03.07.2024

3 ліпеня ў гісторыі незалежнай Беларусі

 Тое, што я зараз пішу, з'яўляецца наборам нататак нейтральных, амаль летапісных аглядаў за падзеямі гэтай даты. Мае спробы рабіць такія нататкі ў сацсетках выклікалі спрэчкі палітызаваных сяброў і часам вымушалі выдаляць самі нататкі, каб не садзейнічаць распальванню ненавісці. Але 3 ліпеня, як Новы год: ён прыходзіць незалежна ад таго святкуеш/чакаеш яго ці не. Я не адзначаю гэты дзень асабіста, але за гады жыцця нешта пабачыў і пачуў, значыць прыйшоў час сістэматызаваць свае назіранні.

Па выніках рэферэндума 24 лістапада 1996 г. Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) перанеслі на 3 ліпеня, калі ў 1944 г. савецкія войскі выгналі з Мінска немцаў. Такім чынам з 1997 г. Дзень Рэспублікі сталі афіцыйна адзначаць 3 ліпеня, а не 27 ліпеня.

Дзень Рэспублікі 3.07.1997 у архіўным фота БелТА.

У 1999 г. парадаў і свята не было ў памяць пра трагедыю на Нямізе.

З 2004 г. свята Дня Рэспублікі праводзяць каля Стэлы "Мінск -- горад-герой".

У 2008 г. падчас святочных мерапрыемстваў адбыўся тэракт, у выніку якога былі паранены 54 чалавекі. Мае ўспаміны пра гэты час даволі сціплыя. Людзі былі крыху ўстрывожаныя, бо выбух бомб на мерапрыемстве на той час быў рэдкасцю. Памятаю, што хадзілі чуткі быццам гэтыя бомбы былі зроблены прафесійна, але пакіну гэта на сумленні тых, хто іх распаўсюджваў. Яшчэ ў той час ваеннаабавязаным загадалі здаць адпячаткі пальцаў. Мне прыйшлося "адкатаць" пальцы ў ваенкамаце Першамайскага раёна Мінска і потым адмываць іх у душавой побач з пакоям, дзе рабілі дактыласкапію. Мужыкоў, у якіх бралі адбіткі пальцаў, было нямала, але чарга рухалася хутка: прад'яўлялі павестку і, здаецца, пашпарт, здавалі адбіткі, ішлі мыць рукі ў душавую.

У 2017 г. на парадзе вытворчыя арганізацыі дэманстравалі сваю прадукцыю. Сярод іншага "Керамін" прадставіў унітазы, пасля чаго да ўсяго мерапрыемства прыляпілася мянушка "парад унітазаў". Трэба зазначыць, што больш такіх памылак не рабілі. Яшчэ рэпетыцыя парада не абайшлася без ДТЗ: танк збіў ліхтарны слуп на пр. Незалежнасці, але, на шчасце, ніхто з людзей не пацярпеў. Памятаю, што тады некаторую нязручнасць складала перакрыццё вуліц пад рэпетыцыі тэхнікі і змена маршрутаў грамадскага транспарту, але апошняе магло быць для кагосьці і вялікай зручнасцю.

У 2018 г. Гугл віншаваў беларускіх карыстальнікаў з Днём Незалежнасці. Магчыма такая аватарка выстаўлялася раней і пазней, але ў 2024 г. яе ўжо не было.

2019 г. Святкаванне ўвайшло ў гісторыю пад назвай "Крывавы салют", таму што неякасная піратэхніка для салютаў прывяла да ранення 11 чалавек, адзін з якіх, супрацоўніца Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва Наталля Максімчук, загінуў. На наступны дзень па Мінску хадзілі чуткі, што падчас свята "загінула дафіга людзей", але дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ даволі дакладна апісалі трагедыю.

Шэсце па пр. Незалежнасці ў раёне "Белдзяржцырка" 3.07.2020. Фота з прастораў інтэрнэта

2020 г. святочнае шэсце адбылося ва ўмовах пандэміі COVID-19. Але ў 2021-23 гг. мерапрыемства праходзіла без вайсковых парадаў, былі толькі забаўляльныя праграмы.

У 2021 г. у гэты дзень, акрамя святочных мерапрыемстваў была аб'яўлена ўсенацыянальная малітва за Беларусь. Улады папрасілі ўсе канфесіі маліцца за краіну 3 ліпеня, праўда, практыка малітвы за Беларусь ужо існавала на той момант без прывязкі да гістарычных ці святочных дат.

Гэты лагатып ў 2024 г. выкарыстоўвася і на 9 мая і на 3 ліпеня.

2024 г. у сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшоў маштабны ваенны парад, магчыма, рэкордны для гэтай падзеі. Гул ваеннай тэхнікі з праспекта чую час ад часу ўжо некалькі гадзін з ранку. Таксама ў гэтым годзе шмат увагі было нададзена ўшанаванню на білбордах памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, у гонар якіх былі названы пэўныя вуліцы Мінска.

P.S. Ужо пасля публікацыі мне атрымалася папрацаваць з архіўнымі матэрыяламі газеты "Звязда" і паглядзець як святкавалі 3 ліпеня і як Дзень незалежнасці, калі гэта былі розныя дні. На фотаздымках ніжэй могуць быць дзяржаўныя сімвалы 1991-95 гг., якія часам выкарыстоўваюць падчас акцый пратэсту. Паколькі дэманстрацыя падобнай сімволікі ў інтэрнэце можа разглядацца як несанкцыянаваная палітычная акцыя, мушу падкрэсліць, што ўсе здымкі ніжэй публікуюцца выключна як частка гісторыі і не з'яўляюцца выражэннем палітычных заклікаў.



Свята вызвалення Мінска 3 ліпеня 1992 г. "Звязда" 3.07.1992


Свята Дня незалежнасці 27 ліпеня 1992 г. "Звязда" за 29.07.1992


Свята 3 ліпеня 1993 г. на старонках "Звязды"

А гэта пісалі напярэдадні Дня незалежнасці ("Звязда" 27.07.1993) ...

... і пасля свята Незалежнасці ("Звязда" за 29.07.1993 с. 3)




3 ліпеня 1994 г. свята вызвалення Мінска суправаджалася канфліктам паміж міліцыяй і удзельнікамі шэсця ад партыі БНФ. Міліцыя пазней спасылалася на спробу прадухіліць цісканіну, а ўдзельнікі скардзіліся на свавольства ахоўнікаў парадку (на фота "Звязда" 2.03.1994, с. і 5.07.1994 с. 1, 3)



Свята Дня незалежнасці 27 ліпеня 1994 г. не абышлося таксама без інцыдэнтаў. На плошчы Незалежнасці, як паведамляе газета, міліцыя прымяніла сілу да некаторых маніфестантаў, былі затрыманы некаторыя ўдзельнікі шэсця і парваны нацыянальныя сцягі. ("Звязда" 29.07.1994 с. 1 і 3)

Свята вызвалення Мінска 3 ліпеня 1995 г. ("Звязда" 4.07.1995, с.1)

А 27 ліпеня 1995 г. адзначалася свята першай пяцігодкі Незалежнасці Беларусі ("Звязда" 27.07.1995)

А 3 ліпеня 1996 г. пра вызваленне Мінска пісалі быццам мімаходам ("Звязда" 3.07.1996, с. 1)
27 ліпеня 1996 г. стаў апошнім днём, калі свята Незалежнасці было прывязана да даты абвяшчэння дзяржаўнага сувярэнітэту БССР ў 1990 г. ("Звязда" 26.07.1996, с.1)

Гл. таксама: Дзень народнага адзінства.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...