05.06.2026

Равучыя 2020я (2021-2026)

 

У гісторыі ХХ ст перыяд 20-х гадоў увайшоў у англамоўную гісторыяграфію як "равучыя дваццатыя" (the Roaring Twenties). У некаторым сэнсе першая палова 2020-х гг. стала "равучай" для Беларусі.

Паўваеннае становішча

"Описывай не мудрствуя лукаво. Всё то, чему свидетель в жизни будешь: Войну и мир, управу государей, Угодников святые чудеса, Пророчества и знаменья небесны..."

А. Пушкин. Борис Годунов

2021 г. пачаўся затухаючым працягам паслявыбарчых пратэстаў, адначасова з усплёскам варыянтаў кавіда, эканамаічнымі санкцыямі, якія спараджалі часовы дэфіцыт самых розных прадметаў гандлю, эміграцыяй соцен тысяч грамадзян, сярод якіх было шмат багатых прадпрымальнікаў і рэдкіх спецыялістаў, спробамі мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі прарывацца на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі праз беларускую мяжу і арыштам удзельнікаў акцый пратэсту 2020 г. У 2022 г. сітуацыя пагоршылася узброенным процістаяннем Расіі з Украінай, у тым ліку з уводам войск РФ з тэрыторыі Беларусі. З 2023 г. сітуацыя паступова стала змягчацца: была вызвалена частка людзей прызнаных за мяжой палітзняволенымі

Даволі цяжка пісаць аб падобнай сітуацыі нейтральнай мовай, быццам апісваючы шахматную партыю. Але найбольш нейтральным і аб'ектыўным азначэннем яе было б неаб'яўленае паўваеннае становішча. Магчыма гісторыкі будучага часу са мной пагадзяцца.

У 2021 г. былі забаронены і прызнаны экстрэмісцкімі большасць недзяржаўных СМІ, сярод якіх самы буйны інфармацыйны партал TUT.BY, дзейнасць якога была спынена 25 мая 2021 г., а сам партал і яго прадукцыя прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі ў 2022 г. Пры гэтым да 2026 г. дзейнічаў сервіс электроннай пошты з гэтай назвай на воблачным сэрверы. Іншыя выданні, забароненыя і прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі, працягнулі дзейнасць за мяжой, напрыклад: «Наша Ніва», «Рэгіянальная газета», «Новы час», «Першы рэгіён» «CityDog». Аднак працягнуў дзейнасць партал Onliner.by, які перастаў асвятляць палітычныя падзеі, а таксама з 2022 г. пачаў дзейнічаць яшчэ адзін буйны незалежны партал tochka.by, які дазваляе сабе стрыманую крытыку асобных палітычных пытанняў і асвятленне іх нейтральна.

За 2020-26 г. па некаторых звестак не менш за 8500 грамадзян РБ былі асуджаны па крымінальных артыкулах па абвінавачванні ў экстрэмізме, таксама каля 20 тыс выпадкаў абвінавачванняў у распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў ці падпіску на іх. Пры гэтым па стане на 2026 г. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў РБ налічваў 9000 аб'ектаў. 9 чалавек з асуджаных за экстрэмізм памерлі ў месцах зняволення у 2021-25 гг. Ячшэ 3 чалавекі з гэтай катэгорыі скончылі жыццё самагубствам. Каля 167 чалавек былі памілаваны ў 2024-26 гг. у рамках перамоў з ЗША, многія з іх былі высланы за мяжу. Таксама былі вызвалены некалькіх украінцаў, затрыманых па абвінавачанню ў тэрырыстычнай дзейнасці супраць РБ і РФ. Яшчэ некаторая частка грамадзян Беларусі з гэтай групы асуджаных былі памілаваны ў розны час і працягваюць жыць у краіне на свабодзе.

У 2023 г. не прайшлі перарэгістрацыю 12 палітычных партый: партыя БНФ (Беларускі народны фронт), кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ (КХП-БНФ), аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет». Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП). (БСДГ), Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская аграрная партыя. 

У 2025 г. перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый скончылася адмовай у рэгістрацыі 3 грэка-каталіцкіх парафій Брэсцкай вобласці і пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» ў Мінску. 

26 верасня 2022 г. быў зачынены Чырвоны касцёл ў Мінску. Афіцыйна прычына зачынення звязана з рэканструкцыяй пасля пажару. Аднак сама рэканструкцыя пачалася толькі ў 2025 г.

