27.10.2015

Збой сістэмы

У кожным народзе былі людзі, якія пачыналі з таго, што працавалі на сваю «сістэму» (тэрмін умоўны, я маю на ўвазе пад сістэмай буйную групу людзей з агульнымі інтарэсамі і моцным уплывам на гісторыю сваёй краіны, а то і ўсяго свету), а потым процістаялі ёй і спрабавалі яе змяніць. У Германіі такім чалавекам стаў Марцін Лютэр, які паспрабаваў дабіцца рэформ Каталіцкай царквы, што прывяло да Рэфармацыі. У СССР фізік-ядзершчык А. Сахараў стаў змагаром за правы чалавека. Можна назваць і іншыя імёны.
У гісторыі ЗША хапала выбітных людзей, якія былі ў некаторым сэнсе «сумленнем» сваёй эпохі. Сярод іх акцёр Чарлі Чаплін, святар і змагар за расавую роўнасць Марцін Лютэр Кінг. Але хочацца вылучыць дзве іншыя асобы, якія на першы погляд не маюць маштабу гісторыі ўсёй краіны. Але толькі на першы.

Эдвард Сноўдэн супраць Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША

Крыніца: www.spletnik.ru
Імя Эдварда Сноўдэна прагрымела на ўвесь свет ў 2013 г. Сціплы 30-гадовы інжынер і сістэмны адміністратар перадаў амерыканскім і брытанскім журналістам сакрэтныя дакументы спецслужб ЗША і Вялікабрытаніі. У выніку па ўсяму свету разляцелася інфармацыя пра супрацоўніцтва кампаній «Гугл», «Майкрасофт» і «Фейсбук» з АНБ і ЦРУ, пра шпіянаж ЗША за лідарамі іншых краін НАТА і пра магчымасць спецслужб ЗША сачыць практычна за кожным амерыканцам і многімі жыхарамі іншых краін свету без якіх-небудзь абмежаванняў. Пры гэтым Сноўдэн змяніў забяспечанае жыццё сісадміна адной з найбагацейшых арганізацый ў адной з найбагацейшых краін свету на лёс уцекача, які жыве на больш сціплы заробак і ахвяраванні прыхільнікаў. Сноўдэн мог прадаць свае дакументы розным разведкам свету і стаць багацеям, але доказаў таму я не знаходзіў.
Гэты чалавек жадаў змяніць сваю сістэму ў лепшы бок. Ён шчыра верыў, што дзяржапарат ЗША павінен шанаваць амерыканскую Канстытуцыю, у тым ліку і права грамадзяніна на недатыкальнасць прыватнага жыцця (1). Ён не дасягнуў сваёй мэты і яго думкі не атрымалі падтрымкі ні дзяржавы, ні грамадства, ні міжнароднай супольнасці. Усе ў нейкай ступені пагадзіліся, што АНБ, ЦРУ і брытанскія спецслужбы не паступілі правільна, калі шпіёнілі за ўсімі без разбору. Але далей гэта нічога не пайшло.
Разведка і дыпламатыя гэта від бізнес-дзейнасці, дзе круцяцца вялікія грошы. Палітыка, як і буйны бізнес, не церпіць высокай маралі ўвогуле. Таму для еўрапейскіх палітыкаў не было шокам, што за імі сачылі праз інтэрнет-тэхналогіі. Ды й сур'ёзныя людзі не захоўваюць сакрэтныя дакументы на камп'ютарах з інтэрнет-доступам, а то і вымаюць батарэйкі з мабільнікаў падчас важных перамоў тэт-а-тэт.
Спецслужбы ЗША абнавілі свае сістэмы інфармацыйнай бяспекі і звольнілі частку сісадмінаў, таму нельга сказаць, што ў выніку дзейнасці Сноўдэна згубілі яны больш, чым набылі.
Простых амерыканскіх грамадзян гэта таксама не вельмі ўсхвалявала. Былі дэманстрацыі салідарнасці з дзеяннямі Сноўдэна, была фінансавая і інфармацыйная падтрымка з боку амерыканскіх і міжнародных арганізацый, якія змагаюцца за правы чалавека. Але нічога, што можна было б параўнаць з хваляваннямі 1960-х, якія падштурхнулі развіццё дэмакратыі ў 1970-80-х гг., не адбылося. (І сама рэвалюцыя 1775-83 гг. пачалася пасля рэпрэсіўных заканадаўчых актаў брытанскага парламента). Кожная рэвалюцыйная сітуацыя, як справядліва вызначалі класікі марксізму-ленінізму, заўжды мае элемент незадаволенасці шырокіх народных мас. У выпадку Сноўдэна шырокія масы былі ўсім задаволены. Нават, калі ў будучым праблема, якую выкрыў гэты былы інжынер АНБ, прывядзе да новай рэвалюцыі ў ЗША, яго дачыненне да такой рэвалюцыі і магчымых перамен будзе толькі ўскосным.
Само параўнанне суцэльнага назірання АНБ за прыватным жыццём грамадзян з дапамогай сучасных тэхналогій з оруэлаўскай антыўтопіяй «1984», дзе за кожным дзеяннем кожнага чалавека сачылі 24 гадзіны ў суткі, лічу некарэктным. Вось чаму:
1. Фізічна сачыць за кожным дзеяннем кожнага чалавека, аналізаваць атрыманую інфармацыю проста немагчыма: такія сістэмы назірання (і людзі, і машыны) абыходзіліся б ў нерэнтабельна вялікія грошы. І значная частка такой інфармацыі не мела б ніякай каштоўнасці маштабаў дзяржаўнай бяспекі. Нават у таталітарнай дзяржаве.
2. Задача любой спецслужбы ісці на крок наперадзе кожнай рэальнай пагрозе сваёй дзяржаве, а не «лавіць мух». Гэта значыць, што большасць тэрарыстаў, гандляроў наркотыкамі і людзьмі проста гадамі трымалі б «пад каўпаком», дазваляючы ім свабодна займацца сваёй дзейнасцю. Калі б кожнага злодзея ці хулігана здавалі паліцыі на падставе татальнага праслухоўвання тэлефонных перамоў, то кожны чалавек у ЗША добра б ведаў, што за ім назіраюць, і канспірацыя злачынцаў была б на парадак вышэй. Таму, у гэтым плане, Сноўдэн «заваліў» работу спецслужб.
3. Ніякі тэхнічны сакрэт не можа доўга заставацца сакрэтам. Супраць кожнага элемента назірання за грамадствам абавязкова з'яўляюцца метады і сродкі барацьбы. А з пашырэннем сферы карыстання сродкаў назірання зброя спецслужб трапляе і ў рукі іх ворагаў: тэрарысты, рэвалюцыйныя радыкалы і нават простыя хуліганы могуць самі ператварыцца з аб'екта назірання ў суб'ект назірання за спецслужбамі.
4. У ЗША электронныя сродкі назірання за грамадскім парадкам і рабочымі месцамі дзейнічаюць ужо некалькі дзясяцігоддзяў (2). Людзі добраахвотна ўсталёўваюць сістэмы відэаназірання за сваімі дамамі, ведаючы, што іх можна ўзламаць. Адначасова за тыя ж самыя дзясяцігоддзі ніякага істотнага пагаршэння сітуацыі з правамі і свабодамі амерыканскіх грамадзян не адбылося. Свабоды стала нават больш. Таму большасць амерыканцаў не баяцца наяўнасці патэнцыяльнага оруэлаўскага «Вялікага брата» ў прыватным пакоі ці айфоне.
Тым не менш, Сноўдэн кінуў выклік грамадству і дзяржаве і паставіў іх у юрыдычна няпросты стан: адмяніць папраўку аб недатыкальнасці прыватнага жыцця грамадзяніна без сур'ёзных наступстваў урад ЗША не можа, а адмовіцца ад тэхналогій татальнага назірання дзеля маральных прынцыпаў палітычна абсурдна.

