09.04.2022

Вуліцы Мінска. Здымкі на бегу. Частка 2

 Працягваю тэму вуліц беларускай сталіцы, фотаздымкі якіх я рабіў, калі знаходзіўся там па сваіх перакладчых справах. У частцы 1 я апісаў вул. Калініна, Мяржынскага і Трактаразаводскі пасёлак. Цяпер звярну ўвагу на яшчэ некаторыя мінскія вуліцы. Пры неабходнасці на фотаздымкі можна націснуць, каб павялічыць іх.

Вуліцы Чарнышэўскага і Чорнага

Вуліца Чарнышэўскага звязвае вул. К. Чорнага і Я. Коласа.

Для вуліц Чарнышэўскага, Чорнага і часткова Калініна характэрна 4-павярховая жылая забудова. Гэты раён засялілі даўно і, відавочна, тут жывуць пераважна пажылыя небагатыя людзі, калі судзіць па балконах дома № 12 на гэтым фота.


У дд. 4 і 3 частка бакавых акон закладзена цэглай. Дакладна не ведаю з чым гэта звязана, але мяркую, што кватэры там скупілі пад офісы, як на вул. Серафімовіча ў падобных дамах, і зрабілі офісы пад свае патрэбы

Чарнышэўскага 9 мае крыху незвычайны дызайн архітэктуры для гэтай вуліцы

Недалёк ад скрыжавання з вул. Калініна, калі ісці ў бок бульвара Талбухіна сканчаецца царства 4-павярховых жылых будынкаў. Спачатку ідзе сучасны офіс МТІС побач з 9-павярховым жылым будынкам...
...А потым дом з муралам Кузьмы Чорнага. Дом існуе даўно, а мурал зрабілі ў 2010-х.
Здымкі А. Берастоўскага, студзень 2022 г.

Грушаўка

Гэты раён набыў цяперашні выгляд у канцы 2010-х. А яшчэ ў першай палове мінулага дзязяцігоддзя тут былі пераважна кварталы сядзібнага тыпу.

Вуліцы Папаніна і Парашутная, Грушаўскі сквер і Грушаўская вуліца

Скрыжаванне вуліц Папаніна і Шчорса. Здаецца, 2-павярховая маласямейка -- гэта Папаніна 16, а вышынны дом за ёй -- Папаніна 18. Цікавая кампазіцыя, якая паказвае кантраст старога і новага Мінска.


Від са скрыжавання вул. Папаніна і Шчорса ў адзін і другі бок вуліцы Папаніна.

У пад'ездзе 3 па Папаніна 11 ёсць пад'ёмнік для калясачнікаў. Гэта вельмі прагрэсіўны момант, калі ён працуе, а не так, як тут.

Паркоўка каля Грушаўскага сквера і вышынны будынак (пр. Дзяржынскага, 15) на заднім плане.

Папаніна 7, будынак 1949 г. з мадэрнізаваным у 2021 г. уваходам насупраць Грушаўскага сквера. Некалі тут была школа, а цяпер тут працуе бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Здымкі А. Берастоўскага, студзень 2022 г.

У Грушаўскім скверы ёсць і 2 дзіцячыя пляцоўкі і велапаркоўкі ля лавак. Дарэчы, лаўка на фота з зялёнай сметніцай -- гэта той стандарт які масава ўсталёўваюць ва ўсіх дварах Мінска ў 2022 г., замяняючы ўсе іншыя варыянты лавак і сметніц.

На старым дрэве плакат "даю кісларод". Праўда, плакат прымацаваны жалезным дротам, што не добра для гэтага донара свежага паветра.

Двухпавярховы Мінск на вуліцы Парашутнай. За домам 6 барачнага тыпу можна заўважыць дом 4 сядзібнай забудовы.
А так выглядае задні двор на Папаніна 7. Здымкі А. Берастоўскага, красавік 2022 г.

Удакладненне: дом 4 на Парашутнай -- гэта барачны тып дома, абшыты дрэвам звонку. Здалёк ён выглядае, як дом у прыватным сектары.


А вось на Грушаўскай яшчэ захавалася сядзібная забудова, якая выглядае кантрастна на фоне хмарачосаў.

Нават царква Іконы Божай Маці Ўсецарыца (д. 50), пабудаваная ў 2012 г., зроблена тут у варыянце будынка ў прыватным сектары. Праўда, гэта часовы будынак, бо ідзе будоўля каменнай царквы ў іншым месцы.


Яшчэ адзін прыгожы напамін пра стары аднапавярховы Мінск пакуль ёсць па Грушаўскай 11а паміж двума міліцэйскімі будынкамі. Гэта таксама службовы, а не жылы будынак. Здымкі А. Берастоўскага, май 2022 г.

Вуліцы Розы Люксембург і Хмялеўскага і праспект Ф. Дзяржынскага

У пачатку вуліцы Р. Люксембург ідзе будоўля хмарачоса (фота зроблена ў жніўні 2024 г.)