Пры гэтым прагнозы аб масавай забароне неапратэстанцкіх цэркваў у сувязі з перарэгістрацыяй не апраўдаліся. 16-17 мая 2026 г. з нагоды наведвання вядомым пратэстанцкім прапаведнікам Фрэнклінам Грэмам Беларусі на мінскай «Чыжоўка-Арэне» быў дазволены «Фестываль надзеі», які наведалі каля 10 тысяч неапратэстантаў, пераважна баптыстаў і пяцідзясятнікаў. Пры гэтым беларускія дзяржаўныя СМІ шырока асвятлялі перамовы Грэма, як сябра прэзідэнта ЗША Д. Трампа з А. Лукашэнкай, але пастараліся максімальна "ігнорыць" сам фестываль, як "шэраг мерапрыемстваў".

Паўваеннае становішча таксама выразілася ў забароне мець і карыстацца дронамі фізічным асобам з верасня 2023 г. і зняцці з рэгістрацыі больш за 2000 разнапланавых грамадскіх арганізацый з 2020 г. ад структур, звязаных з папулярызацыяй беларускай мовы («Мова Нанова», «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны») да шэрагу экалагічных ініцыятыў і нацыянальна-культурных аб'яднанняў. Частка гэтых арганізацый прызнана экстрэмісцкімі.

Пры гэтым з сацыяльных сетак забаранілі толькі LiveJournal (лістапад 2023 г.).

Процістаянне з суседнімі Польшчай, Літвой і Латвіяй  па шэрагу пытанняў, сярод якіх хвалі мігрантаў у ЕС з 2021 г. палітычныя рознагалоссі, блакіроўкі мяжы з боку ЕС для людзей і тавараў з РБ, спарадзіла хвалю нянавісці для палякаў і прыбалтаў, што прывяло не толькі да пэўных дзеянняў з боку прадстаўнікоў улады, але і да ініцыятыў ад беларускіх прыхільнікаў "рускага свету", напрыклад, знішчэння лацінкі ў тапаніміцы, спробы змагацца з тымі, хто святкуе Хэлоўін і Дзень святога Валянціна (гэтыя святы забаронена адзначаць у дзяржструктурах і сістэме адукацыі, але дазволена ў прыватных дамах ці на закрытых вечарынках).

У ТГ-канале прыхільніцы "рускага свету" Вольгі Бондаравай апублікавана адабрэнне інфармацыі аб магчымым знішчэнні польскага пахавання пад Гроднам у 2022 г. Паведамленні пра знішчэнні польскіх некропаляў на тэрыторыі Беларусі былі яшчэ, але я не правяраў іх. Але дакладна ведаю пра згортванне многіх праграм і курсаў вывучэння польскай мовы.

У эканоміцы "стан аблогі" праявіўся ва ўсплёсках часовага дэфіцыту і спробах рэгулявання цэн і відаў дзейнасці.

У першай палове 2022 г. у сувязі з санкцыямі ўзніклі праблемы з набыццём белай паперы для прынтараў

Нават з'явіліся прыватныя аб'явы "куплю паперу"...

Некаторы час у 2022 г. былі праблемы з фарбамі для упаковак TetraPak і паліцы ў крамах "пабялелі".

У кастрычніку 2022 г. у продажу ў Мінску пачалі знікаць курыныя яйкі па прычыне вывазу ў Расію, але гэта не цягнулася доўга.



Таксама ў канцы 2022 г. у сувязі з праблемай з пастаўкамі сыравіны Беларусь пакінуў «МакДональдс», і ў 2023 г. яго замяніў брэнд «Мак бай».

У 2024-26 гг. былі унесены заканадаўчыя змены, звязаныя з рэарганізацыяй малога бізнесу. Многім індывідуальным прадпрымальнікам стала немагчыма працаваць далей у такім статусе, і стаў выбар паміж рэарганізацыяй свайго бізнесу у форму кампаніі і закрыццём бізнесу. Да гэтага трэба дадаць, што распаўсюджанне сетак магазінаў, інтэрнэт-крам з дастаўкай і анлайн маркетплейсаў «Азон» і «Вайлдберыз» таксама скарацілі колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Нарэшце, рэгуляванне цэн на пэўныя тавары і паслугі стала спробай стрымаць інфляцыю, але гэта, ў сваю чаргу спарадзіла рост цэн на іншыя тавары. Напрыклад, на ўсіх АЗС паліва прадаецца прыкладна па адной цане, але іншыя тавары могуць каштаваць значна больш, чым у спецыялізаваных магазінах.