Патрык Рэйналдз супраць тытунёвых магнатаў.

Крыніца: www.anti-smoking.com
Калі многім сучасным беларусам добра вядома, хто такі Эдвард Сноўдэн, то імя Патрыка Рэйналдза ведае далёка не кожны. Між іншым, некаторыя беларусы могуць памятаць яго на твар па серыялу «Санта Барбара». Але гаворка пойдзе не пра яго поспехі ў якасці акцёра.
Сямейства Рэйналдз – гэта тытунёвыя магнаты з Поўдня ЗША, стваральнікі брэнда цыгарэт «Кэмэл» (1913 г). Патрык Рэйналдз прадаў сваю долю ў тытунёвым бізнесе ў 1979 г. А ў 1986 г. адкрыта выступіў за высокае падаткаабкладанне і іншыя дыскрымінацыйныя меры супраць тытунёвай індустрыі. Часткова гэта было звязана з тым, што бацька Патрыка памёр ад наступстваў курэння на вачах сына, а сам Патрык Рэйналдз доўга не мог кінуць курыць. Цяпер ён самы вядомы змагар з тытунёвымі кампаніямі ў ЗША, які здымае відэа, піша артыкулы, дае інтэрв'ю і супрацоўнічае з медыцынскімі арганізацыямі.
Яшчэ на пачатку сваёй «вайны» з тытунёвай прамысловасцю П. Рэйналдз заявіў: «Калі рука, якая аднойчы карміла мяне – гэта тытунёвая індустрыя, то тая ж самая рука забіла мільёны людзей і будзе забіваць яшчэ мільёны, пакуль людзе не зразумеюць небяспеку цыгарэт.»(3)
Як і Сноўдэн, Рэйналдз нічога не змяніў. Продаж цыгарэт быў і застаецца прыбытковым бізнесам. Дзяржава таксама мае бонусы ад падаткаў і ранніх смярцей пенсіянераў, і пачынае абмяжоўваць тытунёвы бізнес толькі калі выдаткі казны на лячэнне наступстваў курэння не перавышаюць вышэйназваныя бонусы. Дарэчы, адначасова з унутраная палітыкай абмежавання продажу і спажывання цыгарэт, ЗША ў канцы 1980-х прабівалі новыя рынкі для тых жа самых тытунёвых магнатаў. (Часткова дзякуючы гэтаму тыя ж цыгарэты «Кэмел» вядомы цяперашнім беларусам).
Праўда ёсць яшчэ адна дэталь, характэрная для сучаснай Амерыкі. Патрык Рэйналдз спакойна жыве ў ЗША не гледзячы на ўдзел у сур'ёзнай барацьбе, у якой завязаны значныя грошы. У сучасных ЗША магчыма спакойна жыць, нават калі ты не даеш спакойна жыць алігархам.

Зноскі:
(1) Э. Сноўдэн час ад часу дае інтэрв'ю розным медыя, у якіх тлумачыць матывы свайго ўчынку. Вось прыклад яго інтэрв'ю выданню The Nation: Edward Snowden: A 'Nation' Interview. By Katrina vanden Heuvel & Stephen F. Cohen. Сайт: www.thenation.com. October 28, 2014 Доступ: http://www.thenation.com/article/snowden-exile-exclusive-interview/
(2) Is Someone Watching You? The “Electronic Boss”. // Awake! April 22, 1990 Vol. 71, No 8, pp. 18-20

(3) New York Times October 25, 1986 цыт. па: Defector From the Smoking Trade. // Awake! July 8, 1989 Vol. 70, No 13, pp. 15

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...