А двухпавярховы дом побач з ім нагадвае пра час, калі большая частка Грушаўкі была 1-2-павярховай.


Від на абодва бакі вуліцы Розы Люксембург са скрыжавання з вул. Хмялеўскага

Сацыяльна-педагагічны цэнтр на Люксембург, 104. На адным здымку 2 асаблівасці вуліцы: 1) шмат 3-павярховых будынкаў (і жылых, і адміністратыўных), 2) нумарацыя ідзе ад дома 80А, дамоў 1-80 проста не існуе. Гэта напамін аб далёкім мінулым вуліцы. Да 1922 г. яна была вуліцай Метвееўскай і цягнулася да вуліцы К. Цэткін. У 1970-х падчас будаўніцтва праспекта Дзяржынскага вуліцу значна скарацілі. Яшчэ важны нюанс: гэта вуліца дала нефармальную назву усяго наваколля -- "Розачка". Праўда, са з'яўленнем станцыі метро "Грушаўка" ў 2012 г., наваколле гэтай станцыі сталі называць "Грушай", пацясніўшы "Розачку" бліжэй да граніц самой вуліцы.

А дом 97 мае 6 паверхаў. Машыны, прыпаркаваныя на праезнай частцы, -- гэта напамін пра тое, што ў савецкі час не планавалася дазваляць кожнай сям'і мець сваё аўто. 

Яшчэ адзін здымак кантрастаў: 4-павярховы жылы дом на Хмялеўскага, 33, які стаіць тут з савецкіх часоў і ўльтрановы комплекс вышынных будынкаў па пр. Дзяржынскага 20-22 (дарэчы, з добрай паркоўкай у двары).

У 2022 г. у Мінску з'явіліся аўтаматы па продажу пітной мінералізаванай вады ва ўласную тару. Адзін такі стаіць ля Дзяржынскага, 20 (на фота) і яшчэ адзін -- ля Дзяржынскага, 22.
Здымкі А. Берастоўскага, студзень 2022 г.

Мінск Мір

Гэты комплекс жылых кварталаў будуецца з другой паловы 2010-х на месцы аэрапорта "Мінск-1" і некаторых прамысловых аб'ектаў побач са старым аэрапортам. Вышынныя дамы на тэрыторыі Мінск Міра бачны за сотні метраў.

Сядзібная забудова Нафтавай вуліцы на фоне хмарачосаў вуліцы Аэрадромнай. Прыватны сектар у межах Нафтавай вул. -- Нафтавага завулка -- Сянніцкага праезду -- Сянніцкай вул. яшчэ жывыя па стане на канец сакавіка 2022 г., але, імаверна, будуць знесены пад новабудоўлі. Фота А. Берастоўскага, верасень 2021 г.

Вышынныя дамы "Міра" па-за межамі  вул. Кіжаватава. Від з вул. Казінца. Фота А. Берастоўскага, кастрычнік 2021 г.

Від на Мінск-Мір за акна тралейбуса. Фота А. Берастоўскага, красавік 2022 г.


З боку вуліцы Кіжаватава. Фота А. Берастоўскага, жнівень 2022 г.

Кальварыйская вуліца і "Плошча сцяга"

Тэме Кальварыйскай вуліцы варта было б прысвяціць асобнае паведамленне і ў сувязі з гісторыяй даўно мінулых дзён, і ў дачыненні драматычных падзей 2020 г. Але пакуль ёсць толькі тое, што трапіла на вока "на бегу".

Кальварыйская 44. Будынак рыхтуюць да новага карыстальніка, таму вокны зацягнуты плёнкай, а з фасада знялі савецкія надпісы "Продукты" і "Промтовары" з літарай "О" пад нуль. Потым будынак перайшоў "Еўраопту".

Жылыя комплексы на скрыжаванні вул. Скрыганава і Кальварыйскай, тэрыторыя якіх у 2020 г. атрымала нефармальную назву "Плошча сцяга" па аналогіі з плошчай Дзяржаўнага сцяга на пр. Пераможцаў. Назва была звязана з тым, што мясцовыя жыхары доўга трымалі на дроце паміж дамоў вялікі бел-чырвона-белы сцяг у знак пратэсту. Пасля таго, як вулічныя шэсці заціхлі на дахах гэтых дамоў, як і ў комплексу "Каскад" і ў некаторых дамах Новай Баравой міліцыя паставіла дзяржаўны сцяг у знак перамогі над удзельнікамі пратэсту. На фота сцяг бачны толькі палоскай над дахам. Пры гэтым звычайна дзяржаўныя сцягі пастаянна трымаюць ля ўваходу дзяржаўныя ўстановы, установы адукацыі і некаторыя магазіны. Палітыка вешаць іх на дах жылых дамоў - выключэнне з правіла.
Фота А. Берастоўскага, жнівень 2021 г.

