29.11.2026

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 6

 Зноў вяртаяўся да тэмы сваіх кароткіх вандровак па РБ (мінулы пост тут). У гэты раз я напішу пра Жлобін і Ракаў. Нажаль, у абедзве лакацыі я ездзіў па справах, таму мае магчымасці нешта сфотаграфаваць і апісаць былі абмежаваны ў часе і прасторы.

Жлобін

У верасні 2026 г. я з сям'ёй ездзіў на кангрэс Сведкаў Іеговы, бо ў Мінску дазвол на такое мерапрыемства ў цяперашні час не даюць. Але, як часта бывае, нашы абмяжаванні даюць новыя магчымасці, і варыянт рэлігійна-асветніцкага турызму адкрыў для мяне магчымасці крыху пазнаёміцца з гэтым горадам.

Пакуль я кіраваў машынай, мая жонка Марына была ласкава зрабіць некалькі кадраў, у тым ліку ўезд у Жлобін з боку трасы М-5 на поўначы горада.




Вуліца Казлова на здымках Марыны Берастоўскай.

Далей ідуць мае фотаназіранні ў раёне вуліцы Барташова



У раёне Палаца культуры металургаў. Дарэчы, рэдкі для горада надпіс на беларускай  мове ўпрыгожвае будынак Палаца

Від з боку Палаца на паркавую зону ўздоўж Бараташова.


Від з Палаца на забудову ў раёне вуліцы Кавалёва. У кадр трапляюць фігурныя ліхтары вакол будынка

Пляцоўка за Палацам культуры, верагодна тут плануюць святкаваць вяселле. На даляглядзе могуць быць будынкі вуліцы Аляксандра Татарынава.

І зноў прыгожыя ліхтары

Малпы граюць джаз каля Палаца культуры

А інфармацыйны стэнд нагадвае, што ў Жлобіне па-летняму цёпла ў другой палове верасня. Такі напамін рэкорднага пацяплення-2026.

Аўтобусны прыпынак ў раёне магазіна "Суседзі" упрыгожаны рэкламай службы газу.

У Жлобіне ёсць веласіпедныя дарожкі, што цудоўна, але па іх ходзяць пешаходы ў парушэнне правіл, што не здорава.

Пляцоўка для мацавання з відавочна новым абсталяваннем і прастора для моладзі на сродках мабільнасці ў раёне бульвара Металургаў. Мурал на даляглядзе называецца "Птушка Фенікс".

На гэтым доме 2 элементы духу 2020-х гг.: пункт продажу разліўной вады і мурал ў гонар года беларускай жанчыны.

Цікавая мясцовая асаблівасць: большасць мікрараёнаў Жлобіна проста пранумеравана; гэты дом № 14, як і суседнія адносяцца адрасам да 16-га мікрараёна, а не вуліцы Барташова, ўздоўж якой знаходзяцца.


Крыху паркавай зоны у сектары вуліц Барташова і Факанава

Цікавае афармленне фасада дамоў 13-14 мікрараёна 16...

І, здаецца, дома 1 мікрараёна 19.


І пара цікавых інсталяцый у той жа паркавай зоне.

Яшчэ некалькі здымкаў зноў зрабіла мая жонка, калі мы праязжалі раён вуліц Ленінградскай і Палявой у сектары забудовы мікрараёнаў 21, 22 і 23.

Месца расчышчанае пад будоўлю новых жылых дамоў.

Аўтобусны прыпынак, які таксама месціць "газавую" рэкламу, у гэтым выпадку правілы карыстання газавымі прыладамі.


Новая забудова
А ў канцы жонцы патрапіў цікавы кадр, дзе вышынныя дамы пранумараваных мікрараёнаў наступаюць на прыватны сектар мікрараёна Лебядзёўка.

За кадрам засталіся некаторыя цікавыя архітэктурныя рашэнні катэджнай забудовы горада, якія мая жонка не зацаніла, пакуль мае рукі былі занятыя стырном :) Ну, і многія іншыя цікавосткі старога і новага Жлобіна...

