Роўна 35 год таму ў безыменным скверы паміж вул. Каліноўскага і Ўсходнімі могілкамі адбылася (не)вялікая драма.
Таварыства маладых літаратараў Саюза пісьмннікаў Беларусі, "Мартыралог Беларусі" і аргкамітэт "БНФ" (які яшчэ быў не палітычнай партыяй, а рухам нацыянальна-культурнага адраджэння) арганізавалі правядзенне мітынга-рэквіема "Дзяды" з мэтай ушанавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій у нядзелю 30 кастрычніка 1988 г. Нягледзячы на ідэі Галоснасці ў тагачасным СССР, улады горада адмовілі даць дазвол на правядзенне мерапрыемства, і яго вырашылі правесці без адпаведнага дазволу.
Каб не даць вялікай колькасці людзей сабрацца на пункце збору ў скверы на Каліноўскага, былі зачынены станцыі метро "Маскоўская" і "Ўсход", да месца правядзення сабралі сотні супрацоўнікаў міліцыі, дружыннікаў і нават курсантаў МУС з рызінавымі палкамі, слезацечным газам і вадамётамі (хтосьці можа ўбачыць аналогіі з 2020 г., але гэта было стандартнай савецкай методыкай прафілактыкі масавых беспарадкаў, якія ўжо здаваліся і ў беларускім Слуцку ў 1967 г. і за пару год да "Дзядоў" у Алма-Аце).
У скверы сабраліся ад некалькі соцень да 2000 чалавек згодна розных падлікаў.
На фота з vytoki.net можна ўбачыць некалькі сот чалавек на фоне лесапарка насупраць Усходніх могілак". У той час праз Ленінскі праспект (Незалежнасці з 2005 г.) у той лесапарк вёў нерэгулюемы пешаходны пераход, таму, магчыма, частка людзей па нейкіх прычынах знаходзіліся не толькі ў самім скверы, але і на праезнай частцы праспекта і па другі яго бок з боку лесапарка.Паводле версіі ўдзельнікаў падзеі, міліцыя разагнала людзей, затрымаўшы 72 чалавекі, і выкарыстоўвала слезацечны газ "Чаромха" і рызінавыя дубінкі. Інфармацыі пра звярнуўшыхся па медыцынскую дапамогу ў той день не маю.
А вось так сітуацыя выглядала па версіі міліцыі: прызнаюць факт затрымання 72 чалавек і рассячэння натоўпу на невялікія групы, але адмаўляюць, што карысталіся пры гэтым дубінкамі і газам.Трэба зазначыць, што гэта было не падзеяй маштабу БССР, а духам часу СССР падчас Перабудовы. Эканамічны крызіс, праблемы экалогіі, сацыяльнай справядлівасці і невырашаныя міжнацыянальныя супярэчнасці выліваліся ў мітынгі, дэманстрацыі, бойкі і пагромы па ўсім Савецкім саюзе.
З лета 2023 г. гэты сквер выглядае вось так, але да гэтага тут былі толькі дарожкі і дрэвы. Крыніца апошняга здымка тут.Больш за ўсё мяне цікавіць, што гэта падзея не абмяркоўвалася са мной маім дзедам, які многа ўвагі ўдзяляў маіму палітычнаму выхаванню. Прыкладна ў той час ці пазней, ён спрабаваў мяне навучыць ведаць імёны кіраўнікоў СССР і спытаў:
-- Хто такі Гарбачоў
-- Верхавод, -- адказаў я, забыўшы яго тытул генсека ЦК КПСС.
Дзед зарагатаў і паправіў мяне. Потым, калі ён моцна расчараваўся ў Перабудове, то нагадваў мне гэты эпізод і казаў, што я даў тады правільны адказ.
Абмяркоўваў са мной дзед і буйныя здарэнні кшталту выбуху на радыёзаводзе (1972) і аварыі на Запарожскай плошчы (1980). Разам з ім мы назіралі як гарэў у 1986 г. спарткомплекс па Каліноўскага 111. А вось мае першыя ўспаміны пра "Дзяды" чамусьці адносяцца дзесьці да 1990 г або нават пачатку 90-х.
Мабыць найбольш відавочным тлумачэннем ігнаравання такой падзеі маёй памяццю было наступнае: 30 кастрычніка 1988 я ўжо жыў з бацькамі ў гарадку Печы пад Барысавам і вучыўся ў новай для мяне школе. Ёсць верагоднасць, што ў гэты дзень мой дзед прыязджаў да нас з пакункамі, таму падзея ў некалькіх хвілінах ходу ад нашага дому маглі прайсці міма нас абодвух, а потым зацерціся ў памяці больш крывавымі падзеямі ў іншых частках СССР, які на той момант быў і маёй, і дзедавай Радзімай...
P.S. Цікава, што ў гэты ж самы дзень, але ў 2017 г. я падымаў іншыя пытанні і дух часу быў зусім іншы...
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.