Вуліца Дарашэвіча

Да смерці вучонага Міхаіла Дарашэвіча ў 1968 г. гэта вуліца называлася на амерыканскі манер: 1-я Шостая лінія. Знаходзіцца гэта кароткая вулачка паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Якуба Коласа недалёк ад станцыі метро "Плошча Якуба Коласа".

Паварот на вуліцу з праспекта Незалежнасці з боку БНТУ. Бачна, што на праезнай частцы такой кароткай і нешырокай вуліцы лёгка можа ўтварыцца затор, але на здымку яшчэ далёка да гадзіны пік.

Так выглядала вуліца ў савецкі час. Дарэчы, будынак з трохвугольным дахам і сцагам, д. 8, гэта славутасць вуліцы: адрас адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. Фота пазычана з фотаглерэі гэтай адміністрацыі.


Від на вуліцу з боку праспекта.

Памятная дошка Міхаілу Дарашэвічу (1900-68), з якой сярод іншага вядома, што ў 50-я-60-я ў БССР існавала міністэрства вышэйшай і сярэдняспецыяльнай адукацыі. Сам дом, на якім вісіць мемарыяльная дошка адносіцца да праспекта Незалежнасці (д 59, вучэбны корпус БНТУ №4).


Дом 4 цікавы і наяўнасцю гандлёвых кропак на 1-м паверсе і анархіяй у афармленні балконаў. І тое, і другое ствараюць сваеасаблівы каларыт гэтай вулачкі.

Яшчэ маю ўвагу прыцягнуў дом 10 па вул. Я.Коласа, які часткова знаходзіцца на вул. Дарашэвіча. Двухпавярховы, з двусхільным дахам. Магчыма, захаваўся з 50-60-х гг. У кадр патрапілі і два элементы 2020-х: хлопец на электрасамакаце, які стаў ужо не раскошай, а сродкам руху, і адвечная праблема паркоўкі на малых вуліцах Мінска.

Від на Даррашэвіча з боку вул. Я. Коласа. Атрымаўся скразны прагляд на праспект. Нават табло, дзе прапанавалі тайскі масаж, можна ўбачыць :). Няцотны бок вуліцы (злева) адносіцца да тэрыторыі студгарадка БНТУ, але толькі зялёны дом (№3) афіцыйна адносіцца да гэтай вуліцы.
Калі не пазначана інакш, здымкі зроблены 11 красавіка 2022 года А. Берастоўскім.

У гэтай вуліцы павінна быць свая схаваная гісторыя, якую яшчэ можна знайсці, звязваючы розныя факты між сабой, але пакуль магу згадаць толькі парад аўтазакаў на БНР-100.

Пугачоўская вуліца

Пугачоўская вуліца пачынаецца перпендыкулярна Чырвонай вуліцы недалёк ад скрыжавання апошняй з пр. Машэрава (былой вул. Варвашэні) і губляецца ў дварах суседняй вуліцы Куйбышава. Цотны бок -- дзелавая забудова, а няцотны -- жылая 5-9 павярховая.


Як і ў іншых маленькіх вуліц Мінска, тут ёсць праблема паркоўкі аўтамабіляў. Тратуар няцотнага боку нават абаранілі нашэсця машын спецыяльнымі колышкамі.



Пугачоўская 9. Гэта жылы дом насупраць прыватнай гімназіі


Сама гімназія "Інавацыя" (д. 10) размяшчаецца ў старым будынку, што бачна па форме і стану даха.


Але ўнутры тут многае прадумана для вучобы і адпачынку.


Калі судзіць па цэтліку на браме, гэта гімназія білінгвальная (хутчэй за ўсё маецца на ўвазе навучанне на рускай і англійскай). Дакладней гэта прыватны навучальны цэнтр з дзіцячым садам і гімназіяй. Сад мае філіял на вул. Якубава ў Мінску, а гімназія -- філіял у Магілёве.


У доме 9 ёсць дыспетчарская прыватнай медыцынскай службы "131/Медыцынская ініцыятыва"
У доме 6а -- ячшэ адна мясцовая славутасць: Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства фінансаў.


Від на злучэнне з вул. Чырвонай між дамамі 1 і 2. Верагодна, менавіта на іх месцы была Казакоўская плошча, якую ў 1922 (сто год таму!) назвалі Пугачоўскай вуліцай.


Пугачоўская 3 мне чымсьці нагадвае інтэрнат...


Двор дома 2, які афіцыйна адносіцца да Чырвонай і з'яўляецца яшчэ адным дзелавым адрасам: "Белдзяржсвятлоцэнтр"


А дом 1 ужо архітэктурна вылучаецца афармленнем, бо адносіцца да вул. Чырвонай і архітэктурна з'яўляецца часткай ансамбля апошняй.

Здымкі А. Берастоўскага 6 чэрвеня 2022 г.

Частка 3 плауецца больш разнастайнай але і больш лаканічнай.

Гл. таксама:

Вуліцы, на якіх стары Мінск саступае месца новаму

Там, дзе горад пераходзіць у вёску

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...