28.02.2026

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд, у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней.

Студзень і люты апраўдалі свае назвы

Пачатак студзеня быў сцюдзены і снежны. Амаль штодзень даводзілася чысціць уваход у пад'езд і месца вакол машыны. А 8 студзеня Беларусь накрыў спадар Улі, наступствы якога разбіралі яшчэ некалькі тыдняў.

Неаднаразова слупок тэрмометра апускаўся да моцных маразоў: у ноч на 12.01 на метэастанцыі "Палеская" -25,2 °С, у ноч на 14.01 каля Оршы было -29,7 °С, у ноч на 18.01 у Клічаве -29,3 °С, ноч на 2.02. дала новы рэкорд на "Палескай": -31,1°С,а яшчэ ў адным месцы на поўдні краіны было -30°С,  у ноч на 10.02. Клічаў даў -29.6 °С.

Іней на сценах спускаў у метро Мінска даў магчымасць цікаўным рабіць такія часовыя малюнкі. Гэты быў 29.01 на станцыі "Плошча Перамогі". Бачыў падобныя і ў іншых месцах.

Аднак часам вярталася адліга і нават плюсавая тэмпература на паўднёвым захадзе РБ, а потым рэзка знікала: так 12-13 лютага была адліга, а 14-га у другой палове дня зноў рэзка пачало халадаць і ноччу ў асобных паўночных раёнах краіны было -20 °С. У ноч на 23.02 панавала плюсавая тэмпература з максімумам да +6.3 С на паўднёвым захадзе Беларусі. Пачалася яшчэ адна адліга. А з ёй і падтапленне часткі населенных пунктаў на поўдні РБ. Але 25 лютага ў цэнтральную Беларусь і Мінск вярнуліся снегапады і мінусавая тэмпература.

Капеж 27 лютага нагадвае, што вясна блізка.

А ў канцы месяца зноў пацяплела і 27 вярнулася плюсавое надвор’е. Апошнія 2 дні зімы было цёпла як вясной (напр, да +8 °С у Мінску 28.02).

Ад маразоў ламаліся сістэмы падачы цяпла ў памяшканні. Так аварыя цеплатрасы ў Мінску 19.01 пакінула захад сталіцы без цяпла да 21 студзеня. І падобнае здаралася ў іншых гарадах краіны.

20-21 студзеня Мінск накрываў ледзяны смог, які здзьмуў вецер 22.01. 21.01 паветра ў Мінску было так забруджана смогам, што адпаведныя службы прасілі мінчан па магчымасці не праветрываць памяшканні і не выходзіць з дому.

27.01 ішоў ледзяны дождж ад цыклону "Леоні" і тэмпература была "каля 0". Некалькі тысяч беларусаў атрымалі траўмы на галалёдзе. 27-28.01 ў некаторых раёнах Гомельшчыны былі адменены заняткі ў школах, бо дзяцей немагчыма было давезці аўтобусамі. А ў маёй машыны ледзяны дождж тармазная калодка, што прывяло не толькі да доўгіх спробаў вызваліць аўто, але і да таго, што потым акумулятар аўтамабіля сеў на магістральным скрыжаванні і я доўга мёрз, пакуль дачакаўся дапамогі.

2 лютага больш за 62% школьнікаў Беларусі не хадзілі ў школу па прычыне надзвычайных маразоў, хоць заняткі адмянялі толькі ў некаторых раёнах краіны. Дарэчы, мае сыны не скарысталіся гэтай магчымасцю ні падчас "Улі", ні 2.02.

Снег на дарогах расчышчалі паступова і часам паркоўкі ўздоўж другасных дарог доўга заставаліся заваленымі снегам. Я стараўся расчышчаць не толькі каля сваёй машыны, але і іншыя заваленыя снегам машынамесцы, але такіх энтузіястаў было мала. Цікава, што Беларусь робіць шмат снегауборачнай тэхнікі, але чамусьці яе не хапала, каб аператыўна чысціць дарогі і паркоўкі. Часам падчышчанае шуфелем месца паркоўкі зноў засыпала снегам, а то і трактар ЖКГ скідваў туды снег падчас чысткі дарогі.

Веладарожка на пр. Незалежнасці ў Мінску паміж вул. Гікалы і П. Броўкі была завалена снегам па стане на 27.01. Пазней яе нарэшце пачысцілі.


Пост будзе абнаўляцца. Калі не пазначана інакш, фотаграфіі рабіў А. Берастоўскі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 5

 Яшчэ крыху вандровак па Беларусі (папярэдні пост тут ). У гэты раз жыццё закінула мяне і маю сям'ю спачатку на паўднёвы ўсход, а потым ...