05.04.2024

1980-я гг. Час майго дзяцінства і многіх перамен

 


1980-я гг. сталі перыядам пераходу ад БССР брэжнеўскай эпохі да з'яўлення таго, што стала фундаментам незалежнай Рэспублікі Беларусь. Для мяне гэта быў яшчэ і час дзяцінства:)

80-я пачаліся як эпоха "гонкі на лафетах", або "пышных пахаванняў" (1982-85) Некаторыя даследчыкі адлічваюць яе ад смерці галоўнага ідэолага СССР М. Суслава, большасць іншых са смерці Брэжнева. Для мяне яна запомнілася праглядам пахавання аднаго з генсекаў па тэлебачанні разам з бабуляй і дзядулем. У той час пахаванні пад марш Шапэна былі частымі ў нашым доме і мікрараёне. Мяне пужалі раптоўныя гукі музыкі і прываблівалі самі цырымоніі сваёй таямнічасцю. Але толькі ў 2000-х я зразумеў тое гора, якое суправаджае такія мерапрыемствы...

Смерць генсекаў стварала праблему для тых, хто жадаў абараніць дысертацыю. Нехта з маіх будучых выкладчыкаў у БДПУ ніяк не мог абараніць свой "дысер", бо паводле непісага правіла меў дадаць у працу цытату дзеючага кіраўніка КПСС, і яму прыходзілася зноў і зноў перапрацоўваць дысертацыю на пішучай машынцы. Яшчэ гэты перыяд спарадзіў анекдот:

Тэлевядучы навін кажа ўрачыстым голасам: "Дарагія таварышы, вы будзеце смяяцца, але нас ізноў напаткала цяжкая страта!".

Дарэчы, у ваенным гарадку Печы, куды мае бацькі пераехалі восенню 1988 года, нярэдка хавалі без музыкі, хоць там было больш ваенных, чым на Ўсходзе 1 у Мінску.

Дэфіцыт прадуктаў харчавання і прамтавараў я пачаў адчуваць толькі ў сярэдзіне 80-х, калі дзеці падчас урока ў пачатковай школе тлумачылі нашай настаўніцы Валянціне Мікалаеўне, што можна стаць у чаргу за цукрам некалькі разоў запар, каб купіць пра запас. Настаўніца слухала і ўхвальна ківала. 

Толькі праз дзесяцігоддзі я даведаўся пра каўбасныя рэйды з малых гарадоў, такіх як Рэчыца, у Мінск. А ў Пячах ў 1988-90 я досыць настаяўся ў чэргах за малаком, яйкамі і іншымі прадуктамі, якія зараз можна набыць без асаблівых цяжкасцяў. Дэфіцытам у ваенным гарадку былі і школьныя сшыткі, таму, калі нехта здаў адзін чысты сшытак у макулатуру, адзін мой аднакласнік адразу выцягнуў дэфіцыт з кіпы паперак і забраў сабе 

Яшчэ адзін момант: доўгі час у Пячах выкінуць смецце пажадана было толькі ў пэўны час, калі ў наш закрыты гарадок прыязджаў смеццевоз. Аднойчы мы з мамай выбілі дзверы ў кватэры, якую здымалі, каб паспець кінуць смецце ў кантэйнер. Зараз гэта мне здаецца смешным і нелагічным, бо я мог саскочыць з балкона першага паверха без праблем, але не рашыўся, можна было б і выкінуць пазней, нават у перапоўнены кантэйнер. Але можа быць існавалі нейкія санкцыі для сям'ёй афіцэраў за выкіданне смецця ў перапоўнены кантэйнер, пра якія я так і не даведаўся.

Савецкую ўладу ў той час у нашай СШ 121 не лаялі ні настаўнікі, ні дзеці, але дзеці часам спявалі песню на перапынку:

О сэри, сэри, сэри,

Как трудно жить в эсэсэсэре!

За маленькую кучку

Отдал я всю свою получку!

Упершыню я пачуў крытыку савецкай улады ад настаўніка музыкі печынскай школы па прозвішчы Трубач, калі ён казаў, што народ падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з фашыстамі за Радзіму, а не за савецкую ўладу, якая, на погляд Трубача, была такой жа пачварнай як і нямецкі нацызм.

Цікава, што ў сярэдзіне 80-х я ўпершыню даведаўся слова "наркаман" у школе. З той жа настаўніцай пачатковых класаў дзеці абмяркоўвалі нейкую маладую кампанію, якая часам збіралася ў бяседцы (знесенай праз некаторы час) насупраць вакон нашага класа. Нехта казаў, што яны могуць прымаць наркотыкі. 

Пра наркотыкі я з таго часу амаль не чуў да эпохі Галоснасці, а вось пра п'янства і таксікаманію мае школьныя таварышы былі добра дасведчаны, нават гулялі ў п'яніц ці ў жарт маглі прапанаваць:

-- Калі хочаш паглядзець свой любімы мульцік, панюхай клею!

Але пачатковая школа яшчэ не была тым месцам, дзе дзеці набіраліся залежнасцяў...

Нянавісці да іншых нацыянальнасцяў не развівалася ў школе, бо сацыялістычнае выхаванне азначала і інтэрнацыяналізм. Але часам заўважаў у сваіх мінскіх школьных таварышаў нейкую пагарду да украінскай мовы. Да беларускай мовы ставіліся нейтральна. На ёй былі некалькі прадметаў у школе, але ў паўсядзённым жыцці на ёй не размаўлялі ў нашай школе. А вось многія дарослыя ў нашым двары, паводле маіх назіранняў, з пагардай ставіліся да яўрэяў, цыган і псіхічнай хворых. Таксама не любілі багатых, але марылі такімі стаць.

У 1980-х мяне аднойчы бралі на выбары і некалькі разоў на мітынгі і дэманстрацыі, куды мае дзед і бацька павінны былі хадзіць як вайскоўцы. Нажаль, з гэтых падзеяў запомнілася толькі тое, як тата пажартаваў наконт спартсмена, які бегаў па стадыёне ля нашай школы, дзе быў выбарчы ўчастак: "Можа яму казаць дзе выбарчы ўчастак, бо ён яго знайсці не можа?". А з дэманстрацыі памятаю толькі як мы ішлі ад плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці)  у бок плошчы Перамогі па праспекце. Ішлі моўчкі вечарам з натоўпам, дзе людзей было не вельмі шмат і яны большай часткай маўчалі, часам абменьваліся нейкімі нязначнымі рэплікамі, потым мы спусціліся ў метро. (Дарэчы, метро -- таксама дасягненне 80-х гг. для Беларусі, хоць пачалі яго будаваць у канцы 70-х).

Злева направа: мае дзед, бацька, маці і я на пл. Леніна ў Мінску 7 ліпеня 1984 г. Фота з архіва Піянзіных.

Напэўна, істотныя змяненні пачаліся з прыняццем палітыкі Галоснасці ў 1988 г. Палітыка "паскарэння", названая ўпершыню 8 красавіка 1986 г. "Перабудовай", сама сабой не прывяла да вялікіх змен у Савецкім саюзе. Менавіта магчымасць крытыкаваць уладу і казаць пра праблемы ў СССР прывяла да пад'ёму ідэй нацыянальнага адраджэння, узнікнення адной з галоўных будучых партый беларускіх нацыяналістаў Беларускага народнага фронту "Адраджэнне", больш вядомага як БНФ. Арганізацыя ўзнікла як нацыянальна-культурны рух і толькі ў 90-я ператварылася ў партыю, але ўжо ў 1988 адзначылася шэсцем у Курапаты, якое скончылася сутыкненнем з міліцыяй.

У паўсядзённым жыцці Галоснасць праяўлялася ў тым, што людзі сталі адкрыта крытыкаваць сталінскія рэпрэсіі і эканамічныя праблемы БССР. Таксама пачала актыўна з'яўляцца літаратура, якую раней можна было чытаць толькі ў самвыдаце: кнігі расійскіх манархістаў, кшталту Крэстоўскага, дэтэктывы Чэйза і Крысці, выданні Салжаніцына.


Кнігі выдадзеныя ў СССР у 1990 г.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Іншымі словамі Канстытуцыя БССР і яе законы мелі перавагу над законамі СССР. Гэта быў першы крок да незалежнасці беларускай дзяржавы, і да сярэдзіны 90-х гэты дзень афіцыйна адзначаўся як дзень незалежнасці РБ.

Канец 80-х стаў часам з'яўлення серыялаў, прычым і самога слова "серыял". Прычым гэта былі фільмы, якія не супярэчылі савецкай цэнзуры. "Спрут" паказваў рост злачыннасці ў тагачаснай капіталістычнай Італіі, а "Рабыня Ізаура" прыгнёт рабоў у Бразіліі ХІХ ст. А між тым гэтыя фільмы паказвалі наяўнасць жыцця па-за межамі сацыялістычнага лагера не толькі з недахопамі, але і з перавагамі.

Культавыя серыялы 80-х "Рабыня Ізаура" і "Спрут". Фотакалаж з матэрыялаў, дасяжных у інтэрнэце.

Многім іншым гэты час запомніўся псіхатэрапеўтычнымі сеансамі Анатоля Кашпіроўскага, калі цэлыя сем'і сядзелі перад экранам і спрабавалі пазбавіцца ад сваіх хвароб праз такія сеансы. Некаторыя нават ставілі слоікі з вадой перад экранам, каб зарадзіць іх энергіяй Кашпіроўскага. Дзякуючы гэтаму псіхатэрапеўту ў народ пайшла фраза "даю ўстаноўку" і мноства непрыстойных анекдотаў на тэму фелацыі. Я і мае бацькі таксама глядзелі тыя сеансы, але слоікі не зараджалі.

Знешняе вылучэнне фанатаў пэўных музычных субкультур у СССР было і ў 60-70-я, але 80-я вылучыліся з'явай субкультуры металістаў. Яшчэ папулярнасць Цоя прывяла да ўзнікнення сцяны Цоя ў беларускай сталіцы. Справа была ў тым, што фанаты спевака пакідалі надпісы на сцяне вакол будоўлі Палаца Рэспублікі, калі ў 1990 г. Цой трагічна загінуў у аўтакатастрофе. Пазней гэтую сцяну, дакладней 2 бетонныя блокі, перанеслі ў Ляхаўскі сквер і захавалі як адметнасць.

Цікава, што менавіта ў 80-я былі напісаны 2 песні, якія не мелі палітычнага сэнсу, але сталі свайго кшталту гімнамі прыхільнікаў перамен ва ўладзе: "Делу время" і "Перемен".

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. змяніла жыццё многіх беларусаў назаўжды. Многія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджання. Частку людзей перавезлі з зоны адсялення ў іншыя рэгіёны Беларусі. Каля 7 год таму  пісаў на гэту тэму вось што: 

"Мае ўласныя ўспаміны з гэтага часу амаль сцёрліся (мне было 7 год). Магу толькі сказаць, што са слоў майго дзеда ведаю, што хадзілі мы з мамай гуляць у той вечар (мы жылі ў Мінску). Пазней былі некаторыя праблемы у майго малодшага брата з шчытападобнай залозай, але акрамя Чарнобыля на яго здароўе маглі ўплываць зусім іншыя рэчы. Сустракаў я чарнобыльскіх перасяленцаў на вуліцы Славінскага недалёк ад месца, дзе жыву. Сустракаў былую медсястру, якая працавала з чарнобыльскімі дзецьмі ў Мінску і атрымала радыяцыю ад іх забруджанай вопраткі."
Фота ілюстратыўнае. Крыніца тут.

У гэты час у БССР пачаліся размовы пра экалагічныя праблемы. Не толькі катастрофа на ЧАЭС, але і экалагічна шкодная прамысловая вытворчасць, нерацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў сталі прадметам размоў не толькі спецыялістаў, але і шырокага кола людзей. Магчыма, гэта быў пачатак тэндэнцыі выхавання ашчаднага стаўлення да навакольнага асяроддзя, а слова "экалогія" ў паўсядзённым жыцці стала сінонімам праблем з гэтым асяроддзем (насамрэч, гэта проста навука аб навакольным асяроддзі).

Канец 80-х прынёс у жыццё беларусаў і некалькі з'яў, якія звычайна асацыююцца з 90-мі:

Прыватная вышэйшая адукацыя. Як мінімум адна прыватная ВНУ была заснавана ў канцы 1990 г. Гэта Інстытут сучасных ведаў, які заснавалі як гаспадарча-разліковы.

Інстытут сучасных ведаў. Фота канца 2010-х гг.

Паліэтыленавыя пакеты. У мяне захаваўся адзін з 1990 г.

Электронныя гульні. Гэта міф, што дзеці ХХІ ст. пагалоўна "заліпаюць" ў гаджэтах, а дзеці 80-х пагалоўна гулялі на вуліцы. У 1984 г. з'явіліся культавыя савецкія гульні "Ну, пачакай" (таксама вядомая, як "Воўк ловіць яйкі" і "Воўк з яйкамі") і сусветна вядомы "Тэтрыс". Для гульняў існавала прылада "Электроніка". У "Ваўка" мне аднойчы даў пагуляць дваровы сябрук. Дарэчы, яго мама у той час неяк камусьці казала па тэлефоне: "Што могуць дзеці напісаць у сачыненні "Як я правёў лета"? Ляжалі на канапе, глядзелі тэлевізар!".

Каб давяршыць тэму плаўным пераходам да гульняў на вуліцы, скажу, што застаў у свой час гульню "Кіс-мяў", у якою гулялі старшыя хлопцы і дзяўчаты з нашага двара, адзін з якіх пазней пацвердзіў, што нешта такое прыпамінае. Тады такія гульні з дзяўчатамі мяне не цікавілі, а калі дзяўчаты пачалі мяне цікавіць, у "кіс-мяў" ужо наша пакаленне не гуляла. Цікава, што мае сыны ў 2010-х аднойчы гулялі яшчэ ў адну амаль зніклую гульню: "штандар". Нашу сям'ю з гэтай гульнёй пазнаёміля жанчына, дзяцінства якой прыйшлося на 70-я. Але гэта ўжо іншая гісторыя...

Таксама пра: 90-я, 2000-я, 2010-я.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...