Здымкі за верасень 2026 г.

Ракаў

Гэтае мястэчка прыкладна ў 40 км ад Мінска некалькі было нефармальнай сталіцай кантрабандыстаў падчас свайго знаходжання ў Польшчы 1921-39 гг. недалёк ад савецкай мяжы і мела багатую гісторыю яшчэ і да польскіх часоў. З 2008 г. гэта проста аграгарадок з прыкладна 2 тысячамі жыхароў, але там яшчэ захавалася багатая гісторыя, даўняя і нядаўняя.

Мой малодшы сын Любамір праходзіў у маі 2026 г. аздараўленне ў цэнтры рэабілітацыі "Пралеска", я ездзіў яго наведваць туды, таму нямалая частка фотак знаходзяцца ў гэтай частцы былой сталіцы кантрабандыстаў.


Гэта прыгажосць знаходзіцца ў вёсцы Паморшчына, якая мяжуе з Ракавам ў раёне "Пралескі".

Ракаўская бальніца


Яшчэ крыху асаблівасцяў паморшчынскай архітэктуры

Магазін "Авоська" ў Ракаве

Яшчэ адзін элемент архітэктуры вёскі Паморшчына: вуглавыя балконы.


Гэта вуліца Цэнтральная, якую дзеляць паміж сабой вёска Паморшчына і а/г Ракаў


У раёне гэтай Цэнтральнай вуліцы па яе абедзьве бакі цячэ адзін з прытокаў Іслачы з вадой колеру моцнага чаю


Паркавая вуліца, дзе перасякаюцца сядзібныя забудовы і гарадскія дамы, добра асфальтаваная праезная частка побач з грунтовай узбочынай, якую дождж ператварыў у бруд, так што кіроўцы машын мусяць уважліва сачыць, каб не наехаць на дзяцей, што ідуць ці катаюцца на веласіпедах прама па праезнай частцы...

Ракаўская бальніца з іншага ракурсу :)

Цэнтр рэаблітацыі "Пралеска", дакладней від на галоўны ўваход туды. Пару слоў пра гэта месца. Для майго 13-гадовага Любаміра яно стала першай школай самастойнасці і магчымасцю паправіць рэспіраторную сістэму, пашкоджаную алергіяй. І ячшэ тут мінімум адна настаўніца прынцыпова размаўляла па-беларуску, калі афармляла нас у цэнтр. І гэта прыемна :)

Прыкладна так выглядаюць прыпынкі ў гэтым аграгарадку

Далей будзе некалькі нестандартных фотак з магістральных вуліц былога месца кантрабандысцкай славы: Савецкай і Мінскай.

Плошча Свабоды з боку "Дабранома". Сімвал сучаснасці Ракава Прасторная паркоўка на пярэднім фоне і пандус для інвалідных калясак на заднім, як прыкмета стварэння зручнасці і бесперашкоднасці для самых розных людзей :)

Каля прыватных жылых дамоў можна сустрэць і такія незвычайныя варыянты ландшафтнага дызайну, што робіць кожны сектар сядзібнай забудовы ўнікальным

Гэты кадр у мяне не вельмі атрымаўся, але маю ўвагу прыцягнула таблічка на доме па шэрагу прычын: 1) адрас з прывязкай да плошчы Свабоды, а не вуліцы — справа не самая распаўсюджаная (у вачах мінчаніна); 2) прыгожае аўтарскае афармленне адраса на дрэве — прыватны сектар дае магчымасць самавыражацца і ў гэтым; 3) надпіс на рускай мове, якіх у падобных месцах бывае шмат — рэалія сучаснай Беларусі. У цэлым дом выглядае дагледжаным з любоўю дбайных гаспадароў.

З Плошчы Свабоды з адной кропкі бачны касцёл Божай маці...