Памажы сабе сам

У 2020-х эканоміка Беларусі адзначылася яшчэ адной тэндэнцыяй: усё больш ролі сталі адыгрываць высокія тэхналогіі, якія сталі замяняць сабой людзей.

Касы самаабслугоўвання ў многіх магазінах...

... і іншыя падобныя тэрміналы, якія прадаюць і каву, і яшчэ шмат чаго.

У нейкай ступені актыўны прыход Яндэкса на беларускі рынак таксама ўнёс свае карэктывы ў эканамічныя рэаліі, перш за ўсё ў форме службы дастаўкі і таксі.

Год імя...

У 2021 г. другое жыццё атрымала традыцыя прысвячаць год нейкай падзеі, праблеме ці групе людзей.

2021 - год народнага адзінства (у гэтым жа годзе было ўведзена амаль новае аднайменнае свята).

2022 - год гістарычнай памяці 


2023 - год міру і стварэння (малюнак знойдены у інтэрнэце). Цікава, што планавалі аб'явіць яго годам рускай мовы, на што беларускія апазіцыянеры за мяжой аб'явілі яго годам беларускай мовы. Аднак год рускай мовы "змясцілі" на узровень краін СНД, а ў Беларусі замест паднялі больш нейтральную тэму, пасля чаго спрэчкі вакол тэмы моў з прывязкай да году амаль ніхто не вёў.


2024 - год якасці, у які быў распрацаваны адмысловы беларускі знак якасці (крыніца ілюстрацыі: stravita.by).

2025 - год добраўпарадкавання (5-годкі якасці) (ілюстрацыя з rasna.kamenec.edu.by). У гэты год у многіх гарадах вяліся няспынныя рамонтныя работы як тут на мінскай вул. Русіянава:

Але пры ўсёй нязручнасці перамяшкання па перакапаных гарадах у гэтых работах было і добрае: у 2021 г. у самых розных гарадах Беларусі разбураліся масты і ламаліся сістэмы водазабеспячэння, таму, напрыклад, рамонт маста паміж пл. Незалежнасці і вул. Маскоўскай, які зімой 2025 стварыў транспартны калапс у цэнтры Мінска, быў меншым злом у параўнанні з падзеннем маста праз Нямігу раней.

2026 - год беларускай жанчыны. Пад гэту справу запусцілі Жаночае радыё, якое пачалаося трансляцыяй папулярнай музыкі анлайн і паступова набывае рысы класічнага радыё.

Акрамя гэтага некаторыя гады былі прысвечаны пэўным гістарычным юбілеям: 2024 - год 30-годдзя прэзідэнцтва і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 2025 г. стаў годам 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

КосмасНаш, безбар'ернае асяроддзе і Videobel.by

З безумоўна пазітыўнага можна адначыць наступныя моманты.

23 сакавіка 2024 г. Марына Васілеўская паляцела ў космас у рамках сумеснай расійска-беларускай экспедыцыі. Строга кажучы, яна была не столькі касманаўт, колькі касмічны турыст, але ў Беларусі гэта сталі разглядаць як значны крок у развіцці нацыянальнай касманаўтыкі.

Мой малодшы сын сачыў за яе адлётам у прамым эфіры :)

У 2020-я стала больш безбар'ернага асяроддзя ў розных гарадах Беларусі. Напрыклад, у 2023 г. шмат дзе сталі з'яўляцца надпісы шрыфтам Брайля для людзей з праблемамі зроку, як на перылах у мінскім ЦУМе. 

Таксама ў дваццатыя дзяржаўныя СМІ пачалі актыўней ўлівацца ў бум сацсетак і месенджараў. Акрамя публікацыі спасылак на артыкулы і відэа са сваіх выданняў СМІ сталі і часцей рэагаваць на пэўныя публікацыі ў саміх сацстеках, як у плане абвяржэння нейкай крытычнай інфармацыі, так і перапосту папулярнага кантэнту. Цікавасць да такіх інстументаў прывяла і да спробы стварыць беларускі мультымедыйны партал videobel.by. Яго спрабавалі прэзентаваць як аналаг YouTube, але на цяперашні час ён з'яўляецца проста месцам, дзе захоўваюцца відэа вядучых дзяржаўных тэлеканалаў. Адсутнасць у мяне тэлеканалаў, і магчымасць прагляду стрымаў і запісаў з гэтых тэлеканалаў са смартфона ў руце, робіць гэты сэрвіс для мяне (мяркую і не толькі) карысным.

Дух часу або рознае...

Гульні СНД і выстава «Біблія ў Беларусі» сталі нейкім "мініацюрным успамінам былой славы" 2010-х гг. Ва ўсялякім разе, так мне падаецца.

* Надвор'е ў 2020-я гады працягвае звяртаць на сябе ўвагу.

* У 2021-25 гг. беларусы шматразова хадзілі на выбарчыя ўчасткі: рэферэндум 2022 г., выбары ў парламент і мясцовыя саветы ў 2024 г. і выбары прэзідэнта ў 2025 г. На фота: збор подпісаў у Мінску за пераабранне Лукашэнкі з лозунгам "Трэба!", які раскручвалі падчас гэтых выбараў.

* Спроба забараніць рэкламу ў паштовых скрынях



Жыхары розных дамоў Мінска забараняюць класці рэкламу ў свае паштовыя скрыні. 2024 г.

* На адным фота адначасова 2 элементы "духу часу": таксі «Яндэкс Go» і ўсплёск патрыятызму (сцягі і лозунгі паўсюль, дзе толькі бачна).


* Кантроль малочнай прадукцыі праз кью-ар код

З 2025 г. каб прабіць на касе самаабслугоўвання ў магазіне "малочку" трэба сканаваць менавіта кью-ар код, а не штрых-код. Прычым звязана гэта з кантролем якасці прадуктаў, але не распаўсюджваецца на безлактозныя малочныя тавары.

* Беларуская пятніца

Спробы папулярызацыі беларускіх тавараў, паслуг і нацыянальнай мовы. Што тычыцца апошняга, то неабходнасць у гэтым узмацняецца, бо арганізацыі, якія папулярызавалі мову, сталі забаронены ў палітычным віхуры, мясцовыя беларускамоўныя радыёстанцыі ціха памерлі цягам другой паловы 2010-х, пачатку 2020-х, а таксама шмат носьбітаў беларускай мовы пажылога ўзросту памерлі.

* У 2021-26 гг. у розных гарадах РБ ратоўна здараліся перабоі з вадазабяспячэннем.

Такія машыны з пітной вадой прыязжалі ў месцы, дзе адбываліся такія перабоі. Фота хутчэй ілюстратыўнае, бо не бачыў тут чаргі за вадой. Дарэчы, гэтыя збоі, калі яны прыйшлі ў наш дом, пабудзілі мяне трымаць дома калі 10 літраў бутуляванай вады на такі выпадак, і гэта ўжо апраўдвала сябе :)

* Перыядычна краіны ЕС блакіравалі доступ для экспарту з тэрыторыі Беларусі з нагоды міграцыйнага крызісу, прадастаўлення беларускіх тэрыторыі і рэсурсаў на карысць Расіі ў баявых дзеяннях супраць Украіны, затрымання грамадзян ЕС і праблемы кантрабанды цыгарэт ў Еўропу.

Падобныя паведамленні, як гэта ад "БелТА" 22.05.2024, сталі нярэдкімі.

* У 2026 г. скончылася эпоха таксафонаў

Пераход на станцыі метро Маскоўская напамінае, як на гэтай сцяне яшчэ віселі таксафоны. (май 2026 г.).

* 4 лютага 2026 г. увялі новы графічны знак беларускага рубля. З 2005 г. выкарыстоўвалі абазначэнне Br, але ім амаль не карысталіся, пасля дэнамінацыі 2016 г. увялі абазначэнне BYN, і некаторыя беларусы (пераважна студэнцкая моладзь) сталі называць іх "бунамі", а расіяне, пераехаўшыя ў Беларусь, "бінамі", але гэтыя мянушкі былі рэдкімі. Ці прыжывецца новы знак рубля, пакажа толькі час, але яго пачалі выкарыстоўваць на цэнніках у магазінах.

* Ну, і паколькі мая традыцыя аглядаў дзясяцігадовых адрэзкаў патрабуе крыху сказаць пра сябе, напішу, што галоўнай зменай у маім жыцці за гэтыя 5 год сталі "правы" і машына :).

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць