчаму заканадаўству.

У дзяржаўнай структуры, з якой я супрацоўнічаю, была рабочая нарада, падчас якой заклікалі прыйсці і прагаласаваць, каб выканаць грамадзянскі абавязак, але ніякага кантролю за гэтым я не заўважыў, як яго не заўважаў і раней. Магчыма ў пэўных іншых структурах маглі быць спробы прымусіць галасаваць супрацоўнікаў, але такі прымус парушае законы РБ.

Некалькі эпідэмій

Гэта зіма адзначчылася эпідэміяй адру, нейкай формы грыпу і гепатыту А. Адзёр абмінуў нашу сям'ю і кола знаёмых, гепатытам захварэла дачка аднаго з маіх сяброў, а вось грып моцна пабіў і нашу сям'ю і шырокае кола нашых знаёмых. Мы хварэлі некалькі тыдняў па дзве хвалі, калі ты робішся амаль здаровы, а потым зноў хварэеш па-новаму.

Зноў, як у кавідны час, давялося насіць маску, калі хварэў, а трэба было ісці на работу. Зноў для прафілактыкі гепатыту прыходзіцца часцей мыць рукі ці апрацоўваць іх санітайзерам. Пры гэтым час пандэміі 2020-23 гг. узгадваўся крыху настальгічна...

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...