27.04.2017

Пакаленне next пра Чарнобыль і Астравец


Учора была чарговая гадавіна сумнай даты: аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мне як гісторыку амаль няма чаго сказаць на гэты конт. Мае ўласныя ўспаміны з гэтага часу амаль сцёрліся (мне было 7 год). Магу толькі сказаць, што са слоў майго дзеда ведаю, што хадзілі мы з мамай гуляць у той вечар (мы жылі ў Мінску). Пазней былі некаторыя праблемы у майго малодшага брата з шчытападобнай залозай, але акрамя Чарнобыля на яго здароўе маглі ўплываць зусім іншыя рэчы. Сустракаў я чарнобыльскіх перасяленцаў на вуліцы Славінскага недалёк ад месца, дзе жыву. Сустракаў былую медсястру, якая працавала з чарнобыльскімі дзецьмі ў Мінску і атрымала радыяцыю ад іх забруджанай вопраткі. Але не магу сказаць, што маю добры матэрыял на тэму ЧАЭС для свайго блога.

Пішу ў сувязі з іншай сітуацыяй. Учора падняў тэму Чарнобыля ў адной з груп студэнтаў-вячэрнікаў, якім выкладаю англійскую. Дарэчы, дзякуючы Чарнобылю ўчора яшчэ і крыху спазніўся на пару. Справа была ў тым, што мясцовыя ўлады перакрылі станцыю метро "Акадэмія навук", як раз у той час, як я мусіў выхадзіць - бо побач праходзіла традыцыйнае мерапрыемства палітычнай апазіцыі "Чарнобыльскі шлях" - і я мусіў ехаць да наступнай станцыі і ісці назад. Спазніліся і многія студэнты. Але гаворка не пра гэты форс-мажор, а пра размову са студэнтамі.

Я падняў два пытанні для размінкі: што яны ведаюць пра Чарнобыльскую аварыю і што яны думаюць пра будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі. Пра ўласна ЧАЭС студэнты проста пераказалі некалькі вядомых ім навінаў. А вось цікавым было тое, што дваццацігадовыя юнакі і дзяўчаты пазітыўна ставіліся да будаўніцтва новай АЭС. У гэтым іх погляд, як мне здаецца, істотна адрозніваецца ад поглядаў пакалення іх бацькоў. Пры гэтым іх стаўленне да інфармацыйнай палітыкі беларускага тэлебачання, якое папулярызуе будаўніцтва станцыі, больш чым скептычнае. Цікава, што студэнты-вячэрнікі мала залежаць ад адміністрацыі вну і сваіх бацькоў, бо большасць з іх працуе, многія - ў сферы ІТ, якая ўвогуле мала залежыць ад старэйшых пакаленняў. І іх погляды на такія рэчы як рэлігійна-культурныя традыцыі іх бацькоў, стэрэятыпы здаровага ладу жыцця, каштоўнасці эпохі тэлебачання і традыцыйная для многіх беларусаў перавага стабільнай невялікай зарплаце на адным месцы зусім іншыя. Гэтыя людзі фарміруюцца ў сферы іншых каштоўнасцяў, часткова звязаных з глабалізацыяй і эпохай сацыяльных сетак. Яны не горш і не лепш за сваіх бацькоў, як лаяльных уладзе, так і апазіцыйна настроеных, - яны іншыя. І свой погляд на Астравец - гэта адзін з прыкладаў таму...

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...