... і праваслаўная царква Ператварэння. У Ракаве ёсць яшчэ пратэстанцкая царква "Божая ласка" хрысціян веры евангельскай-пяцідзясятнікаў, якая засталася за кадрам майго смартфона. Цягам гісторыі ў мястэчку былі прадстаўлены архітэктурна і іншыя канфесіі, але цяпер размяшчэнне кульавых будынкаў у Ракаве ілюструе распаўсюджаны ў Беларусі погляд: дамінуе Праваслаўе, каталікі ідуць другімі па значнасці, а пратэстанты і нехрысціянскія нярэдка на задворках. Вядома, што ёсць і мясціны ў РБ, дзе рэлігійная архітэктура больш сведчыць аб раўнапраўі веравызанняў.




Сядзіба Янушкевічаў — напамін у цэнтры Ракава, што яго гісторыя звязана не толькі з БССР.


Міні-рынак з ларкамі ў духу 90-х гг.

Дзе трыкатаж, там і сала :)

Ракаўскі аўтавакзал на Савецкай і таксама некалькі ларкоў. Дарэчы ларок "Нешта з нечым", за носам жоўтай машыны на фота,  — рэдкі выпадак назвы мясцовага камерцыйнага аб'екта на беларускай мове. Мы там з Любамірам куплялі нядрэнныя шаурму і бульбу фры, калі перад канчатковым ад'ездам з Ракава.
Від з Савецкай вуліцы на плошчу Свабоды. Чырвоны будынак, які схаваўся за знакам пешаходнага пераходу, — гэта "Дабраном", відавочна самы галоўны магазін Ракава.

На паркоўцы "Дабранома" тусуецца мясцовая славутасць, гэты маленькі сабачка. Хтосьці з жанчын прыязна вітаўся з ім, называючы яго імя, але імя сабачкі выслізнула з маёй памяці.

У "Дабраноме" ёсць кавярня самаабслугоўвання, ёсць і касы самаабслугоўвання, але я не стаў іх фоткаць, бо 1) не хацеў турбаваць пакупнікоў, якія бесперапынна праходзілі да іх, 2) мяркую, што для многіх беларусаў ужо не навіна, што аўтаматызацыя чалавечай працы закранае не толькі буйныя гарады, але і вясковую інфраструктуру Беларусі. Больш пра гэта я пісаў тут.

А калі мы з сынам вярталіся дадому, мы вырашылі спыніцца і сфоткаць яшчэ некалькі цікавостак Мінскай вуліцы.

Не змог праехаць міма такога прыгожага дома :)

Мінская вуліца цікава і тым, што каля яе знаходзяцца 2 з трох знакамітых гістарычных некропаляў Ракава: каталіцкія і праваслаўныя. На гэтым кадры знаходзяцца пахаванні з надпісамі на польскай мове на каталіцкіх могілках.

Тут ужо можна разглядзець (пры адпаведным павялічэнні фота) пахаванні савецкага і постсавецкага часу. Могілкі каталіцкія, але ў савецкі час усе могілкі разглядаліся як свецкія, таму не дзіва знайсці там некаталіцкія пахаванні.

Від на капліцу каталіцкіх могілак

Апошні кадр у аграгарадку ў мяне не вельмі атрымаўся. Але як ёсць. На даляглядзе — праваслаўныя могілкі Ракава. Можна было б пад'ехаць бліжэй і зрабіць больш грунтоўныя здымкі, але з большага выглядаюць якзвычайныя могілкі, якіх я ўжо даследваў багата, дзе праваслаўныя і свецкія пахаванні перамешаны між сабой. Наколькі ведаю, гэтыя могілкі застаюцца адзіным дзейючым некропалем былой сталіцы кантрабандыстаў.

За кадрам засталіся многія вуліцы і краявіды, Яўрэйскія могілкі, пратэстацкая царква і аграпрамысловая частка Ракава. Магчыма, калі-небудзь тут будзе дапоўнена, як атрымалася ў Мядзеле :)

Здымкі за май 2026 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць