Яшчэ крыху вандровак па Беларусі (папярэдні пост тут). У гэты раз жыццё закінула мяне і маю сям'ю спачатку на паўднёвы ўсход, а потым на паўночны захад краіны.
Гомель
Другі па тэрыторыі і насельніцтву горад РБ я наведваў не ўпершыню, але ў гэты раз я правёў там некалькі дзён, звяртаючы ўвагу, як звычайна, на дэталі, якія здаюцца мне іншымі, чым у сталіце.
Рака Сож працякае праз горад шырокім руслам. Праз гэту раку ў раёне вуліцы Фрунзэ перакінуты 2сапраўды доўгія масты: аўтамабільны (з якога здымаў гэтыя кадры) і чыгуначны.
Адно з буйных прадпрыемстваў Гомеля мае назву на беларускай, нягледзячы на знешнюю перавагу рускай мовы ў тапонімах.
Гэта фота спалучае адразу некалькі цікавых элементаў: 1. гэта школа № 19 на Інтэрнацыянальнай 45, заснаванай яшчэ ў 1936 г. (амаль 90 гадоў на момант здымку!), яе архітэктура даволі нетыповая для большасці беларускіх школьных будынкаў, у тым ліку наяўнасць 4 паверхаў, выхад на праезную частку шырокай вуліцы; 2. элементы святкавання 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якімі Гомель быў поўны па стане на чэрвень 2025 г.; старое, ссохлае дрэва, якое ў свой час паднялося на вышыню будынка, і, мабыць, шмат чаго пабачыла ля школы за свой век...
Вось так аформлены аўтобусна-тралейбусныя прыпынкі. Дарэчы, нярэдка надпісы на іх зроблены толькі на рускай мове.
Гарадскія аўтобусы Гомеля пераважна зялёнага колеру, а нумар на іх пазначаны бывае зялёна-блакітным.
Воданапорная вежа з выявай дзржаўнага сцяга. У канцы 2020 г. на фоне барацьбы з распаўсюджваннем бел-чырвона-белых сцягоў як пратэстнай сімволікі і замены іх выявамі афіцыйнага дзяржаўнага флага на некаторых вышынных аб'ектах кшталту заводскіх комінаў сталі маляваць чырвоназялёныя сцягі замест БЧБ-камбінацый, якія наносілі для паветранай бяспекі (каб пазбегнуць сутыкненне верталётаў з аб'ектам). Гэта тэндэнцыя ахапіла і воданапорныя вежы, час ад часу бачыў такія ў розных гарадах.
Гадзіннік на тэрыторыі мясакамбіната сваім распалажэннем стрэлак нагадвае гадзіннік суднага дня, але мяркую, што гэта ён проста спыніўся так :)
У раёне Навабеліцкага рынку ёсць месца каля кафэ "Труханаў" з бясплатным вай-фаем. Праўда, не правяраў ці працуе ён насамрэч для тых, хто проста ідзе побач...
Дом 4 на вуліцы Ленінградскай - рэдкі выпадак, калі вуліцу пазначаюць і па-руску, і па-беларуску. А так значная колькасць вуліц Гомеля бываюць пазначаны альбо на рускай, альбо на беларускай, прычым на рускай часцей другарадныя, а не асноўныя магістралі.
У Гомелі неяк асабліва больш адчуваецца прысутнасць Расіі і прыхільнікаў рускага свету, чым у Мінску. Магчыма, гэта тлумачыцца наяўнасцю расійскіх войск у пасёлку Зябраўка на паўднёвы ўсход ад горада на Сожы. У 2022 г. па сведчанню адной мясцовай жанчыны тут было адчуванне вайны, калі пастаянна ў Зябраўку ляцела ваенная авіацыя а праз Гомель у бок Украіны рухаліся вайсковыя калоны. Быў вядомы выпадак, калі калону расійскай тэхнікі вітала група з 10-20 мясцовых гараджан. Пазней у Гомелі лячылі параненых вайскоўцаў з Расіі. Потым наступіў час, калі пад Гомелем збівалі дроны, што ляцелі з поўдня. У інтэрнэце былі чуткі, што як раз у час, калі наша сям'я была ў Гомелі пад горадам збілі 2 БПЛА, але афіцыйныя СМІ Беларусі ніяк іх не каментавалі...
Ліпень 2025 г.
Нарач
Варта адразу зазначыць, што тапонім "Нарач" адносіцца адразу да некалькіх розных з'яў: гэта возера, курортны пасёлак і аграгарадок. Летам 2025 г. мы здолелі пабачыць усе гэтыя 3 геаграфічныя лакацыі. У адзрозненні ад паездкі ў Гомель, мы былі на машыне. (Абодва варыянты даюць свае перавагі і абмежаванні)
Возера Нарач з боку пляжа ля Нбярэжнай вуліцы ў к.п. Нарач. Пляж сапраўды дзіцячы. На канцы пірса, які знаходзіцца ў кадры, глыбіня крыху больш за 1 метр. Таму пры моцным ветры тут можна падмёрзнуць пры заходзе ў ваду ці выхадзе на бераг. Таксама можна сустрэць вужыкаў, якія плывуць уздоўж берага па сваіх справах і жывуць у чаротах. Некаторыя з пірса ловяць рыбу, і яна сапраўды можа плаваць сярод купальшчыкаў. Але многае з гэтага можна прымяніць да самых розных беларускіх азёр.Крыху пазней я і мае сыны прагуляліся па частцы к.п. Нарач.
Магазін "Ілаўскае" (Ленінская 12)Углыбіні квартала дамы выглядаюць сціпла і не заўжды прыгожа, аднак людзі едуць сюды не дзеля архітэктуры...
Гаражны масіў па другі бок Нарачанскай вуліцы. Ідзем туды адкуль едзе ў наш бок гэты чорны аўтамабіль.
Выходзім на скрыжаванне. Від направа: мікрараён Кастрычніцкі, які ляжыць паміж аднайменнай вуліцай, што апаясвае яго з двух бакой і вул. Садовай, якая вядзе ў суседні аграгарадок Нарач.
Від налева: аўтавакзал "Нарач"
Фігурны знак ля скрыжавання вуліц пазначае дзе Нарачанская, а дзе Кастрычніцкая вуліцы. Для гасцей пасёлка, што едуць сваім ходам без навігатара гэта добрая падказка. Дарэчы пазначэнні вуліц у к.п. Нарач зроблены як на рускай, так і на беларускай, напрыклад цэтлікі на Ленінскай.
Прыпынак "к.п. Нарач" (галоўны і амаль адзіны ў пасёлку) поўнасцю аформлены пад рэкламу пажарнай службы. Нават сметніца :). Спадзяюся, што пры ўзнікненні новых прыпынкаў у к.п. ніхто не будзе афармляць сметніцы пад рэкламу міліцыі (ці міліцыянеры адрэагуюць на такі крэатыў з гумарам...
А мы ідзем ўздоўж Кастрычніцкай да скрыжавання з Ленінскай, каб вярнуцца туды, дзе пакінулі нашу машыну
Часоўня Валянціны Мінскай, пабудаваная ў 2010 г.Каля сучасных дамоў мікрараёна Кастрычніцкі ёсць нядрэнная паркоўка, а для пасёлка, які жыве за кошт турызма, гэта добры разлік у развіцці інфраструктуры.
За плотам будынак, падобны на школу, але на Картах Яндэкс пазначаны як сувенірная лаўка "Гіпсавы Віталь". Здаецца, у той дзень, 6.08.2025, там была мастацкая выстава.
На цотным баку вуліцы -- канкурэнт сеткі магазінаў "Капеечка" з расфарбоўкай пад колер дзяржаўнага сцяга ("Капеечка" ў к.п. таксама ёсць).
На Ленінскай 16 адзін з пунктаў "Вайлдберыз" (іх тут мінімум 2 на пасёлак ў 3000 чалавек і аднайменны аграгародок з 2-тысячным насельніцтвам). І наяўнасць турыстаў тут не адзіны фактар. Анлайн маркетплейсы пусцілі карані па ўсёй краіне і робяць канкурэнцыю традыцыйным гандлёвым пляцоўкам.
За кадрам засталося некалькі цікавых аб'ектаў: могілкі, ўзгаданыя вышэй, веласіпедны пераезд, пракладзены цераз Кастрычніцкую вуліцу пры адсутнасці пешаходнага пераходу. (Цяпер без светлафора ён не актуальны, бо ПДР змянілі).
У той паездцы мы таксама наведалі суседняе з Нарачу Белае возера. Пляж там таксама дзіцячы, але глыбокі спуск бліжэй да берага, чым на возеры Нарач. Інфраструктура пляжа (спуск, кабінкі для пераапранання) зроблены літаральна з бярвенняў і знаходзіцца ён побач з аўтатрасай. Аднак гэта таксама цікавы вопыт для купальшчыка.Жнівень 2025 г.
Усе здымкі зроблены А. Берастоўскім.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.